Чытанне лічыцца адным з самых карысных хобі для дзяцей: развівае фантазію і творчае мысленне, дапамагае на інтуітыўным узроўні засвоіць граматычныя і арфаграфічныя правілы. Бацькі маюць быць прыкладам для дзяцей у многіх справах, і чытанне не выключэнне!
Даследаванне, праведзенае Кіліян Мулан, навуковым супрацоўнікам Даследчага цэнтра сацыяльна-палітычных навук Універсітэта Новага Паўднёвага Уэльса, дазволіла зрабіць вынік, што самыя захопленыя хлопчыкі-чытачы гадуюцца ў сем’ях, дзе захапляюцца чытаннем таты. У дзяўчат-чытачак як правіла чытаюць матулі. У няпоўных сем’ях, дзе дзяцей выхоўвае толькі маці, яе любоў да чытання ў аднолькавай ступені ўплывае як на дачок, так і на сыноў.

Але бацькі павінны прысвячаць чытанню кніг, газет ці часопісаў прынамсі 50 хвілін на дзень, каб іх прыклад прадвызначыў літаратурныя прыхільнасці дзяцей. Прычым чытаць бацькі павінны на вачах у дзяцей. Даследаванне заснаванае на вывучэнні журналаў уліку выдаткаванага часу за адзін тыповы дзень у поўных і няпоўных сем’ях Англіі.

Аднак зусім нямногія бацькі так шмат чытаюць, і толькі 17% хлопчыкаў і 26% дзяўчат чыталі што-небудзь на працягу даследаванага дня, за выключэннем хатняга задання. Мультфільмы ікамп’ютарныя гульні ствараюць усё большую канкурэнцыю кнігам. Таму, каб прывабіць дзяцей да чытання, вельмі важна звяртаць увагу на матывацыю.

Калі бацькі падштурхоўваюць дзяцей да чытання фразамі накшталт «ідзі, вазьмі кнігу, табе трэба прачытаць 10 старонак у дзень» альбо «настаўніца сказала, што ў цябе самая нізкая тэхніка чытання, чаму ты ў планшэт гуляеш?», гэта на корані забівае ўсялякае жаданне пераадольваць сябе. Прымусовым шляхам вельмі складана дамагчыся, каб дзіця пасябравала з кнігай. Адпаведна, аргументы на карысць чытання маюць быць больш натхняльнымі.

Чаму мы прапануем дзіцяці звярнуць увагу на пэўнае выданне? Размову можна распачаць цікавым фактам з біяграфіі аўтара, успамінам пра ўласную сустрэчу з гэтай кнігай, кароткім расповедам пра выданне як важны экзэмпляр хатняй бібліятэкі, з якім звязана нейкая сямейная гісторыя. Можна падкрэсліць значнасць тэмы, адзначыць падабенства аднаго з галоўных герояў да добра знаёмага вам чалавека ці проста падзяліцца ўражаннямі пра першыя толькі што прачытаныя старонкі.

Атрымалася зацікавіць? Выдатна! Калі дзіця ўжо ўмее добра чытаць, не забывайцеся часам удакладняць, што адбываецца ў творы. Дзеці актыўна даюць уласныя ацэнкі ўчынкам герояў, асэнсоўваюць нюансы сюжэтаў, вызначаюць матывацыю персанажаў. Трэба разумна гэтым карыстацца і падштурхоўваць чытача-школьніка да дыялогу, бо кніга — нагода абмеркаваць многія сітуацыі і праблемы.

Каб падтрымаць цікавасць да кніг, варта часам размаўляць пра чытацкія прыхільнасці, распавядаць пра ўласныя літаратурныя знаходкі. Тады чытанне будзе добрай сямейнай традыцыяй, якая дакладна не перапынецца ў будучыні.

Сучасны дарослы чалавек, заклапочаны сур’ёзнымі справамі, не заўсёды знаходзіць час на размову пра літаратуру і тым больш на штодзённыя вечаровыя чытанні з дзецьмі. Але схіляць нашчадкаў да кніг, безумоўна, варта. Значнасць чытання пацвярджаецца шматлікімі навуковымі даследаваннямі. Так, у ЗША навукоўцы на працягу 20 гадоў збіралі дадзеныя і прыйшлі да высновы, што тэмпы засваення пісьменнасці і колькасць кніг у доме ўплываюць на ўзровень адукацыі, якую дзіця атрымае ў далейшым, нашмат больш, чым сацыяльны статус і ўзровень даходу сям’і. Забяспечыць дзіцяці доступ да разнастайных кніг, выхаваць у ім захопленага чытача — самы просты спосаб выгадаваць разумнага чалавека, які крытычна мысліць і імкнецца да ведаў.

Аўтар: Наталля Мядзведзь

Што чытаем?

Выданні для дзяцей — не толькі нагода для спакойнага ўдумлівага чытання, але і яркія ўражанні. Школьнікі і бацькі самых маленькіх чытачоў згадваюць цікавыя сустрэчы з кнігамі.

Валерыя Раманчук, 11 клас, СШ № 12 г. Гродна:

— Уразіў зборнік твораў Максіма Багдановіча, які прачытала ў снежні. Вершы паэта гучаць цудоўнай музыкай у душы. Лёгкія, пяшчотныя, бы матылькі. Такія розныя, такія глыбокія. Яны запрашаюць да роздуму, дыялогу, дораць адчуванне бязмежнасці прасторы, свабоды, касмічнасці існавання. Нечаканай для мяне стала адсутнасць строгай дакладнай рыфмы, шчырасць і адкрытасць аўтара. Выбраць з вершаў Максіма Багдановіча адзін найбольш цікавы аказалася складаным. Мяне кранулі адразу некалькі. Веру, што кожны можа знайсці для сябе ў гэтым зборніку праніклівыя сардэчныя радкі, захапіцца хараством гучання роднай мовы.

Паліна Забела, 11 клас, гімназія № 1 г. Слуцка:

— Вельмі спадабаўся паэтычны зборнік Кірылы Анохіна «Асцярожна, дрэвы зачыняюцца». У некалькіх радках — глыбокі змест, філасофскі, інтымны, і неверагодная метафарычнасць. Гульня слоў, вобразы, якія стаяць па-за ўяўленнем... Я ў захапленні ад таленту Кірылы Анохіна, хоць разумею, што шмат чаго ён узяў ад Алеся Разанава. Мне падабаецца сучасная паэзія. Шукаю ў вершах новыя думкі, чытаю, каб углыбіцца ў невядомыя раней сэнсы, імкнуся зразумець, што хацеў данесці аўтар, што ён адчуваў, калі пісаў.

Крысціна Забела, 11 клас, гімназія №1 г. Слуцка:

— Апошняя запамінальная беларуская кніга — «Сцюдзёны вырай» Віктара Марціновіча. Нехта са знакамітых казаў, што больш за ўсё нас ўражваюць кнігі, у якіх думкі аўтара супадаюць з нашымі ўласнымі. Так адбылося са «Сцюдзёным выраем». Да таго ж мне, як магчымаму філолагу, захацелася гэты цудоўны твор прааналізаваць. Асабліва цікавая кампазіцыя: ёсць кніга, напісаная пэўнай асобай, потым гэтую кнігу каментуе другі чалавек, трэці выказваецца наконт кнігі і каментара другога і гэтак далей. Але кожны сцвярждае, што папярэдні хлусіць. Жадаючы зразумець, дзе ж праўда, чытаеш усё хутчэй ды хутчэй. «Сцюдзёны вырай» — твор, пасля якога нейкі час не хочацца чытаць нічога іншага, бо патрэбна спыніцца і паразважаць.

Кацярына Тарасава, 10 клас, СШ № 157 г. Мінска:

— Ніколі не стамлялася здзіўляцца талентам Васіля Быкава. Нядаўна прачытал а кнігі з калекцыі «Мая беларуская кніга» —

творы «Альпійская балада» і «Пакахай мяне, салдацiк». Дзякуючы гэтым аповесцям разумееш, што, калі пачынаецца вайна, нічога не спыняецца: ні час, ні пачуцці, ні каханне...

Яніна Янішчыц, 8 клас, гімназія-каледж мастацтваў г. Мінска:

— Самыя цудоўныя творы, якія сёлета адкрыла для сябе, — гэта аповесці Уладзiмiра Караткевiча. «Дзiкае паляванне караля Стаха» распавядае пра таямнiчае мiнулае нашай зямлi, пераносіць у той трагiчны перыяд гiсторыi, дзе кожны сам супраць сябе. Аповесць «Паром на бурнай рацэ» — дзiўнае спалучэнне характараў і думак розных людзей. Мяркую, што гэтымi творамi Уладзiмiр Караткевiч спадзяваўся нагадаць, што мы беларусы. Каб кожны з нас не забываўся на сваю гiсторыю i мову. Гэтыя цудоўныя аповесцi вучаць у любых абставiнах перш за ўсё заставацца людзьмi, любiць радзiму і не здраджваць сабе.

Дар’я Пыж, 7 клас, СШ № 12 г. Гродна:

— Уразіла кніга Тамары Бунта «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка», якую я прачытала разам з мамай гэтым летам. Ніколі б не падумала, што сёння пішуць кнігі пра звычайных дзяўчат. Многія гісторыі вельмі падобныя да маіх уласных. І дом, і сябры, і радасці, і праблемы. Нібыта пісьменнік ведае мяне шмат гадоў. А яшчэ вельмі спадабалася мова твора: яскравая, смачная і сакавітая, як першыя клубніцы на маім лецішчы. Цяпер я буду часцей чытать кнігі па-беларуску, дзякуй дзяўчынцы з Вішнёвага завулка!

Ян Мусвідас, 7 клас, гімназія № 30 г. Мінска:

— Летась мяне больш за ўсё ўразіла выданне «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». З гэтым творам быў знаёмы з маленства. Калісьці мама чытала мне яго ў адаптаваным для дзяцей варыянце. Але год таму адбылося чарговае і больш падрабязнае знаёмства з «Рабінзонам». На Новы год сястра падарыла новае выданне на беларускай мове ў перакладзе Алены Васілевіч. Калі ў маіх руках апынуўся прыгожы і добра ілюстраваны падарунак (мастак — Валянцін Макаранка), я вельмі зацікавіўся. Кніга чыталася лёгка, нібыта распеўна. Праглынуў за некалькі дзён і быў вельмі шчаслівы, што сустрэўся з беларускамоўным Рабінзонам.

Марыя Шкляр, 7 клас, Бігосаўская сярэдняя школа: (Верхнядзвінскі раён)

— Аповесць Алеся Бадака «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» запомнілася мне больш за іншыя творы. Пасля яе зразумела, што нам, падлеткам, трэба адрозніваць маладых настаўнікаў ад проста маладых людзей і старэйшых сясцёр, братоў. Трэба ставіцца да настаўнікаў з павагай. Гэта аповесць вельмі цікавая! Раю прачытаць і дарослым, і падлеткам.

Раман Дзіскавец, 4 клас, СШ № 12 г. Гродна:

— Вельмі зацікавіла кніга Уладзіміра Ліпскага «Вясёлка над Нёманам». Пісьменнік прапануе займальнае падарожжа па гродзенскай зямлі. Расказвае пра сенняшнідзень, зазірае ў будучыню, згадвае таямніцы гісторыі Гродзеншчыны. Дзівосная вандроўка дорыць цуды, аўтар вучыць нас бачыць і цаніць хараство роднай прыроды, звычаяў і абрадаў продкаў. Лічу, гэтую кнігу варта прачытаць кожнаму хлапчуку і дзяўчынцы. І ад імя чытачоў звяртаюся да аўтара:

Я дзякую Вам, Уладзімір Ліпскі,

За дзіўную кнігу «Вяселка над Нёманам»,

Дзе скарбам зямлі падпявае вятрыска

На шчырай пявучай матчынай мове.

Ілья Субат, 5 год, г. Смалявічы (адказвае мама):

— Адкрыццём для нас сталі кніжкі «Вялікія прыгоды Какоса-Маракоса» Сержа Мінскевіча і першы том збору твораў Алега Мінкіна «Добрыя вершы». «Добрыя вершы» чытаем на сон ці падчас адпачынку, а Какоса- Маракоса нават цытуем на памяць, асабліва хвацкую прыпеўку «Какос-Маракос шпарчэй плыве сваім шляхам далей». Вельмі падабаецца не толькі змест ды высокае паэтычнае майстэрства: на самым высокім узроўні — выдавецкія якасці кніжак. Мінскевіч выдадзены вельмі мадэрнова, дынамічна, з фантазіяй, гэта сапраўды кніга для сучаснага дзіцяці. Крэатыўны падыход выдавецтва «Мастацкая літаратура» прыемна здзівіў.

Аляксей Трафімчык, 4 гады, г. Мінск (адказвае тата):

— З паэзіі нам цяпер вельмі падабаюцца кнігі «Выпаў грук у грома з рук» Рыгора Барадуліна і «Лясная трывога» Віктара Гардзея. Сын з задавальненнем дэкламуе па памяці доўгі вершык з гэтай кнігі, пры гэтым па-акцёрску інтаніруе. З прозы пад увагу трапіла кніга Алены Масла «Пацучок Фэлік падарожнічае». Падабаюцца Лёшу не толькі казкі і прыгодніцкія аповесці, але і апавяданні, у тым ліку рэалістычныя, дзе апісваюцца здарэнні з жыцця. Так, мы выпадкова знайшлі ў «Вясёлцы» апавяданне Андрэя Федарэнкі пра прыгоды мухі. Твор напісаны гладка, добра... Муха напачатку сядзіць на столі, глядзіць на чалавека і думае: як жа ён так сядзіць дагары нагамі? Потым у яе пачынаюцца свае прыгоды... Не ведаю, што сын успрымае, але слухаў не так даўно з задавальненнем па некалькі разоў.

Аляксей таксама чытае часопісы «Гарбузік», «Буся». Любіць разам з маці паразгадваць заданні, нешта павыклейваць, павырэзваць, змайстраваць. Такія заданні ў выданнях для дзяцей вельмі патрэбныя, бо развіваюць маторыку і густ.