23 сакавіка 2018 года спаўняецца 70 гадоў беларускаму паэту, перакладчыку, публіцысту Генадзю Пятровічу Пашкову.

Нарадзіўся паэт 23 сакавіка 1948 года ў вёсцы Ліпавічы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых. Скончыў Войстамскую сярэднюю школу, потым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Пачаў друкавацца з 1967 года. Першыя творы Г. Пашкова пабачылі свет у калектыўным зборніку маладых універсітэцкіх паэтаў «Узлёт».

Народны паэт Беларусі П. Панчанка, прадстаўляючы Г. Пашкова чытачам газеты «Комсомольская правда», падкрэсліў, што «ён увайшоў у беларускую паэзію молада і ўпэўнена. Усе заўважылі яго звонкі, чысты голас, поўны захаплення цяжкім і складаным, але такім цудоўным жыццём». I сапраўды, молада-акрылена заявіў пра сябе Г. Пашкоў першай паэтычнай кнігай з мілагучнай, салодкай назвай «Кляновік» (1975). Любоў да роднай зямлі, жаданне глыбей спазнаць свой край, яго таемную прыроду – першааснова твораў паэта:

***
Зямля мая

зялёная расінка,

і чую я, акрылены вясной, –

пчалой гудзе

світальная галінка

і пахне дзень

праталінай вясной.

 

За паэтычныя кнігі «Красный жаворонок» (1977) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) паэту прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі. У 1998 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

З 1977 года Г. Пашкоў – член Саюза пісьменнікаў БССР, з 1996 года – член-карэспандэнт Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры.

Пяру пісьменніка належыць шэраг высокамастацкіх кніг самага рознага жанравага дыяпазону: «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Крокі» (1988), «Люблю, спадзяюся, жыву...» (1990), «Палескія вандроўнікі» (1998).

На творчым шляху Г. Пашкова звыш дзесяці зборнікаў вершаў, публіцыстыкі і кніг для дзяцей. Сярод іх «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1991), «Зорнае поле» (1999).

Акрамя творчай дзейнасці Г. Пашкоў працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё, потым – у часопісе «Полымя», быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Тэатральная Беларусь», рэдагаваў «Цэнтральную газету», працаваў дырэктарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», займаў пасаду першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Элегічна-спавядальным падаецца роздум паэта над асабістым жыццём у паэтычным зборніку «Журавінавы востраў» (1998).

***
Я пажыў даволі ў гэтым свеце.

І яшчэ, дасць Божа, пажыву.

Адпускаю птушкаю на вецер

з ціхім смуткам светлую душу.

Не шукайце вольнага на волі.

Вы мяне не знойдзеце нідзе.

Туманом сыду ў наваколле.

Не пакіну следу на вадзе.

У сутонні, водарам налітым,

прыпыню, здарожаны, хаду.

І да траваў хмельна-варажбітных

У шчаслівай стоме прыпаду...

 

Аўтар: НІА