Інтэрв'ю з Аляксандрам Мікалаевічам Бадаком (Алесем Бадаком), беларускім пісьменнікам, публіцыстам, літаратурным крытыкам, паэтам-песеннікам, членам Саюза пісьменнікаў СССР (1990), лаўрэатам літаратурнай прэміі «Залаты апостраф» (2003), лаўрэатам літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2008), аўтарам больш за 10 паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, тэкстаў песень, дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».

– Алесь Мікалаевіч, пытанне з пункту гледжання Вашага жыццёвага і пісьменніцкага вопыту: наколькі сучасны чытач, чытач-падлетак XXI стагоддзя адрозніваюцца ад чытача мінулага стагоддзя?

– Я ўспамінаю сябе, калі быў школьнікам, школьнікам-падлеткам, і кніжкі, якія чытаў. Безумоўна, я чытаў творы, якія былі і традыцыйна застаюцца ў школьнай праграме. Гэтыя кніжкі заўсёды ёсць у раённай дзіцячай і школьнай бібліятэках. Калі параўноўваць іх з кнігамі, якія чытаюць сённяшнія школьнікі і падлеткі, можна вылучыць шмат агульнага. Возьмем, напрыклад, беларускую літаратуру: сёння запатрабаваныя і Янка Маўр, і Міхась Лынькоў. Пры тым, што творы іх былі напісаныя яшчэ да вайны. Сучасная літаратура больш разнастайная, у тым ліку і жанрава. У гэтым галоўнае адрозненне чытацкай дзейнасці прошлага і цяперашняга стагоддзяў. Адбываецца своеасаблівае зліццё, калі на адной паліцы стаяць разнастайныя творы...

– Якія кнігі выдаеце Вы?

– Вось, напрыклад, дзіцячыя кнігі «Мама Му» Юі Вісландэр. Гэта даволі ўжо вядомая серыя ў перакладзе са шведскай мовы. І мы будзем яе працягваць друкаваць. Гэта наконт пытання, наколькі цяпер запатрабаваная літаратура на беларускай мове і сярод бібліятэк, і сярод чытачоў. Мы выдалі некалькі кніжак пра «Маму Му» Юі Вісландэр. У нас выходзяць і іншыя шведскія кніжкі.

Ёсць кнігі, якія выходзяць у Балгарыі, таксама цэлая серыя. І вось гэтая серыя пачала выдавацца на беларускай мове (дэманструе кнігі). Увогуле, такія кнігі ў Беларусі яшчэ не выдаваліся. Усё, што мы бачым у кнігарнях, прывезена з блізкага замежжа. Вось такія кніжкі-вырубкі. «Мастацкая літаратура» – першае выдавецтва, якое пачало выпускаць такія кніжкі.

Я ўжо гаварыў пра пераклады з балгарскай мовы. Наша задача на бліжэйшы час – выдаваць такія ж кніжкі беларускіх аўтараў на беларускай мове. Мне здаецца, яны будуць гэтак жа папулярныя.

– Калі дапусціць, што Вы апынуліся на незаселенай выспе. Да Вашага берага прыбіла чамадан. Якую любімую кнігу Вы б хацелі там знайсці?

– Пытанне хітрае. Магу на яго хітра і адказаць. Справа ў тым, што я адношуся да тых чытачоў і тых пісьменнікаў, якія актыўна чытаюць кнігі ў Інтэрнэце. У маёй сумцы заўсёды знаходзіцца электронная кніга, дзе запісана дакладна некалькі тысяч твораў. Гэта і проза, і паэзія, і біяграфія, і дзіцячая літаратура. Таму, калі я траплю на якую-небудзь выспу або планету, я не сумняваюся, што электронная кніга будзе са мной, бо я з ёй не расстаюся. На самой справе, выбраць нешта адно вельмі цяжка. Сёння мне падабаецца Міларад Павіч. Доўгі час гэта быў адзін з самых любімых маіх пісьменнікаў. Я чытаў, перачытваў, спрабаваў зразумець яго з другога, трэцяга разу. Вельмі падабаюцца яго апавяданні. Але я ўспамінаю, гадоў 10 таму мне падабалася нешта іншае. Я не ведаю, што мне захочацца чытаць і перачытваць яшчэ праз 10 гадоў. Гэта тычыцца не толькі прозы, але і паэзіі. Я памятаю, які шок быў у мяне, калі мне ў рукі трапіла кніга Алеся Разанава «Шлях 360». Я такіх кніг наогул не бачыў. Былі яшчэ «Свята пчалы» Рыгора Барадуліна, потым «Мой Свеце ясны» Міхася Стральцова. Выдатнейшыя кнігі!

– Вы сябе дыскрэдытуеце як рэдактар. Чытаеце электронныя кнігі. Вы не баіцеся застацца без працы?

– Я так не лічу. Электронныя сродкі даюць магчымасць даведацца, цікава дадзеная кніга табе ці не, падабаецца табе стыль яе напісання ці не. Электронная кніга дазваляе праверыць, ці ведаеш ты сам твор і яго аўтара.

Можна прыйсці вечарам дадому і спампаваць некалькі кніг, і з іх выбраць адну, але тую, якую пасля паставіш на паліцу.

 

НІА