Шаноўны юны аўтар!

Пэўна ж, калі ты чытаў мастацкія творы, дык заўважаў, што сустракаюцца ў іх, акрамя апісанняў дзеянняў герояў, дыялогаў, яшчэ і апісанні навакольнага асяроддзя: ці то пра гушчар лясны аўтар напіша, ці то пра плынь ракі, ці то пра захад сонца, ці пра моцны мароз… Прызнайся: іншым разам ты, захоплены сюжэтам, хутчэй-хутчэй прачытваў гэтыя старонкі, каб зноў апынуцца ў гушчыні падзей. І задаваў сабе пытанне: ну навошта гэты аўтар перапыніў дзею ды так расцягнута піша пра тое, як цвіце каліна ці выспявае рабіна? Няўжо без гэтага нельга?

Ведаеш, дружа, нельга.
Давай паглядзім на тое ў жыцці. Для пачатку запішам такі невялічкі урывак: «Кацярына вярталася са школы не ў гуморы. У кватэры яна, як толькі распранулася, залезла на канапу, схавалася пад коўдру, уключыла тэлевізар, але не глядзела на экран, а думала пра тое, якім несправядлівым бывае жыццё».
Здаецца, усё проста і зразумела. Але. Давай паглядзім на твой сённяшні дзень. Што ў гэтым дні паўплывала на твой настрой? Надвор’е зранку? Ну, канешне! Яно часам сапсуе настрой, а бывае — наадварот. Цябе мог напужаць бадзяжны сабака, а можа, ты сустрэў маленькага коціка? А хіба ты не звярнуў увагу на тое, якой была дарога? Уся засланая прыгажэнным лісцем ці прыцярушаная іскрыстым снегам? Ці, можа, мокрая і гразкая, коўзкая і небяспечная?
Так, мой дружа, гэта толькі асобныя моманты, якія уплываюць на твой унутраны стан. Чалавек жыве не толькі сярод людзей, але і ў прыродзе. І з’явы яе абавязкова ўплываюць на яго настрой. Вось прыкра з-за нейкага канфлікту, а выйшаў на вуліцу — там сонейка, там бела-бела ад чысцюткага снегу, які так рыпіць пад нагамі! Дык трошкі і весялей!
Вось і атрымліваецца: часам прырода сугучная з нашым настроем, часам — дапамагае нам пераадолець нейкі крызіс сваім хараством.
Кожны аўтар імкнецца да таго, каб чытач не проста зразумеў сюжэт, уразіўся дзеяй, пасмяяўся над дыялогамі, але і адчуў дакладна настрой герояў, іх унутраны стан. Каб мы, чытаючы, ведалі: вось тут герою няўтульна, тут яму хораша і светла, тут трывожна, тут страшна, тут радасна і цёпла. І калі такое атрымліваецца, тады мы кажам пра існаванне ў творы сваёй атмасферы.
Канешне, можна проста сказаць: яму было няўтульна. Але гэты факт чытач мо і прыме да ўвагі, але яму самому так не стане! А не стане, дык і забудзе, што там з героем. Вось у чым фокус: ствараючы атмасферу твора, аўтар нібыта зацягвае самога чытача ў свой аповед, і тады мы не проста перажываем за героя, а адчуваем тое ж, што і герой. Мы пачынаем разумець куды глыбей пачуцці героя, мы самі адчуваем тыя ж эмоцыі!
Гэта адно. А з другога боку, скарыстоўваючы пэўныя з’явы прыроды, акаляючую прастору ўвогуле, аўтар можа больш глыбока раскрыць характар чалавека, момант яго напружання ці шчасця, пэўны перыяд жыцця. Хіба плынь ракі не наводзіць на думкі пра жыццё чалавека? Мінаюцца беззваротна, праўда ж, дні нашы, што вада ў рацэ. А квітнеючая вішанька і дзяўчына пад ёй — тут і хараство і, на жаль, кароткачасовасць юначага цвіцення.
Давай вернемся да нашага невялічкага кавалка пра Кацярынку, якая вяртаецца са школы. У яе сумны настрой? Восень? Няхай тое адчуе чытач, як няўтульна дзяўчынцы: «Дробны дождж не падаў кроплямі, а вісеў у паветры, і вецер шпурляў той мокры пыл у твар, халадзіў шыю, залазіў у кішэні, якія і так сталі вохкімі ад вільгаці. На тратуары не было мінакоў, вуліцай праносіліся аўтамабілі, узнімаючы мокрыя злыя віхуры. Мабыць жа, у салонах машын цёпла і суха, людзі прыедуць у цёплыя дамы, дзе ў некага распалены камін будзе кідаць водбліскі агню на засцеленую мяккім тоўстым дываном падлогу… Кацярына, адзін раз пабачыўшы камін у суседзяў па лецішчы, марыла, што ў яе некалі будзе такі. Няма каміна, няма сухога і цёплага дома — ёсць кватэра, халодная, бо яшчэ не уключылі ацяплення. Кацярына адамкнула дзверы, скінула брудныя красоўкі, павесіла на кручок мокрую куртку. Пераапранулася, нацягнула на ногі тоўстыя шарсцяныя шкарпэткі, забілася ў куточак, пстрыкнула пультам тэлевізара. Чаму так, думала яна: чаму некаму цёпла і ўтульна, а іншаму — азалець ад холаду, чаму некаму ўся ўвага, а іншым суджана быць фонам?»
Канешне, кавалак стаў куды большым. Мабыць, некаму падумаецца, і грувасткім. Але ж наша мэта — паказаць, як цяжка на душы у юнага, пакрыўджанага несправядліва, чалавека. Мы гэта зрабілі? Як ты мяркуеш? Трошачкі позняй восені прыйшло да нас з табой праз той кавалачак тэксту? Калі так — то і ты старайся рабіць свой твор атмасферным!
 
Дзядзька Кузьма
 
Добры дзень, «Бярозка»!
Некалькі дзён таму настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Лявонцьеўна паказала мне работы вучняў 5 класа. У падручніку «Беларуская мова, 5 клас, частка 1» было заданне напісаць працяг невялічкай казачкі пра Апостраф і Мяккі знак, і вучні з задавальненнем узяліся за гэтую працу. Некаторыя з гэтых працягаў мне так спадабаліся, што я вырашыла даслаць іх у «Бярозку».
 
З павагай, Ліза Карчэня.
 
Ведаеш, Ліза, рэдакцыі «Бярозкі» гэтыя працягі казкі таксама вельмі спадабаліся, і мы вырашылі надрукаваць іх.
Спачатку змяшчаем пачатак казкі з падручніка:
 
Апостраф і Мяккі знак
 
Ёсць на свеце краіна Фанетыка. Жывуць у ёй Гукі і Літары.
Аднойчы Гукі і Літары заспрачаліся.
Галосныя крычалі, што толькі яны сапраўдныя. Зычныя трымаліся сваёй думкі. Мяккія маўчалі. У іх не было сталага меркавання. А глухія… Тыя нікога не хацелі слухаць. На Мяккі знак і Апостраф увогуле ніхто не зважаў. Ці ёсць вы, ці няма вас — ніякай розніцы. Вы нічога не значыце.
Пакрыўдзіліся Апостраф і Мяккі знак…
 
На гэтым казка ў падручніку абрываецца. Ніжэй — тры заканчэнні, якія прыдумалі пяцікласнікі дзясятай мінскай гімназіі.
 
…і пайшлі з краіны Фанетыка шукаць лепшай долі.
У краіне Фанетыка наступіла раніца, але не такая спакойная і звычайная, як заўсёды. На галоўнай плошчы, каля палаца каралевы Фанетыцыі, сабралася шмат людзей. Усе яны нешта гучна расказвалі адзін аднаму, занепакоена кагосьці шукалі і чакалі, калі на балкон палаца выйдзе каралева.
Нарэшце паказалася Фанетыцыя ў акружэнні каралеўскай світы.
— Што здарылася, паважаныя? — спытала людзей каралева. — Да гэтага часу мае верныя літары і гукі верай і праўдай служылі вам.
— Здарылася нешта страшнае, — адказалі людзі. — Амаль палова слоў, якія мы выкарыстоўваем у сваёй мове, за адну ноч ператварыліся ў бязглуздзіцу. Было маленькі, а стала маленкі, лье ператварылася у ле. А некаторыя словы ўвогуле змянілі сваё значэнне: столь ператварылася ў стол, мель — у мел.
— А паслухайце нашы словы, — незадаволена загудзелі другія, — Бе, пе, падём, зем. Раней зычныя гучалі цвёрда перад е, ё, ю, я. Што здарылася?
У гэты момант усе гукі, якія жылі ў краіне Фанетыка, усё зразумелі і іх твары сталі чырванець ад сораму. Здагадалася і каралева. У гэты момант наперад выйшла маленькая літара с (толькі ў яе хапіла смеласці, бо слова смелы пачынаецца менавіта з яе) і расказала, як гукі і літары пакрыўдзілі Апостраф і Мяккі знак.
У той жа момант каралева паслала сваіх верных памагатых па Апостраф і Мяккі знак. Кожны жыхар чароўнай краіны Фанетыкі папрасіў у іх прабачэння, бо ўсе зразумелі, што Апостраф і Мяккі знак выконваюць сваю важную ролю, і замяніць іх ніхто не можа. Мяккі знак дапамагае зычным гукам стаць мяккімі, дзе гэта не могуць зрабіць літары е, ё, ю, я, і. Апостраф раздзяляе зычны і галосны, але робіць гэта па-свойму.
З таго часу ў краіне Фанетыка усталяваўся мір. Усе гукі і літары пасябравалі і больш не спрачаліся. А словы, якія ўтвараліся з іх дапамогай, былі правільныя. Калі, канечне, які-небудзь гора-вучань не рабіў у іх памылку. Але гэта зусім іншая гісторыя.
 
Ягор ЦІШКЕВІЧ
 
…і вырашылі збегчы з краіны Фанетыка. Але вельмі хутка Гукі і Літары пашкадавалі, што не звярталі на іх увагу, пакрыўдзілі. Так здарылася, што, калі зніклі Апостраф і Мяккі знак, то вераб’і раптам забылі як лётаць, а надвор’е стала дрэнным. Мядзведзь больш не хацеў есці маліну і спаць у густым ельніку. Ды і не стала больш мядзведзя і ельніку, а засталіся нейкія незразумелыя «мядзведз» і «елнік».
Спужаліся тады астатнія літары. Зразумелі, што нельга ім адно без аднаго, што трэба ўсіх шанаваць. А як зразумелі гэта, так і пайшлі прасіць у Апострафа і Мяккага знака прабачэння, прасіць іх вярнуцца дамоў.
 
Варвара АРЛОВА
 
— Чаму гэта мы нічога не значым? — абурыўся Мяккі знак.
— «Ці ёсць вы, ці няма вас — ніякай розніцы», — пакрыўджана паўтарыў Апостраф.
Вось так хадзілі Апостраф і Мяккі знак, пакуль не ўбачылі таблічку:
«Запрашаем усіх паказаць свой талент!»
Вырашылі Апостраф і Мяккі знак паказаць, што яны шмат значаць. Яны дамовіліся з некалькімі літарамі ім дапамагчы…
І вось дзень выступлення. Выйшлі на сцэну Апостраф, Мяккі знак і некалькі Літар — атрымалася слова аб’язджаць. У гэтым слове ёсць і апостраф, і мяккі знак.
— Я, — пачаў Апостраф, — раздзяляю літары «б» і «я». Без мяне было б абязджаць.
— А я, — прадоўжыў Мяккі знак, — стаю ў канцы слова. Без мяне было б аб’язджац.
Усе заапладзіравалі і вырашылі, што Мяккі знак і Апостраф усё-такі шмат значаць.
 
Анастасія ПЛАШЧАНСКАЯ
 
Такія вось цікавыя працягі казачнай гісторыі стварылі вучні-пяцікласнікі, што само па сабе цудоўна!
І, разам з тым, яны трывала замацавалі свае веды па дадзенай тэме, гэта другі плюс.
Ну, і, вядома ж, яшчэ больш палюбілі ўрокі роднай мовы і літаратуры, і гэты «плюс» — самы галоўны!