Пакрочылі
Напрамак — журналістыка.
Аўдыторыя — пачаткоўцы.
Сродкі — талент і жаданне.
Заўсёды не зразумела, з чаго пачаць, таму прапаную невялікі дапаможнік па стварэнні матэрыяла.
- Тэма
Першы крок — выбар тэмы. Усё не так складана, як можа здавацца. Пісаць варта пра ўсё, галоўнае — вылучыць «праблему». Напрыклад, мае першыя матэрыялы былі прысвечаны сакрэтам поспеху знакамітасцей і ўзаемаадносінам з малодшым братам. Пішыце пра тое, што вам цікава і зразумела.
- Жанр
Абраўшы тэму, трэба вызначыцца з формай выкладання думак. Гэта можа быць эсэ, якое змяшчае разважанні і высновы. Калі матэрыял аб канкрэтных падзеях, то дарэчны рэпартаж. Для інтэрв’ю таксама існуе некалькі форм: стандартная — «пытанне-адказ», аператыўнае інтэрв’ю (збор розных меркаванняў па канкрэтным пытанні) або гутарка ў пераказаным выглядзе. Аналітычныя жанры больш складаныя і патрабуюць вопыту, але паспрабаваць зрабіць артыкул або агляд таксама не будзе лішнім.
- Мова
У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, таму вельмі важна валодаць абедзвюма. Так ты пашырыш набор выданняў, у якія можна адпраўляць матэрыялы. Верныя сябры ў засваенні моў — мастацкая літаратура і слоўнікі.
- Актуальнасць
Надзённасць — важны складнік у стварэнні матэрыяла. Калі ў якасці тэмы абрана пэўная падзея, а форма — нататка, то марудзіць нельга! Праз пару дзён мала каго зацікавяць састарэлыя звесткі, пра якія ўжо ўсе напісалі.
- Выданне
Звязвацца са СМІ вельмі проста: у інтэрнэце ёсць е-мэйлы, нумары тэлефонаў і адрасы. Галоўнае — запасціся адразу некалькімі тэмамі, каб было што прапанаваць. Пісаць у канкрэтнае выданне прасцей. Так ты ведаеш узроставую аўдыторыю і адчуваеш сферу інтарэсаў чытача. Перыядычнасць выхаду СМІ таксама моцна ўплывае на жанравую разнавіднасць: напрыклад, у часопісе, які выходзіць раз на месяц і радзей, наўрад ці надрукуюць агляд цікавых падзей на наступны тыдзень.
- Фотаздымкі
Зараз аўтар можа не толькі расказаць чытачу аб важным, але і падараваць яму «эфект прысутнасці». Таму не лянуйцеся рабіць фота. Зразумела, ёсць верагоднасць, што выдаўцу яны не падыдуць, напрыклад, з-за якасці. А калі ўсё атрымаецца, вельмі прыемна будзе ўбачыць не толькі свой тэкст, але і фотаздымкі, зробленыя сваімі рукамі.
Шэсць правілаў Оруэла
Джордж Оруэл прапанаваў гэтыя 6 правілаў у эсэ «Палітыка і англійская мова» ў 1946 годзе. Як ён выказаўся, гэтыя правілы адрасаваны аўтарам, якія карыстаюцца мовай «не для літаратурных мэт».
-
Ніколі не выкарыстоўвайце метафары, параўнанні або іншыя апісальныя прыёмы, якія часта выкарыстоўваюцца іншымі аўтарамі.
-
Ніколі не выкарыстоўвайце доўгія словы там, дзе лепш падыдуць кароткія.
-
Калі можна прыбраць якое-небудзь слова, то прыбярыце яго.
-
Ніколі не выкарыстоўвайце пасіўную форму дзеяслова там, дзе можна пакінуць актыўную.
-
Ніколі не выкарыстоўвайце замежныя фразы, навуковыя тэрміны або жаргонныя словы, калі можна падабраць звычайнае раўнацэннае слова.
-
Лепш ужо парушце любое з гэтых правіл, але не пішыце глупства.
Яна Мусвідас