15 чэрвеня 2019 года ў Мірскім замку ўпершыню пройдзе фестываль гістарычнай кнігі «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку».

Да ўдзелу запрошаны найбуйнейшыя дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы краіны. На фестываль таксама прыедуць госці з Расіі і Украіны. Чакаецца, што свята кнігі наведаюць каля 60 пісьменнікаў.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, Гродзенскі філіял РУП «Белсаюздрук», музей «Замкавы комплекс „Мір“», ААТ «Белкніга».

Мірскі замак – унікальны помнік беларускага дойлідства, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У розны час замкам валодалі вядомыя гістарычныя асобы Беларусі. Зараз гэта ўнікальны цэнтр культурнага жыцця нашай краіны.

Адкрые фестываль грандыёзнае тэатральнае дзеянне на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы Міра. Важнай часткай мерапрыемства стане прэзентацыя кніг Уладзіслава Місевіча «Песняры», Віктара Хурсіка «„Vale!“ Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл», украінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл, нямецкі прынц», расійскага пісьменніка Мікалая Ефімовіча «Мая Плісецкая. Руды лебедзь», а таксама выданняў пра Вялікую Айчынную вайну выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі». Юным чытачам будуць прэзентаваны кнігі Ірыны Токаравай «Спартыўны гарадок», «Прыгода мячоў», «Прыгоды сышчыка Хомса і дактары Сладсана» і інш.

Для гасцей фестывалю таксама будуць арганізаваны аўтограф-сесіі пісьменнікаў Беларусі і Расіі: Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа, Валерыя Казакова, Мікалая Ефімовіча, Анатоля Бутэвіча і інш.

У межах мерапрыемства Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага прадставіць выставы самаробнай кнігі і лялек – герояў літаратурных твораў. Мастакі з выдавецтваў раскажуць наведвальнікам пра сучасныя кірункі ў кніжным дызайне, а ў выставачных залах музея можна будзе пазнаёміцца з выставай экслібрысаў.

Шэраг актуальных пытанняў будзе разгледжана падчас правядзення круглага стала «Гістарычная кніга ў сучасным грамадства», у якім возьмуць удзел літаратары, навукоўцы, прадстаўнікі грамадскасці.

Як адзначыў Аляксандр Лойка, дырэктар музея «Замкавы комплекс „Мір“», уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю будзе бясплатны. У канцы свята выдаўцы-ўдзельнікі падораць кнігі ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Мір».

 

НІА
па матэрыялах сайта mininform.gov.by