13-я.

Камора

Пецька Сіўчыкаў з усіх ног бег доўгім школьным калідорам, ледзь паспяваючы перахопліваць дыханне і прытарможваць на паваротах. Прычына рухалася следам, амаль не адрываючыся: таўстун Быкаў з 8 «В» даўно пагражаў пакараць Пецьку, калі той не перастане маляваць на яго карыкатуры. Сіўчыкаў трымаўся тры дні, але задушыць у сабе мастака не змог.

Пагоня набліжалася. Пецька ўляцеў у апошні паварот, далей — толькі прыбіральня і сцяна. Дакладней, былі там яшчэ адны дзверы, звычайна замкнёныя. Цяпер яны былі расчыненыя, і хлопчык-акулярык, якога Пецька раней ніколі не бачыў, махнуў яму рукой: хутчэй, маўляў, сюды.
Прастора за дзвярыма аказалася цеснай: проста камора, у якой тэхнічка захоўвае свой немудрагелісты інвентар. Акулярык усміхнуўся, прысеўшы ў куток. Усмешка была нядобрая: не хапала чатырох зубоў. Але Сіўчыкаў перастаў пра гэта думаць, бо пачуў за дзвярыма тупат Быкава. І нават яго дыханне. Быкаў зазірнуў у прыбіральню. «Ці зазірне сюды?» — са страхам прыкідваў Пецька. Замкнуцца знутры немагчыма, а ўтрымаць дзверы, калі іх будзе рваць Быкаў, наўрад ці атрымаецца.
Таўстун-такі пацягнуў за ручку. Дзіўна, але дзверы не паддаліся. Быкаў пхнуў іх нагой і сышоў.
Пецька перавёў дух і з удзячнасцю зірнуў на ратавальніка. Той працягваў шчарбата ўсміхацца. Сіўчыкаў працягнуў яму руку:
— Пётр.
— Го… ша.
— Новенькі?
Гоша не адказаў. Пецька пацягнуў за ручку дзвярэй, яны аказаліся замкнёнымі. Націснуў плечуком — без выніку.
Сіўчыкаву зрабілася не па сабе. Ён з дзяцінства неўтульна адчуваў сябе ў замкнёных памяшканнях.
— У цябе ёсць ключ?
Гоша не адказаў.
— Адчыні, ён пайшоў ужо.
Зноў без адказу.
Няяркая лямпачка пад столлю пачала патрэскваць і міргаць. Гоша ўсміхнуўся і з націскам на кожнае слова прамовіў:
— У цемры. Больш. Месца.
Падлога ўздрыгнула, і Пецька з жахам зразумеў, што камора некуды правальваецца, быццам ліфт. Акулярык зарагатаў. Лямпачка міргнула, асвятленне ўзнавілася, і Сіўчыкаў заўважыў, што застаўся адзін — дзіўны хлопчык быццам знік!
І тут прагучаў жаночы голас, безэмацыйны, як аўтаадказчык:
— Дваццаць два… Дваццаць адзін… Ужо хутка! Дзевятнаццаць… Васямнаццаць… Мы чакаем! Трынаццаць… Дванаццаць… Прыемнага вам палёту! Дзевяць… Восем…
— Аааа! — закрычаў Пецька, заціснуўшы вушы.
— Шэсць… пяць… Мы не любім пустых памяшканняў! Чатыры… Тры… Два… Вы на месцы!
Успышка! Удар!
На імгненне Пецьку здалося, што побач усміхаецца шчарбаты карлік у акулярах.

Тэхнічка Ніна Васільеўна адчыніла дзверы сваім ключом і закрычала: з каморы выйшаў зусім сівы Пецька Сіўчыкаў. Ён пагразіў ёй пальцам і сказаў:
— Яны не любяць пустых памяшканняў!

Аркаша,
прывід