Арамаіс Міракян

нарадзіўся 23 жніўня 1995 года ў Мінску. У 2017 годзе скончыў Інстытут журналістыкі БДУ. Піша апавяданні і вершы, перакладае з украінскай і польскай моў. Лаўрэат конкурсу перакладаў з украінскай мовы «Зразумець Украіну», двухкратны фіналіст конкурсу маладых літаратараў «БрамаМар».

 

Трэнас з 11-й лякарні

Поўны рот крыві. Цікава, якога д’ябла я пагадзіўся на гэты выступ? Канечне, як можна адмовіцца ад выступу ў кампаніі найлепшых сяброў — цікавых маладых паэтаў? Яшчэ тыдзень таму выступ здаваўся нечым неверагодным: аперацыя на сківіцы не надта спрыяе творчаму настрою, але я заўжды быў аптымістам і калі сапраўды нечага жадаў — ніякія перашкоды не маглі прымусіць мяне адмовіцца ад задуманага.

Нават з лякарні адпускаць мяне не спяшаліся: пасляаперацыйны перыяд ішоў горш, ніж планавалася, было вельмі балюча. Уначы рана крываточыла, і прачынаўся я ў невялічкіх малюначках, якія утвараліся пры дапамозе крыві на пухаўках і коўдрах. Як на мой густ — было досыць прыгожа, такі сабе сучасны жыццёвы абстракцыянізм. Шкада, але санітаркі маю прагу да мастацтва не падзялялі, і кожны мой ранак пачынаўся не з кавы — гарачае пітво было забаронена, а з лаянкі чарговай цёці Клавы, якая казала:

— Как же надоело убирать эти чертовы простыни! Передерутся промеж собой, ироды проклятыя, а нам убирай!

І не мела ніякага значэння, што я ні з кім не біўся, а аперацыя была запланавана ледзь не за паўгода. Калі цёця Клава сказала «Біўся», усё, гэта вырак, якога пазбегнуць немагчыма. Ты разумееш, што гэтая жанчына скардзіцца не на цябе як асобу, а на сваё цяжкае, невыноснае жыцце, што прымушае яе працаваць санітаркай за сто пяцьдзесят рублёў у месяц.

Не пазайздросціш. Няхай скардзіцца.

Кожны дзень пасля таго, як мой рот пачаў адкрывацца настолькі, каб я мог сказаць нешта больш складанае і доўгае, ніж «А-а-а-а, баю-ю-юча», я пытаў у лекара падчас перавязкі: «Калі дадому?» Неверагодна злавала, што ён, малады хлопец, які павінен разумець, наколькі мяне задзяўбло знаходжанне ў гэтай пячоры перыяду развітога сацыялізму, на ўсе мае пытанні няўпэўнена паціскаў плячыма і казаў:

— Давайте подождем еще пару дней. Скажем, до понедельника.

Панядзелка ты чакаеш, як дзіцёнак з беднай сям’і чакае Каляд, зранку трыванне робіцца невыносным, перад заходам ў маніпуляцыйны кабінет — халера, які хвантазёр выдумаў гэтую назву? — сэрца пачынае біцца хутка-хутка…

І ўсе абрываецца, калі ты зноў бачыш гэты ненавісны поціск плячыма і чуеш:

— Мне кажется, надо подождать. Давайте поговорим об этом в среду.

Розум кажа табе: «Гэта дзеля таго, каб не было ніякіх сумневаў у тым, што ты сапраўды здаровы».

Але душой ты рвешся дадому, дзе пухнатая котка зранку так пяшчотна пазяхае, дзе паліцы з улюбёнымі кнігамі, смачная ежа… А, ну і ногі не вытыркаюцца з прыбіральні, бо, у адрозненне ад лякарні, дома прыбіральня разлічана не на гномікаў з хваробамі, а на людзей.

Атачэнне, дарэчы, таксама моцна здзіўляла. Мне, «дзіцёнку фэйсбука», істотна адарванаму ад рэальнасці, было адначасова цікава, забаўна і агідна слухаць размовы пра тое, што ад доўгага ліставання па мабільнаму я аслепну, страчу «главную мужскую функцию» і ўвогуле памру ў трыццаць гадоў ад раку мозга. А калі я апрануў цішотку з трызубам, мяне залічылі ў карнікі і бандэраўцы, аб’явіўшы байкот.

Байкот пратрываўся паўгадзіны, пасля чаго мужыкам спатрэбіўся сапернік для гульні ў карты — і я быў нечакана «памілаваны». Не магу сказаць, што вельмі радаваўся з гэтай нагоды.

Але нават самаму жахліваму і цяжкаму прыходзіць канец. Пасля чарговай перавязкі я уляцеў у палату з усмешкай настолькі шырокай, наколькі дазваляў мой істотна дэфармаваны ў выніку маніпуляцый твар. «Калегі» адразу зразумелі ўсё без слоў.

— Смотри, а Хомяка то нашего выписывают наконец! — з задавальненнем узняў угару палец адзін з мужыкоў, тварам вельмі падобны да Андрэя Таркоўскага.

Спадар Фёдар, што ляжаў побач, ухваляючы добрую навіну, нешта прамычаў. Ну а што можа сказаць чалавек, якому па медычных паказаннях выдалілі ўсе зубы? Крыху падобны да Алеся Разанава, вялікі, амаль пад два метры, ён нагадваў старое дрэва, ў свой час вельмі магутнае, а зараз прагнілае ўшчэнт…

Апошнія абдымкі, падзякі, пажаданні… Ты выходзіш нарэшце з гэтага будынка, удыхаючы на поўную моц лёгкіх сцюдзенае зімовае паветра, і разумееш, што жывы, што навакольны свет, які праз фіранкі лякарні здаваўся нечым неверагодна далёкім, усе ж такі існуе. І не надта ён змяніўся  за той час, пакуль ты лекаваўся. І цяпер трэба жыць далей, як і дагэтуль.

Ты выходзіш на сцэну з тэчкай уласных перакладаў вядомых паэтаў і адчуваеш сябе неверагодна жывым, неверагодна існым, неверагодна шчаслівым.

Нягледзячы на поўны рот крыві.

 

Танчы са мною да скону кахання

 Памяці Леанарда Коэна

 

Зміцер знайшоў яго праз тры дні. Ліст.

Прыгожы, акуратны почырк. Кожная літара была знаёмая. Без сумневаў, гэта напісана яе рукой. Колькі ж яны змарнавалі паперы на пачатку зносін? Інтэрнэт-перапіску не любілі абодва, таму заставаліся толькі лісты.

Штораніцы, прыходзячы на працу, ён знаходзіў на сваім стале канверт. Чакаючы абеду, адносіў зваротнае пасланне на яе працоўнае месца.

Рамантыка.

Так працягвалася некалькі месяцаў, пакуль аднойчы Зміцер не запрасіў Хрысціну ў кафэ. Некалькі месяцаў ліставання дазволілі ім нядрэнна пазнаць адно аднаго. Пасля гэтага лісты сталі рэдкімі, а сустрэчы — частымі. Праз некалькі месяцаў маладзёны вырашылі разам зняць кватэру. Першыя месяцы сумеснага жыцця былі выдатныя. Кожную пятніцу, стаміўшыся ад бессэнсоўна-аднастайнай офіснай працы, дома яны ўключалі музыку і танчылі гадзінамі, пакуль не валіліся — знясіленыя, але шчаслівыя.

Музыка была неад’емнай часткай іх існавання. Яна гучала заўсёды, была фонам усіх хатніх спраў — ад мыцця посуду да папраўкі тэлевізара.

Час ішоў, паміж маладой парай з’яўляліся супярэчнасці, успыхвалі сваркі, але здавалася, што ўсе праблемы вырашальныя.

Зміцер з’ехаў з горада на тры дні ў камандзіроўку, забыўшыся на тэлефон, а калі вярнуўся, яго ўвагу прыцягнуў ліст, што ляжаў на маленькім століку каля уваходных дзвярэй. Беласнежны канверт на чорнай паверхні не меў ніякіх шанцаў застацца незаўважаным.

Ліст быў горкім. Прачытаўшы яго, Зміцер нібы забыўся, як дыхаць. Яго свет, які раней гарэў, пераліваўся сотнямі розных колераў і адценняў, зноў стаў манахромным, як да знаёмства з Хрысцінай.

Чырвоны. Чорны. Сіні. Чырвоны. Чорны. Сіні. Гэтыя колеры зноў і зноў успыхвалі перад вачамі хлопца, прыносячы с сабой выбліскі болю. Ён разумеў, што застаўся адзін у гэтым жудасным і лютым свеце, які яшчэ нядаўна такім прыгожым.

Агаломшаны новым ударам болю (хто б мог падумаць, што ад сыходу каханай пакута можа быць амаль фізічна вострая?) Зміцер падышоў да прайгравальніка, наўздагад паставіў у яго дыск, зачыніў вечка і націснуў «Play».

Голас Леанарда Коэна, які загучаў з дынамікаў, стаў апошняй кропляй. Хлопец абхапіў галаву рукамі і горка заплакаў. Музыка створана для таго, каб дзяліць яе з самымі дарагімі людзьмі. Танец створаны для таго, каб дзяліць яго з тым, каго ўпусціў у сваю душу.

Зайграла Dance me to the end of love.

Плач перайшоў у стогн.

Мала хто ўмее ісці па жыцці, танцуючы ў адзіноце.