Алесь Сцяпанавіч Разанаў – беларускі пісьменнік і перакладчык, вядомы як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных форм. Нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

У 1966 годзе А. Разанаў паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе правучыўся тры гады. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. Пасля перавёўся ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя A. С. Пушкіна, які закончыў у 1970 годзе. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна, з 1972 года ў Мінску – літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», з 1974 года — рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура», з 1994 года – у часопісе «Крыніца».

З вершамі ў друку Алесь Разанаў выступіў у 1961 годзе. У першым паэтычным зборніку «Адраджэнне» (1970) пераважалі адраджэнскія настроі, услаўляліся героі беларускага мінулага, замежныя вучоныя і пісьменнікі, адкрывальнікі новага, утапісты і змагары. У наступным зборніку вершаў «Назаўжды» (1974) выявіўся яго пошукавы характар, схільнасць да паэтычнага эксперыменту, павышаная ўвага да філасофскіх праблем. 3 гэтага часу з імем Алеся Разанава звязваецца ўяўленне аб інтэлектуальнай плыні ў беларускай паэзіі.

Наватарства паэта ў сферы зместу і формы выявілася ў кнізе паэм-балад «Каардынаты быцця» (1976) і этапным зборніку «Шлях-360» (1981). Алесь Разанаў імкнуўся да складанай вобразатворчасці, алегарычнага і сімвалічнага адлюстравання рэчаіснасці, а гэта пакідала ўражанне нейкага тайнапісу, не заўсёды зразумелага падтэксту. Ён звяртаўся да фальклорна-міфалагічных матываў, біблейскай сімволікі, традыцый нацыянальнай і сусветнай класікі.

У А. Разанава заўсёды было абвостраным адчуванне часу і чалавека ў часе. Яго лірычны герой чула ўспрымае драматызм зямнога існавання, бачыць паратунак у вечным руху наперад, у пошуку сапраўднага сэнсу жыцця, шляху да маральнага самаўдасканалення. Паэт востра перажывае зменлівасць усяго на свеце.

У зборніках Алеся Разанава апошніх дзесяцігоддзяў «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод», «Паляванне ў райскай даліне», «Рэчаіснасць», «Гановерскія пункціры» творчыя пошукі адбываюцца пераважна ў сферы самой беларускай мовы. Паэт адкрывае багацце яе лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцей і дэманструе амаль у кожным новым творы ідэю вобразнай невычэрпнасці нацыянальнай моўнай стыхіі. Але самай вялікай загадкай для паэта застаецца жыццё і чалавек. Акрамя таго, Алесь Разанаў перакладае з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Пераклаў кнігу К. Саі для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1982), п’есу У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч», раман Ё. Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), выбраную паэзію У. Бэрзыньша (2013), склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982), выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).

Творы Алеся Разанава перакладзены больш чым на 20 моў, асобнымi выданнямi выйшлi кнiгi ў Грузii, Германii, Балгарыi, Польшчы.

Алесь Разанаў – лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi iмя Янкi Купалы (1990), лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2012).

 
Аўтар: НІА