Працягваем друкаваць дыдактычныя матэрыялы для 4 класа – у гэтым нумары прадстаўлены руская мова (раздзел «Дзеяслоў»), выяўленчае мастацтва і музыка. На старонках часопіса – метадычныя матэрыялы, а самі дыдактычныя заданні змешчаны ў мультымедыйным дадатку.   Аўтары новых падручнікаў прапануюць распрацоўкі ўрокаў: «Чалавек і свет. 1 клас», «Літаратурнае чытанне. 2 і 3 класы» (для школ з беларускай і рускай мовамі навучання).  

У рубрыцы «Метадычная майстэрня» – каштоўныя матэрыялы па ўжыванні фальклорных твораў малых жанраў, вучэбныя заданні па літаратурным чытанні, а таксама блок пазакласных заняткаў у сістэме гендэрнага выхавання малодшых школьнікаў, накіраваных на фарміраванне паважлівых і сяброўскіх адносін паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Сёлета ў кастрычніку факультэт пачатковай адукацыі БДПУ імя М. Танка адзначае сваё 60-годдзе. З гэтай нагоды дэкан факультэта на старонках часопіса акрэслівае найбольш значныя накірункі дзейнасці педагагічнага калектыву. Вучоныя факультэта пачатковай адукацыі прапануюць шэраг артыкулаў: рэтраспектыўны аналіз метадычнай спадчыны Я. Коласа, метадычныя матэрыялы па літаратурным чытанні, а ў рамках акцыі «Чытаем разам» – сустрэчу з пісьменніцай Н. Галіноўскай. Аспекты гуманнай педагогікі, адлюстраваныя ў артыкуле, дапоўнены сцэнарыем класнай гадзіны на тэму «Адказнасць», змешчаным на дыску. На с. 2 каляровай вокладкі – фотападборка, прысвечаная юбілею факультэта пачатковай адукацыі, а на с. 3 – песня «Першая настаўніца», да якой на дыску змешчаны фанаграмы «-1». Дадатковая ўкладка «У дапамогу намесніку дырэктара» прапануе даведку па выніках праверкі работы настаўнікаў па фарміраванні чытацкіх уменняў вучняў у працэсе навучання. З 20 кастрычніка 2017 года пачынаецца прыём матэрыялаў да ўдзелу ў III конкурсе «Творчасць маладых педагогаў». Палажэнне аб гэтым конкурсе – на с. 64. На каляровай укладцы – сюжэтныя і прадметныя малюнкі да факультатыўнага курса «Вытокі роднай мовы» (2 клас) па тэмах «У лузе», «У полі». Багатае напаўненне мае рубрыка «Педагагічная скарбонка» мультымедыйнага дадатку. Тут урокі матэматыкі, рускай мовы і прыродазнаўчая гульня-падарожжа.