Пра лёс і творчы шлях класіка беларускай літаратуры раскажуць за акіянам. Выстаўку «Завуся я толькі Янка Купала» арганізавала пасольства Беларусі ў Аргенціне. Яна праедзе па ўсёй краіне і будзе паказана ў клубах дыяспары.

На адкрыцці ў Нацыянальным кангрэсе сабралася больш за сто чалавек. Многія з іх — гэта ўнукі і праўнукі тых беларусаў, хто некалі даўно адправіўся за мяжу. Наведвальнікі выстаўкі маглі не толькі азнаёміцца з біяграфіяй песняра, але і прачытаць яго вершы, перакладзеныя на іспанскую мову, каб разгадаць геній аўтара, які змог апісаць словамі партрэт цэлага народа.

Пасол Беларусі Уладзімір Астапенка падкрэсліў значнасць постаці Янкі Купалы для фарміравання беларускай ідэнтычнасці і станаўлення нацыянальнай дзяржавы. А дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч заўважыла, што спадчына паэта атрымала шырокае міжнароднае прызнанне і дагэтуль застаецца актуальнай.

Павел МІРОНАЎ

Крыніца: інтэрнэт-партал

Выдавецкага дома «Звязда»