Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ

нарадзілася 19 студзеня 1989 года ў Брэсце. Закончыла філфак, магістратуру і аспірантуру БДУ. Паэтэса, празаік, літаратуразнаўца, фалькларыст. Аўтар кніжкі вершаў «Пульс навальніц» (2012), якую можна знайсці ў гарадскіх бібліятэках. Піша шмат — і ў розных кірунках. Літаратар-многастаночнік. Больш, чым пісаць, любіць толькі маляваць. Мае неадольную слабасць да катоў і кошак, добрых кніг ды гарбаты з бергамотам.

ЛЮСТРА СНУ

***

Людзі спяць.

Хто дыхае ціха, а хто — храпіць,

Так што шклянкі на кухні

Дробна дрыжаць ва ўнісон.

Падбяру з падлогі

Нябачную месяца ніць

І па ёй, як па дроце,

Бязважка ўвайду ў нечы сон.

 

Людзі сняць.

Хто зарплату, а хто і сваіх дзяцей.

Некаторыя нават у сненні

Бухгалтарскі зводзяць улік.

Горай тым, хто без кроплі святла

Самотна крочыць праз цень

Альбо тым, хто падае вечна —

І не можа выціснуць крык.

 

Людзі спяць.

Быццам пацеркі,

Коцяцца мроі ўначы.

Месяц лапай кашэчай

Чапляе іх на кіпцюры.

Месяц ловіць кашмары,

Каб людзі свой мелі спачын

Хоць у сне.

Хаця б трошачкі.

Хоць да зары.

 

ЦМОКІ

Там, у цёмнае пушчы,

Дзе дрэвы стаяць, як слупы,

Пераплёўшы карэнне

І сукаватае вецце,

Секачы сярод моху

Вышукваюць жалуды

І трывожна ўбіраюць

Праз ноздры

Духмяністы вецер.

 

Бусел ходзіць

Па беразе топкім за асакой.

Падаюць галасы

Ап’янёныя маем рапухі.

Неба быццам засыпана

Срэбнаю рыбнай луской,

Толькі хмары

З-над лесу

Нясуць навальніцу

Пад брухам.

 

У галінах, і ў лісці,

І ў меднай чаканцы кары

Бачу звівы стагоддзяў —

І звівы вялізарных целаў.

Пэўна, цмокі лясныя,

Схаваўшыся, спяць да пары,

Спавіваючы кольцамі

Станы разложыстых дрэваў.

 

А па зморшчках кары

Пішуць мудрасць сваю мурашы:

«Мы выходзім з зямлі,

І ўсе некалі будзем — зямля».

Цмокі спяць, і ім сніцца,

Як побач спяшаюцца

Жыць

Секачы,

І буслы,

Мурашы,

І рапухі,

І я.

 

***

Ах, як многа жыве

Незямной тугі

Ў цёмных звівах

Асенняй вады!

Завірыць бы ёй,

узняцца,

успеніцца б —

ды

закаваная ў берагі.

 

Аплятае трывала

сухі трыснёг,

сушыць горыччу

змрочны палын.

А зямлю колкі іней

Ужо аблёг,

Цяжка давіць

Нябесная стынь.

Як тужліва,

са скаргаю

шэпча рака,

як уздыхае яна

ў паўсне…

 

Зачарпну вады,

намачыўшы рукаў, —

як магу,

суцешу яе.

 

Кола дзён

Белы снег

На зямлю

Ляжа.

«Я цябе напаю», —

Скажа.

Белы свет,

Быццам снег,

Чысты,

Прарасце

Ў парастках

Лісця.

 

Снег растане,

Паўстане —

Квецень.

Яблык у садзе,

Як сонца,

Свеціць.

Сонца голаў закружыць —

Аж млосна.

 

Падбірае

паданцы

восень.

Іней сцелецца,

срэбрам —

звяжа.

…Белы снег

на зямлю

ляжа.

 

Прадчуванне

Неба падае

Проста ў лужыны,

І дрыжаць аскялёпкі блакіту.

За гарбатаю,

Трохі прастуджаным,

Добра марыцца

Аб нязбытным.

 

І размова, такая звыклая,

Уваходзіць

У свае каляіны.

І здаецца:

Пра нешта забыла я

Ці — драбочак сябе

Згубіла.

 

Нешта ў трубах

Варушыцца і бурчыць,

Падае свой

Звярыны зык.

Быццам хоча нас

Нечаму навучыць

Гарадскі замучаны

Дамавік.

 

А на кухні,

Ведаеш, пад акном,

Дзе і цёмны,

І ўтульны кут,

Скразнячок малы

Свой наладзіў дом

І, здаецца,

Прыжыўся тут.

 

Кроплі з грукатам дробным

Стукаюць у шкло,

Разбіваючы люстра сну.

Запалю ва ўсёй кватэры

Святло

І ўпушчу да сябе

Вясну.

 

Варожба

Горкі палын

Набяры ў прыпол,

Пахкія руты лісткі.

Камнем цяжкім

Упадзе сакол

За зайцам

У мох сухі.

 

Зёлкі спалі,

а попел — развей

На скрыжаванні пустым.

Вецер закруціць,

Закружыць,

Але

Вернецца

Верны

Палын.

 

Сонца на досвітку грае.

Ляціць

Кліч

Напярэймы журбе

Рута й палын

Не будуць

Маніць —

Любага

Вернуць табе.

 

***

А на вейках дрыжыць пытанне —

Не зададзенае яшчэ.

Не адлюбленыя каханні

Аніяк

Не разбіць ушчэнт.

 

Назаўжды у адно спавіты

Непадзеленыя раней

Эпізоды з пражытых жыццяў

У крыжаванцы

З праяў і дзей.

 

Неадступны і непазбежны,

Крочыць толькі наперад час.

На такія пытанні, зрэшты,

Толькі ён і дае

адказ.

***

Скажуць:

«Гэтак было і будзе.

Будзь — як людзі.

Не ўзірайся ў зорныя высі.

Прыстасуйся.

Змірыся».

 

Скажуць:

«Рабі,

Як усе.

Так, як прынята.

Прамаўчы!

Хай перакіпяць

Словы

За вуснамі сцятымі.

 

Памагчы?

Вось табе —

Ніткі з іголкай.

Забіся ў куток

І зашый сабе рот

На золку».

 

Скажуць

Яшчэ і яшчэ.

А ты вушы рукамі прыкрыеш.

А ты словы чужыя з вачэй

Пад дажджамі вясновымі змыеш.

 

Ведай: слова часам

Можа сагрэць,

Як неастылыя вуглі

Ў прыску.

 

Захавай,

зберажы

сябе

тут,

каля самага сэрца

блізка.