Увесь снежань (і крыху ў лістападзе) Выдавецкі дом «Звязда» прымаў гасцей у крамах сеткі «Белкніга». Сучасныя беларускія аўтары, якія шмат пішуць для дзяцей, прадстаўлялі свае кнігі, жартавалі, фантазіравалі, прыдумвалі незвычайныя заданні – адным словам, уцягвалі малых у дзівосныя казачныя сусветы. І, што не менш важна, паказалі дзецям, што пісьменнікі – гэта не толькі сталыя сур’ёзныя дзядзечкі з фатаздымкаў у школьных падручніках!

Персанажы казак Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «прыйшлі» на сустрэчу разам са сваёй «гаспадыняй». Камячок Пухлік, які ведае сто мільёнаў казак (мы не правяралі, але Кацярына ўпэўнівае, што гэта дакладна так), загадкавая Сіняя падушка, якая хавае ў сабе самыя добрыя сны, нябачныя жыхары кожнай школы (і ў вашай такія былі!) Асік, Бэсік і Вэсік проста зачаравалі дзетак, што прыйшлі ў краму «КнігаПоліс» 29 лістапада. Праз некалькі тыдняў там жа адбыўся моцны выбух весялосці і непаслушэнства! Гэта Дзмітрый Юртаеў, не проста аўтар, а сапраўдны артыст, расказаў і паказаў маленькім чытачам сваю кнігу гарэзлівых вершаў «Ни секунды тишины!». На адну гадзіну паміж кніжнымі стэлажамі пасяліліся зайцы, ваўкі, кацяняты, веліканы...

У «Кнігах і кніжачках» таксама не было калі сумаваць: разам з пісьменніцай Інай Фраловай дзеці вучыліся адрозніваць аптымістаў ад песімістаў, вымаўляць скорагаворкі на хуткасць, падбіраць прыгожыя рыфмы, а яшчэ – не верыць у прыкметы. Бо, калі ў вас нешта пайшло не так, ніякія чорныя каты, перабягаючыя дарогу, у гэтым не вінаватыя, так што будзьце паблажлівыя, не сварыцеся на жывёлак! Што ж рабіць, каб па жыцці ўсё атрымлівалася? Быць шчырым у любой справе, а яшчэ – верыць у Пігласа! Так раіць нам мастачка і дзіцячая пісьменніца Надзя Бука. На прэзентацыі ў «Кнігах і кніжачках» дзецям настолькі спадабалася гэта казачная істота, што яны пыталіся ў Надзі Букі, ці можна патэлефанаваць Пігласу, каб ён прынёс натхненне.

Вось такія яны, нашы аўтары і героі кніг – добрыя, вясёлыя і крыху чароўныя. Хочаце сустрэцца з імі? Прыходзьце на прэзентацыі ў «Белкнігу» ў наступным годзе! Ці проста чытайце нашы кнігі.

Алена Карпенка

Крыніца: інтэрнэт-партал

Выдавецкага дома «Звязда»