Юлія Алейчанка нарадзілася ў Оршы. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, потым магістратуру там жа, цяпер вучыцца ў аспірантуры. Працуе адказным сакратаром часопіса «Полымя». Піша вершы, апавяданні, крытычныя артыкулы, перакладае. Захапляецца жывапісам, музыкай ды міфалогіяй. Любіць трапляць у «памежнае становішча», падарожнічаць і спрачацца з цікавымі людзьмі. Не страчвае надзею стаць такой, як хацелася ў дзяцінстве.

Алесь Бадак
Сёння ноччу, упершыню за апошнія гадоў пяць, Лізе прыснілася прабабуля. Цёплы асенні поўдзень... Баба Валя, як называла яе яшчэ Лізіна маці, шпарка крочыць па сцяжынцы насустрач, вясёлая і адначасова засяроджаная, у сваім звычайным для будняга дня баваўняным карычневым касцюме. Вось толькі выглядае далёка не на восемдзесят гадоў. Яна — прыгожая малажавая кабета. Густыя чорныя валасы прыбраны ў высокую акуратную прычоску па модзе сямідзясятых, позірк спакойны і ўпэўнены, вочы свецяцца няўлойнай шчырасцю і сарамлівасцю. Потым ужо, зранку, аналізуючы сон, Ліза прыгадала, што менавіта так выглядае прабабуля на невялікім чорна-белым здымку, уклееным у яе дзіцячую ружовенькую анкету для сябровак. Памятаеце, былі такія кніжачкі з пытаннямі пра мары, хобі, любімы музычны гурт і фільм? Дык вось, Ліза дала запоўніць такую анкету не толькі саброўкам і аднакласніцам, але і сям'і: маме, тату, дзядулю, бабулі ды прабабулі. Баба Валя адказала на ўсе пытанні з уласцівай ёй сур'ёзнасцю, напісала ўнучцы шмат добрых пажаданняў, доўга думала, які фотаздымак прымацаваць. І знайшла для анкеткі гэты... Пэўна, наўмысна: каб у памяці Лізы застацца такой прыгожай. Знешнасці прабабуля надавала шмат увагі. Выдатна разумеючы, што яна прыгажуня (у дзень яе вяселля назойлівыя кавалеры нават беглі са стрэльбай за святочным картэжам), амаль да пенсіі хадзіла ў групу гімнастыкі пры спорткомплексе, старалася з простай рэчы зрабіць нешта арыгінальнае, таму шмат грошай на сукенкі-кофтачкі ніколі не траціла. І Лізе заўсёды шчыра казала, што добра было б паправіцца, калі тая стала хударлявай дзяўчынкай-падлеткам. Вакол таксама любіла прыгажосць. Чароўныя пейзажы, копіі вядомых карцін (у памяці Лізы і «Ранак у сасновым бары», і «Паляўнічыя на прывале»), старыя іконы віселі на сценах яе кватэры. А якія дыванкі, посцілкі рабіла сама баба Валя! І гэта ўсё пры тым, што фальшывага культу ўзвышанага ў прабабулі не было ніколі. Кожнае лета яна жыла ў вясковым доме, працавала на зямлі, не баючыся ніякіх вялікіх і маленькіх цяжкасцяў. Колькі разоў расказвала, як забіла змяю, як справаджвала з хаты цыган... Пра вайну, якую сустрэла дзесяцігадовай дзяўчынкай, таксама не казала пафасных слоў, што так любяць гаварыць народжаныя пасля... Баба Валя цікавілася ўсім новым, ведала, што адбываецца ў свеце. З ёй было проста, і розніца ў пакаленнях адчувалася, бадай што, толькі пры поглядзе на буфет прабабулі з нязменнай чырвонай вазай...

Калі ў каляровым сне прабабуля апынулася побач, то яны доўга размаўлялі пра нешта штодзённае, нязначнае, быццам бы і не развітваліся ніколі... Пра што — Ліза, хоць забі, так і не ўспомніла. А вось пасля, шчымліва дакрануўшыся да рукі, баба Валя ціха папрасіла: «Не рабі так болей». Гэта, галоўнае, і ўрэзалася ў памяць. Чаго не рабіць — пытанне не паўставала. Калі цябе ўшчувае блізкі чалавек — заўсёды разумееш з якой нагоды. Гэта тое, з-за чаго вінаваціш сам сябе даўно, з болем тупым, працяглым. Пераглядаючы доўгі шэраг апошніх дзён, Ліза не можа дараваць сабе непатрэбныя кампрамісы, дзяжурныя ўсмешкі, няшчырасць, здраду... Прабабуля хоча, каб яна засталася той, якую бачыла ў апошні раз. Той, якая здольная была захапляцца першым снегам і гульнёй вечаровага святла ў лужынах, не спаць начамі з пэндзлем ці алоўкам у руках, марыць стаць лепшай, чым учора. Той, якая не баіцца выказаць праўду, закахацца ў недасяжнага, даведацца невядомае. Ці выдатна — ці ніяк. У яе ж моцны характар, яна ўпартая, часам і занадта. А баба Валя любіць такіх, непакорлівых...

Яна і сама была такая. Некаму падавалася нават грубаватай. Ліза добра памятае той летні час, калі яна, дзяўчынка-сямікласніца, раптоўна, нечакана трапіла ў рэанімацыю. Невядома чаго (ну, гойсала з турніка, як усе дзеці), адкрыўся ўнутраны крывацёк. Вядома, ні сама Ліза, ні яе бацькі не зразумелі адразу, чаму так моцна ў яе баліць жывот. Ды і расказала не адразу: зноў жа — характар, цярплівая. Аперацыю рабілі, калі адлік часу ўжо ішоў на хвіліны. Дзякуй богу, выратавалі. Калі перавялі з рэанімацыі ў звычайную палату, усе сваякі баяліся дыхнуць на яе — такое перажыла. А баба Валя не ўздыхала гаротна, не плакала над ложкам (хоць дома, відавочна, не спала начэй — выдавалі вочы), а бадзёра расказвала пра надвор'е, пра «Славянскі базар», пра агарод... Бацькі потым скардзіліся: «Яна што, не перажывае?» А прабабуля перажывала гора, радавалася папраўцы, але выдатна ведала, пра што трэба гаварыць з хворымі.

Аб тым, што баба Валя памерла, Ліза даведалася толькі праз некалькі дзён. У тэлефоннай размове бацькі не сказалі: не хацелі так моцна хваляваць дачку-першакурсніцу. Вельмі дзіўна — чаму яны зрабілі так... Ліза ж з-за гэтага не была на пахаванні прабабулі. Калі прыехала на выхадныя ў родны горад са сталіцы, пабачыла на пероне свайго хлопца і бацькоў. Яны падбеглі, неяк няёмка прывіталіся і паведамілі, што бабулі Валі ўжо няма... Калі Ліза вярталася з вакзала з Сяргеем, праплакала ўсю дарогу... І дома, слухаючы потым сваіх любімых «Бі-2», таксама не магла стрымаць слёзы. Бацькі ж палічылі музыку за знявагу, таксама не зразумелі. А Лізе проста нечым трэба было запоўніць думкі...

Першы раз прабабуля прыснілася ёй, дваццацігадовай, калі трэба было рабіць лёсавызначальны выбар. Але тады ў сне баба Валя стаяла на балконе і праз шкло не чуваць было, што яна кажа. Але Ліза і так зразумела... Потым пяць гадоў маўчання — і цяпер ужо пачутыя, пэўныя словы. У такія папярэджанні родных пачынаюць верыць нават тыя скептыкі, што смяюцца са святла ў канцы тунэля, знакаў у паўсядзённым жыцці, з падказак лёсу...

Ліза прачынаецца ў шэрым млявым святле снежаньскага ранку, ступае босымі нагамі па мяккім ворсе бялюткага дывана, па халоднай паверхні лінолеуму. Ставіць моцную каву. Седзячы пры стале, піша тлустым маркерам на вялікім лісце паперы «Болей не буду!» і прыклейвае скотчам да акна, надпісам на вуліцу. Смяецца сама са свайго дзіцячага ўчынку. Але, яшчэ добра не прачнуўшыся, упэўнена, што так баба Валя абавязкова пабачыць адказ. Усё зразумее і прабачыць.

Я ведаю, што ты ўсё бачыш. Я помню і люблю.