Клопатам пра развіццё нашай літаратуры, выхаванне цікавасці да кніг айчынных аўтараў жывуць не толькі школьныя настаўнікі. Падаецца, што гэта — агульная справа выдаўцоў, журналістаў, а найперш — саміх аўтараў. Сёння членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі з'яўляецца каля 640 творцаў, якія жывуць і працуюць у розных рэгіёнах краіны. За мінулы год літаратары прадставілі чытачам каля 300 новых кніг, і ўжо сёлета колькасць новых выданняў перавысіла 150.
У ліку твораў, якія найбольш цікавыя чытачам і якіх, на жаль, пакуль нестае ў айчыннай літаратуры, — расповеды пра жыццё маленькіх вёсачак і мястэчак, простых людзей. Гэтыя тэксты маглі б зацікавіць беларусаў, лічыць старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. На думку Мікалая Іванавіча, нават той твор, які не адпавядае высокім агульнарэспубліканскім патрабаванням, але напісаны таленавіта, мае права на існаванне і прызнанне, хай толькі на мясцовым узроўні.
У сучасных варунках аўтару мала толькі выдаць кнігу і прадставіць яе на паліцах кнігарняў. Важная актыўная камунікацыя з чытачамі. І гэтая работа таксама ахвотна робіцца членамі Саюза пісьменнікаў. Так, першы намеснік старшыні творчай суполкі Алена СТЭЛЬМАХ распавяла, што сёлета ў Маладзечне напярэдадні фестывалю паэзіі і песні аўтары правялі мноства сустрэч на розных пляцоўках: у бальніцы, раённых электрасетках, школе мастацтваў.
— Паўсюль збіраліся вялікія аўдыторыі. Гэтыя спатканні творцаў са слухачамі, чытачамі прайшлі ў вельмі шчырай, кранальнай атмасферы, — падзялілася Алена Анатолеўна. — Нам прыемна, што цяпер актыўна папаўняюцца шэрагі паэтаў-песеннікаў. Не так даўно да творчай суполкі далучыўся Алег Жукаў, літаральна нядаўна мы прынялі ў саюз Фёдара Баравога. Гэтыя асобы падмацоўваюць нашы сілы, з іх дапамогай можам ладзіць выступленні і ў камерных аўдыторыях, і на вялікіх пляцоўках, напрыклад падчас святкавання 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы на яго радзіме ў Вязынцы.
Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі актыўна прымаюць удзел у мерапрыемствах у межах рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай», у кожным раёне, школе, летніку праходзяць сустрэчы з творцамі. Не застаецца па-за ўвагай і рэспубліканскі конкурс чытальнікаў «Жывая класіка».
Несумненна, важным у жыцці Саюза пісьменнікаў Беларусі станецца сёлетні Дзень беларускага пісьменства ў Полацку.
Аўтар: Марына ВЕСЯЛУХА