Працягвае набіраць разгон праект аднайменных часопіса і кнігарні «„Маладосць“ & „Маладосць“». Літаратурная сустрэча 12 снежня 2018 года была прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння Чынгіза Айтматава.

Рэдакцыя вечна маладога часопіса доўга рыхтавалася да гэтага юбілею – быў праведзены конкурс эсэ «Мой Чынгіз Айтматаў» (лепшыя тэксты можна пачытаць тут), перакладзены на беларускую мову апошні раман класіка «Калі падаюць горы (Вечная нявеста)». Не адна гадзіна жыцця «маладосцеўцаў» прайшла ў роздумах над старонкамі твораў пісьменніка. Якое месца ён займае ў сусветнай літаратуры? Кім быў для сучаснікаў і кім стаў для нашчадкаў? У чым яго пісьменніцкая магія і прыцягальнасць? Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, аднолькавых адказаў на такія пытанні не знойдзецца – у кожнага свой Айтматаў і свая гісторыя знаёмства з яго кнігамі. 

Сустрэча пачалася з прамоў начальніка аддзела арганізацыі гандлю і рэкламы ААТ «Белкніга» Андрэя Радыгіна і загадчыка кнігарні «Маладосць» Юрыя Левановіча, якія адзначылі, што ў складаны для друкаванага слова час у нашым грамадстве ўсё ж існуе патрэба ў кнігах, у тым ліку і ў заўсёды актуальных творах Чынгіза Айтматава.

Галоўны рэдактар «Маладосці» Святлана Воцінава перадала ўсім прысутным цёплыя прывітальныя словы Саветніка Пасольства Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Айымкан Кулукеевай і кыргызскага літаратара, лаўрэата Міжнароднай прэміі Чынгіза Айтматава Абібілы Пазылава. Галоўрэд «Маладосці» распавяла пра сваё дзіцячае знаёмства з творамі Айтматава і пра асаблівасці аўтарскага стылю пісьменніка, якія стваралі прыемныя складанасці пад час працы над перакладам яго кнігі «Калі падаюць горы (Вечная нявеста)». 


Значная частка сустрэчы была прысвечана перакладу на беларускую мову першага рамана Айтматава «Буранны паўстанак», зробленага Міхасём Стральцовым, чый лёс быў звязаны з «Маладосцю». Асаблівым чынам быў прадстаўлены «Буранны паўстанак», перавыдадзены сёлета спецыяльна да юбілею выдавецтвам «Народная асвета». Падрабязна пра гэтую кнігу распавяла загадчык рэдакцыі метадычнай падрыхтоўкі выданняў выдавецтва «Народная асвета» Галіна Бабаева.

Сваімі думкамі пра творчасць Чынгіза Айтматава і яе актуальнасць падзяліўся з прысутнымі дырэктар радыё «Беларусь», паэт, празаік, публіцыст Навум Гальпяровіч. Яго эмацыйная прамова была прысвечана культурнай універсальнасці і сацыяльнай значнасці кніг кыргізскага пісьменніка.