8 студзеня 2019 года споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча Алеся Савіцкага.

Аляксандр Ануфрыевіч Савіцкі нарадзіўся ў Полацку ў сям’і рабочага. Па некаторых звестках, год нараджэння пісьменніка – 1925, але ў час вайны юнак паправіў сабе дакумент, каб узялі ў партызаны. З 1942 года Алесь Савіцкі – партызан атрада «Смерць фашызму», з 1943 – камандзір падрыўной групы партызанскага атрада «Бальшавік». У 1944−45 гг. удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены.

Пачаў пісаць вершы яшчэ ў 1943 годзе. Першае апавяданне «Рыбацкае шчасце» надрукаваў у 1948 годзе ў полацкай абласной газеце «Бальшавіцкі сцяг».

Алесь Савіцкі – аўтар 10 раманаў, 13 аповесцей, у тым ліку 5 дзіцячых: «Кедры глядзяць на мора» (1960), «Пасля паводкі» (1962), «Белы гарлачык» (1965), «Самы высокі паверх» (1969), «След пракладае першы» (1971), «Белая знічка» (1984), «Жанчына» (1963), «Палын – зелле горкае» (1967), «Верай і праўдай» (1976), «Толькі аднойчы» (1979), «Зямля раскажа» (1980), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983), «Верасы» (1987), «Обаль» (1989), «На посту у тишины» (1987), «Шкляная нітка» (1970), «Пісьмо ў рай» (2011) і іншыя.

Шэраг твораў пісьменніка перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую мовы.Алесь Савіцкі – лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002).

Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2009). Ганаровы грамадзянін г. Полацка.

НІА