Адам Храптовіч – беларускі асветнік, мецэнат мастацтваў і навукі, удзельнік паўстання Т. Касцюшкі (1794), нарадзіўся ў сакавіку 1768 года.

Вядомы ў свой час на Беларусі род Храптовічаў адносіцца да самых старажытных i ўплывовых на нашых землях. Яны мелі багатую бібліятэку ў Шчорсах, якую збіралі на працягу другой паловы XVIII і першай паловы XIX стагоддзяў.

А. Храптовіч быў высокаадукаваным чалавекам, вучыўся ў Францыі. Ён значна памножыў бібліятэку, заснаваную бацькам, давёў кнігазбор да 20 тысяч тамоў. З'яўляючыся ганаровым членам Віленскага ўніверсітэта, мецэнатам мастацтва і навукі, актыўна папаўняў бібліятэку старадрукамі і выданнямі XIX стагоддзя, сярод якіх былі творы антычных аўтараў, французскай і італьянскай класічнай літаратур, працы па гісторыі Польшчы, Беларусі, Літвы, рукапісы.

Багатая кніжная калекцыя ў Шчорсах прыцягвала да сябе вядомых людзей, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Яе фондамі карысталіся Я. Лялевель, У. Сыракомля, К. Даніловіч, М. Маліноўскі, Ф. Малеўскі, А. Сабалеўскі, Ю. Ярашэвіч і іншыя. Наведваў яе i А. Міцкевіч (сцвярджаюць, што менавіта тут ён ствараў сваю паэму «Гражына»). Бібліятэкарамі ў Шчорсах у розныя часы працавалі Ф. Баброўскі, А. Глінскі, Я. Чачот.

А. Xраптовіч быў візітатарам школ Віленскай акругі, старшынёй Таварыства дабрачыннасці, намеснікам старшыні Друкарскага таварыства ў Вільні. Будучы апекуном Галоўнай Віленскай школы, ахвяраваў яе бібліятэцы калекцыю гравюр (каля 1100).

А. Xраптовіч заснаваў у Шчорсах буйную пачатковую школу, дзе станам на 1822 год займалася 350 вучняў, якія разам з элементарнай адукацыяй набывалі пэўныя навыкі вытворчай, рамеснай працы.

Аўтар: НІА