У Беларускім дзяржаўным універсітэце адкрылася кніжная выстава «Беларусь i ЮНЕСКА – шлях да мiру праз зблiжэнне культур i ведаў». Яна прымеркавана да 75-годдзя заснавання міжнароднай арганізацыі. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Фундаментальная бібліятэка БДУ.

У экспазіцыі прадстаўлена звыш 70 кніг, зборнікаў навуковых артыкулаў і матэрыялаў канферэнцый, часопісаў з фонду Фундаментальнай бібліятэкі БДУ. Экспанаты размешчаны ў пяці тэматычных раздзелах: «Дзейнасць ЮНЕСКА ў галіне адукацыі, культуры і навукі», «Беларусь і ЮНЕСКА – разам да культурна-грамадскага адраджэння», «Навукоўцы БДУ ў супрацоўніцтве з ЮНЕСКА» і інш.

Цэнтральнае месца выставы займае раздзел «Беларускія аб’екты ў складзе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА». Ён уключае ілюстраваныя выданні аб аб'ектах Беларусі, уключаных у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта нацыянальны парк «Белавежская пушча», замкавы комплекс «Мір», архітэктурны, жылы і культурны комплекс роду Радзівілаў у Нясвіжы, пункты Геадэзічнай дугі Струвэ і інш.

У раздзеле «Беларусь і беларусы ў календары памятных дат ЮНЕСКА» прадстаўлена літаратура, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 300-годдзю з дня нараджэння Саламеі Рэгіны Русецкай, 200-гадоваму юбілею паэта і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і іншыя памятныя даты, звязаныя з вядомымі дзеячамі беларускай навукі і культуры.

Выстава будзе працаваць да 30 лістапада 2020 года па адрасе: пр-т Незалежнасці, 4, каб. 217 («Навуковая зала»).

Віртуальную версію кніжнай экспазіцыі можна паглядзець па спасылцы: https://library.bsu.by/templates/bel-unesco/index.html.

 

НІА
па матэрыялах сайта
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта