Рукапісы не гараць, — услед за М. Булгакавым сцвярджае Уладзімір Арлоў. І не толькі рукапісы, але і ноты, і нават плёнкі са знятымі фільмамі, перакананы вядомы рэжысёр. Пад вокладкай яго кнігі «Імёны і прозвішчы сапраўдныя» («Имена и фамилии подлинные») (Мінск, Ковчег, 2018) — расповеды пра знакамітых акцёраў, музыкаў, рэжысёраў. Аўтар паспрабаваў адшукаць у іх біяграфіях той лёсавызначальны момант, калі яны, апынуўшыся ў патрэбны час у патрэбным месцы, сустрэліся з тым галоўным, што і зрабіла іх знакамітасцямі. Сярод герояў кнігі — айчынныя і замежныя дзеячы мастацтва: Валерый Рубінчык, Келі Грэйс, Орсан Уэлс, ансамбль «Верасы», Георгій Гаранян, Дзмітрый Шастаковіч, Майкл Дуглас, Хамфры Богарт і іншыя.

Многія гісторыі, расказаныя аўтарам, датычаць і літаратуры: адзін з раздзелаў выдання называецца «Сумнасмешная сувязь літаратуры і кіно». Гэта расповеды, у якіх злучыліся ўмельствы майстроў слова і экрана. Нярэдка здараецца, што пры экранізацыі літаратурных шэдэўраў атрымліваецца нешта зусім адрознае ад таго, што задумваў пісьменнік. У якасці прыкладаў У. Арлоў прыводзіць карціны «Снягі Кіліманджара» і «Бывай, зброя» па творах Эрнста Хемінгуэя, «Дзікае паляванне Караля Стаха» па рамане Уладзіміра Караткевіча, «У жніўні 44-га» па матэрыяле Уладзіміра Багамолава і іншыя.

Адметнасць выдання — своеасаблівая жыццёвая філасофія, якую аўтар не без гумару падае ў выглядзе кароткіх высноў пасля многіх з аповедаў: «Трэба слухацца разумных жонак», «Карысна мець дачы», «Лепш адмовіцца ад пончыкаў»...

«Прыдумляючы, баішся, што будзе „як у кіно” і што будзе не падобна на жыццё. А Жыццё — яно нічога не баіцца; выкручвае такія сітуацыі, падстройвае такія „стыкоўкі” характараў, вынаходзіць такія выгіны фабулы, што не адразу верыцца ў іх праўдзівасць», — піша ва ўступе да выдання Уладзімір Арлоў. І ў тым можа кожны пераканацца, чытаючы гэту цікавую і ў нечым павучальную кніжку, якая разлічана на шырокае кола чытачоў.

 

Яна БУДОВІЧ

Крыніца: інтэрнэт-партал

Выдавецкага дома «Звязда»