Вольга Ропат

нарадзілася 11 жніўня 1993 года ў Мазыры. Скончыла Інстытут журналістыкі БДУ (кафедра літаратурна–мастацкай крытыкі). Упэўненая: прыгажосць (у розных праявах) — паўсюль. «Мой вітраж — гэта зліццё каляровых шкельцаў жывапісу, кіно, музыкі, літаратуры, фатаграфіі. Мару зрабіць сацыяльны праект, адкрыць выставу з творамі сучасных мастакоў і выдаць зборнік апавяданняў».

Акно з рабінавай лямпай

Сакавіцкі вечар разліў чарнічны колер, і толькі дзесьці далёка мігцелі прыглушана–жоўтыя ліхтары. Каля гіпермаркетаў таўкліся жвавыя сілуэты і віўся тонкімі змейкамі дым. Дамброўскі ішоў дадому, абыходзячы пустыя прыпынкі. У гэты вечар яму не хацелася вяртацца ў кватэрку–куб на пятым паверсе на вуліцы C. (яго думкі энергічна скакалі і сутыкаліся, шпацыр павінен быў крыху супакоіць унутраную буру, мітусню вячэрніх успамінаў і фантазій).

Ён разглядаў вокны. Па–старэчаму заштораныя і прыкрытыя напаўпразрыстым цюлем, схаваныя за жалюзі і падсветленыя або невялікай настольнай лямпай, або столевымі лямпачкамі–вочкамі, або напаўтуманным святлом тэлевізара. Дамброўскі нырнуў рукой у кішэню крэмавай курткі і намацаў лядзяш. Задаволены сюрпрызам, кінуў цукерку з малінавым смакам у рот, абгортку схаваў у кішэню – сметніцы паблізу не знайшлося. Смак цукеркі перакінуў мужчыну ў дзяцінства, калі ён падчас ангіны піў гарбату з малінавым варэннем, неахвотна жаваў зацукраваную дольку лімона, пазіраў на снягіроў, якія віселі на дрэве, як чырвоныя навагоднія шарыкі, прыдумляў гісторыі людзей, што жылі за жоўтымі, зялёнымі і блакітнымі драўлянымі аконнымі рамамі.

Ён збочыў і пайшоў уздоўж дамоў. Яго прыцягваў пажоўклы, зацыраваны карычневымі шматкамі дом, які сядзеў у самым канцы яго шляху. Дамброўскі часта прагульваўся каля яго, садзіўся побач на лаўку і чытаў Сартра, назiраючы блакітнымі вачыма за акном на другім паверсе. Па вечарах у тым акне ажывала лямпа рабінавага колеру, у выглядзе ўсечанага конуса. Такога колеру лямпы ён не сустракаў, і таму ім авалодала цікаўнасць да яе ўладальніка: хто ён? Колькі разоў наведваў (хутчэй так, менавіта «наведваў», бо «прыходзіў» мае іншае адценне) гэты дом (а было гэта дзесьці восем разоў!), Дамброўскі бачыў толькі запаленую рабінавую лямпу. Аднойчы, праўда, ён злавіў у акне позіркам хлопчыка. Так, гэта быў хлопчык гадоў трох–чатырох.

Гэтым сакавіцкім вечарам Дамброўскі зноў вырашыў наведаць дом з рабінавай лямпай. Ён сеў на сінюю лаўку, выцягнуў Сартра і штораз паглядаў у акно.

Рабінавая лямпа не гарэла.

 

***

Воблачка пудры ахутала галаву Ілоны. Яна пафарбавала перламутрава–ружовым вусны, паправіла «пучок». Зірнула на малюнкі, што віселі на блакітнай сцяне. Ніхто з калег не мог зразумець, чаму яна раздрукоўвае фотаздымкі і кадры з фільмаў: пакойчык нагадвае з імі пярэстую каморку з батлейкі. Рэпартажы з выступленняў, Амелі, «Начная тэраса кафэ», накцюрны і сімфоніі Уістлера… Сярод грымёрнай калекцыі — і актрыса Жана Самары, на якую Ілона паглядае штораз перад тым, як выходзіць на сцэну. Можа, позірк Самары яе абнадзейвае?..

Усе гэтыя «малюнкі» супакойвалі Ілону, вярталі яе ва ўспаміны.

Сёння яна разглядвала «Ружовы вечар». На размытым, напаўпразрыстым фоне — грувасткія кіслотныя мазкі, але, разам з тым, Ілона адчула лёгкасць, паветранасць. «Ружовы вечар» — як жоўтая карамелька з кіславатым прысмакам. Успомнілася дзяцінства: і таннае ванільнае, бананавае марозіва, і тое, як лавіла матылькоў з напаўпразрыстымі жоўтымі крыльцамі, і як самаробным механізмам здымала спелыя вішні, і як пераліваўся ў паветры любімы паскакунчык… Хацелася лета. Каб адпачыць ад балету, падлячыць на нагах пальцы, бо не паспяваюць зажыць… І ўжо сакавік. І праз дзесяць хвілін трэба выходзіць на сцэну.

— Лебедзева, да цябе жанчына! Я сказала ёй, што зараз нельга, але яна не хоча чакаць… — апраўдвалася адміністратарка Валянціна Пятроўна.

— Няхай заходзіць. У мяне яшчэ ёсць вольны час.

У адлюстраванні трэльяжа госця распалася: паказалася барвовае паліто, вызірнулі капялюш і бледны твар, чорная скураная пальчатка трымала ружу. Жанчына выказала падзяку, у цвёрдых абдымках сціснула крохкую на выгляд балерыну. Зняла чорныя скураныя пальчаткі і двума пальцамі працягнула Ілоне цёмную кветку.

— Дзякуй! Вялікі дзякуй! Але мне ніколі не дарылі кветкі перад выступленнем. Кажуць, нядобры знак.

— Што вы такое кажаце, даражэнькая! Я да вас прыйшла з добрым намерам! Мне вельмі падабаецца балет і асабліва тыя пастаноўкі, дзе вы ў галоўных ролях! Поспехаў вам!

Барвовае паліто выйшла з грымёрнай, быццам душа. Як сон. Ілоне захацелася выразаць, сцерці барвова–чорнае імгненне. Адчуваўся неспакой. Пустэча ўзнікла ўнутры — скралі таемнае, асабістае.

На вуліцы застыў ціхі цёмна–сіні вечар з месяцам — апельсінавай долькай. Круглы механізм паказваў 19:00 — час выходзіць на сцэну.

 

***

Дамброўскі дачытаў п’есу «За зачыненымі дзвярыма». Дадому ісці не хацелася. Ён задаваў сабе пытанні і шукаў у сваёй галаве адказы на іх. Такім чынам ён бавіў час, і яму ніколі не было сумна. Гэтым разам Дамброўскі разважаў пра царкву. Пра яе месца ў жыцці людзей. Але не ва ўсім свеце, а так, у Беларусі. «Ці жыве вера? Мо царква — праект улады і тых, хто служыць? А можа царква — гэта адно, а сапраўдная вера — іншае?» Безумоўна, думаў ён, вера ёсць. Але яна дзесьці ўнутры. Настолькі далёка, што нават не ведаеш, ці існуе. Чамусьці яна прачынаецца, калі здараюцца непрыемнасці. А так… Вандруе па закутках душы. Вера — як апошні прыпынак. І калі галавой не можаш даць рады, на дапамогу спяшаецца тое, што мае жаночае імя, — Вера.

Ён успомніў, як шпацырываў з аднакласніцай Верай па парку і раптам пачаўся ледзяны дождж. Яны пабеглі хавацца ў царкву — крамы былі перапоўненыя людзьмі і парасонамі. Той дзень не схаваецца ў шуфлядах памяці, бо ён назаўсёды запомніў, як білі званы.

Але веры не было. Ніколі.

Дарэчы, з жанчынамі Дамброўскаму не шанцавала. Некалькі разоў ён сказаў «кахаю» і адзін раз жаніўся. А потым узненавідзеў шлюб, жанчын і сучаснае актуальнае мастацтва — бо жонка была мастачкай. Яна не вытрымала яго характару, склала чамаданчык, захапіла мальберт і пакінула двухпакаёўку на ўскрайку Мінска. Гэта здарылася два гады таму. Цяпер яна займаецца сублімацыяй, а ён — крыху працуе, шмат чытае і яшчэ больш назірае за акном з рабінавай лямпай.

Дык вось (зараз толькі дап’ю халодную гарбату — захацелася піць), Дамброўскаму не давала спакою царква. Яе дарагія машыны і вольны час яе служыцеляў. Іконы (маляваныя мастакамі), паклоны, маленне, слёзы, кубкі з выявамі анёлаў і Хрыста. Кнігі, пацеркі, ружанец. На чым толькі грошы ні зарабляюць?!

 

***

Вялікая зала. Святло пануе толькі пасля паказу — яно агаляе статусы. Уключаць святло — з’явіцца залаты ланцужок на чырвонай сукенцы, павольна пройдзе гальштук у дыяганальную палоску, праляціць матыльком шыфонавая блуза, блісне носік дарагога абутку. А пакуль у напружанай цемры сотні вачэй разглядаюць постаці балерын і блакітна–серабрыстыя тканіны, што хвалямі расплываюцца на сцэне.

…І мелодыя расплываецца.

У блакітным туманным святле з’яўляецца постаць Ілоны. Яна здаецца такой маленькай, што хочацца абняць моцна–моцна і не адпускаць. Абняць тонкі стан і маленькія ножкі ў пуантах, дакрануцца да тоненькіх пальчыкаў. Ілона нагадвае вецер. Многія рухі яна выконвае en l`air. Яна вызваляецца, яна расслабляецца.

Мелодыя раствараецца ў зале, а ў мелодыі — Ілона. Цела напаўняецца цяплом, і здаецца, ад рухаў расцякаецца святло. Кранае лёгкасць і замірае штосьці ўнутры. Не хочацца сыходзіць з гэтай залы. І дрыжыкі бягуць па маім плячы. І штосьці прачынаецца ўва мне. І абуджае кроў. Трымае.

— А! А–ах–х! — з прыдыханнем, трымаючы рукі ля рота, вымавіў твар — венецыянская маска з курчавымі, крыху фіялетавымі валасамі.

Балерына замерла. Цішыня. Гукі падкрадваюцца. Ад пражэктара пляма святла расцяклася ля ног балерыны. Пацягнулася ўверх за гукамі рука, і плаўныя рухі зліліся з мелодыяй. І…

…да мяне хтосьці дакранаецца, але побач нікога няма. Адчуваю халадок. Пабеглі па контуры цела дрыжыкі. Холадна. Я не на сцэне, а ўсярэдзіне ледзяной фігуры. Бачу толькі твары, твары, твары… Усё зліваецца ў адну шэрую стужку. Холад ахапіў маю шыю.

Усё!

Ілона заплюшчыла вочы ў чаканні правалу. Але не.

Рады механічна ўстаюць.

І чуюцца крыкі: «Брава!»

Гэта былі гукі механічныя. Яны нагадвалі біццё ёлачных цацак. Штосьці яшчэ шамацела. Гукі накочваліся хвалямі і праз секунды хвалямі адступалі, зноў і зноў.

Сёння выдаўся цяжкі вечар. Ніколі так не было. Трэба хутчэй пераапрануцца і ехаць дадому. Мабыць, давядзецца выклікаць таксі. Ілона ўпала на крэсла з мяккай спінкай. Ёй нічога не хацелася, толькі адпачыць. Яна павярнула галаву і заўважыла, што ружа, падораная жанчынай, завяла. Цёмныя пялёсткі моцна зморшчыліся. Як такое магчыма?.. Толькі дзве гадзіны прайшло.

Злева пачуліся глухія адзіночныя гукі. Штосьці напаўжывое адбівала рытм. Тук. Тук. Тук. Змоўкла. «Галава баліць», — паціраючы лоб рукой, прашаптала Ілона. Яна паклала галаву на спінку крэсла і заплюшчыла вочы. Шух, шух, шух…

…Дзве чорныя скураныя пальчаткі падхапіліся і накінуліся на шыю балерыны. Скураныя пальчаткі з чалавечай сілай, праклёнам і нянавісцю душылі Ілону. Душылі ўсё мацней і мацней. Душылі да апошняга выдыху.

 

***

Жанчына пакінула тэатр.

На вуліцы было крыху марозна. Яна нацягнула на лоб чорны капялюш, а непакрытыя рукі, якія наліліся чырванню, адправіла грэцца ў глыбокія кішэні паліто колеру спелай вішні. Штораз сумка звальвалася з правага пляча, і даводзілася папраўляць яе, вымаючы немаладую руку з цяпла.

Шлях да метро недалёкі, але і не блізкі. Якраз такі, што можна ўспомніць маладосць — праматаць, нібы фільм, самыя каштоўныя і самыя непрыемныя хвіліны душы, прааналізаваць іх у чарговы раз і забыць. Калі б яна была мужчынам, яна выкурыла б успамін з цыгарэтай і выплюнула б адчай. Але яна — жанчына. Таму выкурыць успамін не зможа — а толькі пераступіць праз яго як праз няправільнай формы лужыну, падцерці мяккай хустачкай нос і забыць.

Але яна памятае. Яна ўсё памятае. Як ёй абяцалі даць галоўную ролю ў балеце «Спящая красавица». Як павінны былі ўзяць на гастролі. Як неслі кветкі не ёй, а іншай. Як грымёрка не налівалася водарам кветак, а толькі, іншы раз, хвалююча пахла парфумай. На століку заўсёды дэманстратыўна стаялі гранёны флакончык з жоўтай парфумай і пустая пузатая ваза. Змяняліся маскі, памады ды розныя жаночыя прылады, а флакончык і пустая ваза стаялі на адным месцы, быццам баяліся варухнуцца. І калі балерыны не было, яны ўздыхалі. Ці то ад болю, ці то ад адчаю, ці ад невядомасці…

Жанчына падыходзіла да Нямігі. Кінула хуткі позірк на царкву, з якой даносіліся тонкія гукі, як маладыя стогны. Маленне. Яна рэзка слізганула ў разяўлены рот горада і дастала рукі з кішэняў. Пра тое, што чорныя скураныя пальчаткі засталіся ў грымёрнай маладой балерыны, яна ўспомніла з салодкім прадчуваннем.

Кінула кругляш у металічны домік. Адбівалі рытм на лесвіцах тонкія, важныя, ганарлівыя абцасы, мільгалі торбачкі і каляровыя шалікі, несліся пярэстыя заплечнікі, плаўна спускаліся капелюшы. І ўсё варушылася. Усё пазірала і чакала. Чырвоныя лічбы адлічвалі. Прымчаў сіні вусень. Жанчына злілася з натоўпам. Натоўп праглынуў вагон. І незадаволеныя фігуры, як кавалкі у салаце, трымаліся як маглі. Каб не ўпасці.

 

***

Дамброўскі паглядзеў на акно. Рабінавая лямпа засвяцілася — памяшканне набыло цёплае адценне жыцця. І нейкая невядомая яму сіла пацягнула ў гэтую кватэру. Ён не ведаў, што скажа, што зробіць, але ногі ішлі і моцныя парывы штурхалі ў спіну.

Рука пацягнулася да дзвярэй. Тук–тук–тук… «Можна было, канешне, пазваніць… Не, вельмі гучна». Цішыня. Тук–…

Пачуліся крокі. Лёгкія. Амаль паветраныя.

Яна адчыніла дзверы. У малінавым аксамітным халаце і вузенькіх залаціста–чорных тэпціках з футрам.

— Холадна? — спытаў магнетычна–пранізлівы голас.

— Вельмі.

— Праходзьце, — і малінавы халат, на якім узвышаліся каштанавыя з адценнем мёду, пышныя, крыху хвалістыя валасы, мільгануў у бок кухні.

Дамброўскі не ведаў, што здарылася, што рабіць і як рэагаваць. Незнаёмая кватэра, незнаёмая жанчына.

— Гарбаты?

— Можна, — ён прысеў на барвовую лаву. Аглядзеў невялічкае памяшканне. Цёмнае. Дзесьці ў пакоі свяціліся жоўтым святлом настольныя лямпы. Рабінавая лямпа, што вісела на кухні, распыліла колер. «Яна ведае ўсё, што здараецца ў гэтай кватэры, дзікарка…»

Жанчына паставіла на круглы стол белы парцалянавы кубачак з малюнкам колеру мяты.

— Дзякую. Можна цукру? І лыжачку.

Яна моўчкі дала ўсё, што прасіў Дамброўскі. Стаяла насупраць незнаёмца і назірала, як той глытаў гарбату. Глытаў і баяўся.

Дамброўскі не мог зразумець: маўчанне — гэта добры знак ці не? «І чаму яна нічога не пытае? Чаго вось так проста пусціла ў кватэру?.. А я столькі часу…»

— Хадзем.

Дамброўскі моўчкі ўзняўся і пайшоў за ёю, хоць кубак быў толькі напалову пусты

Не пайсці за ёй быў бы грэх. У ёй таілася штосьці львінае, жывое, таемнае, цёмнае, загадкавае.

Пакой засвяціўся мяккім цьмяным святлом. Насупраць ложка — дыван, на ім віселі пяць пар пальчатак. Дамброўскі ўвайшоў глыбей у пакой і ўбачыў цёмную драўляную шафу са шклянымі дзверцамі. Гэтай шафе не менш за паўстагоддзя. Крыху незадаволена крэхча, як старая бабуля, але трымаецца. З суседняга пакоя даляцеў плач. Жанчына пайшла туды. Чуліся звонкія і глухія ўсхліпы маленькага хлопчыка, яе шэпт. Пасля стала ціха, і жанчына вярнулася. Дамброўскі падышоў бліжэй да шафы. Маленькія парцалянавыя вазачкі на выгляд як з ХIХ стагоддзя, кубкі, шкляныя бутэлечкі з рэшткамі парфумы. Усё расстаўлена па паліцах у пэўным парадку.

— Вы калекцыянер?

— Так, — мякка адказала жанчына, паправіўшы локан залаціста–каштанавых валасоў.

— І калі вы пачалі збіраць калекцыю?

— Вельмі–вельмі даўно. Большая яе частка засталася ад майго таты.

Рука Дамброўскага пацягнулася да вазачкі, і толькі палец хацеў дакрануцца да парцаляны, як штосьці яго спыніла. Рука здрыганулася, і ён хутка яе адвёў.

Падаў голас гадзіннік: 23:00.

— Позна. Прабачце, мне трэба ехаць.

— Заставайцеся. Цёмна, і пайшоў дождж. У мяне няма парасона.

— Але я не магу…

— Заставайцеся. Ці вас нешта цягне дадому?

Дамброўскі не ведаў, што адказаць. Яго нічога там не трымала. Ён жыў адзін і нават ката не меў. Ніякіх клопатаў.

— Будзеце спаць на гэтым ложку, — жанчына зняла аранжавае пакрывала з залацістымі махрамі.

— А вы дзе? — ён па–клоунску развёў рукамі і аглядзеў пакой, быццам толькі прыйшоў.

— Побач.

— Побач? — яго кінула ў халодны пот. Гэтая аб’ява парушыла яго амаль некратнуты спакой. Цела пратэставала. Ён не быў падрыхтаваны да блізкасці. Да інтыму. Тым больш, калі гэта было апошні раз?.. І тое, што гэта было даўно, яго аніяк не бянтэжыла. Яму і так добра жылося. А тут нейкая незнаёмка з прапановамі. Не, не… Думае, што дурня знайшла. Ага, куды ж там!

— Прабачце, але я так не магу… Я павінені ісці. Дзякую за гарбату.

— Стойце! Што вы не можаце? Спаць? Дык я вас не прымушаю і нічога не прапаную. Будзеце спаць з аднаго боку, а я — з другога. Ніякіх праблем! Паглядзіце, які дождж лупіць! А парасона няма! Здымайце адзенне і кладзіцеся ў ложак.

Дамброўскі, як паслухмяны хлопчык, скінуў вопратку, акуратна, як у кабінеце доктара, паклаў на крэсла і лёг, пакуль яна адвярнулася, пад коўдру. Жанчына крыху прыглушыла святло. Дакранулася да пляча — святло лізнула аголенае цела. Халат далікатна аблашчыў фігуру і, як лёгкае пяро, прызямліўся на барвовы з малочнымі ўзорамі дыван. Жанчына стаяла аголеная, нагадваючы скульптуру Бенджаміна М. В.

Пышныя валасы амаль прыкрывалі налітыя грудзі. Сцёгны моцныя і спелыя, як сакавітыя персікі. Яна наблізілася да Дамброўскага, адхінула ў бок коўдру і аглядзела яго сарамлівы стан. Ён заплюшчыў вочы і падумаў: «Як будзе, так будзе!» І адпусціў усё. Пасля некалькіх плаўных рухаў жанчыны ён вырашыў усё ж паглядзець. Можа сон? Але не. Памыліўся. Нічога не змянілася. Побач аголеная жанчына, ён у чужой кватэры і сам не ведае, што яго панесла туды ў гэты вечар, які такі чорт.

Позірк спыніў на сцяне з пальчаткамі. Яны заварушыліся. Адны, белыя, нагадалі пальцы піяністкі і ў паветры пачалі штосьці іграць. Гукаў не было. Цішыня. Толькі дождж ніяк не мог сцішыцца. «Што за…?!» Дамброўскі моцна заплюшчыў вочы. Праз секунду расплюшчыў. Белыя скураныя пальчаткі гралі мелодыю паветра.

 

***

Каля восмай гадзіны раніцы Дамброўскі прачнуўся. У кватэры нікога не было. Ён пайшоў у кухню, кінуў незадаволены позірк на рабінавую лямпу і ўключыў тэлевізар. У навінах паказвалі сюжэт пра забойства. Кадры з грымёрнай тэатра, міліцыя, спалоханыя людзі.

Ён згатаваў сабе кавы. Адпіў. Незадаволена буркнуў: забыў дадаць цукру. Сеў. Зрабіў яшчэ некалькі глыткоў і абыякава кінуў позірк на экран тэлевізара, затым паглядзеў на акно. Шэра, пуста, глуха. Успомніў белыя пальчаткі.

Дамброўскі паставіў кубак і праз чатыры вялікія крокі апынуўся каля дывана. Пальчаткі былі на месцы. «Што ў іх асаблівага?»

Мужчына баязліва дакрануўся да іх. Звычайныя, скураныя… З прыгожай вышыўкай — залатымі ніткамі. «Чаго ж яны варушыліся ноччу?..»

Пачуўся гук дзвярнога замка Трын–трын.. Трын.

Халодныя, ледзяныя гукі. «Тры разы… Тры».

Дамброўскі не мог хутка сцяміць, што яму рабіць. Кінуў на ложак белую скураную пальчатку і пайшоў да дзвярэй сустракаць гаспадыню кватэры.

Яна зайшла. Уся мокрая ад снегу з дажджом. Кінула шэры парасон — праляцеў па шурпатай сцяне цёмны цень.

— Вы яшчэ тут?

— Так… Я… Вось б–б–бачыце… З–з–збіраюся. Толькі хацеў а–а–апрануцца, а тут — вы… — апошняе слова ён сказаў шэптам.

Яна зайшла ў пакой і ўбачыла белую скураную пальчатку на ложку.

— Вы яе бралі?

Дамброўскі сумеўся. «Што сказаць? Праўду… Якую праўду? Што ноччу яны ажываюць?.. Яна мяне ў псіхушку адправіць…»

— Я з–з–звярнуў увагу на прыгожыя п–п–пальчаткі. Яшчэ ўчора. І вось… вось в–в–вырашыў разглядзець белую. Ха–ха. Прыгожая, так?..

— Прыгожая. Распранайся!

— Прабачце. Навошта? Я не магу. Я вас не ведаю… І ўвогуле мне трэба ісці, мяне чакаюць.

— Распранайся! — крыкнула яна. І кінула на мужчыну агністы позірк.

Дамброўскі шмыгнуў у калідор і кінуўся да дзвярной ручкі. «Чорт, чорт! Не адчыняецца! А не… Вось». Ён павярнуў круглы выступ, але нічога не атрымалася. Ён старанна тузаў. Мацней націскаў. Нічога.

На твары жанчыны з’явілася загадкава–дзікая ўсмешка.

— Ты хацеў збегчы? Ну–ну… У цябе не атрымаецца!

Дамброўскі кінуў падазроны позірк. Яго фігура застыла. Фігура не ведала, слухацца ці працягваць ламаць дзверы.

— У цябе не атрымаецца! Я табе ўжо казала. Не атрымаецца!

— Выпусціце мяне! — выкрыкнуў ён. — Адпусціце! Дзеля ўсяго святога! Божанька, дапамажы!.. — ён тузаў ручку.

— Ты не верыш у Бога і ніколі не верыў! Ён табе не дапаможа, колькі ні прасі! Распранайся!

І ён страціў моц. Гэты бой быў безвыніковы.

— Хадзем у ложак! — яна некалькі разоў штурхнула яго ў спіну. — Працягнем начную забаву. Хочаш, я надзену белыя скураныя пальчаткі?

— Мне ўсё роўна. Што хочаш, тое і рабі. Толькі не чапай мяне.

— Ты хочаш, каб я іх надзела? Яны табе спадабаліся, мой даражэнькі…

— Так. Спадабаліся, — спалохана адгукнулася ў яго.

Жанчына зняла адзенне. На ёй засталіся толькі белыя скураныя пальчаткі.

— Ну, мой даражэнькі, табе добра?

Ён нічога не адказаў. Толькі заплюшчыў вочы. І паспрабаваў слухаць цела. Хацеў абудзіць у сабе жывёльнае ці мужчынскае. Яна яму штосьці казала, але ён не адказваў. Толькі слухаў сваё цела.

Яна лашчыла яго рукамі. Праводзіла па твары, па шыі… Спускалася ніжэй, ніжэй… А потым зноў — тонкая шыя, сухаваты твар, попельныя валасы…

Дамброўскі размяк. Ён быў мяккі, як хатняе кацяня. Цяпер з ім можна было рабіць што заўгодна.

Яна лашчыла твар, дакраналася да вуснаў. А ён спрабаваў лавіць яе пальчыкі языком. Яна старанна выводзіла ўзор пальцам на шыі, пальцы далікатна гладзілі шыю, гладзілі. Гладзілі. Дамброўскі забыў пра ўсё. Ён забыўся. Ён быў.

 

***

P.S. Белыя скураныя пальчаткі раптам сціснулі шыю. Яны душылі Дамброўскага. Мужчына, як злоўленая браканьерамі рыбіна, адкрываў рот. Ён хацеў нешта сказаць, але не атрымлівалася. Пальчаткі сціскалі шыю ўсё мацней. Яны душылі яго, пакуль душа не пакінула цела. Назаўсёды.