Рэдакцыя часопіса «Маладосць» сумесна з кафедрай гісторыі беларускай літаратуры БДУ пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі аб’яўляе конкурс біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя (пры ўмове ахопу ўсяго жыццёвага і творчага шляху літаратара).

Патрабаванні: жанр – дакументальна-мастацкі, аб’ём – ад 40 да 80 тысяч знакаў (з прабеламі), форма – свабодная (эсэ, жыціе, літаратурная біяграфія, белетрызаваны біяграфічны нарыс, эпісталярная публіцыстыка, літаратурны партрэт, псеўдааўтабіяграфія, стылізаваныя мемуары, гістарычная аповесць і інш.), з арыентацыяй на займальнасць і чытацкія густы патэнцыяльнай адраснай аўдыторыі (вучні старшых класаў, студэнты і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй роднай літаратуры).

Узрост удзельнікаў конкурсу неабмежаваны.

Конкурс праводзіцца ў тры этапы:

І – прыём заявак ад удзельнікаў (23 красавіка – 24 чэрвеня 2018 года, форма заяўкі прыкладаецца);

ІІ – прыём тэкстаў (1 мая – 31 кастрычніка 2018 года);

ІІІ – праца журы па вызначэнні пераможцаў (1 лістапада – 21 снежня 2018 года).

Заяўкі і творы прымаюцца на адрас: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Пераможцамі конкурсу будуць лічыцца аўтары чатырох найлепшых тэкстаў, адабраных журы. Пераможцы атрымаюць дыпломы і грашовае ўзнагароджанне.

Лепшыя творы будуць надрукаваны на старонках часопіса «Маладосць». Плануецца таксама выданне асобнай кнігі лепшых літаратурных біяграфій беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя.

З Інструкцыяй аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу можна пазнаёміцца на сайтах арганізатараў.

 

Імёны літаратараў, жыццяпісы якіх прапануюцца для мастацкага асэнсавання

  1. Вікенцій Равінскі (1786–1855) – паэт, драматург, найбольш верагодны аўтар паэмы «Энеіда навыварат».
  2. Ян Баршчэўскі (1794 – 12 сакавіка 1851) – празаік, паэт і выдавец.
  3. Ян Чачот (24 чэрвеня 1796 – 23 жніўня 1847) – паэт, філамат, фалькларыст, этнограф і драматург, сябра Адама Міцкевіча.
  4. Франц Савіч (1815–1845) – паэт, публіцыст, мемуарыст, удзельнік вызваленчага руху.
  5. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (4 лютага 1808 – 29 снежня 1884) – паэт, драматург, заснавальнік нацыянальнага тэатра, класік новай беларускай літаратуры.
  6. Уладзіслаў Сырако́мля, сапраўднае імя Людвік Кандрато́віч (29 верасня 1823 – 15 верасня 1862) – паэт, публіцыст, драматург, крытык, перакладчык, этнограф.
  7. Вінцэсь Каратынскі (чэрвень 1831 – 7 лютага 1891) – паэт, перакладчык, публіцыст.
  8. Пранціш Вуль, сапраўднае імя Элегій-Францішак Карафа-Корбут (21 красавіка 1835 – 1880) – паэт і публіцыст, удзельнік паўстання 1863–1864 гг. на Віцебшчыне.
  9. Кастусь Каліноўскі (2 лютага 1838 – 22 сакавіка 1864) – рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі і Літве.
  10. Альгерд Абуховіч (6 жніўня 1840 – 22 жніўня 1898) – паэт, байкапісец, мемуарыст і перакладчык.
  11. Францішак Багушэвіч (21 сакавіка 1840 – 28 красавіка 1900) – паэт, празаік, публіцыст і перакладчык, класік новай беларускай літаратуры.
  12. Эліза Ажэшка (6 чэрвеня 1841 – 18 мая 1910) – празаік, публіцыст, аўтар апавяданняў і аповесцей пра жыццё беларускага сялянства і шляхты, сяброўка Ф. Багушэвіча.
  13. Зоф’я Манькоўская (26 лістапада 1847 – 24 верасня 1911) – паэтка і перакладчыца.
  14. Янка Лучына, сапраўднае імя Ян Неслухоўскі (6 ліпеня 1851 – 28 ліпеня 1897) – паэт, нарысіст і перакладчык.

 

Заяўка ўдзельніка 

- Прозвішча, імя, імя па бацьку

- Год нараджэння

- Месца пражывання

- Род заняткаў

- Нумар тэлефона і электронны адрас

- Выбраная асоба са спісу літаратараў

 

Інструкцыя аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя (конкурс прымеркаваны да Году малой радзімы і 65-годдзя часопіса «Маладосць»)

 

Аўтар: Рэдакцыя часопіса «Маладосць»