Адбылася рабочая сустрэча дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі кандыдата гістарычных навук Вадзіма Лакізы са старшынёю Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесем Карлюкевічам.

Размова ішла пра супольную працу па папулярызацыі гістарычных ведаў, пра ўдзел пісьменнікаў у рабоце навукова-практычных канферэнцый, рознага характару мерапрыемствах, прысвечаных пытанням захавання гістарычнай памяці. 

Быў абмеркаваны супольны праект пісьменнікаў краіны і акадэмічных гісторыкаў пра выданне кніг на тэму розных аспектаў гістарычнай адукацыі, кніг, якія будуць адрасаваны школьнікам сярэдняга ўзросту. 

Многія члены СП Беларусі, — адзначыў Алесь Карлюкевіч, — па праву маглі б называцца гістарычнымі пісьменнікамі. Кнігі пра знакамітых суайчыннікаў не першы год ствараюць лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Марціновіч, Ірына Масляніцына, Барыс Далгатовіч, Валерый Чудаў, іншыя вопытныя празаікі і публіцысты. Мяркую, што яны найперш падтрымаюць новы праект. 

Да гэтага творчага праекта спрычыняцца Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтвы «Адукацыя і выхаванне», «Беларуская навука». 

Сяргей ШЫЧКО

Источник: https://zviazda.by/be/news/20220707/1657174651-instytut-gistoryi-i-sayuz-pismennikau-belarusi-buduc-supracounichac-pa