Дзень маці – міжнароднае свята ў гонар маці, калі прынята віншаваць мацярок і цяжарных жанчын, у адрозненне ад Міжнароднага жаночага дня, калі віншаванні прымаюць усе прадстаўніцы жаночага полу. У розных краінах гэты дзень прыпадае на розныя даты. У асноўным, у свеце Дзень маці адзначаецца ў другую нядзелю мая, а ў Беларусі – 14 кастрычніка.

Дата святкавання прымеркавана да вялікага праваслаўнага свята – Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Ва ўсіх праваслаўных цэрквах у гэты дзень праводзіцца святочнае набажэнства. Лічыцца, што ў 910 годзе ў Іерусаліме цудоўным чынам Багародзіца явіла сябе: падчас набажэнства многія людзі ўбачылі ў небе Маці Божую, якая пакрывала ўсіх людзей, якія маліліся, шырокім белым покрывам, імкнучыся абараніць усіх дзяцей Божых.

Навукоўцы лічаць, што слова МАМА адносіцца да той групы слоў, якія з’явіліся яшчэ да ўзнікнення ў людзей сапраўднай мовы. Верагодна, гэта самае старажытнае слова на зямлі!

Няма, напэўна, ніводнай краіны, дзе б ні адзначаўся Дзень маці. У гэты дзень людзі аддаюць належнае матчынай працы, бескарыслівай ахвярнасці жанчын дзеля дабра сваіх дзяцей.

З пакалення ў пакаленне для кожнага чалавека мама – самы галоўны чалавек у жыцці. Становячыся маці, жанчына адкрывае ў сабе лепшыя якасці: дабрыню, любоў, клопат, цярпенне і самаахвярнасць.

Кожны год у гонар Дня маці ў нашай краіне праходзяць розныя мерапрыемствы. Так, з 12 па 18 кастрычніка 2020 года ў Беларусі пройдзе Нядзеля маці. Рознымі ўстановамі запланавана шмат мерапрыемстваў з нагоды свята.У дзіцячых дашкольных і адукацыйных установах дзеці падораць сваім мамам не толькі добрыя словы і ўсмешкі, але і мноства падарункаў, зробленых сваімі рукамі, спецыяльна падрыхтаваныя канцэртныя нумары.

13 кастрычніка 2020 Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь запрашае ўсіх на канцэрт «З любоўю...», прысвечаны Дню маці (Малая зала Палаца Рэспублікі). У гэты дзень прагучаць сусветныя інструментальныя творы, вядомыя кампазіцыі з кінафільмаў і незабыўныя легендарныя хіты аб прыгожай палове чалавецтва. Гледачы атрымаюць магутны зарад энергіі і яркія ўражанні, што зробіць свята незабыўным.

У Рэспубліцы Беларусь для шматдзетных мацярок заснаваны Ордэн Маці, якім узнагароджваюцца жанчыны, што нарадзілі і выхавалі пяцёра і болей дзяцей. Уручэнне ордэна таксама прымеркавана да гэтага выдатнага свята. Ордэнам Маці ўзнагародзяць 240 жыхарак Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей – прадстаўніц розных сфер дзейнасці: работніц прадпрыемстваў прамысловага і фінансавага профілю, аграпрамысловага комплексу, арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю і сувязі, устаноў адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, культуры і спорту, індывідуальных прадпрымальнікаў і хатніх гаспадынь.

Сярод шматлікіх святаў, якія адзначаюцца ў свеце, Дзень маці займае асаблівае месца. Гэта свята, да якога ніхто не можа застацца абыякавым. У гэты дзень хочацца сказаць словы ўдзячнасці ўсім Маці, якія дораць дзецям любоў, дабро, пяшчоту і ласку.

Дзякуй вам, родныя!
Хай кожнай з вас часцей кажуць цёплыя словы вашы дзеці!
Хай на іх тварах свеціцца ўсмешка і радасныя іскрынкі зіхацяць у вачах,
калі вы разам!

 

 

НІА