5 сакавіка 2019 года спаўняецца 60 гадоў беларускаму паэту, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміру Мінавічу Мазго.

Нарадзіўся творца ў 1959 годзе ў г. п. Зэльва, што на Гродзеншчыне. З 1964 па 1968 гады разам з бацькамі жыў у Сібіры, потым сям’я вярнулася ў Беларусь. Вышэйшую адукацыю атрымаў на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1980–1985). У розныя гады працаваў у рэдакцыях газет і на тэлебачанні, загадчыкам рэдакцыі і выдавецтва «Юнацтва», намеснікам рэдактара часопіса «Вясёлка», намеснікам галоўнага рэдактара ўстановы «Рэдакцыя часопіса „Полымя“». З 2014 года працуе намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Нёман».

Першыя вершы паэт надрукаваў у 1972 годзе ў раённай газеце «Праца». У школьныя гады друкаваўся таксама ў часопісах «Бярозка» і «Маладосць», газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Гродзенская праўда».

Першая кніга вершаў «Пад спеў крыніц» (1982) з’явілася на свет у студэнцкія гады, пасля выхаду якой паэт быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў.

У. Мазго з’яўляецца аўтарам кніг «Вершаліна» (1987), «Марафон» (1992), «Анёл нябесны» (2007), кніг для дзяцей «Калі спрачаюцца маланкі» (1989), «Суседзі па сусвеце» (1994), «Смехапад» (1999), «Прыгоды марахода» (2002), «Таямнічая планета» (2009), «Адвечныя скарбы Радзімы» (2012), «Слоны с луны» (2014) і інш.

Многія вершы паэта сталі песнямі. Да твораў У. Мазго звярталіся такія мэтры песеннага жанру, як Э. Ханок, Л. Захлеўны, В. Іваноў, Э. Зарыцкі, У. Буднік, М. Сацура, Я. Паплаўская і інш.

Асобныя творы аўтара перакладзены на рускую, украінскую, чувашскую мовы.

У. Мазго – выдатнік друку Беларусі, лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў вобласці літаратуры і мастацтва. У 2008 годзе паэт удастоены прэстыжнай літаратурнай прэміі  «Залаты Купідон» за кнігу «Цуда-Вуда». Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны ў 2014 годзе.

Па ініцыятыве У. Мазго з 1997 года ў Зэльве праводзіцца раённае свята паэзіі і музыкі «Зэльвенскія Сакавіны», удзельнікамі якога ў розныя гады былі вядомыя пісьменнікі Беларусі – Казімір Камейша, Мікалай Мятліцкі, Уладзімір Саламаха, Міхась Пазднякоў, Анатоль Зэкаў, Мікалай Чарняўскі, Генадзь Аўласенка і інш. У 2008 годзе У. Мазго прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна».

 

НІА