24 студзеня 2018 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная 400-годдзю выдання першага Буквара. Гэта першае мерапрыемства з шэрагу запланаваных Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў год 400-годдзя першага Буквара. Да апошняга часу гісторыкі лічылі першай азбукай на тэрыторыі Беларусі выданне Спірыдона Собаля 1631 года. Буквар быў выдадзены ў друкарні Куцеінскага манастыра і меў назву «Букварь сиречь, начало учения детям, начинающим чтению извыкати».

Пра існаванне яшчэ больш ранняга Буквара было вядома вучоным па ўскосных крыніцах англійскіх бібліёграфаў, але ў 2016 годзе гэты факт пацвердзіўся. Першая ў свеце кніга пад назвай «Буквар» была выдадзена 24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўе (цяпер горад Еўі ў Літве). Гэта было адно з самых старажытных беларускіх выдавецтваў у Вялікім княстве Літоўскім, якое выдавала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах. Да таго былі іншыя навучальныя выданні, але менавіта гэта – першы Буквар, падрыхтаваны сіламі манахаў. Даследчыкі мяркуюць, што, магчыма, да гэтага выдання меў дачыненне Мялецій Сматрыцкі, які ў той жа друкарні ў 1619 годзе выдаў сваю Граматыку. І тое, што першы Буквар з’явіўся на 13 гадоў раней, не мяняе факта, што менавіта беларусы прыдумалі гэтае слова. На радзіме ні аднаго асобніка не захавалася. У свеце існуе ўсяго два асобнікі Буквара 1618 года. Адзін, няпоўны, у Капенгагене, у Каралеўскай бібліятэцы. Другі асобнік трапіў у Лондан. Ён у пачатку XVII стагоддзя быў вывезены ў Лондан калекцыянерам навучальных выданняў Робертам Эшлі. У далейшым Буквар трапіў у зачынены для знешняга свету сход лонданскіх барыстараў (карпарацыя адвакатаў), дзе захоўваецца і сёння. Дзякуючы садзейнічанню брытанскіх беларусістаў, прафесараў Лонданскага ўніверсітэта ў беларускага даследчыка, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандра Сушы з’явілася магчымасць вывучыць гэты найкаштоўнейшы помнік беларускай гісторыі і культуры. У 2018 годзе Нацыянальнай бібліятэкай плануецца правядзенне выставы, на якой будуць прадстаўлены розныя буквары, а таксама факсімільнае выданне першага Буквара і яго прэзентацыя на Дні ведаў.

Аўтар: НІА