***
Учора перад змярканнем
надвор’е была ідэальным —
ні больш, ні менш,
і хацелася ператварыцца
ў велізарна‒нябачнага волата,
каб абняць увесь гэты
бездакорны вечар.

Але сёння раніцай
я заўважыў праз вакно,
Што восень
ужо дакранулася
сваім пагібельным пацалункам
да верхніх галінак ліпы,
і, нягледзячы на тое,
што з бясхмарнага неба
шчыравала гарачынёй сонца,
на хвілінку між думак
заімжэў кастрычніцкі дождж.

Верасень

[Трыялет]
Выходзіць сонца з‒за аблокаў —
І зноўку лета на зямлі,
Хоць лісця шорг пры кожным кроку.
Выходзіць сонца з‒за аблокаў
Жыццём, усмешкай, перамогай!
І што мне стыга ў ноч, калі
Выходзіць сонца з‒за аблокаў —
І зноўку лета на зямлі?

Манґальф’е́ры*

[Трыялет]
Ляцяць яскрава манґальф’е́ры
Над соннай ранішняй Пілес.
Па верасні, асклелым спрэс,
Ляцяць яскрава манґальф’е́ры,
Як развітальны паланэз!...
У вераснёўскіх хмарках шэрых
Ляцяць яскрава манґальф’е́ры
Над соннай ранішняй Пілес.

*Манґальф’е́ры (фр. Montgolfière) — цеплавыя аэрастаты, абалонка якіх напаўняецца гарачым паветрам; адзін з відаў паветраных шароў. Назва паходзіць ад прозвішча вынаходнікаў, братоў Манґальф’е (фр. Joseph‒Michel et Jacques‒Étienne Montgolfier), якія першымі правялі паспяховыя выпрабаванні цеплавога аэрастата з жывёламі і людзьмі.

З сёмага паверха Віленскага ўніверсітэта

Густою бруднай коўдраю
Ляжыць туман над хвоямі
І шэрыць неба шчодра ён,
Прыглушана маўчыць.

А ўнізе клён гайдаецца,
Палае жоўцю вогненай
І свеціць золкай раніцай
Бы полымя ўначы.

Парк Ві́нґіс*
Надвор’е падглядзела ў каляндар —
З пачаткам верасня цішком набеглі хмаркі
І дробны дождж заплакаў смуткам шпаркім,
Бязлюддзем заліваючы абшар.

Але заўчасным лета быў сыход —
Чаканым стаў рэванш блакітаў светлых:
Праз дзень люляў у промнях ціхі ветрык
Бліскучых павуцінак карагод.

Зазіхацеў Зямлі пад Сонцам твар,
І Ві́нґіс усміхнуўся шматгалоссем,
Зганяючы няўрымслівую восень
Назад у здзервянелы каляндар.

*Парк Ві́нґіс (літ. Vingio parkas) — найбуйнейшы парк у Вільні, які месціцца на захад ад гістарычнага цэнтра. Літоўская назва «vingis», як і першапачатковая польская назва «zakręt», перакладаецца як «выгіб» і паказвае, што парк месціцца на левым беразе Віліі, дзе рака робіць выгіб амаль пад прамым вуглом.

Да***

Для чаго лёс нашы звёў шляхі
У гэтым месцы?
Як разгледзець разам мы змаглі
Сярод хмар месяц?

Яснай зоркай ззяе ў прозе спраў
Час сустрэчы.
Цудадзейна ветлым раптам стаў
Ранні вечар.

Не чакаў я восенню вясны
З каханнем новым.
Толькі думаць я пачаў і сніць
На тваёй мове.

Кастрычнік і лістапад

Багацце колераў
стомленай прыроды
кастрычніка
нельга параўнаць
ані з пяшчотнымі
краскамі вясны,
ані з сакавітымі
шчадротамі лета,
бо Сонца штодня
па‒новаму асвятляе
змены адценняў,
і кожнае імгненне
ззяе непаўторнай
разнастайнасцю.

А ў лістападзе,
мёртва накрытым
стольніцай хмар,
промні тыднямі
не могуць прабіцца
да панурай зямлі, і
калі аслаблае Сонца
ўрэшце выглядае
на некалькі хвілін,
прымушаючы мружыць
адвыклыя вочы,
яно не здольнае
нават крыху расквеціць
цьмяны грызайль,
які скоўвае ваколлі
абыякавым холадам.

Юсты́нішкі

Надвор’е хоча ўсіх скарыць —
Раптоўны холад.
Не бачна дзетак у двары
Суседняй школы.

Уначы ў Юсты́нішках з кляноў
Зляцела лісце,
Нас восень лютасцю вятроў
У снежань цісне.

Больш сонца праўнукам сваім
Цяпла не дорыць,
Ды колер лісця на зямлі
Смяротна хворы.

На шчасце, можна дома ўноч
Схавацца ў коўдры,
Пакуль не змоўкне шэры дождж,
На смутак шчодры.

Праз Шышкі́нскі рынак

Вечар з драбнюткім дажджом
Небам амаль авалодаў:
Снежань пад вогкім плашчом
Доўга не бачыць пагоды.

Вежкаю вабіць стары
Рынак маленькі шышкі́нскі,
Лужынаў шмат унутры:
Дах не ратуе — занізкі.

Водар вязанкі грыбоў
Мякка прастор ахінае,
І на імгненне ізноў
Прывід маленства вяртае.

Лебедзь

У восеньскім, бясснежна‒мяккім снежні
Я дзіва нечаканае сустрэў:
Самотны лебедзь велічна і ўлежна
Плыў па Вяллі бліжэй да ніцых дрэў.

Ён брудны быў, хоць пільна чысціў пёры,
Увагі не звяртаў на качак марны тлум,
Ён быў пяшчотна‒стрыманым дакорам
Надвор’ю, што хавала свой надум.

Цяпер, калі людзей зіма накрыла,
І цешыць вушы сцежак звонкі скрып,
Я ўспамінаю рух хупавы крылаў,
Безабароннай шыі лёгкі згіб.

І спадзяюся, лебедзь мой шаноўны,
Што ў моцныя такія маразы
Сабе знайшоў часовую ты схоўню,
Ці ў вырай адляцеў… не назусім!

 

Андрэй Дуброва