4–5 красавіка 2019 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдуць юбілейныя XV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Штогадовыя Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні традыцыйна збіраюць даследчыкаў кнігі з розных краін. У гэтым годзе канферэнцыя аб’ядноўвае кнігазнаўцаў, гісторыкаў, філолагаў, культуролагаў і філосафаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны, якія прадставяць вынікі найноўшых даследаванняў па гісторыі рукапіснай і друкаванай кніжнай спадчыны. Мерапрыемства дае магчымасць падзяліцца вынікамі навуковых пошукаў і дасягненняў, спрыяе наладжванню навуковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі розных краін, выпрацоўцы аптымальна эфектыўных падыходаў для вырашэння наспелых праблем, а галоўнае –натхняе ўдзельнікаў на здзяйсненне новых ідэй і праектаў.

На працягу двух дзён пройдуць пленарнае пасяджэнне, сем секцый і адкрыццё выставы «Захавальнікі рарытэтаў» (да 40-годдзя навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства). Тэматыка канферэнцыі характарызуецца разнастайнасцю, нязменнай цікавасцю да кніжнай культуры Беларусі і асэнсаваннем яе феномена ў сусветным кантэксце. Праблемнае поле канферэнцыі будзе ўключаць пытанні гісторыі кніжнай культуры ад старажытнасці да сучасных тэндэнцый развіцця.

Больш падрабязна з праграмай правядзення чытанняў можна пазнаёміцца тут.

 

НІА
па матэрыялах партала
Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі