З 26 студзеня па 9 лютага 2021 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеi Якуба Коласа працуе выстава «„Уладарства холаду вяліка“: зімовыя матывы ў творчасці Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча».

Якуб Колас – адзін з лепшых прыродаапісальнікаў у беларускай літаратуры. Больш за тое, класік беларускай літаратуры Якуб Колас – выдатны мастак слова, які вельмі тонка і пранікнёна апісвае беларускія краявіды, а яго прыродаапісальная лірыка не можа не кранаць. Кожная пара года ў творасці Якуба Коласа вельмі хораша і рэалістычна перададзена чытачам рознага ўзросту. Зімовы час у творах паэта выступае як вясёлая пара для дзяцей, адметная сваімі надзвычай прыгожымі малюнкамі і з’явамі, што ствараюць непаўторную атмасферу:

Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.
Замялі дарогі
Ветрыкі снягамі.
Лес, як дзед убогі
З доўгімі вусамі…

Вельмі яскрава зімовая пара перададзена Якубам Коласам і ў выдатнай паэме «Новая зямля», радкі з якой далі назву часовай экспазіцыі. Цэлыя главы твора апісваюць не толькі прыгожыя зімовыя краявіды, але і святочны калядны час і настрой. У паэме яскрава перададзены рэалістычныя вобразы зімовай прыроды, што ствараюць адчуванне навакольнай прыгажосці і святочнасці:

Мароз – паважны.
Як вяльможа,
Знасіць свавольніцтва не можа,
І на той час, як ён пануе.
Па небе хмарка не вандруе,
І ўсе стварэнні занямеюць,
І патыхаць вятры не смеюць.
Ўсё ціха, мёртва, нерухома.

 

Крынiца: сайт www.kolasmuseum.by