Белая птушка шчасця, якая нараджаецца з самых трапяткіх мар, каханне, якое жыве ў мроях, шчымлівы сум па тым, што засталося ў мінулым, блуканне па лабірынтах памяці ў спробах яшчэ і яшчэ перажыць самае дарагое сэрцу... Усё гэта і не толькі ёсць у новай, шостай па ліку, кнізе вершаў берасцейскага паэта Міколы Пракаповіча «Прытулак памяці» (Мінск: Кнігазбор, 2018). Гэтае выданне ўяўляе сабой зборнік выбраных вершаў з усіх папярэдніх кніг аўтара, якімі пазначаны 40-гадовы творчы шлях гэтага таленавітага паэта-палешука.

Першы беглы прагляд зборніка пераканаўча сведчыць, што яго аўтар — выдатны майстар паэтычнага слова, пяру якога аднолькава падуладныя самыя розныя формы, жанры і віды верша: балада і элегія, малітва і маналог, гутарка і калыханка, імпрэсія і верлібр і ўрэшце паэма.
Паэт выдатна ведае традыцыйную культуру Палесся: народныя песні і казкі, легенды і паданні, звычаі і абрады, промыслы і рамёствы. Шчырае замілаванне традыцыямі роднага краю хораша адлюстравана ў наступных вершаваных радках:

Няхай жа бясконца і плынна
гайдае стагоддзяў рака
і шчырае наша — сябрына,
і шчодрае — талака.

Алесь Каско ў прадмове да кнігі паэта напісаў: «Трывога за будучыню роднай, такой любай яму зямлі стала скразною ў ягоных вершах і паэмах». І сапраўды, гэтай тэме прысвечаны многія яго самыя пранікнёныя вершы і асобныя паэмы Міколы Пракаповіча, дзе спалучаюцца боль і спагада, адчай і надзея, вера й любоў. Аўтар увесь час думае пра трагічнае мінулае свайго роднага краю, пра яго сённяшні стан і пры гэтым спадзяецца на лепшую будучыню:

Мы зноў на шчаслівай мяжы
між тым, што збылося і будзе,
імгненні — маўклівыя суддзі —
зайшліся ў крутым віражы.
І таму зусім невыпадкова, што ў канцы ўсхваляванай вершаванай малітвы адданы сын зямлі ўкленчыў:
Дай, Айчына, мне адну магчымасць —
быць з табою побач.
Да канца.

Адной з галоўных «дзейных асоб» выдання з’яўляецца Памяць, што падкрэслена і самім аўтарам у назве кнігі. Тут яе вялікасць Памяць бадай што ўсюдыісная, усемагутная і ўсёпранікальная. Яна нібы працінае не толькі жыццё самога паэта, але і ледзь не ўвесь гістарычны шлях ягоных землякоў-палешукоў і ўсяго беларускага народа. У паэтычным свеце Міколы Пракаповіча гэтая магутная і ўчэпістая Памяць выступае ў розных абліччах і робіць неардынарныя ўчынкі — «лёсу старонкі павольна гартае», «крывавіцца шыпшынай» і нават ператвараецца ў птушку, што засведчыў фрагмент верша:

Прарастае з нябыту Памяць —
і ў наструненай цішыні
белай птушкай плыве над намі
да тваёй святой чысціні.

Разам з памяццю ў зборніку вершаў палескага паэта вельмі актыўна дзейнічае і бязлітасны да чалавека, грамадства і прыроды Час, пра што аўтар апавядае з дапамогай арыгінальных вобразаў і параўнанняў: «бліснуў Час на вейцы тваёй, / празрысты, нібы імгненне»; «маё цела, / як струмені вады, абмывае час»; «…і спыніцца час над табой / празрыста-ружовай расінкай»; «І час адменіць вета / на твой нясмелы стук».

У вершах не раз згадваецца матыў палёту і гаворыцца пра розных птушак. Як вядома, у старажытных міфах і рэлігіях птушка лічылася адвечным сімвалам свабоды, боскасці і духоўнага ўзвышэння чалавека. Адметна, што ў творах М. Пракаповіча акцэнтуецца ўвага не столькі на канкрэтнай назве птушкі (часта яна ўвогуле не называецца), колькі на яе колеры: найчасцей фігуруе менавіта белая птушка, якая нібы пералятае з верша ў верш альбо з верша ў паэму. Белая птушка сімвалізуе адначасова і Памяць (прыгадайма вышэйпрыведзены фрагмент верша, дзе памяць акурат становіцца птушкай), і дух Айчыны, і душу чалавека. А паколькі белы колер традыцыйна азначае чысціню, святасць, узнёсласць, то відавочна: аўтар хоча бачыць людзей узнёслымі, чыстымі ў думках і дзеях, а родны край — вольным і культурна багатым. Птушка атаясамляецца і з надзеяй, і з прызнаннем, і з верай, і з духам/душой, і нават з запаветнай марай. Матыў палёту ўскосна сведчыць пра пэўную незадаволенасць творцы цяперашнім жыццём-быццём і пра таемнае жаданне вырвацца з аковаў штодзённай мітусні і ўбачыць штосьці добрае, светлае:

Ах, харошае, — як яго хочацца,
калі птушкаю з даўніх дарог
не вяртаецца мара-самотніца
і адчай пераступіць парог.

У цэлым зборнік лірыкі Міколы Пракаповіча засведчыў: перад намі сталы прафесійны паэт, шчодра надзелены Богам і прыродай талентам, багатай творчай фантазіяй, чуллівай душой. Шчыра прызнаюся, што паэзія Міколы Пракаповіча ўспрымаецца мною як глыток свежага паветра ці чыстай крынічнай вады ў наш неспакойны, мітуслівы і прагматычна-меркантыльны час. Здаецца, што гэты адораны паэт нібы запрашае нас узняцца разам з ім на лёгкіх крылах душы ў бяскрайняе неба памяці, паспрабаваць ачысціцца ад усяго часовага, наноснага, непатрэбнага і насыціцца любоўю да бацькоўскай зямлі.

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Крыніца: інтэрнэт-партал

Выдавецкага дома «Звязда»