Працягваем друкаваць дыдактычныя матэрыялы для 4 класа – у гэтым нумары па беларускай мове, рускім літаратурным чытанні і змястоўным блоку «Мая Радзіма – Беларусь», а таксама метадычныя распрацоўкі ад аўтараў новых падручнікаў па «Літаратурным чытанні» для 2 (з рускай і беларускай мовамі навучання) і 3 класаў.
Блок матэрыялаў у рубрыцы «Адрасы перадавога вопыту» падрыхтаваны калектывам сярэдняй школы № 1 г. Лепеля. У сцэнарыях майстар-класа, урокаў, пазакласных мерапрыемстваў і бацькоўскага сходу адлюстроўваецца ўжыванне сродкаў шматмернай дыдактычнай тэхналогіі, іх уплыў на развіццё сістэмнага мыслення малодшых школьнікаў. Патрыятычнае мерапрыемства «Урок Мужнасці» мае вялікае выхаваўчае значэнне, бо пабудавана на аповедах вучняў пачатковых класаў пра сваіх прадзедаў-ветэранаў. Драматычныя кароткаметражкі павучальнага характару «Гісторыі пра Зайца Даўгавушыка» напісаны лёгкай, зразумелай для дзяцей мовай. Без маралізатарства, на прыкладах з жыцця насельнікаў казачнага лесу яны дапамогуць замацаваць веды аб правілах супрацьпажарнай бяспекі, здаровага ладу жыцця і нагадаюць аб каштоўнасці кнігі і важнасці працэсу чытання. У дадатковай укладцы «У дапамогу намесніку дырэктара» гутарка ідзе аб павышэнні матывацыі вучняў праз выкарыстанне праблемнага навучання і сакрэтах падрыхтоўкі пераможцаў алімпіяд па матэматыцы. На каляровай укладцы прапануюцца прадметныя малюнкі да факультатыўных заняткаў «Вытокі роднай мовы» ў 2 класе па тэмах «На агародзе» і «У кветніку». На дыску змяшчаюцца дыдактычныя матэрыялы ў выглядзе картак для вучняў, а ў рубрыцы «Педагагічная скарбонка» прапануюцца ўрокі: матэматыка ў 1 класе («Лік 11»), «Чалавек і свет» у 2 класе («Грыбы»), рускае літаратурнае чытанне ў 3 класе («А. Барто. Мальчик-наоборот»).