20 красавіка 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца прэзентацыя альбома «Напалеон Орда» (2020). Кніга прысвечана творчасці славутага мастака, аднаго з самых вядомых майстроў архітэктурнага пейзажу і з’яўляецца вынікам супрацоўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і выдавецтва «Беларусь». У альбоме сабрана і прадстаўлена 190 гравюр з выявамі беларускіх архітэктурных помнікаў, палацаў і мястэчак XIX ст. Многія з іх апублікаваныя ўпершыню.

Напалеон Орда (1807–1883) – мастак, кампазітар, піяніст, педагог і грамадскі дзеяч. Менавіта дзякуючы яго жывапіснаму таленту мы можам бачыць, як выглядалі амаль два стагоддзі таму назад мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых людзей, напрыклад, палацы і сядзібы ў Міры, Нясвіжы, Навагрудку, Гора-Горацкі земляробчы інстытут, Бернардзінскі манастыр у Віцебску і іншыя помнікі, у тым ліку і тыя, што не захаваліся да нашага часу. Сярод яго акварэляў і графічных работ больш за 200 адлюстроўваюць маляўнічныя куткі Беларусі.

Найбуйнейшая айчынная калекцыя літаграфій Н. Орды захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яна стала асновай для шэрагу запатрабаваных выданняў, прысвечаных асобе мастака.

Прэзентацыя альбома «Напалеон Орда» пройдзе ў галерэі «Лабірынт» і пачнецца а 16-й гадзіне. Уваход свабодны.

Праграмай мерапрыемства запланавана сустрэча з удзельнікамі выдавецкага праекта і экспертамі; выступленне аўтара ўступнага артыкула і складальніка выдання, намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Аляксандра Сушы; выстава-прагляд выданняў, прысвечаных Напалеону Ордзе як майстру архітэктурнага пейзажу; знаёмства з унікальным альбомам (выдавецкая навінка адзначана дыпломам пераможцы і знакам-сімвалам «Малы залаты фаліянт» у намінацыі «За ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны» LX Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»).

НІА
паводле сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі