10 лютага 2019 года падчас работы XXVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу пройдзе цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечанага беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя і арганізаванага рэдакцыяй часопіса «Маладосць» сумесна з кафедрай гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Вікенцій Равінскі, Вінцэсь Каратынскі, Франц Савіч, Ялегі Пранціш Вуль, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Эліза Ажэшка, Зоф’я Манькоўская, Кастусь Каліноўскі, Янка Лучына, Ян Баршчэўскі… Неардынарныя асобы, драматычныя лёсы. Іх творчая спадчына знайшла дастаткова поўнае асвятленне ў навуцы, але не ў мастацкай літаратуры. Таму надзённай з’яўляецца задача стварэння хрэстаматыйных узораў творчых біяграфій, арыентаваных на моладзевую школьную аўдыторыю, каб біяграфічны жанр як адзін з самых папулярных у ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў адшукаў таленавітых працаўнікоў на ніве беларускай мастацкай прозы.

У праведзеным конкурсе ўзялі ўдзел 25 аўтараў розных узростаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Па выніках конкурсу быў складзены зборнік, які змясціў гісторыка-біяграфічныя творы, прысвечаныя жыццяпісам пяці беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя. Астатнія творы-пераможцы будуць надрукаваныя ў нумарах 2 і 3 часопіса «Маладосць».

Мерапрыемства адбудзецца ў канферэнц-зале НВЦ «Белэкспа» ў 13:00.

Рэдакцыя часопіса «Маладосць»
РВУ «Выдавецкі дом „Звязда“»