Красавіцкі нумар часопіса «Маладосць» сёлета выйдзе ў самым што ні ёсць нязвыклым фармаце – ён будзе ў поўным сэнсе самым незвычайным за ўсе 65 гадоў папярэдняга існавання.

Кожны рэдактар часопіса дзеля падрыхтоўкі гэтага нумара пагрузіўся ў пэўнае дзесяцігоддзе, каб выступіць на «сваіх» старонках у якасці экскурсавода па ім і, як сапраўдны экскурсавод, выцягнуць у сённяшні дзень тое цікавае, што засталося ў мінулым. Што заставалася б у мінулым, калі б не юбілей выдання.

Урыўкі з падарожных нататак Міхася Лынькова «На вуліцах горада Жоўтага Д’ябла» і гутарка з маладымі Тутэйшымі, ліст Уладзіміра Караткевіча да Ніны Молевай і ўспаміны Міколы Аўрамчыка, проза перакладчыка Юркі Гаўрука і размова са Станіславам Лемам, інтэрв’ю з легендарным савецкім гоншчыкам і сустрэча з ім праз сорак гадоў, недасяжныя ўзоры крытыкі і публіцыстыкі – ад напаўзабытага Рыгора Бярозкіна і незабыўнай Веры Палтаран. Стужка часу даўжынёю ў шэсць з паловай дзесяцігоддзяў разгорнецца перад чытачом у сямі найцікавейшых частках. Каб прачытаць іх, варта паспець падпісацца на нумар да 20 сакавіка.


Аўтар: Рэдакцыя часопіса «Маладосць»