Дар’я Значонак нарадзілася 28 мая 1996 года ў Мінску. Скончыла факультэт прынттэхналогій і медыякамунікацый БДТУ, працуе рэдактарам у выдавецка–паліграфічным цэнтры БДАТУ. Сярод найбольш моцных захапленняў — авіяцыя і ўсё звязанае з ёю, асабліва ў кантэксце Вялікай Айчыннай вайны.

Дыпламант літаратурных конкурсаў «Аўтограф» (2014) і «Першацвет» (2016), фіналіст конкурсу «БрамаМар» (2017).

Дыван пад плоскасцямі

 У чым бедаку Слаўку насамрэч не шэнціла, дык гэта ў адносінах з...

Не, не так. Тут бы драматызму надаць.

 Станіслаў Новік — лётчык–знішчальнік, баявы афіцэр, а з нядаўняга часу і ўладальнік бліскучага медаля «За адвагу» — катастрафічна не ўмеў пярэчыць дзяўчатам.

Ён наогул шмат чаго не ўмеў. Калі шчыра. Вытрымліваць позірк камандзіра палка, калі таму ляйчына пад хвост трапіць. І зберагаць папяросы да дня наступнай выдачы. І з першай спробы заскокваць на нары, якія на любым месцы базіравання авіяпалка, як назнарок, верхнія, хоць ты жэрабя падтасоўвай. А ў яго ж нават педалі вернага Ла–5 адрэгуляваныя пад мінімальны дапушчальны рост.

І да ўсяго — Ліда. Ох, гэтая Ліда!

— У яе апошнімі днямі зусім дах сарвала. Вунь, бачыш, да збройнікаў пабегла, зараз шыю намыліць за адмову маіх авіяпушак. Можна я тут, у зацішку, пераседжу? — Слаўка плюхнуўся побач з таварышам па эскадрыллі — Сашам Гнядых, які зручна расцягнуўся на траўцы непадалёк ад стаянкі свайго «лавачкіна». — Носіцца па аэрадроме, як фурыя, уся напятая, ледзьве іскры не сыплюцца. Такой як трапіш пад гарачую руку... Закурыць ёсць?

Запыхкаўшы сяброўскай папяросай, ён ускудлаціў валасы, выгаралыя на чэрвеньскім сонцы да колеру саломы, і тужліва натапырыўся.

— Заўсёды была свой таварыш, а тут як звар’яцела, натуральна. У паветры за ёю не ўгонішся, на зямлі чапляецца да кожнага кроку, калі што не так — лаецца... А ў яе цяпер вечна ўсё не так! От паходзіць з месяцок намеснікам — і эскадрылля ў поўным складзе адправіцца ў жоўты дом. Хутчэй бы нашы павылечваліся, а то зусім жыць няможна. Боты сёння два разы перачышчаў!.. Гнядаш, алё! Два разы, уяві! І прагледзела яшчэ, што я так і не прышыў гузік...

Калі Саша і ўявіў, то на твары ў яго гэта ніяк не адлюстравалася. Ляжаў сабе ды летуценна пакусваў травінку.

Уколаты Слаўка паспяшаўся выдаць новую скаргу:

— Каб адна Ліда — яшчэ б нічога! Але Галка... Бачу раніцай: стужку са снарадамі цягне. Сунуўся быў падхапіць... Між іншым, па дабрыні душэўнай, мы ж зусім не да майго самалёта тэпалі! І без усялякіх там намёкаў, ну ясна... А яна бровы гэтак ускідае: «Вы паберагліся б, таварыш малодшы лейтэнант, у вас вылет праз гадзіну!» Стужку на плячо — і ходу. Дасціпніца якая! Падумаеш, вышэйшая на паўгалавы... Вось інструктарка мая па аэраклубе, Віталіна Генадзеўна, ні на каго зверху ўніз не глядзела, з усімі на роўных. І да ўсіх аднолькава — без любімчыкаў! Цэлай групай заўзята жылы рвалі, каб вылучыла, каб меней за астатніх прабірала...

Гнядаш загадкава вызірнуў з–пад рудавата–каштанавага чуба, і Слаўка схамянуўся, што да непрымірымага жанчынаненавісніка яму яшчэ гартавацца і гартавацца.

— Чаго ціхарышся, маўчун няшчасны? — не вытрымаў ён. — Нябось, і ты слабіну даў, вось вякнуць і няма чаго!

Саша нягучна засмяяўся, змерыў сябра дапытлівым позіркам і запусціў руку ў нагрудную кішэню гімнасцёркі. З фатаграфіі, беражліва ўкладзенай між старонак чырвонаармейскай кніжкі, таямніча ўсміхалася малое дзяўчо з хітраватымі вачыма, вастраносае, як лісічка.

— Сімпацяжка. А не замалая для сястры, не? — Слаўка машынальна перагарнуў фота. «Нам чатыры! Штодня згадваем татку і чакаем дадому. 28.IV.43».

— Аліса, — абвясціў Саша з блазнаватай усмешкай.

У Слаўкі вочы палезлі на лоб. Ён–та прывык думаць, што ў трэцяй эскадрыллі сямейны толькі цяперашні камандзір...

— Значыцца, вось так? Вось так, значыцца?! — зазвычай памяркоўны, на гэты раз Слаўка ўсхадзіўся не на жарт. Кніжка паляцела на калені гаспадару. — У, здраднік! Я да цябе як да чалавека, а ты... сам... Не трэба мне тваіх папярос, свае маю!

І ў знак пратэсту імпэтна, але не без шкадобы затаптаў недакурак. Шаргануўшы кулаком па кірпатым носе, ён змрочна, па–пакутніцку дадаў:

— А з Лідай лётаць — не буду! Вось вам маё жалезнае мужчынскае рашэнне!..

«Гэты разок яшчэ злётаю, добра, а так — ні–ні», — пераканана думаў ён пазней; яго Ла-5 плыў пад каёмкай перарывістых касмыкаватых аблокаў, лагодна вуркочучы вінтом, а наперадзе рухаўся вядучы самалёт з белай лічбай сем на зеляніне фюзеляжа. Было на ім нешта і акрамя бартавога нумара — пяток зорак, намаляваных пад кабінай. Сам Слаўка мог пахваліцца толькі дзвюма, і тое не дужа сумленнымі. Дакладней, адзін «хейнкель» ён праўда падпаліў, ну а той, падаючы, зачапіў другі — разам у зямлю і ткнуліся. Дзве перамогі за вылет — чым не поспех? Але замацаваць яго новым збітым усё неяк не выпадае.

А цяпер, атрымліваецца, і сяброў у яго не засталося. Адна з глузду з’ехала, другі подла перакінуўся да варожага жаночага племені, трэці, нягоднік, у шпіталі раскашуе, ажно няма калі ўласнаму вядзёнаму цыдулку накрэмзаць...

Разважаючы пра сваю нядолю, Слаўка не забываў азірацца ў пошуках самалётаў праціўніка, якія, па звестках станцыі навядзення, парай шнырылі недзе ў гэтым раёне. Пільнаваў–пільнаваў, ды ўсё адно так і падскочыў, калі зверху абрынуліся кулявыя трасы. Вось што бывае, калі пераблытаеш паляўнічых з дзічынай. А Глеб жа колькі дзяўбаў яго: вушамі не хлопай, супраць сонца паглядай — немцы не дурні!

Уменне хутка ўзважваць сітуацыю было з разраду тых, якія даваліся Слаўку са скрыпам. Але гэта на зямлі. У небе, злучаны з самалётам праз ручку кіравання і педалі, быццам праз механізаваны аналаг пупавіны, ён аўтаматычна набываў тое, чаго не ставала, што раскрывалася толькі ў пары з паветраным братам.

Ледзь паспела аддацца ў целе вібрацыя патраплянняў, а Слаўка ўжо вылузнуўся пераваротам: імкліва кульнуў «лавачкін» цераз крыло — і ўніз яго. Насустрач панеслася зямля ў плямінах лясоў, а ззаду (ён ледзь шыю не вывернуў, каб разглядзець) на фоне аблокаў пранесліся два драпежныя сілуэты «месершмітаў». Ёсць, саскочыў!

У навушніках грымнула лаянка:

— Ат, гады, ад сонца біць! І ўсё роўна чорта з два возьмеце!.. Я Бяроза, нас атакавалі!

«Доўбень, мог жа з перавароту сесці ім на хвост, — запознена сцяміў Слаўка, з намаганнем пераводзячы «лавачкін» у гарызантальны палёт. — А так, выходзіць, Ліду адну кінуў... Цяпер і не дагоніш: ужо ў воблачнасць нырнулі!»

Падранены самалёт натужліва заперхаў, пацвярджаючы, што да подзвігаў цяпер не схільны. Выраўноўваўся ён неахвотна і не выказваў аніякага жадання зноў забірацца ў вышыню. Ну няўжо вяртацца? Вяртацца, не зрабіўшы ніводнага стрэлу!

— Станіца, зараза, дзе цябе носіць?! Мяне ціснуць! — забіла ўвесь эфір крыкам Ліды, але патрубкі Слаўкавага Ла–5 ужо пляваліся дымам, а чханне матора прабірала да касцей.

— Падбіты я, іду на вымушаную! — Слаўка паспешліва выглядаў лапік зямлі, больш–менш прыдатны для пасадкі. Добра, што тэрыторыя свая. Вунь нейкае поле, месца для прабегу павінна хапіць... Ах ты ж, усё роўна шасі не выпусціць! У такой буйной траве толькі на пуза і сядзеш, каб не наляцець колам на купіну...

Метрах у пятнаццаці над зямлёй матор захліпнуўся і канчаткова заглух. Па інерцыі пракруціўся і застыў вінт. Мёртвая ціша, ціша да звону ў вушах — аж чутно, як вецер задзімае праз кулявую дзірку, прабітую ў ашкляненні кабіны. Спіна мігам змакрэла, дрыготкія рукі сумятліва зменшылі вугал планіравання... «Рана выраўняў!» — узвыў розум, і «лавачкін», праімчаўшыся апошнія метры, грузна плюхнуўся на жывот. Слаўку з усяго маху шпурнула на прыборную дошку, самалёт заслізгаў наперад, разразаючы носам сцяну высачэзнай травы...

Пазней у яго так і не атрымалася прыгадаць, ці згубіў ён тады прытомнасць. Пачуцці выключыліся быццам на якую секунду, не больш, і першым жа гукам, які прасачыўся скрозь затуманеную свядомасць, было роўнае ракатанне матора. Здавалася яно настолькі праўдападобным, што Слаўка прымусіў сябе адарваць галаву ад разварочаных прыбораў і зірнуць на вінт.

Лопасць нерухома тырчала ўверх.

Слаўка міргнуў і запаволена страсянуў галавой, але ракатанне і не думала сціхаць. Нават больш — памножылася. Атрымлівалася, некалькі самалётаў вуркочуць далёка ў небе, а адзін — на зямлі. Але яно ж гэтак і ёсць, не? Тры ўверсе, адзін тут... «Ну і прыклала мяне! — Слаўка крануў рассечаны лоб, але толькі патрывожыў рану ды перапэцкаўся ў крыві. — Трэба ж, вушы чуюць, а вочы не бачаць. І хто з іх мае рацыю? Мо ўзлячу на слых — і ў бой, грубіянку тую прыкрываць? Прышпіліцца б на гэты раз як след... Стоп, а наконт шасі як жа?..»

— Гэй, ты! Вылазь давай, ну! — гукнуў аднекуль збоку незнаёмы дзявочы голас. — І ў рытме вальса, калі ласка!

«Што, яшчэ адна камандзірша знайшлася? — нават не здзівіўся Слаўка. — Калі так пойдзе, хутка пальцаў на руцэ не хопіць падлічваць...»

Ён разабраўся-такі, што бліжэйшы рокат па гучанні ніяк не мог належаць «лавачкіну». Ды і не рокат гэта быў — лёгкае стракатанне. І далятала яно ад вінта старой добрай «этажэркі» У–2, якая марудна паўзла міма, перавальваючыся на ўхабах. З пярэдняй кабіны нецярпліва махала крэпенькая дзяўчына:

— Смалі сюды, кажу! Я дзеля цябе глушыць матор не збіраюся. Або даганяй, або клыпай у полк пехатой! Пяць секунд на развагі!

Дзякуючы ультыматуму ў галаве нарэшце паяснела. Слаўка рвануў назад ссоўную частку ліхтара і, ап’янелы ад свежага паветра, выбраўся на плоскасць. Як усё ж дзіўна, калі самалёт не задзірае нос, прынюхваючыся да неба, а прыніжана распластвае па зямлі магутныя крылы. Зарыўся вінтом у траву вышынёй ледзь не ў Слаўкаў метр з кепкай, дзве лопасці з трох, пагнутыя, прыкра ўгрызліся ў глебу, лабавое шкло зацерушылі нейкія пялёсткі...

«Ты паляжы тут трошкі, а я скажу тэхнікам, каб заўтра ж выехалі. Яны ўмомант адвязуць дамоў, — паабяцаў у думках Слаўка. — Там і сустрэнемся, не сумуй!»

Змахнуўшы напаследак са стабілізатара жмуткі травы і палявых кветак, ён прыпусціў за У–2 — як быў, увесь аплецены рамянямі парашута і планшэта.

— Пашчасціла табе, што я паражняком. З грузам падбіраць не стала б, — парадавала яго дзяўчына–лётчык, калі ён паспяхова пераваліўся цераз борт у маленечкую заднюю кабіну. — Старшы сяржант Лапіцкая, эскадрылля сувязі! А цябе як зваць?

— Сла... Малодшы лейтэнант Новік, — своечасова паправіўся ён. Магла б і паветлівей, з афіцэрам размаўляе!

Дзяўчына рухава павярнула да яго твар, густа абсыпаны рабацінкамі. За ахоўнымі акулярамі задорна прыжмурыліся вочы.

— Ну што ж, будзем знаёмыя, лейтэнант!.. Ого, ужо і на медалёк налётаў? За выдатныя пасадкі далі?

— Гэй, я не напрошваўся! Магу і вылезці, калі ляцець са мной не даспадобы...

— Позна, дарагі, ідзём на ўзлёт! — яна дадала хуткасці, і У–2 з гатоўнасцю пачаў разбег. — Ты не перажывай, прыбудзеш цалюткі! І загады вазіла, і пошту, і штабнікоў — няўжо ж лётчыка не дастаўлю?

— А ты хіба ведаеш, з якой я часці? — усумніўся Слаўка, таксама апускаючы са шлемафона акуляры. — Можа, завітвала да нас?

— Было, а то як жа? Але на «лаўках» у гэтых краях усё роўна толькі адзін авіяполк лётае. Гэта ж у вас актыўнічае тая дзяўчына–знішчальнік? Як там яе — ці не Жук?

Цьфу, зноўку бы змоўка. Ліда, усюды Ліда! А што ў палку чатыры Героі Савецкага Саюза — гэта семкі?

Ляцела ўніз зямля, імкліва меншалі дрэвы і кустоўе... Лётчыца давярнула ўлева, каб легчы на курс, і паўзверх заканцоўкі ніжняй плоскасці зноў паўстала пакінутае полечка, дзе цямнелася палоска ўзаранай зямлі. З нямым дакорам адбліснуў на сонцы ліхтар: маўляў, загубіў машыну і тут жа ў іншую пераскочыў, ліхадзей! Слаўка абвёў у планшэце месца пасадкі і вінавата пацёр алоўкам нос. «Ох і нацярпеўся ты, небарака! — ізноў паспачуваў ён «лавачкіну». — Не крыўдуй, што так селі. Яшчэ палётаем, праўда!»

Хоць і перакваліфікаваўся Слаўка з лётчыка ў пасажыра, але занятак у яго застаўся ранейшы — аглядаць неба ў пошуках патэнцыйнай пагрозы. У які бок адцягнуўся паветраны бой, можна было толькі здагадвацца: ні Лідзіну «сямёрку», ні «месеры» Слаўка так і не выглядзеў, хаця круціў галавой да знямення шыі. Чаму ж працягвае непакоіць нешта смутнае, няўлоўнае, неадчэпнае, быццам пчалінае дзумканне ў букеце свежазрэзаных астраў?

— Ну як там, Сакалінае Вока, не відаць немчуры? — перакрыкваючы шум матора і вецер, аклікнула Слаўку лётчыца, якая і сама пільна даследавала навакольную прастору. — Сцеражы–сцеражы, так мы дакладна ворага не прафукаем! Удваіх жа яно надзейней, а? Вы, знішчальнікі, на ўсё разам намуштраваныя: і лётаць, і шукаць, і страляць...

А позірк Слаўкі спатыкнуўся раптам аб яе шалік, які сарамліва выглядваў з–за каўняра лётнага камбінезона. Спатыкнуўся і нібы ўблытаўся ў ніткі, не адчэпіш. Здавалася б, шалік і шалік... Пярэсценькі, у кветачкі, ужо і выцвілы. Слаўка адносна шалікаў увогуле быў не дужа адукаваны. Ліда вунь ніякіх не насіла: ні ў кветачкі, ні ў крапінку, ні ў якую іншую халеру. І аднатонных не насіла. Наколькі проста было ўявіць яе верхам на кані і з аголенай гусарскай шабляй у вобразе Надзеі Дуравай, настолькі ж немагчыма — дапусціць, што ў нетрах яе чамаданчыка мог заваляцца легкадумны дзявочы шалік.

Трывожна забуксавала свядомасць, думкі–колы закруціліся ўхаластую: камандзірша, самалёт, шалік... Гэта ўжо было, гэта калісьці здаралася з ім, усё паўтараецца з неверагоднай, невытлумачальнай дэталёвасцю. Шчоўкнуў нябачны пераключальнік — і дзве карцінкі, аддаленыя ў часе, ідэальна налажыліся адна на адну.

А думкі ўсё паскараліся, хаатычна мільгацелі: шалік, самалёт, камандзірша, пошта, плоскасці, лясы... Не, не лясы! — стракаты варсісты дыван ва ўсю падлогу...

— Масціцеся ўтульней, таварыш Стасік, і зараз жа хапайцеся за барты! Наш ераплан вылятае раўнюсенька праз чатыры хвількі і дзевяноста адзінаццаць...

— Не піхайся ты, ну! Месца ж у цябе — вунь, яшчэ на траіх хопіць!

Яна рыўком разварочваецца, і густая попельна–русявая шавялюра ў мільённы раз хвошча яго па твары.

— Хаміць, значыць? Калі вы збіраецеся і далей так паводзіцца з авія... ну, з гэтай... гэтай самай... авія–актрысай, то замест палёту адправіцеся ў кут — стаяць на грэчцы!

Ён на ўсялякі выпадак адсоўваецца да самай сценкі скуранога чамадана і заклапочана ёрзае на падбіўцы. Адступаць больш няма куды.

— І нічога не адпраўлюся... Лётчыца ты, а не авіятрыса. І самалёт твой ні за што не паляціць.

Яна паблажліва звужае вочы. Жаўтаватыя такія, зусім як мамкіна бурштынавая брошка. Каціныя. І шчокі каціныя, рабыя: перакінулася жывёліна ў дзяўчынку, а кропачкі, адкуль вусы растуць, сцерці забылася.

— А вам адкуль ведаць, ці паляціць? — фыркае яна. — Вы хіба лётчыцкую школу заканчвалі, а?

Ён і звычайную школу пакуль не заканчваў. Ён пакуль і не асабліва цяміць, што гэта за штука такая — школа. Але спусціш хоць раз такое — зусім жыцця не будзе.

— Знайшлася вучоная! З гэткай во гаргарай ніводнаму самалёту не падняцца, — паказвае ён на адкінутае вечка чамадана. — Уніз пацягне — і аб гару чмякнешся.

— Ох, як жа складана з гэтымі... дылін–тантамі! — млява закочвае яна вочы. — А ў які адсек загадаеце складваць пошту? Пошту, пытаюся, куды? Вы, таварыш, наогул тут не да месца, мяне з хвіліны на хвіліну чакаюць у Парыжы. Давядзецца начапіць яшчэ два вінты, а то не паспеем. — І абыякава адварочваецца да носа ўяўнага самалёта.

— Я, можа, сам наперад хачу, — тут жа ўзнімаецца ён, — я, можа, сам пілот што трэба!

— Дзе пазначана, што пілот? Ёсць у вас дакумент?

— Ну... З сабой не ўзяў, але...

— А ў мяне — вось! — яна пераможна махае перад яго тварам кончыкам паўпразрыстага шаліка, абкручанага вакол шыі. Здаецца, кранеш — распусціцца туманам, і няма яго. — Займееце падобны — прашу. А пакуль сядзіце смірна!

Не, гэты звер паболей за кошку будзе. Рысь!

Ён расчаравана плюхаецца назад у чамадан, падпірае галаву рукамі і паныла сочыць, як «авіяактрыса» надзявае круглыя акуляры без левага шкельца, якія напярэдадні сцягнула з шуфлядкі стала свайго таты.

— Вж–ж–ж! Усім разбегчыся, а то пасячом вінтамі ў капусту! — захоплена вішчыць яна, раскінуўшы рукі-плоскасці. Шырока–шырока — на ўвесь пакой, на ўсё неба. — Узлятаем, абганяем чараду дзікіх гусей, узнімаемся вышэй за аблокі...

— Яшчэ чаго — вышэй! — не стрымліваецца ён. – Поўны самалёт пошты, два пілоты, і — вышэй? І што наконт гары?

— Вунь яна, твая гара! Цэлы статак гор! І нічога, пакуль не чмякнуліся, — фанабэрыста задзірае яна падбародак.

Адсюль горы і сапраўды падаюцца не такімі ўжо небяспечнымі. Зусім лухта — ні кропелькі не страшнейшыя за ўсялякія там чамаданчыкі, вузлы і торбачкі, якія можна было б раскласці на падлозе. Уяўнай падлозе. Сапраўднай у небе не бывае.

Лётчыца спіхвае акуляры ніжэй, каб разглядзець хоць нешта, і тыкае пальцам у зямлю далёка ўнізе:

— Ой, дамы! Дамы бачыш? Вунь мой двухпавярховік, а там — тваёй цёткі, ён лявей і ў дрэвах. І магазін на рагу, і завод — заўважыў трубы? І парк, што праз два кварталы! І лес! І вёску тваю відно, хоць падлічвай усіх да адной каровак... А малюпусенькае ўсё якое: дарогі як нітачкі!

Ад жудаснай вышыні зацінае дух, і ён міжволі падціскае каленкі да грудзей, апасліва даследуючы ўзорыстую зямлю — нядаўні дыван. Пальцы мёртва змыкаюцца на бартах: яшчэ незнарок вывалішся!

— А там што? Там, наперадзе, — ківае ён туды, дзе праз акно падае сонечны струмень і разлівае па падлозе лужыну святла, у якой плёскаецца самотная тэпця.

— А там — мора, з порта выходзіць карабель! Зараз дагонім і сядзем на палубу, у нас жа паштовы адсек даверху набіты лістамі. І заправіцца было б дарэчы: да Парыжа шлях няблізкі!

Як гэта ён сам не здагадаўся? Ніякая не лужына — мора! Насамрэч мора!..

Слаўка ачмурэла захітаў галавой, спрабуючы аддзяліць мроі ад рэальнасці. Лоб запульсаваў тупым болем, але думкі пераблыталіся яшчэ больш, не адшукаць канцоў. Ясна толькі, што ўсё рыхтык адно да аднаго: і самалёт гэты, і дзявочая спіна перад носам, і нават рабацінкі... А ён жа і імя той камандзіршы не памятае! Хіба... Нешта на «Р», ну дакладна. Ці бываюць жаночыя імёны на «Р»?

А, ёсць жа колькі. Рая. Рэня. Расціслава...

Ну ўжо дудкі, абаіх Славамі не звалі. Тут увогуле трэба з іншага боку. Знешне ж яна быццам наяве! Шалік той туманісты, таткавы акуляры, бурштынавыя вочы...

Рысіныя вочы.

Рыся.

Марыся.

Мар’яна!..

— Сама ўжо бачу! — нецярпліва азваліся з пярэдняй кабіны, і ад нечаканасці Слаўка сам сабе мацюкнуўся на Глебаў манер. З якой гэта ласкі апошняе імя прамовілася ўголас?.. Але, хвілінку, што там такое асаблівае яна згледзела?

Пытанне адпала само па сабе, калі сонца закрыў вуглаваты цень.

— Трымайся, лейтэнант, зараз пакруцімся! Шпар, мая «ластаўка»! — крыкнула лётчыца і са зніжэннем адвярнула. Кіраванне У–2 меў падвойнае, як і належыць вучэбнаму самалёту, таму спрацавалі і педалі ў Слаўкавай кабіне, а ручка кіравання хіснулася між каленяў наперад убок. Крыху правей прачарцілі паветра вогненныя трасы, і міма з выццём праскочыў нямецкі знішчальнік, толькі мільганулі чорна–белыя крыжы ды заматляўся спуджана канец пярэстага шаліка, які выбіўся з–пад камбінезона.

Чаргу ў фрыца, чаргу зараз жа!.. Слаўка застагнаў у голас, усвядоміўшы, што спрабуе намацаць адсутныя гашэткі. От жа дурнота: узброены да зубоў «лавачкін» спачывае ў абдымках высокай травы, а фанерны «кукурузнік» з хуткасцю сто кіламетраў у гадзіну вымушаны схапіцца з «месершмітам». І самае небяспечнае, што маецца на борце, — дзве кабуры з асабістай зброяй, прыдатнай цяпер хіба на тое, каб гаспадары прадзіравіліся самі.

— Каб ты спарахнеў, сабака! — выплюнуў Слаўка, учапіўшыся позіркам у «месер», які разварочваўся для новай атакі. — Эх, кулямёт бы сюды!

— Ды хаця б «мосінку», і то хлеб! А, на пілатажы перайграем... Прыгніся там, ідзе ў лоб!

У–2 клюнуў носам, сыходзячы ўніз, і ў вушы зноў дзеўбанула злоснае гырчанне матора ды грукат авіяпушак. Машыну скаланула, няўхільна павяло ўбок... Скрозь прабоіны ў верхняй плоскасці спачувальна падміргнула блакітнавокае неба. Лінія далягляду заслізгала трохі наўкос, гайданулася задуменна і схілілася ў супрацьлеглы бок.

— Мар’яна, раўняй! У штопар звалімся! Мар’яна! — Слаўка хутчэй пацягнуўся паўзверх празрыстага плексігласавага казырка, каб трасануць лётчыцу за плячо. Пацягнуўся і застыў: яе левая рука сутаргава ўхапілася за борт, з пакутлівым намаганнем слізганула ўздоўж, пакідаючы цёмную вільготную паласу...

Уласную руку Слаўка адсунуў. Імгненна. І дакладнымі, выверанымі рухамі зашпіліў замок прывязных рамянёў. У далонь нібы сама па сабе даверліва ткнулася ручка кіравання.

«Ёсць у вас дакумент?» — зазвінеў у вушах строгі дзявочы голас.

«На гэты раз — ёсць, — з дурной, недарэчнай усмешкай запэўніў ён і немаведама чаму праглынуў камяк у горле. — Яшчэ як ёсць!»

Самалёт, адчуўшы цвёрдую хватку, перастаў валіцца на крыло і пайшоў весялей. А немец працягваў ястрабам кружыць над недабітай ахвярай, пралічваючы апошні — кантрольны — заход.

— Вось ты як, значыць... Вось ты што задумаў, падлюка... — праз зубы мармытаў Слаўка, імкліва прабягаючы позіркам па далёкай зямлі. На гэты раз ужо не сядзеш: пад плоскасцямі плыве і плыве лес. А ўхіляцца доўга не атрымаецца, бо гаручае не бясконцае. — Ты хочаш па–свойму, а мы... А мы зробім вось так!

І кінуў самалёт у пікіраванне.

Перакулілася і засталося ззаду неба, суцэльным зялёным покрывам разаслаліся наперадзе купчастыя кроны дрэў. «Месер» таксама абрынуўся з вышыні, наганяючы здабычу, і вось побач ізноў густа, шчыльна, аглушальна кладуцца трасы: здаецца, руку працягні — і зловіш кулю!

— Яшчэ трохі... яшчэ... — ліхаманкава варушыў вуснамі Слаўка, не чуючы слоў у грукаце стрэлаў. — Давесці крышачку і... зараз!

Ён узяў ручку на сябе... Памкнуўся ўзяць. Ірвануў мацней, пацягнуў з усяе моцы... А яна толькі–толькі скранулася, быццам прыціснутая незразумелым цяжарам. Слаўку ўмомант праняў халодны пот.

Зямля бліжэй, бліжэй... Вецер злавесна свішча ў расчалках.

Слаўка ашалела налёг усёй вагою:

— Рухайся ты, н–ну–у–у!!

Ручка марудна пасунулася, пачаў задзірацца нос... Ледзь не чаркануўшы коламі па вершалінах, У–2 выкараскаўся з піке і няўпэўнена пацягнуў над самым лесам. Варожаму самалёту пашчасціла менш: ён палахліва вільнуў і, зачапіўшы плоскасцю дрэва, знік у вогненным шары выбуху. Слаўку б радавацца, але яму і азірнуцца няма калі, бо трэба па сантыметры адваёўваць вышыню, каб не зазнаць долю праціўніка.

А Мар’яна, якую ў час пікіравання кінула наперад, слаба ўперлася адной рукой у прыборную дошку, трошачкі выпрасталася — і тугая ручка кіравання лягчэй пайшла на сябе. Дык вось яно што! Слаўка, стаіўшыся, напружана сачыў, як ізноў аддаляюцца дрэвы, і баяўся выцерці змакрэлы твар, баяўся выдыхнуць. Важна, вельмі важна было забрацца як мага вышэй на выпадак... на ўсялякі выпадак.

Крыху ўзняўшы нос, самалёт паступова рухаўся ўверх. Павольна, неахвотна, але рухаўся. Лясы, палі, дарогі, рачулкі драбнелі, складаючыся ў плоскую мапу, сплятаючыся ў немудрагелісты ўзор дывана родам з дзяцінства. Здавалася, самалёт працінаў не прастору, а час, адмотваючы яго недзе на пятнаццаць гадоў назад. І гэтыя доўгія, звілістыя, неабсяжныя пятнаццаць гадоў — цэлае жыццё — з палёгкай развейваліся пылам.

Ніхто не змяніўся, нішто ніколечкі не змянілася. Свет усё такі ж просты і вытлумачальны, як адчувалася ў далёкім мінулым...

Толькі не было ў тым мінулым вусцішнага маўчання, не хіліла таварышка галаву ў бездапаможнай напаўпрытомнасці. Не курчыўся ўнутры няўцямны страх. Трываць гэты страх аднаму аказалася яшчэ цяжэй, чым выводзіць машыну з бескантрольнага пікіравання. Каб вывесці, сілы волі хапіла, а каб заперці ў сабе неспакой — не. Відаць, выйшла ўся воля, не назапасіў...

— Трымаешся там? То трымайся, зараз дык проста выдатна выходзіць! Калі так і далей, я імгненна даімчу, тут жа лёту — цьфу, зусім нічога! — бязладна часціў ён, спрабуючы не зважаць на дробнае падрыгванне ніжняй сківіцы. Нешта холад прабраў, так і калоціць ад кожнага павеву ветру. — Мы ўжо амаль на месцы, міргануць не паспееш, як даляцім! Толькі не спаўзай там, трымайся, чуеш? Вось гэтак добра, вось гэтак у самы раз! Усяго кіламетраў дзесяць пацярпець, ужо нават менш. Пусцяковіна, праўда? Мы з табой і ў Парыж даляталі — што нам той аэрадром! Памятаеш наш «паштавік»? У мяне дык наўпрост перад вачыма стаіць, ну зусім як сёння зганялі! От сядзем — і абавязкова раскажаш, куды той чамадан падзелі, а то ж цікава — не магу!..

За бясконцыя пяць хвілін, што самалёт на чарапашай хуткасці цягнуўся да аэрадрома знішчальнікаў, Слаўка амаль сарваў голас. Яго занудзіла, у скронях пачаў размерана стукаць боль. Усё ж няслаба ён даўся аб прыборы, ды і вылет быў ужо другі за дзень... На тое, каб правяраць неба вакол, ён і зусім не наскроб імпэту. А, усё адно на паўторнае кружэнне з «месершмітамі» бензіну не хопіць...

Нягледзячы на прадзіраўленыя плоскасці, трывалы У–2 цягнуў больш–менш роўна, добра, матор не злавіў ніводную кулю. Падмануты Слаўка без асцярогі перавёў самалёт у зніжэнне і, закалыханы бяспечным адрэзкам шляху, не адразу ўсвядоміў галоўнае.

Яны не проста зніжаліся — яны правальваліся.

Ужо распасціраецца наперадзе імправізаванае лётнае поле, віднеецца на ўзлеску лінейка чатырох дзяжурных Ла–5 другой эскадрыллі, бялеюць на траве палотнішчы пасадачнага «Т»... А ў пярэдняй кабіне ўсё больш горбіцца спіна ў шэрым камбінезоне, усё ніжэй апускаецца галава. Куртаты хвост шаліка вяла трапечацца на вятры.

— Ты ўпірайся мацней і слухай, слухай мяне! Не схіляйся, гэта нельга, разумееш? — надрываўся Слаўка, адцягваючы задушлівы каўнер. — Хвіліначку датрымацца, і ўсё! Мы на месцы, мы ўжо... Я і на круг не пайду, з прамой сяду, чуеш?..

Верхні гузік ніяк не намацваўся, і толькі праз паўсотні метраў страчанай вышыні ўспомнілася, што ён адарваўся ўчора. Яшчэ праз сотню метраў зрабілася і зусім не да каўняра. Самалёт няўхільна зніжаўся: упоперак пасадачнай паласы, з бакавым ветрам — і хутка, занадта хутка!

«Відаць, усё–ткі чмякнемся, — пранеслася ў галаве, пакуль Слаўка да знямогі цягнуў нерухомую ручку кіравання. — Прычым нават без пошты, вось дык сорам!»

Жорсткі ўдар пярэднімі коламі —і ўрэзаліся ў цела прывязныя рамяні, аж дух выбіла; Слаўка ледзь паспеў на інстынктах захінуцца рукамі, каб ізноў не праламаць тварам прыборную дошку. Кульнуўся свет, выбліснула з–пад ніжняй плоскасці сляпучае сонца — і самалёт са стогнам грымнуўся вобзем дагары коламі...

Дзіўна пасля несціханага строкату вінта прыслухоўвацца да перасвіствання птушак, дзіўна вісець на рамянях уніз галавой і бачыць над сабою бясконцую травяную столь. Слаўка машынальна адшпіліўся ад сядзення і вываліўся з кабіны, пароўну агаломшаны пасадкай і па–летняму разамлелай гарачай цішынёй. Выблытаўся заадно і з парашутных лямак, бо адчуваў: яшчэ і з парашутам яму дакладна не падняцца.

Але глядзі ты, насамрэч цалюткі. Што рукі, што ногі — парадак, быццам і не ён з усяго маху абрынуўся з вышыні і торкнуўся ў зямлю далёка за межамі пасадачнай паласы. Затое пацярпеў гаротнік У–2: нос увесь раструшчаны, жалобна тырчаць уверх абламаныя стойкі шасі, пагойдваюцца на ветрыку лахманы паркалю...

І ўсё ж селі. Селі!

З пярэдняй кабіны пачулася варушэнне, і Слаўка таропка падлез пад фюзеляж — туды, дзе святлелі ў прыцемку кароткія попельна–русявыя валасы, больш не схаваныя пад шлемам, вакол гэткага ж попельнага твару. Здаецца, нават рабацінкі пабялелі.

Не паспеў ён разабрацца з прывязнымі рамянямі, як халаднаватая рука наўслеп слізганула па яго шчацэ, знайшла локаць, скамячыла тканіну гімнасцёркі.

— Не змагла я... Ты прасіў... А я...

— Стой, я зараз, зараз. Ужо і «санітарка» вунь каціць, нашы хутка паварочваюцца...

Прытрымаўшы Мар’яну плячом, ён адшчоўкнуў замок, і яна з хрыплым выдыхам асела яму на рукі, так і ўпіўшыся пазногцямі ў запясце. Скурчаная, напружаная — толькі б не варухнуцца там, дзе балюча.

— Здорава мы... гваздануліся... а? Бедная «ластаўка»...

У яе і вусны попельныя, усе пакусаныя, але не адразу разгледзіш, бо з прыпухлага носа струменіцца кроў.

— Афэлак я поўны, вось хто, — прасіпеў Слаўка. — Галаву мала адарваць за такое. Самому хоць бы хны, а ты... а машына... чужая... Нага твая ўвогуле нешта... зусім.

— Гэта ўсё бензабак... Я не паспела, хаця ведала... Стасік, ой, Стасік! — Яна пакутліва паспрабавала перасунуць скрыўленую нагу, каб не ціснуць на яе ўсёй вагой, але толькі прыхапіла крэпкімі зубамі шалік і знясілена абмякла. Адной рукою працягвала чапляцца за Слаўкаву, другую ўсё не адымала ад цёмнай плямы на камбінезоне.

А ў Слаўкі нешта ні слова больш не выціскалася, падперла горла, і ўсё тут. Стасікам яго адна Мар’яна называла. Даўным–даўно, у мінулым жыцці.

— Я думала, не ты... Думала: глупства... — яе вочы, жаўтлявыя вочы параненай рысі, намагаліся расплюшчыцца, але цяжкія павекі апускаліся, веі злучаліся. — Аэрапланчык у нас быў — бляск, хоць на Паўночны полюс... Прабач... што не пакіраваў тады.

— Не змог бы я, ну ты што? – Слаўка выціснуў з сябе натужлівы смяшок. — Бач, і зараз не надта атрымалася. Я ж ніякі не камандзір, я так проста... І як быў дурным кацяняткам, так і застаўся.

Прытармазіла каля разбітага самалёта машына з чырвоным крыжам, і Слаўку рашуча адсунуў высокі хударлявы ваенурач. Ён упаў на калені побач, імклівы як заўсёды, і адным рухам разамкнуў счэпленыя пальцы Мар’яны. Крысы яго белага халата крыламі расхінуліся на траве.

— А ну прэч, няўклюда, — гыркнуў урач на Слаўку, — сваю працу ўжо зрабіў! Калі толькі крышыць умееш, дай дарогу тым, хто паправіць! — і засяроджана схіліўся над Мар’янай. Там агледзеў, тут абмацаў, замармытаў: — Два асколачныя, пералом нагі... нос... Марш, кажу! У санчасць і сам датупаеш. Гэй, там, не спаць — насілкі!

Збіты з тропу такім раз’ятраным наскокам, Слаўка беспярэчна саступіў дарогу санітарам... і тут жа злавіў важкі ўдар па карку. Ліда Жук ірванула яго за каўнер і страсянула так, што аж ніткі затрашчалі. Яе чорныя кудзеры па–вядзьмарску тырчалі ва ўсе бакі.

— Хоць раз, хоць раз яшчэ адарвешся — з «губы» не вылезеш! Колькі разоў сказана: хвост вядучага не губляць! Будзеш і далей кружляць у адзіночку — не дажывеш да вяртання Глеба, уласнаручна прыб’ю!

Слаўка мутным позіркам прасачыў, як ад’язджае «санітарка», успомніў, што нават не спытаўся пра Мар’яну: ці то ў санчасць яе, ці то ў шпіталь... І нечакана ўскіпеў:

— Пусці ты... хворая! У мяне матор стаў! Я што, сам крыльцы выпушчу?

Яна злосна адштурхнула яго ад сябе:

— А паведаміць можна было нармальна?! Эфір трашчыць, шыпіць, ні д’ябла не чуваць! Куды праваліўся, невядома: згубіўся, рухнуў, уцёк ад небяспекі падалей?

— Зараз жа — уцёк! Я не так сабе пырхаў, я збіў! «Месер» збіў, ясна табе?

— Ага, два! З якімі я ў воблачнасці ў хованкі гуляла! Ёлупень чортаў... Да афіцэрскага звання даслужыўся, а розуму не здабыў ні на грам! Самастойнасць ён надумаў паказваць! Што, замнога нас у эскадрыллі? Не хапала яшчэ і без цябе, дурня, застацца!

Апошнюю фразу Слаўка прапусціў міма вушэй. Каб не змякчэць. Рыўком паправіў расхрыстаны каўнер і суха адчаканіў:

— У такім выпадку, таварыш лейтэнант, прашу даць мне іншага вядучага!

Ліда так і вытарашчылася на яго:

— «Лейтэнант», бачыце! Апошнія мазгі табе выбіла, ці што? Начальству выкай, а са мной каб без гэтай лухты, зразумеў? Сябар, называецца! Як сама ў вядзёных хадзіла, дык «Лід, сумна дзяжурыць, залазь на крыло», а як намеснік камэска, дык адразу бегаць ад мяне і таварышам лейтэнантам абзывацца. Я, дарэчы, два дні ад пасады адбрыквалася, а вы ўсе моўчкі вачыма лыпалі! Калі і ты быў супраць, прапанаваў бы сябе — і канцы. Або хоць Сашу падапхнуў!

«Ціхоню Гнедаша ў намеснікі? Ого–го. Ад такой навіны ў яго б ажно камандзірскі голас прарэзаўся. Каб аспрэчыць раз і назаўсёды», — падумаў Слаўка, непрыкметна губляючы жаданне высвятляць адносіны. Сваю кандыдатуру ён і разглядаць не стаў: усе здольнасці на лбе напісаныя, прычым нават не фігуральна.

А Ліда тым часам заціснула вуснамі папяросу і, сярдзіта вышукваючы па кішэнях запалкі, цадзіла:

— Бывалыя лётчыкі яны, «месеры» яны збіваюць... А колькі перш паскакаць перад вамі трэба, нос кожнаму падцерці! Каб потым і ў баі не прыкрылі. Маўляў, калі такая разумная, вылузвайся сама! Васямнаццаць прабоін у самалёце...

Слаўка новымі вачыма пазіраў, як яна дрыготкімі пальцамі выцягвае запалку, як раз за разам, нервуючыся, чыркае па каробцы — усё марна. Урэшце нягучна мовіў:

— Жучок, ты не паліш.

Запалка зламалася і паляцела ў траву, а Ліда парывіста сунула ў кішэні пачак і папяросу ды запусціла рукі паглыбей. Прыгорбленая якая, натапыраная — нядаўняй выпраўкі быццам і не было. Нічога сабе, хутка яна здала...

Ліда пакалупала наском бота купіну і бясколерным голасам сказала:

— «Ілы» заўтра на штурмоўку, мы эскадрылляй прыкрываем... Паляціш са мной? Можаш на Глебавай «лавачцы», калі тваю ў рамонт... Паляціш?

І такой стомленасцю поўніліся яе запалыя вочы, што Слаўка без роздуму згадзіўся:

— Палячу.

Што зробіш, не ўмеў ён ніколі пярэчыць дзяўчатам, не навучыўся нават на фронце...

Яна доўга ўглядалася ў яго нерухомым позіркам — так доўга, што ён паспеў марудным сваім розумам асэнсаваць: яна ж толькі на два гады старэйшая за яго. І ўсяго некалькі месяцаў таму яны абое пароўну атрымлівалі ад вядучых па шапцы.

Куточкі яе рота крыху ўзняліся, вочы прымружыліся — амаль ранейшая гарэзніца.

— Ты ў санчасць давай, герой дзявочых мрояў. Вунь, увесь акрываўлены. Мо ўсё–ткі адляжышся пару дзён? Ну куды ты з разбітай галавой?

А пра гузік па–ранейшаму ні слоўца. Дзівосы, аднак! Вось будзе смяяцца з яго Мар’яна...

— Ды палячу, абяцаў жа. Плюнь, драбяза ўсё гэта! Сюды даляцеў — і ў бой змагу...

Сказаў і зразумеў: насамрэч драбяза.

Можа, яно і не трэба — пярэчыць?

Дар’я Значонак