Кафедра беларускай і рускай філалогіі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна
Васіль Шур, Наталля Тачыла
УЛАСНАЕ ІМЯ ІВАН ВА ЎСХОДНЕСЛАВЯНСКІХ МОВАХ І ФАЛЬКЛОРЫ
У моўнай практыцы, асабліва ў мове мастацкай літаратуры, уласныя імёны паслядоўна выкарыстоўваюцца пераважна з улікам традыцый рэгіёна, фальклору, народна-дыялектнай мовы, вопыту мастацкай літаратуры, часу стварэння твора, а ў пэўнага аўтара — яшчэ і з улікам яго індывідуальнага стылю, густу і схільнасцей.
Імя Іван — тыповы і часты анамастычны тэкстаўтваральны кампанент у фальклоры, у творах беларускіх, рускіх, украінскіх пісьменнікаў. Гэты онім у выніку шырокага ўжывання выяўляе самыя разнастайныя назыўныя асаблівасці і мастацка-эстэтычныя канатацыі, спалучаючы намінацыйную, этнаграфічна-рэгіянальную і характарыстычную функцыі: перадае індывідуальна-аўтарскую афарбаванасць, выступае як онім-сімвал, з’яўляючыся спецыфічным этнанімічным сродкам адлюстравання рэчаіснасці. Гэта імя, як прасачылі даследчыкі (М. Фасмер, Н. Пятроўскі, А. Супяранская, А. Рогалеў і інш.), з’яўляецца ва ўсходнеславянскіх помніках пісьменства з ХІV ст., яно бярэ свой пачатак са старажытнаяўрэйскага Иоханан — Яхве (Бог) — той, каго мінуе Бог. Трапіўшы спачатку ў мову грэкаў, гэта імя ў самых розных варыянтах замацавалася як вельмі частае ў многіх мовах свету: Іван — у Расіі, Беларусі, Украіне, Балгарыі, Малдавіі, Румыніі. Ян — у Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Хуан — у Іспаніі, Іаганн (Іаханн), а таксама Ханс (Ганс) — у Германіі, Аўстрыі, Джон — у Англіі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Джавані — у Італіі, Вано — у Грузіі, Жан — у Францыі, Юхан — у Эстоніі і Фінляндыі, Яніс — у Латвіі і інш. Асаблівасці гэтага імя ў творах літаратуры можна выявіць у творах рускіх, беларускіх, украінскіх пісьменнікаў Д. Фанвізіна, М. Гогаля, М. Ляскова, К. Сіманава, А. Твардоўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, Я. Купалы, Я. Скрыгана, Я. Брыля, У. Ліпскага і інш., дзе яно атрымала самую разнастайную мастацка-эстэтычную інтэрпрэтацыю.
У рускай мове прозвішча Іваноў, якое ўтворана ад імя Іван, — адно з самых ужывальных, прычым, як прасачыў У. Ніканаў, у рускіх яно лакалізуецца пераважна на паўночным захадзе краіны — у Наўгародскай, Ленінградскай, Цвярской, часткова Смаленскай губернях, дзе кожны дзявяты жыхар мае такое сямейнае імя. Частотнасць зразумела, бо на працягу стагоддзяў самым ужывальным імем рускіх было Іван, у сялян яго насілі ¼ усіх мужчын… Па не самых новых звестках Маскоўскага адраснага бюро за 1964 г. самыя частыя прозвішчы ў расійскай сталіцы: Івановы — 90 тысяч, Кузняцовы — 78 тыс., Смірновы — 58 тыс., Паповы — 30 тыс. [1, с. 36—37]. Разнастайныя прозвішчы, утвораныя ад імя Іван, вядомы і на Беларусі. Так У. Ліпскі ў кнізе «Аповесць пра нашы прозвішчы» (Мінск, 2006) падрабязна прасачыў увесь набор такіх антрапонімаў у сябе на радзіме: “…ад імені Іван толькі ў Рэчыцкім раёне жывуць людзі з добрай паўсотняй прозвішчаў. Паспрабуем пералічыць: Іваненка, Іваніцкі, Іванкоў, Іваннікаў, Іваноў, Іваноўскі, Іванчанка, Іванчыкаў, Іванішын, Іваненка, Іванюк, Іванюценка, Іванешка, Іванюшка, Івахненка, Івашын, Івашкевіч, Івашка, Івашкаў, Івашчанка, Вашэчка, Вашкевіч, Вашкоў, Вашчанка, Вашчыла, Вашчынскі, Ванечкін, Ванешын, Ванковіч, Ванькоў, Ванюрыхін, Ванюхін…калі ўлічваць, што Іван у беларусаў і палякаў — Ян, Ясь, то ў гэту абойму прозвішчаў уліваюцца сем’і: Янко, Янкоў, Янкавец, Янковіч, Янкоўскі, Яновіч, Яноўскі, Янушкевіч, Яначкін, Янчанка, Янчык, Янчыленка, Янчук, Янчуркін, Янюк, Ясь, Ясько, Ясенка, Ясенавец, Ясенскі, Яскевіч, Ясковіч (тут “згубілі” мяккі знак). Ëсць нават прозвішчы, утвораныя як бы ад паловы Іванаў: Палуян, Палуяновіч, Палуянчык [19, с. 45].
Ва ўсходнеславянскіх прыказках гэтым іменем, якое там апелятызавалася і пераважна ўжываецца з абагульняльным значэннем, называючы «чалавека ўвогуле» або як онім-сімвал, эксплікуецца менталітэт рускіх, беларусаў, украінцаў, іх адносіны да працы, рэлігіі, суседніх народаў, кантакты ў соцыуме, сям’і. Праілюструем гэта прыкладамі са зборніка У. Даля «Пословицы русского народа» ў 2 тамах (М., 1984): Иван Марье обычный друг; Не всяк Иван Иванавич, а кому Бог дает (дразнят калмыков); Нагуляется Иван — достанется и нам; На Ваньке далеко не уедешь; С именем Иван, без имени — болван; Емеля дурачок, Иванушка дурачок. Мотря дура; Иванов, как грибов поганых; Один Иван — должно; два Иван — можно; три Иван — никак не возможно (сказал немец про Ивана Ивановича Иванова); Люби Ивана, да береги карманы.
У беларускіх казках, запісаных А. Сержпутоўскім, засведчаны Іванка Прастачок — персанаж народнай чарадзейнай казкі. Да 30 гадоў быў маленькім і слабым, пакуль чарадзейная музыка трох старцаў не ператварыла яго ў мудрага і смелага змагара за народнае шчасце. Зрабіў дудку-весялушку, якая гуртавала людзей і несла праўду, клікала на барацьбу са Змеем і ягонымі слугамі, якія “ўсё к сабе грабуць, а з мужыкоў шкуру дзяруць”. У алегарычнай форме ў казцы раскрываецца вялікая сіла вызваленчых ідэяў, што здольныя аб’яднаць і павесці людзей на барацьбу.
У беларускай казцы пра Івана Папялінскага (у зборніку, запісаным А. Афанасьевым) галоўны герой, які перамог Змея, ператвараецца ў Ката. Гэты матыў прасочваецца ў вялікім казкавым усходнеславянскім цыкле аб Іване - кашачым сыне. А ў рускіх казках, як адзначаюць даследчыкі фальклору, засведчаны разнастайныя варыянты антрапаморфных імёнаў ката: Кот Катафеіч, Катафей Іванавіч і інш. Беларуская народная казка “Кот Максім” выразна нагадвае вядомую казку пра Івана Папялінскага, а таксама французскую казку Шарля Перо “Кот у ботах”. Такім чынам, у казках называюць не пэўнага ў сваім родзе персанажа, а пэўнага казачнага героя, а імя Іван і яму падобныя імёны (Максім, Марцін) набываюць абагульняючае значэнне з прыкладным зместам “чалавек увогуле”. А некаторыя даследчыкі лічаць, што вобраз Івана не толькі ў казках мае касмалагічную сімволіку і асацыюецца з вобразам першачалавека (А. Рогалеў, Т. Агапенка, С. Талстая і інш.).
З імем Іван, як адзначаюць даследчыкі рускага анамастыкону, рэалізуюцца вобразы самых розных прадстаўнікоў народа: Івана-Царэвіча, Івана-сялянскага сына, Івана-купецкага сына. У такіх спалучэннях у фальклоры казачны Іван, як правіла, абаяльны, станоўчы герой. Як піша Л. Зубкова, калі герой імянуецца, напрыклад, Іванам-царэвічам, то ён носьбіт высокіх маральных якасцяў, барацьбіт за справядлівасць. Іван-сялянскі сын і Іван-купецкі сын як прадстаўнікі сацыяльных слаёў здольны замяшчаць Івана-царэвіча. Яны маладыя, разумныя, здзяйсняюць подзвігі [2, 2009, с. 101].
Шырокае ўжыванне гэтага оніма засведчана таксама і ў фразеалагізмах, агульных для ўсходнеславянскіх моў. Так, украінскія даследчыкі М. Разумейка і Я. Рагушэўскі адзначаюць, што актыўнасць выкарыстання ўласных імёнаў у фразеалагізмах адлюстроўвае агульную тэндэнцыю іх функцыянавання ў народна-дыялектнай мове. У гэтых адзінках асабліва частотнымі з’яўляюцца імёны Іван і Хама, у меншай меры рарытэтныя Мацвей, Юхім, Захар, Гріцько, Макар, Піліп…Як правіла, з такімі імёнамі фразеалагізмы маюць адценне фамільярнасці, грубаватасці: Корчити з себе Ивана; ростом з Ивана, а розумам з балвана; Иван носить плаху, а Настя булаву; часта імя “Іван” у фразеалагізмах абазначае “бядняк”: що вільно понові, не вільно Іванові [ 3, с. 101].
У тлумачальным слоўніку У. Даля пра гэта імя сказана, што яно “па ўсёй азіяцкай і турэцкай мяжы нашай, ад Дуная, Кубані, Урала і да Амура азначае рускага”. Папулярнасць, шырокая вядомасць некаторых імёнаў у соцыуме, а таксама ў грамадстве ў цэлым абумоўлена тым, што выбар імёнаў, раней рэгуляваўся царквою, а імя Іван сярод праваслаўных у дарэвалюцыйнай Расіі было самае частае сярод асноўнай часткі насельніцтва: у царкоўных святцах на працягу аднаго года яно паўтараецца 167 разоў (Г. Мезенка, У. Ніканаў). Адсюль, відаць, і яго высокая частотнасць сярод простага люду, у прыказках і іншых жанрах беларускага, рускага і ўкраінскага фальклору, у творах мастацкай літаратуры. Такія вельмі вядомыя ў народзе і ў літаратуры онімы, як сведчаць даследчыкі, утвараюць у носьбітаў мовы не толькі анамастычныя, але і вобразныя (мастацкія), а часам і энцыклапедычныя асацыяцыі.
Такім чынам, у творах фальклору, рускай мастацкай літаратуры, у самых розных яе жанрах асаблівасці оніма Іван падрабязна прасачылі М. Гарбанеўскі, Л. Зубкова, А. Рогалеў, у прыватнасці, выявілі, што гэта імя з’яўляецца там самым частотным, яго носяць прадстаўнікі самых розных саслоўяў — ад простага мужыка да царэвіча. У грамадстве яно набыло ўласцівасць ужывацца з самымі рознымі дадатковымі адценнямі, выступаючы ў функцыі другаснага, асацыятыўна-вобразнага наймення самых розных асоб, часцей за ўсё рускіх па нацыянальнасці. А. Рогалеў прыводзіць прыклады ўжывання імя Іван у творах самых розных аўтараў, дзе гэта імя, апрача назыўной функцыі, мае самыя розныя канатацыйныя “прырашчэнні”: Россия вся единый Иван... (У. Маякоўскі); Полюшко стало неминное там, где Иван прошагал (Ф. Чуеў); Хоть и есть пословица, что на Иване далеко не уедешь, однако ж этот постоит за себя и своих (І. Лажэчнікаў); А это по-татарски. У них все если взрослый русский человек — так Иван, а женщина — Наташа, а мальчиков они Кольками кличут (М. Ляскоў) [4, с. 98].
У часы апошняй вайны, мабыць, мільëны Іванаў засталіся ляжаць у брацкіх і адзіночных магілах на бяскрайніх прасторах Еўропы і Азіі ад Волгі да Берліна і Эльбы. Гэта пра іх адна з гераінь “Аповесці пра нашы прозвішчы” У. Ліпскага сказала: “Нашы іваны на кожным кроку закопаны” [19, с. 45].
Ва ўсе часы на беларускім этнаграфічным арэале імя Іван заўсёды было ў ліку найбольш прадуктыўных. Так, на захадзе Беларусі (Гродзеншчына, Брэстчына) у ХІV — XVІІІ ст.ст. ужывальнасць, частотнасць асобных уласных імёнаў, паводле афіцыйных пісьмовых дакументаў, прасочаных Г. Усціновіч, была наступнай: з 268 мужчынскіх і 67 жаночых, адзначаных у актах земскіх судоў, найбольш пашыранымі былі: Ян, Іван, Андрэй, Мікалай, Павел, Станіслаў, Пётр, Марцін, Фёдар, Марына, Анна, Еўдакія. Набор імёнаў ва ўказаныя часы амаль не змяніўся, аднак было выяўлена, што адны імёны шырока ўжываліся ў ХVІ ст. (Багдан, Аляксей, Андрэй, Войцех, Анна, Марына, Сафія), другія (Аляксандр, Казімір, Крыштоф, Екацярына, Раіна) — у ХVІІ — ХVІІІ ст.ст. [5, с. 168].
У “Хроніцы Убарцкага Палесся” прыводзяцца найбольш частыя імёны суседняга са Стадолічамі маёнтка Лельчыцы, як мы мяркуем, адрозненні ў імёнах жыхароў Стадоліч і тагачасных Лельчыц будуць нязначныя: “150 мужчын на той перыяд (1847 г.) мелі 72 імені, з якіх найбольш пашыраныя былі Рыгор, Іван, Хведар — далей: Аляксандр, Андрэй, Дзмітрый, Кузьма, Пётр, рэдкаўжывальнымі былі Агей, Акула, Амяльян, Гілярый, Карп, Нічыпар, Парфен, Яўмен, Яўстрат і зусім не было імя Янка. 144 жанчыны мелі 51 імя, з якіх найболей распаўсюджанымі былі Марыя, Аўдоцця (Аўдзюха), Ганна, далей — Кацярына, Параска, Прося, Матруна, Агафія, Настаха, Таццяна, Ульяна, сярод рэдкіх сустракаліся імёны Вася, Домна, Марта, Палашка, Паўліна, Сынклета, Тэкля, Хвеся, Хвядора і інш.” У “Хроніцы...” таксама паведамляецца, што сяляне Убарцкай воласці мелі “амаль цалкам праваслаўныя імёны, колькасць якіх складае больш за 100. Найчасцей хлопчыкаў называлі імёнамі Сямён, Сцяпан, Іван, Хведар, Аляксей, а таксама Нічыпар, Трахім, Карп, Хама, Гаўрыла і іншымі паўзабытымі цяпер імёнамі...”.
У “Слоўніку беларускіх прыказак” (Мн., 2002) (аўтары І.Я. Лепешаў, М.А. Якалцэвіч), у якім засведчана каля 1500 такіх найбольш ужывальных адзінак, што засведчаны ў мастацкіх і публіцыстычных тэкстах, намі выяўлена каля сарака найбольш ужывальных і тыповых імёнаў, якія выяўляюць нацыянальныя адметнасці беларускага антрапанімікону. Гэта наступныя афіцыйныя і гутарковыя варыянты мужчынскіх і жаночых імёнаў: Іван, Янка, Пятро, Пятрок, Пятрусь, Сцяпан, Саўка, Сідар, Мікола, Яўмен, Хоўра, Насця, Юрый (Юр’е), Халімон, Базыль, Грыгоры, Грышка, Макар, Маруся, Кузьма, Гаўрыла, Сенька, Хомка, Платон, Ілья, Барыс, Мікіта, Паланея, Зміцер, Варвара, Зося, Панцялей, Ярома і інш. Некаторыя з названых імёнаў у прыказках ужываюцца ў якасці “апорных слоў”, якія фактычна вызначаюць асноўныя прыметы і характарыстыкі такіх маўленчых адзінак: Варвара, Гаўрыла, Грышка, Зміцер, Іван, Ілья, Мікіта, Паланея, Панцялей, Пятро, Саўка, Янка, Хама, Ярома і інш.
У творах беларускай мастацкай літаратуры імя Іван таксама набыло абагульняльны сэнс, называючы прадстаўніка з народа, якому пераважна ўласцівы прыродны розум, дасціпнасць, уменне знайсці выхад з самых складаных сітуацый і перыпетый. Так, у паэме Якуба Коласа “На шляхах волі” створаны абагульнены вобраз Івана — простага чалавека з народа: “Кранула вестка гэта ўсіх:/ Няўжо ад трону цар адшыты?/ Адрокся, кажуць, сам і квіта!/ Ну, як то сам?/ Няма дурных!/ Бо дзе ж то відана, чувана,/ Каб вось такія ўладары/ Ды самі злазілі з гары/ Або мянялі годнасць пана/ На ролю простага Івана/ — Вось панства моў, Іван, — бяры” [К-с, Х, с. 293]. У артыкуле Якуба Коласа “Цені мінулага” імя Іван воляй пісьменніка набыло ўжо адмоўны сэнс, называючы самых розных турэмных заправілаў сярод зняволеных. У гэтым творы Іван — канатацыйна абагульненая назва сярод арыштантаў, якія прыцясняюць іншых: “Кожная камера ўгалоўных мела свайго “Івана”, а то і некалькі такіх “Іванаў”: “Іван” — гэта начальнік, заправіла камеры, біч і страх арыштантаў. І званне сваё, і сваю пасаду яны набывалі самі. Але дзеля гэтага трэба было мець свайго роду “цэнз”. Гэты “цэнз” складаўся з самае натуры “Івана”: здаровых кулакоў, добрага гарладзёрства, цвёрдасці і рашучасці характару... Угневаны “Іван” мог загнаць пад нары сваю ахвяру і аставіць там яе на ўсю ноч... Ніякія жалабы на чыннасць “Іванаў” не памагалі, бо “Іваны” жылі ў добрай згодзе з адміністрацыяй астрога і дзяліліся з ёю сваімі здабыткамі” [К-с, ХІ, с. 12]. З’яўленне дадатковай канатацыі ў гэтым імя падкрэсліваецца тым, што пісьменнік паслядоўна ўжывае яго, беручы ў двукоссе, тым самым сігналізуючы пра нетыповае выкарыстанне ў кантэксце. У такіх онімах намінацыйная функцыя зусім мінімальная, на першы план выстаўляецца яго кантэкстуальнае канатацыйнае значэнне, сітуацыйна абумоўленае спецыфікай канкрэтнага твора. Такім чынам, онімам “Іван”, узятым у двукоссе, пісьменнік эксплікуе яго падтэкставую пеяратыўную семантыку, перадаючы тыя своеасаблівыя ўзаемаадносіны, якія склаліся паміж арыштантамі і турэмнымі заправіламі.
У якасці сінонімаў да імя Іван у гэтым артыкуле ўжываюцца кантэкстуальныя перыфразы “заправіла камеры”, “біч і страх арыштантаў”, “Бог і цар”, якія фактычна раскрываюць канатацыйны аспект оніма. Да нашага часу турэмны лексікон узбагаціўся, і да імя “Іван”, выкарыстанага ў гэтым кантэксце, можна падабраць сучасныя сінонімы пахан, злодзей у законе, якія актыўна выкарыстоўваюцца зараз у перыядычным друку, трапіўшы туды з мовы арыштантаў. У маўленні звычайна такія онімы набываюць значэнне агульных назоўнікаў з характарыстычнай функцыяй. Фармант множнага ліку ў такіх апелятызаваных адзінках, як заўважыў В. Болатаў, прыводзіць іх у аднароднае няпэўнае мноства, інакш кажучы, у мноства, тыповае для імёнаў агульных [6, с. 106]. Падкрэслівае канатацыйны бок гэтага оніма і яго адметнае графічнае афармленне, а таксама ўжыванне ў форме множнага ліку ў адным мікратэксце. Ужыванне ў соцыуме гэтага оніма ў множным ліку — гэта вынік плюралізацыі як аднаго з этапаў апелятывацыі, у выніку якой у такой адзінцы з асацыятыўнай семай “тыповае імя” ўзмацняецца пэўны канатацыйны аспект. Так, этнанімічны зрух у асноўным у перыяд Вялікай Айчыннай вайны выявіўся ў імёнах Іван, Фрыц, што прывяло да ўтварэння на іх аснове перыферыйных этнанімічных адзнак канатацыйнага характару: іваны — рускія (беларусы, украінцы і нават прадстаўнікі іншых народаў былога СССР — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны; фрыцы — нямецкія (фашысцкія) салдаты). Параўнаем у гэтай сувязі прыклады, засведчаныя ў укадэмічным зборніку “Прыказкі і прымаўкі” (Мн. 1976): Хацеў Фрыц пышкі, атрымаў сінякі і шышкі [с. 545]; Сëння Фрыц жывы, а заўтра без галавы [с. 552]; Са стрэх капае, а Фрыц далей драпае [с. 552]; Не ўтрымаўся Фрыц за грыву — на хвасце не паедзе [с. 554].
Сярод іншых функцыянальных асаблівасцей імя Іван як некаторых іншых і частых, тыповых і ўжывальных у творах Якуба Коласа, прыкметна вылучаецца багацце іх эмацыйна-стылістычных варыянтаў, што звычайна перадаюць канатацыйны змест такіх уласных адзінак у кантэксце. Напрыклад, у мове гэтага пісьменніка намі засведчана больш за 30 варыянтаў гэтага імя (Іване, Іванка, Іванок, Іванька, Івась, Іваш, Іван, Ясь, Яська, Яська-кравец, Ян, Яне, Яначка, Янка, Янось, Янь, Янка-Іван-Ваня, Янук, Янэк і інш.).
Фактычна ў названым вышэй артыкуле Я. Коласа імя Іван канатацыйна значымае, дзе набыло характарыстычную, негатыўна-адмоўную семантыку. Прыкладна такую ж абагульняльную функцыю ў беларускім фальклоры маюць і некаторыя іншыя кананічныя імёны, за якімі замацаваліся дадатковыя ўласцівасці. Параўнайце: Міхайла — непаваротлівы, няўклюдны работнік або зяць; Васіль — гультай; Юрка — бесклапотны весялун (у беларусаў ёсць нават народны танец “Юрачка”); Андрэй — хвалько; Кацярына — лёгкадумная дзяўчына або жанчына і інш.
Тыповасць і натуральнасць імя Іван для беларускай мовы пацвярджаецца і наступным дыялогам Лабановіча з вучнем Цельшынскай школы з аповесці Я. Коласа “У палескай глушы”: — Скажы ж ты, галубок, — звярнуўся Лабановіч да аднаго хлопчыка, які падышоў запісвацца. — Як ты завешся? Хлопчык маўчаў і пазіраў на настаўніка сваімі яснымі вочкамі. Відавочна ў гэтым запытанні яму пачулася штось падазронае: ці няма тут якое хітрасці, каб падашукацца часамі? Запытанне, з яго погляду, было зусім нецікавае і непатрэбнае: Хто ж не ведае, як ён завецца? Але настаўнік не адступаўся і зноў запытаў, як яго зваць. — Або ты не ведаеш? — у сваю чаргу спытаў хлопчык. — Не, не ведаю, бо каб ведаў, то не пытаўся б. — Ну, як жа? Іван, ды і ўсё! — прамовіў хлопчык з адценнем лёгкай усерджанасці [К-с , ІХ, с. 38—39]. Такім чынам, постпазіцыйнай рэплікай хлопчыка акцэнтуецца ўвага на тыповасці гэтага імя ў соцыуме, а таксама кантэкстуальна выяўляецца дзіцячая непасрэднасць, абумоўленая спецыфікай канкрэтнага мыслення хлопчыка, чым ствараецца праўдападобнасць дыялогу і сітуацыі.
С. Бут-Гусаім, аналізуючы мову твораў Г. Марчука, адзначала, што імя Іван у яго надзвычай ужывальнае і засведчана ў наступных варыянтах: Іван, Янэк, Янка, Ян, Вано, Іванко, Ваня, Ванюша, Яська і інш. Дыяпазон эмоцый і пачуццяў, якія выражаюцца з дапамогай такіх формаў, надзвычай шырокі. Гэта пяшчота, сяброўская фамільярнасць, знявага, ласка, афарбаваная іранічнымі адценнямі і інш. Ужыванне той ці іншай формы імені абумоўлена прагматычным кантэкстам [7, с. 86].
Сімвалічны абагульняльны сэнс у творах Коласа набылі і некаторыя іншыя ўласныя імёны. Так, усё дарэвалюцыйнае сялянства абагульнена названа ў вершы “Мікалаю ІІ” гутарковымі сялянскімі імёнамі Янка, Грыц, Кузьма: Дзесяць год Мікола думаў,/ І прыдумаў ён Думу./ Пасадзілі разам з панам/ Янку, Грыца і Кузьму [К-с, І, с. 45]. У драме “У пушчах Палесся” Якуб Колас павялічвае спіс такіх імёнаў, якія абагульнена называюць беларускае сялянства часоў Грамадзянскай вайны, гатовае выступіць супраць захопнікаў. Гэта выяўляецца і ў дыялогу Мартына Рыля з панам Крулеўскім: Крулеўскі. Хто твае хаўруснікі? І дзе яны? Мартын. Мае хаўруснікі — Іван, Сцяпан, Даніла, Кірыла, Кандрат, Ігнат, Яўхім ды Трахім, ды Мацей з Аўдзеем [К-с, Х, с. 100]. Такой канцэнтрацыяй тыповых сялянскіх імёнаў у параўнальна сціслым кантэксце пісьменнік ствараў уяўленне масавасці народнага гневу, пратэсту супраць акупантаў. Алюзійна выразную асаблівасць гэтага тэксту памацняе і спецыфічная “гульня” онімаў - ампліфікацыя онімаў-імёнаў, якія яшчэ і рыфмуюцца, ствараючы дасціпна-саркастычны адказ пану. Канатацыйны кампанент гэтых анамастычных адзінак тут дамінуючы, а іх назыўная функцыя мінімальная.
Такія “сялянскія” імёны тыпу Іван, Кандрат, Трахім і інш. у творах пісьменнікаў нярэдка выступаюць як кантэкстуальныя кантрастывы да імёнаў, уласцівых, напрыклад, для беларускага шляхецкага анамастыкону. Так, В. Ляшчынская заўважыла, што ў паэтычных творах Янкі Купалы апазіцыя “сялянскія — шляхецкія імёны” нярэдка выступае сродкам адрознення персанажаў па сацыяльнай прыналежнасці, асабліва пры іх супастаўленні ў адным і тым жа творы. Яна прыводзіць пераканальныя прыклады з верша “Паніч і Марыся” і паэмы “Адплата кахання”, дзе паэт супастаўляе сялянскія і шляхецкія імёны як кампаненты-кантрастывы, дабаўляючы да іх адпаведныя класіфікатары (сын мужыцкі і шляхцянка): “А шчыра ж, а міла і Зося, і Янка — / Янук, сын мужыцкі, / А Зоф’я, шляхцянка” (“Адплата кахання”). Імя Іван, як заўважыла гэта даследчыца, не ўласціва яго паэтычным творам: “...сярод аналізаваных імёнаў, падабраных Янкам Купалам для сваіх персанажаў, няма імені Іван, за выключэннем байкі “Два мужыкі і глушэц”, дзе імя Іван асацыіруецца з Расіяй, прадстаўляе рускіх у адносінах да Беларусі” [9, с. 37]. У яго мастацкіх творах адпаведнікам да Іван выступае онім Янка як антрапонім-этнонім з максімальным кампанентам тыпізацыі, уласцівай некаторым імёнам з этнічна-выразнай семантыкай (у нямецкай мове, напрыклад, імёны Ганс, Фрыц, у французскай — Жан, Поль і г. д.).
Такое разнапланавае ўжыванне імёнаў у мове Я. Коласа і іншых пісьменнікаў тлумачыцца агульнанацыянальнымі і некаторымі рэгіянальнымі і канфесійнымі традыцыямі, бо ў беларусаў ужо ў перыяд сярэднявечча выявіліся імёны, асабліва ўжывальныя ў асобных канфесійных групах праваслаўнага, каталіцкага і ўніяцкага насельніцтва. Як адзначаюць даследчыкі-этнографы, значная разнастайнасць уласных імёнаў, якімі карысталіся нашы продкі, спалучалася з наяўнасцю груп найбольш ужывальных антрапонімаў, што было выклікана праяўленнем кансалідацыйных тэндэнцый. Так, згодна інвентару 1622 г. на ўсё мужчынскае насельніцтва ўладання Смаргонь прыходзілася 111 імёнаў, сярод якіх найбольш распаўсюджанымі і частотнымі былі Іван (27), Грышка (25), а таксама іншых, менш ужывальных — Фёдар, Мікалай, Пётр, Сцяпан (ад 11 да 14) [9, с. 134].
А ў народна-дыялектнай мове багацце пераважна дэмінутыўных і іншых варыянтаў імёнаў Іван і Ян (Янка) (адпаведна праваслаўны і каталіцкі варыянты да старажытнаяўрэйскага Иоанн) прасачыў М. Бірыла. Паводле яго абагульненняў самае папулярнае і частае ва ўсходніх славян імя Іван мае ў розных рэгіёнах Беларусі 44 варыянты (Іван, Іваначка, Іванок, Іванчык, Іваська, Ванёчак, Ванютка, Ванюшык і інш.), Ян (Янка) — 34 варыянты (Янак, Янік, Янчык, Янучок, Ясь, Яська, Ясёк, Ясюня і г.д.). Зарэгістраваныя даследчыкам вытворныя варыянты ўваходзяць у два словаўтваральныя рады: першы складаюць дэрываты ад невытворных асноў, другі — ад разнастайных вытворных [10, С. 64—69]. А ў айканіміі Віцебшчыны імя Іван у розных варыянтах стала словаўтваральнай базай для назваў 55 паселішчаў: Іванава, Іванаўка, Іван-Бор, Івашкава, Івашня; Янава, Янавічы, Янопаль, Янукі, Яськава, Ясюкі і інш. [11, с. 134]. У Расіі сотні назваў паселішчаў утворана ад імя Ӏван: Іван-горад, Іванава, Іванаўка і інш. В. Фанякова на падставе матэрыялаў “Слоўніка рускіх асабовых імёнаў” Н. Пятроўскага прыводзіць больш за 40 дэмінутыўных варыянтаў да гэтага самага тыповага ў рускай мове оніма (шматлікія памяншальна-ласкальныя і фамільярна-экспрэсіўныя варыянты). На яе думку, ні адно агульнае імя не можа даць такі лік моўных варыянтаў з памяншальна-ласкальнымі і павелічальнымі суфіксамі. Разнастайнасць такіх канатацыйных формаў у анамастычнай намінацыі стварае багацце сродкаў выражэння эмацыйна-экспрэсіўных адценняў у размоўным асяроддзі, якіх асабліва многа сярод асабовых уласных імёнаў і меней у прозвішчах, мянушках і амаль няма сярод тапонімаў [12, с. 20].
Такім чынам, можна сцвярджаць, што гэты запазычаны онім прайшоў усе ступені адаптацыі ва ўсходнеславянскіх мовах; па-першае, ён упісаўся ў фанетычную сістэму гэтых моў і вымаўляецца па іх правілах; па-другое, ён поўнасцю ўвайшоў у граматычную сістэму; па-трэцяе, ужо на ўсходнеславянскай тэрыторыі гэты онім паслужыў асновай для цэлага раду вытворных прозвішчаў, мянушак, айконімаў і інш. [14, с. 24]. Канатацыйны патэнцыял гэтага імя ва ўсіх усходнеславянскіх літаратурах па-майстэрску выкарыстоўваецца пісьменнікамі самых розных пакаленняў. Так, у камедыі Д. Фанвізіна “Брыгадзір”, антрапонімы ў якой прааналізаваў А. Рогалеў, ёсць вобраз моднага галамана Івана, сына Брыгадзіра, Ігната Андрэевіча. Мова Івана-Іванушкі перасыпана галіцызмамі і выразна кантрастуе з яго лексіконам і ходам думак гэтага двараніна, сапсаванага антырускім выхаваннем. Па яго развагах, быць рускім — недахоп. Іван прызнаецца, што хацеў бы мець за жонку такую, з якой ён мог бы гаварыць толькі па-французску. Як лічыць гэты даследчык, Д. Фанвізін хутчэй за ўсё свядома выбраў недалёкаму розумам галаману імя Іван, каб чытачу яно нагадвала вядомую прыказку “Іван, які не помніць радства” [14, с. 122].
Звяртаючыся яшчэ раз да імя Іван, А. Рогалеў пераканальна тлумачыць канатацыйную асаблівасць, што замацавалася за онімам у аповесці М. Гогаля “Як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам”. Па волі мастака гэты онім аказаўся ключавым, значымым элементам аповесці. “Сумна ў ціхім доміку, дзе дажываюць свой век Афанасій Іванавіч і Пульхерыя Іванаўна, сумна ў Міргарадзе сярод бязлікіх Іванаў Іванавічаў і Іванаў Нікіфаравічаў, дробных і пошлых абывацеляў, што марнатравяць жыццё”. У такім кантэксце, як піша А. Рогалеў, прастата называння персанажаў — Іван Іванавіч, Іван Нікіфаравіч — своеасаблівы мастацкі прыём: разнастайныя Іваны набываюць асаблівасці другаснага абагульнення, становячыся ў значнай меры апелятызаванымі адзінкамі з выразна маркіраваным значэннем “чалавек увогуле”, сумяшчаючы ў сабе асабова-іменнае і агульна-назыўное значэнні. Адсюль і пайшлі самыя разнастайныя сцверджанні тыпу “на Іванах Русь трымаецца”, “на Івана дзе сеў, там і злезеш” і інш. [15, с. 158].
Сярод беларускай творчай інтэлігенцыі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. выпрацавалася няпісаная іменалагічная традыцыя ў выбары псеўданімаў і дыферэнцыяцыі імёнаў Іван і яго варыянтаў Ян, Янка, Янук, якія, гаворачы словамі Ю. Карпенкі, “знаходзілася ў жорсткіх аковах узусу традыцый”: імя Іван на той перыяд, як мы ўжо адзначалі, у некаторых беларускіх аўтараў выкарыстоўвалася для называння пераважна рускага па паходжанні, а імёны Янка, Ян, Янук — беларуса. Мабыць, пад уплывам творчасці Івана Луцэвіча (Янкі Купалы) некаторыя беларускія паэты і пісьменнікі імёны Янка, Ян і інш. сталі актыўна выкарыстоўваць як кампанент з выразным нацыянальна-культуралагічным падтэкстам для ўтварэння новых псеўданімаў, улічваючы самыя разнастайныя крытэрыі і патрабаванні для такіх найменняў: Янка Маўр (Іван Фёдараў), Янка Журба (Іван Івашын), Янка Бярозка (Павел Кавалёў), Янка Шарахноўскі, Шарахоўскі (Іван Шарахоўскі), Янка Бобр (Станіслаў Шушкевіч), Янка Тутэйшы (В. Радзевіч), Ян Баранскі (Уладзімір Корбан), Янка Кліч (Зміцер Жылуновіч), Янка Нёманскі (Іван Пятровіч), Янка Маланка (Іван Маразовіч), Янка з Часнік (Іван Баркевіч) і інш. Частка творчай інтэлігенцыі пасляваеннага перыяду таксама пад уплывам папярэднікаў сваё ўласнае імя Іван замяніла на Ян, Янка — Янка Брыль, Янка Сіпакоў, Янка Саламевіч, Ян Скрыган і інш.
Янка Саламевіч, аўтар першага ў беларускай мове слоўніка псеўданімаў, якога сябры жартоўна называюць “каралём псеўданімаў”, меў больш за 200 самых розных такіх антрапонімаў, створаных самымі рознымі спосабамі: М. Кракоцкі, Барыс Лісавец, К. Ракоцкі, Я. Вароніцкі, Ян Бегер і г. д. Чаму ён карыстаўся такім мноствам псеўданімаў і чаму ён абраў імя Янка замест атрыманага ў сям’і Іван, сам Саламевіч тлумачыць наступным чынам: «У прамежку 1993—2003 гадоў я шмат пісаў і друкаваў у адрыўным календары “Родны край”, і каб маё прозвішча не мігцела перад чытачом, я мусіў падпісваць свае шматлікія публікаткі псеўданімамі і нават крыптанімамі. Некаторыя мае псеўданімы сустрэнуцца ў “Літаратуры і мастацтве”, у часопісе “Роднае слова”, у літаратурна-мастацкім календары “Кола дзён”… У нас, беларусаў, імю Іван адпавядае імя Ян — Янка. То мне падумалася: чаго гэта я павінен звацца нейкім Іванам, які да ўсяго яшчэ не помніць свайго роду. Гэтак жа думалі, мусіць, і мае папярэднікі — Янка Купала і Янка Брыль. Яны ж таксама былі ахрышчаныя на Іванаў. Але, пасталеўшы, асэнсаваўшы ўсе перыпетыі свайго хросту, перахрысцілі самі сябе, зыходзячы з народнай традыцыі, на Янкаў… Менавіта з гэтымі імёнамі яны ўвайшлі ў нашу гісторыю … Мабыць, разважаючы пра іх перахрост, пад іх уплывам і я стаў Янкам” [16, с. 187].
Яну Скрыгану прыйшлося нават правесці невялікае даследаванне, высвятляючы функцыянаванне і межы бытавання імёнаў Ян і Янка ў беларускай мове і яе гаворках. “Я прагледзеў, — пісаў ён, — назвы паселішчаў, утвораных ад імёнаў Ян і Янка, ад карэнных жыхароў бог ведае якога даўняга часу. Па Віцебскай вобласці аказалася: ад імя Ян утворана 22 назвы паселішчаў (Яновічы, Янава, Янкаўшчына і пад.). Па Мінскай вобласці: ад гэтага імя ўтворана 12 айконімаў (Янавічы, Янаўка, Янава, Янаўшчына і пад.); ад імя Янка — 5 такіх найменняў (Янкавічы, Янкава, Янкоўцы і пад.). Пасля такой экскурсіі ў тапаніміку, як зазначыў далей Я. Скрыган, я паспакайнеў: выходзіць, што ў мяне імя даўняе, тутэйшае, не чужое” [17, с. 230].
Яшчэ і ў наш час, як сведчаць публікацыі, даследчыкі творчасці Яна Скрыгана шукаюць адказ на пытанне, чаму ў апошнія гады жыцця, ён, ужо вядомы беларускі пісьменнік Янка Скрыган, вярнуўся зноў да імя сваёй літаратурнай маладосці — Ян. Як мяркуе Л. Карпава, даследчыца яго творчасці, пісьменнік зрабіў такі зварот да першага варыянту свядома, растлумачыўшы такую метафару ў апавяданні “Імя”: “шчыры ў сваіх памкненнях і думках малады літаратар, тактоўны і паважны, выхаваны мудрым народным асяроддзем інтэлігент у першым пакаленні, не мог сабе дазволіць падпісвацца імем Янка таму, што ў роднай літаратуры быў Янка Купала і “нікому другому гэткім імем карыстацца няможа” [18, с. 104].
Сярод значнай плеяды беларускіх пісьменнікаў — ураджэнцаў усходняга Палесся — выразна выдзяляюцца “тры Іваны” — Іван Паўлавіч Мележ, Іван Пятровіч Шамякін, Іван Якаўлевіч Навуменка — народныя пісьменнікі Беларусі, удастоеныя самых высокіх дзяржаўных узнагарод, усенародна прызнаныя класікі беларускай літаратуры, чый шматгранны талент мастакоў слова засведчаны ў разнастайных класічных творах, вядомых не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі. На долю гэтых пісьменнікаў, іх пакалення, выпалі самыя вялікія выпрабаванні лёсаў. Іх несумненны і ўнікальны талент, ураджэнцаў некалі забітага і адсталага Палесся, “края лясоў і балот”, гартавалі і выпрабоўвалі на трываласць надзвычай трагічныя і гераічныя падзеі ХХ ст. — станаўленне маладой рэспублікі Саветаў, супярэчлівая калектывізацыя ў 30-я гады, небывалыя па трагізму і гераізму гады Вялікай Айчыннай вайны, росквіт і заняпад ідэй і планаў пабудовы сацыялізму і камунізму на адной шостай частцы планеты, вяртанне са шматлікімі праблемамі да сваіх спрадвечных вытокаў у дзяржаўным будаўніцтве, станаўленне нацыянальнай ідэі і інш. Усё гэта прайшло праз лёсы гэтых пісьменнікаў і персанажаў іх твораў. На Палессі ва ўсе часы імя Іван было ў ліку самых ужывальных.
Адметнасць і непаўторнасць на фоне іншых беларускіх пісьменнікаў выявілася нават на іх імёнах. Яны (Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка) не сталі бязроднымі, а засталіся тымі Іванамі, якія заўсёды помнілі сваё радство — ганарыліся сваёй малой радзімай, шанавалі, паважалі сваіх непасрэдных, адкрытых, шчырых землякоў. Яны паламалі ўсталяваную традыцыю, створаную беларускай нацыянальнай інтэлігенцыяй канца ХІХ — пачатку ХХ ст., калі яе прадстаўнікі, ідучы за модай, ламаючы канфесійныя традыцыі, выбіралі сабе псеўданім. І тады Іван традыцыйна станавіўся Янкам, Янам: Іван Неслухоўскі → Янка Лучына, Іван Луцэвіч → Янка Купала, Іван Фёдараў → Янка Маўр і г. д. Стаўшы знакамітымі пісьменнікамі, яны не сталі Янамі, Янкамі. Такім знешнім кансерватызмам, на наш погляд, яны (Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка) выразна падкрэслівалі цесную сувязь са сваёй “малой радзімай” — Усходнім Палессем, дзе імя Іван сярод палешукоў самае тыповае, самае частае, а імёны Янка, Ян — рэдкія.
Сімвалічны сэнс гэтага імя яшчэ больш актуалізаваўся пасля вялікай Перамогі ў 1945 г., бо іменна Іваны — г. зн. беларусы, рускія, украінцы ўнеслі самы значны ўклад у Вялікую Айчынную вайну, гэта імя ў беларускай літаратуры больш за іншыя перадае нацыянальна-культуралагічны фон, а ўсе “Тры Іваны” дастойна прадстаўлялі свой народ у адказны для ўсяго чалавецтва перыяд. Двое з Іванаў — Іван Шамякін і Іван Навуменка — завяршалі Вялікую Айчынную вайну ў Германіі — краіне, адкуль вайна пачыналася. Іван Мележ, будучы цяжка параненым у самы складаны перыяд вайны, сустрэў Перамогу студэнтам БДУ, пачынаючы таленавітым пісьменнікам. Гэтыя “Тры Іваны” сваёй шматграннай творчасцю, гаворачы словамі Алеся Адамовіча, палемічна абвяргалі у сваіх раманах абразлівы, хоць і ўзаконены традыцыяй, погляд на палешука, на беларуса як на істоту з нейкага гістарычнага запаведніка. На яе, гэтую істоту, глядзяць спачувальна быццам, але ўсё ж — зверху, а паэт Уладзімір Верамейчык, “пясняр Палесся, “лірык Палесся”, таксама абураўся, аправяргаў гэтыя абразлівыя, крыўдныя словы; Стрыножная нафта б’е галом / Зямлі маёй, / А будзе так навекі… / Пішу без лямпы за сваім сталом, / Што мы — / “Палешукі і чалавекі”. Магчыма, што гэтыя мастакі слова бралі пад увагу і тое, што ў вялікай сусветнай літаратуры, культуры былі вельмі вядомыя Іван Вазаў, Іван Тургенеў, Іван Бунін, Іван Айвазоўскі і інш.
Між іншым, імя Іван, як было заўважана даследчыкамі, у беларускай літаратуры актыўна стала паяўляцца сярод пісьменнікаў толькі ў пасляваеннай літаратуры: Іван Шамякін, Іван Мележ, Іван Навуменка. Потым больш смела пайшлі і другія Іваны: Новікаў, Грамовіч, Пташнікаў, Чыгрынаў, Капыловіч.
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
- Никонов, В.А. География фамилий [Текст] / В.А. Никонов. — М.: Наука, 1988. — 192 с.
- Зубкова, Л.И. Имя Иван в языковом сознании русских людей 2-й половины XX века / Л.И. Зубкова // Русская речь. — 2009. — № 3. — С. 99—103.
- Разумейко, М.С. Власні назви у структурі фразеологізмів / М.С. Разумейко, Е.С. Рагушевський // Шоста Республіканська ономастична конференція: 4-6 грудня 1990 року: Тези доповідей і повідомлень. Опісове та прикладна ономастика. — Одеса, 1990. — С. 101—107.
- Рогалев, А.Ф. Ономастика художественных произведений: Пособие / А.Ф. Рогалев. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2003. — 194 с.
- Усціновіч, Г.К. Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны (ХІV—ХVІІІ стст.) / Г.К. Усціновіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1975. — 175 с.
- Болотов, В.И. Множественное число имени собственного и апеллятива / В.И. Болотов // Имя нарицательное и собственное / под ред. А. Суперанской. — М.: Наука, 1978. — С. 98—112.
- Бут-Гусаім, С.Ф. Варыянтнасць і прагматычная значнасць уласных асабовых імёнаў у кантэксце твораў Георгія Марчука / С.Ф. Бут-Гусаім, І.М. Міцкевіч // Имя и слово (проблемы семантико-прагматического взаимодействия в славянских языках) : материалы Междунар. научн. конф., Брест, 19—20 апр. 2007 г. : в 2 ч. / Брестский гос. ун-т; ред. В.И. Сенкевич [и др.]. — Брест, 2007. — Ч. 1. — С.
- Ляшчынская, В. Слова ў паэзіі Янкі Купалы / В. Ляшчынская; навук. рэд. А.І. Падлужны. — Мінск: Бел. навука, 2004. — 271 с.
- Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя / рэд. В.К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1985. — 215 с.
- Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія: Структура ўласных мужчынскіх імён / М.В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982. — 319 с.
- Мезенка, Г.М. Каляндарнае імя ў айканіміі Віцебшчыны / Г.М. Мезенка. // Актуальные вопросы славянской ономастики: матер. ІІ Междунар. научн. конф. «Славянская ономастика в ареальном, этимологическом и хронологическом аспектах» / отв. ред. Р.М.Козлова. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2004. — 304 с.
- Фонякова, О.И. Имя собственное в художественном тексте / О.И. Фонякова. — Л.: ЛГУ, 1990. — 104 с.
- Горбаневский, М.В. Иван да Марья. Рассказы о русских именах отчествах, фамилиях, прозвищах, псевдонимах / М.В. Горбаневский. — М.: Наука, 1987. — 149 с.
- Рогалев, А.Ф. Ономастика художественных произведений: Пособие / А.Ф. Рогалев. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2003. — 194 с.
- Рогалев, А.Ф. Имя и образ: Художественная функцыя имён собственных в литературных произведениях и сказах / А.Ф. Рогалев. — Гомель: Барк, 2007. — 224 с.
- Содаль, Ул. Эрудыт з Малой Кракоткі / Ул. Содаль // Полымя. — 2008. — № 10. — С. 187—193.
- Скрыган, Ян. Некалькі хвілін чужога жыцця / Ян Скрыган. — Мінск: Маст. літ., 1990. — 330 с.
- Карпава, Людміла. Пераадоленне наканаванага / Л. Карпава // Полымя. — 2005.— № 11. — С. 104.
- 19. Ліпскі, У.С. Мы: Аповесць пра нашы прозвішчы / У.С. Ліпскі. — Мінск: Белар