8 снежня 2018 года на базе ДУА «Гімназія № 36 г. Гомеля імя Івана Мележа» прайшоў абласны конкурс рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску».

Мерапрыемства праводзілася з мэтай развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў, павышэння агульнага культурнага ўзроўню гаварэння, фарміравання спецыяльных камунікатыўных уменняў і навыкаў, выяўлення здольных і лінгвістычна адораных дзяцей.

 

У конкурсе прынялі ўдзел 57 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: 18 дзевяцікласнікаў, 20 дзесяцікласнікаў і 19 адзінаццацікласнікаў.

Для ацэньвання выступленняў юных рытараў у склад журы былі запрошаны выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і трэнер абласной каманды ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

 

У І туры журы конкурсу ацэньвала загадзя падрыхтаванае мультымедыйнае эсэ па тэмах:

9 клас – «Беларуская нацыянальная лялька. Сімвалы, традыцыі, павер’і»;
10 клас – «Беларускі нацыянальны ручнік. Сімвалы, традыцыі, павер’і»;
11 клас – «Беларуская нацыянальная хата. Сімвалы, традыцыі, павер’і».
Па выніках тура члены журы адзначылі чатыры лепшыя эсэ навучэнцаў: Назаравай Аміны, вучаніцы 9 класа ДУА «Акцябрская раённая гімназія»; Грышковай Вікторыі, вучаніцы 9 класа ДУА «Гімназія № 36 г. Гомеля імя І. Мележа»; Фелькінай Настассі, вучаніцы 10 класа ДУА «Брынёўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» Петрыкаўскага раёна; Сеўрука Аляксандра, вучня 11 класа ДУА «Спецыялізаваны ліцэй пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Республікі Беларусь». Гэтыя навучэнцы прадставілі свае эсэ як узорныя падчас закрыцця конкурсу.

У другім туры пасля 15-мінутнай падрыхтоўкі ўдзельнікі мерапрыемства выказваліся на адну з дзвюх прапанаваных тэм, адказвалі на пытанні журы. Крытэрыямі ацэнкі былі вызначаны адпаведнасць выказвання абранай тэме, лагічнасць і будова выказвання, культура маўлення, тэхніка прамаўлення, эфектыўнасць маўлення.

 

У кожнага ўдзельніка была магчымасць прадэманстраваць свае творчыя магчымасці, інтэлектуальны патэнцыял, культурны ўзровень маўлення.

Трэці тур «Выкажы сваю думку» праходзіў у вуснай форме без папярэдняй падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу па прапанаваных цытатах. Крытэрыямі ацэнкі былі вызначаны ўменне выяўляць асноўную тэматыку i праблематыку твора, абгрунтоўваць прачытанае, вызначаць ролю сюжэта, кампазiцыi, выяўленчых сродкаў выразнасці.

Пераможцамі конкурсу сталі 25 навучэнцаў з 11 раёнаў вобласці і абласнога цэнтра.

Яркія ўражанні, незабыўныя сустрэчы, эмацыянальны станоўчы зарад – вось пералік тых пачуццяў, якія атрымалі ўдзельнікі конкурсу.

Віншуем пераможцаў, жадаем іх настаўнікам і бацькам далейшых поспехаў!

 

Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі