Сёлета адбылася прыемная падзея для ўсіх тых, хто цікавіцца беларускім перакладам: да шырокага чытача дайшоў пераствораны на нашу мову раман Чака Паланюка «Байцоўскі клуб» (Логвінаў, 2013). Па эканамічных прычынах у 2013 годзе кніга была выдадзеная лімітаваным тыражом, і толькі сёлета дзякуючы краўдфандынгу большая колькасць людзей атрымала магчымасць чытаць кнігу па‒беларуску.

Выйшаў раман у серыі «Амерыканка», рэдактаркай якой з’яўляецца Марыя Мартысевіч. Гэтая серыя прысвечана вядомым творам паўночнаамерыканскіх аўтараў. У ёй таксама выйшлі кнігі «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі (пераклад Аляксея Знаткевіча), «Пенелапіяда» Маргарэт Этвуд (пераклад Вольгі Калацкай і Марыі Мартысевіч) і «Чытво» Чарлза Букоўскі (пераклад Ігара Кулікова). «Байцоўскі клуб» пераклаў Сярж Мядзведзеў, за што, дарэчы, атрымаў прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.
1. Правапіс і памылкі друку
Існуе раздзяленне ролей пры падрыхтоўцы кнігі да выдання. Якім бы майстрам ні быў аўтар ці перакладчык, над кнігамі звычайна працуе некалькі чалавек. Тэкст павінен мець яшчэ і рэдактара, і карэктара. Менавіта таму пры ацэнцы хібаў трэба разумець, што пэўныя з іх кладуцца на сумленне асобных удзельнікаў творчага працэсу.
Што да «Байцоўскага клуба», то тут спачатку ў вочы ў дрэнным сэнсе кідаюцца рэчы, якія адносяцца да «сферы ўплыву» карэктара — а менавіта досыць значная для такога невялікага рамана колькасць памылак друку і правапісных «скокаў».
Кніга аформлена сучасным афіцыйным правапісам беларускай мовы. Аднак у ёй часцяком можна сустрэць адхіленні ад яго. Напрыклад, гэта ў на месцы у (Ёханесгоў, 82; соўсаў, 85), памылкі ва ўжыванні злучка (па‒асобку, 283; то бок, 326), літара «і» пасля прыстаўкі дэз‒ (дэзінфарматары, 248; дезінфекцыйнага, 277) і іншыя.
Асабліва прыкметныя такія выпадкі тады, калі на адной старонцы побач з правільным пакінуты і няправільны варыянт: містар і містэр (335). Тут жа можна згадаць і прыклад, калі на суседніх радках знаходзяцца падобныя спалучэнні са злучнікам «і», але ў першым выпадку «і» скарочанае, а ў другім — не (ніколі й — дзіцяці і, 166). Здаецца, у такой сітуацыі вонкавая неаднастайнасць гаворыць за тое, што скарачаць «і» не варта.
З памылак друку можна назваць выпадзенне літар (зморшынкі, 269; заната, 432), якое бывае таксама паўторным (неперадольным, 231; неперадольным, 418), лішнія літары (мігльгае, 266; падбародздзе, 333) і іншыя.
2. Формы
Гэты пункт, у большай ступені, — зона адказнасці рэдактара, бо ён чытае ўжо гатовы тэкст і таму можа лягчэй прыкмеціць неаднастайнасць, няправільнасць канкрэтных ужытых перакладчыкам форм.
Пераходзячы адразу да канкрэтыкі, адзначу, што побач з правільна ўтворанай формай дзеяслова несяце (238), на жаль, сустракаюцца ў кнізе і выпадкі памылковага ўжывання такіх форм. Напрыклад, апынецеся (346). І калі праблемная форма 2‒й асобы множнага ліку ўсё ж бывае правільная, то вось з 1‒й асобай сітуацыя іншая. Не ўбачым мы ў тэксце літаратурных форм з ‒ём, ‒ом. Ужо ў анатацыі слова «б’ем» як бы намякае нам, што іх чакаць не варта. Ну і далей па кнізе выкарыстоўваюцца толькі такія формы: мы не памрэм (9), мы застанемся (10), мы нясемся наперад (313). Часта цяпер пра гэта гаворыцца, але паўтару і тут: формы дзеясловаў першага спражэння на ‒ем, ‒эм пад націскам у літаратурнай мове ўжываюцца ў загадным ладзе, а ў прыведзеных прыкладах мы маем справу з абвесным.
У перакладзе сустракаюцца і іншыя выпадкі няправільнага ўтварэння форм дзеясловаў: скочуць (133) — правільна «скачуць», стаючы (187) — «стоячы», упершыся (227) — «упёршыся», прынес (247) — «прынёс».
Цяжэй гаварыць пра выкарыстанне ў мастацкай літаратуры назоўнікаў мужчынскага роду ў форме роднага склону адзіночнага ліку. Як вядома, правілы ўтварэння названых форм досыць складаныя. І не дзіва, што ў мастацкім тэксце яны часта парушаюцца. Гэта нармальна, але ўсё ж узнікаюць пытанні, калі адно і тое ж слова ўжываецца па‒рознаму без асаблівых на гэта прычын: паласкальніка для рота (48), пах з роту (55).
У многіх выпадках у перакладзе пашыраецца ўжыванне канчатка ‒у на тыя словы, у якіх звычайна павінен ужывацца канчатак ‒а. Аднак часта можна сустрэць і адваротнае: калі ‒а (‒я) ужываецца на месцы ‒у (‒ю): ані знака (78), сілы духа (228), нітрат амонія (386), абеда (405). Відаць, тут трэба гаварыць пераважна пра рэдактарска‒карэктарскі недагляд.
Няправільныя формы сустракаюцца ў іншых склонах: у ценю (58) — «у цені (цяні)», у гаршчку (63) — «у гаршку», з ножам (346) — «з нажом», дрылем (369) — «дрылём», вуглём (386) — «вугалем».
Яшчэ адзін выпадак паказвае важнасць раздзялення значэнняў: у кнізе ёсць фраза на двары ноч (376). Тут паўстае выбар паміж двума варыянтамі канчатка. «На двары» значыць на нейкім канкрэтным двары, напрыклад: «У іх на двары гуляла шмат дзяцей». Калі ж гаворка пра тое, што адбываецца не ўнутры будынка, на вуліцы, то правільная форма — «на дварэ». Таму і ў прыведзеным прыкладзе з кнігі мае быць «на дварэ ноч».
Сустракаюцца памылкі ва ўжыванні займеннікаў: ні да чаго (198) — «ні да чога», абоіх (287) — «абаіх», а таксама ў займеннікавым кампаненце выразу «на самай справе» — на самой справе (257).
3. Словы і значэнні
Гэты пункт ужо, відаць, пераважна на сумленні перакладчыка, які працуе непасрэдна з арыгінальным тэкстам і першы вырашае, якія словы і выразы ў якіх выпадках ужываць. Аднак зразумела, што як перакладчык павінен карыстацца правільнымі формамі, так і рэдактар, бачачы дзіўныя, няправільныя, ужытыя недарэчы словы, павінен звярнуць на іх увагу аўтара перакладу.
Калі пачынаць гаворку з дзеясловаў, то тут вельмі бянтэжаць выпадкі ўжывання слоў «сканчацца», «сканчваць»: стужка сканчаецца (46), сканчвае аповед Альберт (170). У літаратурнай мове ў такіх сітуацыях выкарыстоўваюцца сінонімы «заканчвацца», «канчацца», «заканчваць», «канчаць». У слове «чхаць», у адрозненне ад рускай мовы, у корані паміж «ч» і «х» няма галоснага гука. Аднак у кнізе чытаем: як чыхаў (170), чыхаў (235).
Гэтаксама рэжа вока і шматразова ўжыты дзеяслоў «узгадаць» (не ўзгадвай пра, 149; узгадваю, 217; узгадваю, 409). Юрась Бушлякоў (мовазнаўца і перакладчык) слушна адзначаў, што «ўзгадаць» можа разглядацца як кантамінацыя (змяшэнне) двух беларускіх літаратурных слоў — «успомніць» і «згадаць», — якую, да таго ж, не фіксуюць нарматыўныя слоўнікі. На жаль, пад уплывам друкаваных і інтэрнэт‒выданняў сёння такое «ўзгадайства» хутка пашыраецца ў гутарковым маўленні тых, хто вывучае мову пераважна праз чытанне, — і вось ужо з’яўляюцца людзі, што лічаць чужым дзеяслоў «успамінаць»!
Не заўсёды ў слове можна прыбраць прыстаўку, каб вынік гэтага дзеяння застаўся ў межах нормы. Напрыклад, ёсць слова «праглынаць», але яго нельга проста так пазбавіць пра‒, бо дзеяслоў «глынаць» (глынаю, 91) нашай літаратурнай мове не ўласцівы. На яго месцы павінна было быць звычайнае «глытаю» або «праглынаю».
Калі гаварыць пра значэнні дзеясловаў, то ў сказе «Сёння я іду на БК, каб зачыніць яго» (372) трэба было ўжыць слова «закрыць».
Выкарыстана аўтарам перакладу (а рэдактарам не заўважана або свядома прапушчана) і некалькі нелітаратурных прыметнікаў і дзеепрыметнікаў: часнычнае (162) — «часночнае», кампоснай (282) —«кампоставай», ніштожнай (329) — «нікчэмнай», расцерты (357) — «расцёрты», усемагчымымі (359) — «усялякімі, разнастайнымі» і іншыя.
Вельмі мала каму з першага разу будзе зразумелае слова брунатныя (69). Гаворка пра вочы Марлы Сінгер. У арыгінале сказ выглядае так: Her eyes are brown. «Brown» — гэта карычневы. А карычневыя вочы па‒беларуску называюць карымі (прыметнік, які выкарыстоўваецца ў мастацкай літаратуры ўжо не першае стагоддзе, яго фіксавалі і даведнікі 1920‒х гадоў). Дый нават тыя, хто захоча праверыць у слоўніку, што ж гэта за такія брунатныя вочы, наўрад ці нешта знойдуць, бо ў асноўных агульнамоўных даведніках такога слова няма (а да слоўнікаў старабеларускай мовы неспецыялісты дабіраюцца крайне рэдка).
У фразе спадзявацца на адвечныя пакуты (298), відаць, правільней і дакладней было б ужыць «на вечныя пакуты», бо словам «адвечныя» падкрэсліваецца, што гэта пакуты, якія былі заўжды, а ў творы ідзе гаворка пра пакуты, якія напаткаюць чалавека па смерці.
Ёсць у тэксце прыслоўе неўзапраўду (94). Аднак і проста прыслоўя «ўзапраўду» ў нашай мове няма. Мабыць, выбраны перакладчыкам варыянт паходзіць ад рускага «не взаправду». Сэнс слова «взаправду» перадаецца адпаведнікамі «напраўду», «сапраўды», «папраўдзе». Таму тут трэба было напісаць нешта накшталт «не папраўдзе».
Асобна хацелася б абмеркаваць назвы розных прадметаў. На маю думку, тут «маладзёжнасць» мовы перакладу, якая шмат дзе ў кнізе выступае як яўны плюс, выяўляецца з негатыўнага боку. Тэкст месцамі перагружаны ўсялякімі «моднымі» і рэдкімі словамі. Часта яны абазначаюць рэчы, якія ўсе мы выкарыстоўваем штодзённа. Для іх называння ў многіх выпадках можна было без страты адценняў значэння ўжыць больш пашыраныя і зразумелыя найменні.
Як дазнацца чытачу, што канкрэтна меў на ўвазе перакладчык, выкарыстаўшы назоўнік спакмяннё (77)? Для гэтага трэба ведаць пра такое слова, як «спакмень». А спрэчкі пра тое, што яно само значыць, не сціхлі паміж мовазнаўцамі, здаецца, і дагэтуль. У арыгінале напісана this stuff. Тут дарэчы быў бы варыянт «нажыткі», які раіць для перакладу stuff «Англійска‒беларускі слоўнік» 2013 года (бо гаворка пра рэчы — посуд, фіранкі, — якія ад выбуху вылятаюць праз акно кватэры).
Сустракаюцца і іншыя назоўнікі, якіх няма ў беларускай літаратурнай мове: коледж (149) — «каледж», язменніку (277) — «дзярачкі».
Што такое электрагаляк (75)? У перакладзе гэтае слова называе звычайную электрабрытву. Вядома, паводле «Расійска‒беларускага слоўніка» Міколы Байкова і Сцяпана Некрашэвіча 1928 года, рускае «бритва» можа перакладацца як «галяк» (хоць варыянт «брытва» стаіць у гэтым даведніку на першым месцы). Але сёння назоўнік «галяк» выкарыстоўваецца пераважна ў значэнні беднага чалавека. І ў спалучэнні з часткай электра‒ ён наводзіць на думку зусім не пра брытву. (Напрыклад, не ведаючы кантэксту, можна падумаць, што гэта аголены электрапровад: былі рэальныя выпадкі такога ўспрымання.)
Са словамі падлокатні (50), павута (66), маразільня (135), адкрутка (385) сітуацыя крыху не такая, як з брунатным або спакмяннём. Калі апошнія могуць быць проста незразумелыя, то названыя ў пачатку назоўнікі выклікаюць іншы эфект. Калі бачыш іх у тэксце, неяк сама сабою ўзнікае думка, што, магчыма, такія нестандартныя словы ўжытыя, каб перадаць нейкі дадатковы сэнс. Але на справе звычайна нішто не перашкаджае памяняць іх на звыклыя падлакотнікі, павуціну, маразілку, адвёртку. А таму ці варта лішні раз адцягваць увагу чытача ад асноўнага зместу?
Заключэнне
Нягледзячы на тое, што ў матэрыяле разбіраліся хібы тэксту, трэба адзначыць, што перакладчыку ўдалося знайсці тыя сродкі, якія перадаюць дух анархіі і маладосці, закладзены ў арыгінале. Месцы, у якіх была патрэбная гутарковая лексіка, перададзены амаль дасканала. Але што датычыцца колькасці правапісных недакладнасцей і памылак друку, то да такіх пытанняў трэба падыходзіць больш адказна. Аналіз канкрэтных праблемных момантаў таксама гаворыць пра тое, што часам трэба больш рупліва падбіраць словы і выразы. А пазбегнуць такіх недахопаў можна толькі праз зладжаную супольную работу перакладчыка, рэдактара і карэктара.
Вядома, моўная норма — гэта не свяшчэнная карова, не нешта абсалютна недатыкальнае і непарушнае. Але адступаць ад яе варта толькі тады, калі мы разумеем, для чаго гэта робім. Трэба, каб чытач адчуў, для чаго менавіта ў гэтым месцы выкарыстана менавіта гэтае слова. А калі ніякіх асаблівых прычын ужываць нестандартныя сродкі няма, то лепш перадаць думку, закладзеную ў арыгінале, найбольш простымі і зразумелымі словамі і выразамі агульнанароднай мовы.
Аднак усім, каму блізкі маладзёжны бунтарскі імпэт, азнаёміцца з гэтым перакладам, безумоўна, варта.

 

Леў Глушыцкі