З раманам Кузьмы Чорнага «Млечны Шлях» я пазнаёмілася падчас вучобы ва ўніверсітэце. Чытаючы яго, я захаплялася глыбінёй думак аўтара, філасофскім падыходам да стварэння вобразаў, дэталёвасцю эпізодаў. Мне «Млечны Шлях» нагадваў творы Дастаеўскага, якімі ў юнацтве зачытвалася. Пазней я даведалася, што яшчэ ў 1920-я гады літаратурная крытыка прадказвала Кузьме Чорнаму будучыню «беларускага Дастаеўскага».
Лепшыя творы Кузьмы Чорнага былі створаны ім у вайну. Гэта раманы «Вялікі дзень» (1941—1944), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны Шлях» (1944). Доўгі час яны не друкаваліся, заставаліся ў рукапісах.
Апошні раман пісьменніка «Млечны Шлях» быў завершаны 12 студзеня 1944 года, калі да смерці аўтара заставаўся амаль год. Прынята лічыць, што ў канцы жыцця пісьменнік стварае самыя грандыёзныя рэчы, у якіх выказвае глыбіню адчуванняў, падсумоўвае досвед і перадае свой пагляд на жыццё — не толькі ўласнае, але і цывілізацыі, на лёс чалавецтва, на месца краіны ў свеце.
Чаму наш Дастаеўскі назваў свой раман «Млечны Шлях»? У яго атрымаўся незвычайны вобраз бясконцага шляху, які крытыкі бачаць па-рознаму: для адных ён метафара мірнага часу, для другіх — кахання або матчынай пяшчоты. Але можа, і нешта іншае?
Чаму менавіта Млечны Шлях узяў аўтар за сімвал да свайго твора, чаму не проста неабдымнае зорнае неба? Давайце звернемся да старажытных міфаў. Што ёсць Млечны Шлях паводле аднаго з іх? Малако, якое пырснула з грудзей Геры. Яна ўбачыла, што дзіця, якое яна карміла, не яе ўласнае — гэта пазашлюбнае дзіця Зеўса (Геракл), народжанае ад зямной жанчыны. Гера адштурхнула дзіця, вось малако і вылілася на неба і стала зорным шляхам. З аднаго боку, сувязь дзіцяці і маці. На працягу твора героі гавораць пра гэтую злучнасць: маці Уладзіміра Ярмаліцкага і яго імкненне да роднай хаты; каханая жонка Сямагі — маці яго дачкі. Дзяўчынка Гануся марыць пра малако, памятаеце? Гэта ж не проста так. Мо для таго, каб перадаць, што яна адчувае разарваную сувязь з маці, якая загінула? А можа, і нешта іншае?..
Гэта можа быць помста мачыхі няродным дзецям. А вы, дарагія, не думалі, што пісьменнік мог апеляваць тут да амаральнасці, крывавага шляху вайны, прыгнечанасці людзей — усяго таго, да чаго прывялі палітычныя акалічнасці, дыктатура ў краіне? На самай справе ўсім людзям патрэбна ў жыцці адно і тое: людзі — блізкія і дарагія, неба — мірнае і…«зоры як усведамленне нейкіх вышэйшых мэт чалавечага існавання».
Млечны Шлях злучае поўнач і поўдзень, паводле арыйскай міфалогіі гэта Дарога Птушак, бачная з розных куткоў свету. І глядзелі на яго і ў Беларусі, і ў Германіі. Можна было б меркаваць, што пісьменнік ставіць краіну на скрыжаванне, дзе сустракаюцца прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Падзеі, што апісваюцца ў творы, маглі адбыцца не абавязкова ў Беларусі. Заўважце, спачатку краіна ў творы не згадваецца, а героі — безыменныя, акрэслены толькі іх знешнія рысы.
Увогуле, увесь гэты твор Кузьмы Чорнага насычаны сімваламі, якія хочацца разбіраць па цаглінцы — каб дайсці нарэшце, да падмурка і даведацца, што хацеў сказаць аўтар. Мы ведаем, што творы Дастаеўскага трэба тлумачыць, абапіраючыся на сімвалы. Так і з творамі Кузьмы Чорнага: што ні персанаж ці месца дзеяння — усё, несумненна, сімвалы.
Прасочым жа за сюжэтам, абапіраючыся на сімвалы і іх тлумачэнні.
Чатырох невядомых аб’яднала адно — пачуццё голаду. Аўтар знаёміць з героямі незвычайна: спачатку падрабязна іх апісвае — адзенне, знешнасць, выраз твару… Апрануты яны амаль аднолькава: на іх целах спалучыліся і вайсковае, і сялянскае, ад чаго нам немагчыма зразумець, хто яны і адкуль. Пісьменнік раскрывае іх вобразы паслядоўна. Нават вельмі паслядоўна. Спачатку іх можна адрозніць хіба што па выразах твараў. У аднаго — рухавасць, бляск у вачах, маладосць жыве ў твары; у другога — халодная абыякавасць і безнадзейнасць навекі асталяваліся на твары; трэці — з прыпухлым тварам. Але ж у канцы гісторыі яго твар ужо іншы, зменены. Чаму? Магчыма, ён ажыў, смерць адышла ад яго. А можа, ёсць нешта іншае?
Гэтая чацвёрка, як памятаеце, палюе на быка, які хвастом па самыя сцёгны ўблытаўся ў шыпшыннік. Ён спрабаваў вызваліцца, ды не змог. Ірваўся на волю — і адчуваў смерць.
Ці не здаецца вам, што вельмі незвычайна пачынаецца гэты раман пра ваенны час? Замест таго каб апісваць падзеі, пісьменнік аддае ўсю ўвагу героям — спрабуе разабрацца ў іх душах. Чаму ён пачынае з быка, заблукалага ў лесе? Загнаная спуджаная жывёліна чакае ратавання, і прыход людзей бачыцца ёй спачатку збавеннем. Бык быў свойскай жывёлай, таму не пужаўся людзей. Аднак яго рыканне прыцягнула людзей з іншай мэтай — здабыць мяса, каб паменшыць голад, які даводзіць іх да нястрыманасці, шаленства, перадсмяротнага стану. Бык — кропка адліку, месца сустрэчы герояў, якія не давяраюць адзін аднаму. Словамі аўтара: «іх кампанія ледзьве трымалася гнілымі абручамі», але агульная патрэба аб’яднала іх. Героі прагнуць хутчэй наесціся мяса жывёліны, па жылах якой перад смерцю разліўся жах. Ці заглушыць яно іх голад? Ці ў тым сэнс, што яно не даваранае? Ці мо ёсць тут і нешта іншае?..
Пісьменнік разважае над маральнымі якасцямі і пачуццямі чалавека — што з імі стала ў час вайны. Сустрэўшы ў лесе немца, адзін з герояў бачыць, што той яшчэ бліжэй да смерці, чым ён сам. Аднак гэта не выклікае ў яго спачування, а выклікае новую пакуту: бачыць чалавека перад пагібеллю і ў няшчасці — і не мець сілы перамагчы сваю чэрствасць. Да вайны студэнт Ярмаліцкі паспеў папрацаваць настаўнікам. Яго доля — выхоўваць моладзь, узгадоўваць гуманізм, чалавечнасць. Але настаўнік губляе гэтыя пачуцці ў палоне. Вельмі добра адчуваюцца адносіны Ярмаліцкага і немца, якога ён сустрэў у лесе: «Поўная нянавісць уладала імі. Калі каторы з іх рабіў хоць абы-які рух, другі ўскідваў руку са зброяй, каб хаця той не зрабіў гэтага раней за яго». Нават бычынае рыканне не давала магчымасці адарвацца ад пільнага падазронага назірання за рухамі другога.
Яшчэ адна справа аб’яднае герояў — калі яны трапяць у вясковую хату з мёртвай дзяўчынай на лаве. Родным трэба яе пахаваць. Амаль усе няпрошаныя госці пагодзяцца капаць магілу — усе, акрамя паляка, які моцна прамёрз у сваім летнім пінжаку. Як бачым (і як падказвае аўтар), тут паміж беларусам і немцам няма адрозненняў. Чалавечая патрэба прыглушае недавер. А гаспадар хаты атрымлівае магчымасць адразу ж вызначыць, хто з іх хто па паходжанні.
Працяглая безыменнасць герояў — што хацеў тут сказаць аўтар? Ад самага пачатку мы ведаем толькі імя малодшай дачкі гаспадара хаты. Тут Гануся — сімвал чысціні, адкрытасці, бязгрэшнага пачатку, да якога героі звяртаюцца смела. Маючы хоць невялікую магчымасць расказаць ёй пра сваё жыццё, пакаяцца і паспавядацца, яны звяртаюцца да Ганусі, і праз гэтыя звароты да яе мы знаёмімся з імі, з іх цяжкімі лёсамі. У шмат якіх творах тое, што патрэбна герою, — добрае слова або прысуд — гучыць менавіта з вуснаў дзіцяці.
Для Уладзіміра Ярмаліцкага, які збег з палону, Гануся — вобраз ненароджанай дачкі, якая ў нямецкім палоне магла б стаць рабыняй. Гэта і вобраз дзяцінства, вайною забітага.
Выслухае Гануся і немца, які не хоча ваяваць, а хоча вярнуцца да роднай сям’і.
Зірніце на вясковую хату: яна пустая, амаль без мэблі, і вокны яе без шыбаў. Гэта хата бацькоў Мікалая Сямагі. Звярніце ўвагу і на «халодны пакой». Што там захоўваецца? Хлеб і адзенне, якое прапануюць студэнту Ярмаліцкаму. А Гануся там расчыняе цеста. Халодны пакой у жыцці не стасуецца з рошчынай, як вяскоўцу Кузьме Чорнаму гэта не ведаць? Але ён упарта звяртае чытацкую ўвагу на гэты пакой — як на чыстае, светлае месца, дзе героі могуць застацца сам-насам, забыць пра вайну, дакрануцца да звыклага, вечнага, дзе толькі пра цеста і думаць... А можа, тут нешта іншае?
Героі не застаюцца аб’яднанымі да канца. У хаце з’яўляецца атрад немцаў, і адзін з тых чатырох, што ўпалявалі быка, апынуўшыся германскім афіцэрам, расказвае ўсё пра тых, хто з ім побач. Ён выкрывае, як яму здаецца, ворагаў, пачуўшы папярэдне іх споведзі. Забыўшыся, што яны — людзі, разам з якімі ён змагаўся са смерцю, якія дапамаглі яму выратавацца. Цяпер, са сваімі, ён смелы. Немец забыў і дабро гаспадароў хаты. Героі не скараюцца ворагам — яны падпальваюць хату з немцамі. У агні тым гіне і нямецкі афіцэр, разам з якім яны змагаліся са смерцю, які дапамагаў ім выратавацца. Ціха, метадычна беларусы распальваюць вогнішча, не думаючы пра тых, хто ў хаце. Бо гэта ж немцы, якія нясуць смерць і палон. Ці не ставіць аўтар гэтым вогнішчам першых і другіх пад Млечны Шлях?
Героі ідуць на радзіму да Ярмаліцкага — і апынаюцца перад спаленай хатай, да якой кіраваліся, як да ратунку. Як сказалі б сёння, спрацаваў закон бумеранга.
…Пры перачытванні рамана мне ўспомніўся фільм «Зязюля», зняты ў 2002-м Аляксандрам Рагожкіным. Чым ён падобны на «Млечны Шлях»? Паглядзіце фільм — і знайдзіце адказы.
«Млечны Шлях» адрозніваецца ад іншых твораў Кузьмы Чорнага сваёй незвычайнасцю: раман гаворыць пра тое, што заканчэнне вайны само па сабе не нясе людзям шчасце. Мір — не канец чалавечым бядотам. Таму «Млечны Шлях» так нагадвае сучасны фільм без шчаслівага завяршэння.
 
Таццяна Лаўрык
 


Заданне рэдакцыі:
Прачытай, дружа, твор, і напішы, што ты думаеш пра іншыя яго сімвалы. Прапануем тры тэмы для напісання эсэ, за якое (прыслаўшы яго ў рэдакцыю) можна атрымаць падарунак:
1. Ці станоўчы герой Уладзімір Ярмаліцкі?
2.Праз што прабіваецца ў творы гуманізм яго аўтара?
3. Што ядуць гаспадары хаты? Чаму?