Да новага навучальнага года назапашваем матэрыялы па ўсіх вучэбных прадметах, распрацаваныя з улікам кампетэнтнаснага падыходу. У ліпеньскім нумары гэта літаратурнае чытанне, фізічная культура і выяўленчае мастацтва. У мультымедыйным дадатку змешчаны дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы па названых прадметах для I–III класаў.

Працягваем друкаваць распрацоўкі ўрокаў па прадмеце «Чалавек і свет» у I класе, падрыхтаваныя аўтарамі новага падручніка. На каляровай укладцы фотаілюстрацыі да гэтых урокаў, якія адлюстроўваюць тры перыяды восені – раннюю, залатую і познюю. Вопытам выкарыстання электроннага рэсурсу на ўроках выяўленчага мастацтва, распрацаванага для вучняў IV класаў, дзеліцца творчы калектыў сярэдняй школы № 2 імя Масонава г. Свіслачы. У рубрыцы «Адрасы перадавога вопыту» настаўнікі сярэдняй школы № 126 г. Мінска адкрываюць сакрэты эфектыўнага навучання школьнікаў беларускай і рускай мовам. На дадатковай укладцы «У дапамогу намесніку дырэктара» сабраны матэрыялы па тэме «Эфектыўнасць работы педагогаў у перыяд выкладання інтэграванага вучэбнага курсу „Уводзіны ў школьнае жыццё“» – форма загада кіраўніка ўстановы, план мерапрыемстваў, аналітычная даведка, карта кантролю. Гэты блок дапаможа прааналізаваць работу ўстановы адукацыі па дадзеным накірунку і вызначыць шляхі ўдасканалення. Выхаваўчыя мерапрыемствы прадстаўлены квэстам для вучняў II–III класаў, факультатыўнымі заняткамі «Экалагічнае краязнаўства» (тэма «Пчолы»), клубнай гадзінай у ГПД, а таксама гульнямі ў летнім лагеры. У рубрыцы «Сустрэча з пісьменнікам» друкуецца ўрок пазакласнага чытання з удзелам А. Зэкава, пабудаваны на яго творах. На дыску прапануецца відэасустрэча з гэтым пісьменнікам. Сучасны, стылёвы постар-укладка «З днём ведаў!» ужо хутка будзе вельмі запатрабаваны і актуальны.