Друкаваць
Катэгорыя: Літаратурная крытыка

Калектыўныя зборнікі заўсёды прыцягвалі ўвагу чытачоў магчымасцю пазнаёміцца з рознымі творчымі кірункамі, паэтычнымі стылямі і светапоглядамі самых розных паэтаў і празаікаў. Таму і сустрэлі з вялікай цікавасцю першы нумар літаратурнага перыядычнага выдання «Берасцейская скарбніца» (Брэст, Альтэрнатыва, 2018), што пабачыў свет напярэдадні святкавання горадам тысячагадовага юбілею. Рэдактарам-укладальнікам адмысловага альманаха стаў празаік-фантаст, гісторык па адукацыі Сяргей Белаяр.

Літаратурнае выданне складаецца з сямі раздзелаў. У першым — «Жамчужныя россыпы» — вершы васямнаццаці паэтаў.

Адкрываюць яго роздумы Веры Вакулы. Паэтычныя творы Васіля Баннава, Лідзіі Касачук, Віктара Рэчыца здзівяць чытача эмацыянальнасцю, з якой аўтары ўспрымаюць жыццё. У паэзіі Таццяны Шульгі і Ліліі Высоцкай знайшлі адлюстраванне жаночыя пачуцці — імклівыя і пяшчотныя. Іван Дацкевіч і Віктар Хмарук паэтычным словам малююць свае сусветы, знаходзячы ў памяці дзівосныя шчымлівыя моманты. Вершы Ірыны Морых, прысвечаныя цыклам прыроды і музыцы, сатканыя з незвычайных незабыўных эпітэтаў і метафар. Светламіра Васілюк шчыра прызнаецца ў любові роднаму гораду Брэсту. Як матуліна калыханка, ласкава і цёпла гучаць радкі Галіны Бабарыкі, Зінаіды Навасад, Валянціны Кульбеды-Бакун, Валянціны Пігас, якія ўслаўляюць родныя краявіды і мястэчкі. У паэтычнай падборцы Надзеі Парчук прыцягваюць увагу ўрачыстасцю прысвячэнні знакавым фігурам беларускай культуры — Яўгеніі Янішчыц і Алесю Бачылу. Баранавіцкі паэт Юрый Мацюшка запрашае ў вандроўку па жыцці — няпростую, камяністую адчайнымі пошукамі шчасця. Вершы маладой паэткі з Камянца Настассі Нарэйкі — дыханне жыцця і мяцежная прыгажосць. Вобразы выразныя, арыгінальныя, а паэтычныя рашэнні прымушаюць міжволі заміраць ад нечаканасці:

Мой абветраны сад.

Мой здранцвелы, заплаканы сад!

Ты галінкаю голай

За сэрца кранаеш, бялесны…

Ты начамі не спіш.

Прадчуваеш: ідзе снегапад!

І чакаеш яго,

Нібы лыжачкі манны нябеснай.

Пранікнёная паэзія Зінаіды Дудзюк, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, дае магчымасць чытачу асэнсаваць жыццё, яго арыенціры, глыбінныя і базавыя каштоўнасці. Вобразы павучка, які займаецца сваёй працай, нягледзячы на вялікі складаны чалавечы рух, і мінака, які выглядае такім бездапаможным на фоне прыроднай стыхіі, падштурхваюць да сур’ёзных роздумаў.

Ганна Клімовіч, Іван Куцко, Марыя Шадуя робяць першыя, але ўпэўненыя крокі ў літаратуры. Іх вершы, якія ўвайшлі ў рубрыку «Першы крок», — адлюстраванне прамяністага, радаснага жыцця, напоўненага захапленнем новых адкрыццяў і ўражанняў.

Рубрыка «Іскры з-пад капытоў Пегаса…» прадстаўлена фантастычнымі апавяданнямі і мініяцюрамі Сяргея Белаяра, рэалістычнымі апавяданнямі Святланы Гарадзецкай і аўтара гэтых радкоў, шчырымі празаічнымі творамі Ірыны Фаміной, заснаваных на ўнутраных перажываннях, назіраннях, у водблесках якіх у чытача з’яўляецца магчымасць пачуць рэха ўласных успамінаў.

Самае вялікае багацце — сям’я, самая вялікая сіла — любоў, якую не можа перамагчы нават смерць. Апавяданне Галіны Бабарыкі «Бацька» закранае балючыя моманты ў сямейна-бытавых зносінах.

У рубрыцы «Дзіцячы гарадок» незвычайныя падзеі ў апавяданні Вольгі Сандрыкавай «Чараўніцтва Спірыдонаў у Стулах» пераносяць юнакоў у старое пасяленне Белавежскай пушчы, дзе нараджаюцца сапраўдныя казкі. Іскрынкамі дабрыні прасякнуты апавяданні Наталлі Шляжкі і чароўныя гісторыі Наталлі Кухліч.

Ганаровымі гасцямі «Берасцейскай скарбніцы» сталі члены Саюза пісьменнікаў Расіі — Наталля Раўкова, Ганна Самойлава, а таксама іванаўскі паэт Валерый Кухарчук, які цяпер жыве ў ЗША.

У рубрыцы «Капліца памяці» надрукавана апавяданне Мікалая Елянеўскага «Южный склон»: напружаныя трагічныя падзеі адбываюцца ў далёкім Афганістане. Дарэчы, Мікалай Елянеўскі на святкаванні Дня беларускага пісьменства пасмяротна атрымаў узнагароду абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч» у намінацыі «Проза» за кнігу «Мытары і фарысеі».

Апошні раздзел «Ратнае поле» прадстаўлены рэцэнзіямі студэнтак філалагічнага факультэта БрДУ імя А. С. Пушкіна. Будучыя літаратуразнаўцы — пераможцы літаратурнага конкурсу «Маладая літаратурная крытыка — 2018». Ксенія Якімук неардынарна падышла да аналізу кнігі Наталлі Касцюк «Детдомовские рассказы», а Таццяна Сільвестрава па-мастацку таленавіта і чулліва раскрыла паэтычны свет Галіны Бабарыкі.

Творы, прадстаўленыя ў кнізе, вылучаюцца сур’ёзнасцю, лірычнасцю, яркімі мастацкімі рашэннямі, адлюстроўваюць прыгажосць жыцця, духоўнае багацце нашага краю.

Мяркую, што старонкі выдання з цягам часу папоўняцца краязнаўчымі творамі, публіцыстычнымі матэрыяламі, паўнавартастымі крытычнымі артыкуламі. Незабыўнымі адкрыццямі парадуюць нас юныя аматары слова, а гасцямі брэсцкага абласнога выдання стануць літаратары з усяго свету. Да творчай майстэрні далучацца музыканты, мастакі, музейныя супрацоўнікі. І, хто ведае, можа, «Берасцейская скарбніца» стане сапраўдным брэндам нашага горада.

 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

Крыніца: інтэрнэт-партал

Выдавецкага дома «Звязда»