Сяргей Шаматульскі

нарадзіўся 18 мая 1990 года ў Оршы, вучыўся ў Віцебску, жыве ў Мінску. Верыць у цуды, натхняецца людзьмі. Аўтар кнігі «Яны», прысвечанай лёсам маленькага чалавека ў рамках сучасных рэалій.

Задыхалася, задыхалася, але, у рэшце рэшт, вывучыла гэтую крохкую на зубах мову, канчаткова страціўшы сваю, паламаўшы яе ды перамяшаўшы з запазычанымі склонамі і канчаткамі, усё ў кіпу, чужынка і тут і там, як толькі адкрые рот, — правінцыялка; дзякуй, хоць не лімітчыца альбо, крый божа, «іншаземка» — што абазначала, безумоўна, зусім іншае, грубае, але так лёгка непадуладнае перакладу слова, якое тычылася толькі жанчын.

Хлопчыкаў тут любілі.

З’язджаюць заўсёды весела. Гэта вяртаюцца, падціснуўшы хвасты, з прыдуманымі гісторыямі і песнямі пра тугу. «Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы» — усё такім чынам. А з’язджаюць — не, урачыста.

Вось і яна.

Накрывала сталы, раздорвала рэчы: перашытыя паліто, боцікі —«толькі змяні набойкі». Старой скурай скінула мінулае жыццё, здабытчыцай накупіўшы «ў новым» каляровага кітайскага барахла ды тры кілаграмы цукерак адразу — чым выклікала яго смех:

«Тут можна і на грамы».

Апяклася. Але, прыбіраючы чужы дом, забылася. Проста выкінула аднойчы ўсе замытыя, як і іх шлюб, блузы. Па няўважлівасці не разглядзеў ў сінім мяшку са смеццем шэсць кароткіх, «у адзін дзень», гадоў, якія зваліся тут, праўда, зусім іншым, яшчэ адным так лёгка непадуладным перакладу словам.

Глупства.

Яна наогул цяпер ведала вельмі шмат гэтых «неперакладальных» слоў, на якія раней толькі шчэрылася, а цяпер магла і адказаць, зазубрыўшы прымаўкі, быццам формулы на колішняй «вышцы», якую, дарэчы, змагла ўдала пацвердзіць, асеўшы потым у напаўпадвальнай лабараторыі завода лекаў — сметчыцай. Пашанцавала. Нарэшце супакоіўшыся і стаўшы амаль сваёй — хаця б на пошце ці ў краме, дзе брала ўсё строга па сто грам.

Што траціцца?

Цукар, малако — ды і дастаткова, без непатрэбнага «дзякуй», а пачуўшы родную мову — цурацца. Кісла крывіць твар: «Панаехалі». Шаптаць: «Паводзяць сябе». Дэманстратыўна падымаць брыво на чарговае:

— А дзе тут?..

— Нічым не магу дапамагчы.

І не дапамагаць.

Змяніць нумар, не паведаміць адрас. Зарачыся мець зносіны хоць з кім, часам апраўдваючы сябе неабходнай практыкай мовы, а чарговага «носьбіта» — не больш чым дарэчным выпадкам. З дарослай жанчынай такое бывае.

«Без прыставак не абыйсціся».

Складаныя суфіксы, цюркскія эпітэты, за рукі не схапіць, першай не напісаць, а запрасіўшы, барані Бог, пакінуць:

— Толькі не ў мяне.

Ад пропісі да дыктоўкі, затым — пераказы. І як ні хацелася б пагуляць у хованкі, а ў выніку атрымліваўся квач, даводзілася даганяць: аўтобус, метро, пасля ісці пешшу. Класціся на плячо:

— Адкуль ты?

Здацца. Хоць ужо не лімітчыцай або, даруй Бог, «іншаземкай» — тараторыць, чырванець, блытацца.

Выдатніцай ужыць такі лёгка непадуладны перакладу эпітэт — падаруначак — здавалася б, жменьку цукерачак; ды раніцай сарамліва адвесці ад серванта вочы.

Адны фанцікі.

 

Сяргей Шаматульскі