Друкаваць
Катэгорыя: Літаратурная крытыка

Характэрнай асаблівасцю сучаснага літаратурнага працэсу з’яўляецца ўскладненне зносін паміж творцам і чытачом, выкліканае неабходнасцю канкурыраваць з аўдыёвізуальнымі каналамі інфармацыі ў барацьбе за ўвагу аўдыторыі, што ў ХХІ стагоддзі найбольш востра адчуваецца паэтамі і пісьменнікамі. У такіх умовах перспектыўнай формай творчай камунікацыі бачыцца паэтычны слэм, які таксама можа служыць сродкам папулярызацыі паэзіі. Акрамя таго, як спосаб самавыяўлення аўтара паэтычны слэм уплывае на жанрава–стылявыя рысы твораў, абумоўлівае адметнасці іх рэцэпцыі і інтэрпрэтацыі.

Паэтычны слэм спалучае элементы літаратурнай імпрэзы, інтэрактыўнага шоу, творчага спаборніцтва па дакладна ўсталяваных правілах. Упершыню падобны перфоманс быў праведзены ў 1984 годзе ў ЗША і даволі хутка стаў з’явай сусветнага літаратурнага працэсу. Сярод асноўных правілаў, якія абумоўліваюць сутнасць з’явы, вылучым патрабаванне да ўдзельнікаў выступаць выключна з уласнымі творамі, а таксама перадачу аўдыторыі функцыі вызначэння пераможцы апладысментамі ці выстаўленнем адзнак. Прычым ацэньваецца і змест твора, і яго прэзентацыя аўдыторыі. Працягласць выступлення звычайна абмяжоўваецца трыма хвілінамі. Правілы слэму не толькі галоўным чынам адрозніваюць яго ад конкурсу дэкламацыі, але і абумоўліваюць змены ў жанрава–стылявых характарыстыках паэзіі, а таксама характары яе ўспрымання. Акрамя таго, паэтычны слэм можна лічыць прадуктыўным спосабам камунікацыі паміж творцам і аўдыторыяй.

Падчас выступлення паэта перад публікай, надзеленай правам ацэнкі, магчыма нараджэнне новай формы існавання твора, калі аўтарскае чытанне дапаўняе семантычнае поле верша, выступае як фактар яго інтэрпрэтацыі і ўспрымання. Для тлумачэння асаблівасцей рэпрэзентацыі твора ў фармаце слэму мэтазгодна звярнуцца да метадалогіі «рэцэптыўнай эстэтыкі» і аднаго з яе асноўных тэзісаў: «Тэкст абапіраецца не на рэчаіснасны свет, у якім ён паўстаў і існуе, а на працэс чытання, які надае яму сэнс» [5, с. 107]. «У літаратурнага твора ёсць два полюсы, якія можна назваць мастакоўскім і эстэтычным: першы адносіцца да тэксту, другі — да таго, як чытач канкрэтызуе тэкст» [3, с. 201], — сцвярджае нямецкі вучоны Вольфганг Ізэр. У дадзеным выпадку паняцце канкрэтызацыі мае дачыненне да чытацкага сцэнару ўспрымання, упісанага ў твор. На яго ўплывае шэраг фактараў, у тым ліку кантэкст рэцэпцыі — гістарычны і сітуацыйны. Фармат паэтычнага слэму стварае спецыфічныя абставіны рэпрэзентацыі тэксту, у якіх мастакоўскі і эстэтычны полюсы сумяшчаюцца ў працэсе чытання як акта творчасці. Аўтар, дэкламуючы ўласны верш, надае яму сэнс і можа ацаніць паспяховасць камунікацыі з аўдыторыяй, наколькі адэкватным задуме атрымаўся сцэнар успрымання. Калі мастацкая ідэя твора рэалізуецца сродкамі іроніі, гратэску, чорнага гумару, гульні слоў, стварэння абсурдных сітуацый, яго публічнае выкананне аўтарам мае асаблівае значэнне. Неспакушаны чытач можа прапусціць прыхаваную за каламбурнай знешнасцю сур’ёзнасць твора, аўтарская дэкламацыя ў гэтым выпадку мае шансы засцерагчы твор ад камунікатыўнай няўдачы. У паэтычным слэме аўдыторыя з’яўляецца апасродкаваным удзельнікам акта чытання, у творчай камунікацыі яна выступае як адзін з уплывовых бакоў: можа выказваць ацэнку твора і вызначаць ход мерапрыемства, накіроўваючы яго развіццё па адной з мноства магчымых версій. Менавіта таму слэм так арганічна ўвайшоў у сучасны культурны дыскурс, характэрнымі прыкметамі якога сталі інтэрактыўнасць, нелінейнасць, дынамічнасць і прынцыповая незавершанасць.

У беларускім літаратурным асяродку слэм узнік не толькі як адказ на выклік эпохі, але і як альтэрнатыўны камерным чытанням з мінімальнай доляй інтэрактыву сродак папулярызацыі паэзіі, які здолее прыцягнуць увагу маладога пакалення. Першы беларускі слэм адбыўся 1 жніўня 2008 года ў рамках фестывалю «Парадак слоў» і сабраў на адной сцэне такіх паэтаў, як Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, Валярына Кустава, Анка Упала, Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч і іншых. З таго часу паэтычны слэм стаў даволі рэгулярнай з’явай беларускага культурнага жыцця, а кароткая гісторыя яго развіцця, а таксама некаторыя нацыянальныя асаблівасці ўжо апісаны ў навуковай літаратуры [1]. Спаборніцтвы паэтаў праводзяцца ў музеях, кавярнях, арт–прасторах, на студэнцкіх пляцоўках, у выязным фармаце пад адкрытым небам і нязменна збіраюць даволі вялікія шэрагі гледачоў. Аднак патэнцыяльныя магчымасці слэму як сродку папулярызацыі паэзіі ўсё роўна засталіся да канца нерэалізаваныя. У апошнія гады падобныя імпрэзы ў нашай краіне ладзяцца, як правіла, у рамках паэтычных фестываляў, удзельнікамі і гасцямі якіх выпадковыя людзі не становяцца, таму пашырэння аўдыторыі, кола прыхільнікаў паэтычнага мастацтва такім спосабам дасягнуць складана.

Для разумення і паўнавартаснага асэнсавання паэзіі, адной з функцый якой з’яўляецца наладжванне духоўных кантактаў паміж творцам і чытачом, важнае значэнне мае выкананне верша аўтарам. У фармаце слэму яно выходзіць на новы ўзровень успрымання, паколькі дэманструе сінтэз мастацкіх сродкаў літаратуры, тэатра і шоу. Па словах Г. Кісліцынай, менавіта паэтычны слэм замацаваў тэндэнцыю ў сучаснай беларускай літаратуры, паводле якой «нацыянальная паэзія злучаецца з тэатрам, шоу, бярэ кірунак не столькі ў бок інтэлектуалізму, як гэта было яшчэ зусім нядаўна, а ў бок візуалізацыі» [4, с. 18]. Праявы існавання дадзенай тэндэнцыі назіраліся яшчэ ў 1990–я гады, калі для візуалізацыі паэтычнага тэксту творцы выкарыстоўвалі графічныя сродкі, а таксама фармат перфомансу. Усе падобныя эксперыменты так ці інакш мелі дачыненне да наватарскай дзейнасці паэтаў — удзельнікаў розных літаратурных аб’яднанняў канца мінулага стагоддзя («Тутэйшыя», «Таварыства Вольных Літаратараў», «Бум–Бам–Літ»). Аднак ужо да пачатку 2000–х інтэграцыйная актыўнасць у творчых колах пайшла на спад. Таму, калі прыняць да ўвагі хвалевы характар дынамікі літаратурнага працэсу, з’яўленне паэтычнага слэму ў Беларусі пасля кароткага перыяду адноснага зацішша выглядае не сляпым перайманнем чужародных тэндэнцый заходняй культуры, а заканамерным этапам у развіцці айчыннага паэтычнага мастацтва.

Прыйшоўшы ў Беларусь як амерыканская культурная навінка, паэтычны слэм адразу займеў нацыянальныя рысы. Першыя падобныя мерапрыемствы выявілі іх даволі цесную сувязь з традыцыяй перфомансаў 1990–х гадоў. Вось як апісвае М. Мартысевіч свае ўражанні ад выступленняў паэтаў на «Першым Купалаўскім слэме», які адбыўся ў 2009 годзе ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы: «Найбольшы фурор выклікалі троххвілінныя перформансы Аксаны Спрынчан і Алеся Туровіча. Першая расклала на зямлі тры белыя хусткі і пачала ілюстраваць вершы, здымаючы з сябе… чырвоныя сукенкі і кладучы іх на хусткі палоскамі. Калі на Аксане засталася апошняя, трэцяя сукенка, <…> [яна] падманула чаканні ўсіх, расклаўшы на хустцы асобнікі сваёй першай кнігі вершаў, таксама чырвоныя. <…> [А. Туровіч] прадэманстраваў высокую марку перформера суполкі “Бум–Бам–Літ”. Ён быў адзіным удзельнікам, хто аддаў павагу патрону мерапрыемства, склаўшы оду яго помніку, стылізаваную пад даклад купалаўскай канферэнцыі: “Купалу кавалі, кавалі Купалу, адлівалі, шуравалі, пілавалі…” — несліся над залай яго “навуковыя выкладкі”» [6].

Не змяніў выпрацаванай манеры чытання дзеля паэтычнага спаборніцтва і Віктар Жыбуль — таксама былы ўдзельнік суполкі «Бум–Бам–Літ», паэт і літаратуразнаўца, адзін з самых паспяховых беларускіх паэтаў–слэмераў. Многія яго вершы заваявалі чытацкую прыхільнасць менавіта дзякуючы дэкламацыі на паэтычных слэмах ці публічнаму выкананню ўвогуле: «Доктар Алкаголь», «Кавалер Валерка», «Я застаўся», «Сенегал», «Я — пасажыр. Я еду без квітка…» і інш. Выступленні В. Жыбуля ў рамках слэму ці звычайнай паэтычнай імпрэзы нязменна выклікаюць уражанні парадыйнасці, буфанады, блазнавання, за якімі часам хаваецца высмейванне заган чалавецтва. З дапамогай адмысловай аўтарскай манеры прадстаўлення твора паэт задае накірункі і атмасферу для яго адэкватнай інтэрпрэтацыі. Але сярод выкананых публічна твораў у В. Жыбуля нямала і проста дасціпных жартаў на тэмы будзённасці, блізкія кожнаму чалавеку, менавіта таму аўдыторыя жыва адгукаецца на іх і не шкадуе высокіх ацэнак, забяспечваючы паэту чарговую перамогу ў слэме. Змест вершаў, спосабы іх інтаніравання, адметнасці мімікі, жэстаў, паводзін падчас чытання — усё разам выпрацавала адпаведную рэпутацыю, запамінальны публічны вобраз аўтара, які таксама можна расцэньваць як сродак пашырэння кола прыхільнікаў уласнай творчасці і паэтычнага мастацтва ўвогуле. «Найпапулярнейшы ў далёкай ад паэзіі публікі аўтар» [8, с. 66], — так трапна адрэкамендаваў В. Жыбуля паэт і перакладчык, а таксама вядоўца паэтычных слэмаў (слэм–майстар) А. Хадановіч. Увогуле пазнавальнасць аўтара сёння з’яўляецца адным са сродкаў папулярызацыі літаратуры, калі «“раскручанае” імя аўтара становіцца перадумовай увагі да кнігі, замяняючы пры гэтым крытэрыі ацэнкі якасці мастацкага твора, выпрацаваныя эстэтыкай, літаратуразнаўствам, лінгвістыкай і інш.» [35, с. 113]. У такой папулярнасці бачыцца і адваротны бок, паколькі аўдыторыю можа прывабліваць выключна геданічны складнік паэзіі В. Жыбуля, які перашкаджае ацэньваць твор крытычна, негатыўна ўплывае на глыбіню яго інтэрпрэтацыі.

Спецыфіка адносін, якія ўсталёўваюцца паміж паэтам і аўдыторыяй у слэме, ствараюць сітуацыю, у якой перамагчы з філасофскімі медытацыямі, лірычнымі вершамі ды ўвогуле творамі, якія не апелююць да пачуцця смеху, нашмат складаней. Праўда, мяркуем, што для айчынных паэтаў слэм — у першую чаргу не спаборніцтва, а пляцоўка для прэзентацыі сябе і ўласнай творчасці, а ў лепшым выпадку яшчэ і сродак наладзіць зваротную сувязь з аўдыторыяй. Менавіта таму адной з нацыянальных рыс беларускага слэму, як заўважыла даследчыца літаратуры В. Гронская, з’яўляецца інтэлігентнасць, мінімальнае выкарыстанне экспрэсіўнай і ненарматыўнай лексікі, большая сур’ёзнасць прадстаўленых на спаборніцтвах тэкстаў — у адрозненне ад, напрыклад, украінскіх слэмаў, дзе эпатаж стаў адным з самых дзейсных сродкаў заваявання прыхільнасці аўдыторыі [1, с. 488]. Але сёння і ў арыгінальнай амерыканскай традыцыі слэму не назіраецца імкнення здзівіць публіку пазатэкставым антуражам. Ён пазіцыянуецца як магчымасць для творцы быць пачутым без сацыяльных, культурных, палітычных і эканамічных перашкод. Падобным чынам можна ахарактарызаваць і беларускі слэм, але выступленні айчынных паэтаў усё ж не стасуюцца з манерай выканання амерыканскіх слэмераў. Да яе не зусім пасуе вызначэнне «артыстычнае чытанне», яна перш за ўсё характарызуецца высокім тэмпам, імпульсіўнасцю, палкасцю, імкненнем пераканаць публіку сілай голасу. Паэзія на амерыканскіх слэмах гучыць падобна прамовам на палітычных мітынгах, манера чытання блізкая аратарскай, вызначаецца характэрнай рытмічнасцю, рэчытатыўнасцю. Тэксты, як правіла, першапачаткова разлічаны на публічнае выкананне, часта яны пішуцца спецыяльна для слэмаў або нават падчас іх, у жанрава–стылявым плане пераважна яны належаць да філасофска–інтэлектуальнай, публіцыстычнай, грамадзянскай лірыкі.

Сярод беларускіх паэтаў і па змесце выконваемых твораў, і па манеры чытання даволі блізка да арыгінальнай слэм–культуры знаходзіцца В. Рыжкоў, паэт і перакладчык, у т. л. твораў амерыканскіх слэмераў. Ён чытае дынамічна, экспрэсіўна, але без тэатралізацыі, для пераканання публікі выкарыстоўваючы выключна мастацка–выяўленчыя рэсурсы ўласных твораў. У стылявых адносінах паэзія В. Рыжкова, якую ён прэзентуе на слэмах, вызначаецца сугестыўнай накіраванасцю, часам набліжаецца да формы плыні свядомасці. Сутнасныя ў ідэйна–вобразным плане бакі падобных твораў надзвычай ярка раскрываюцца менавіта падчас аўтарскай дэкламацыі: «Выспела роспач, / вы–ы–ыспела, / вылезла, / воспай на твары высыпала, / воскам, выступамі, / слязамі празрыстымі, / выспамі, / высямі, / няспыннымі выразамі, / выспалася… / Выспела» [7, с. 46]. У інструментоўцы і рытміка–інтанацыйным малюнку вершаў В. Рыжкова адчуваецца, што яны арыентаваныя на публічнае выкананне, такія творы гучаць падобна рэчытатыву, і нескладана ўявіць іх музычнае суправаджэнне. Змест нярэдка бывае правакацыйным, выдаючы імкненне аўтара ўзрушыць публіку, застацца заўважаным. Бадай, менавіта на прыкладзе вершаў В. Рыжкова можна назіраць, якім чынам паэтычны слэм уносіць змены не толькі ў літаратурнае жыццё, але і ў зместава–фармальнае поле мастацтва слова.

Асаблівасці слэму як формы аўтарскага самавыяўлення заключаюцца ў тым, што акт творчасці здзяйсняецца перад аўдыторыяй у рэжыме рэальнага часу і яго вынік не заўсёды можа быць прадбачаны самім паэтам. У дадзеным выпадку нараджаецца адзін з мноства магчымых варыянтаў рэпрэзентацыі мастацкай ідэі, заключанай у паэтычным творы.

Фармат слэму дазваляе паэту наладзіць зносіны з чытачом без пасрэднікаў, уздзейнічаць на яго не толькі словам, але сродкамі мімікі, жэстаў, інтаніравання, стварэння спецыфічных абставін успрымання твора. Каштоўнасць падобнай формы камунікацыі тлумачыцца яшчэ і тым, што паэт можа аператыўна атрымаць зваротную сувязь ад аўдыторыі, назіраць эфект ад уздзеяння ўласнымі творамі. Менавіта таму апраўданым выглядае ўстанаўленне аднаго з правілаў паэтычнага слэму, якое патрабуе чытаць творы на памяць. Выкарыстанне падказкі ў выглядзе паперкі ці экрана смартфона стварае перашкоды на шляху да наладжвання псіхалагічнага кантакту з аўдыторыяй, а таксама абмяжоўвае выяўленчыя магчымасці дэкламацыі.

У эпоху панавання аўдыёвізуальных сродкаў камунікацыі ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці з’яўленне слэму як формы зносін паміж паэтам і аўдыторыяй выглядае цалкам лагічным. Прэзентаваная ў такім выглядзе паэзія набывае некаторыя адзнакі медыйнага прадукту: разлік на відовішчнасць, адчувальны геданічны складнік, перавага інтэрактыўных форм зносін. Безумоўна, гэта накладвае адбітак на жанрава–стылявыя рысы твораў, якія адрозніваюцца правакацыйным зместам, арыентацыяй на стварэнне эфекту камічнага, атмасферы абсурду. Як правіла, паэзія з падобнымі характарыстыкамі атрымлівае выразную рэакцыю аўдыторыі, што забяспечвае аўтару–слэмеру поспех выступлення.

 Літаратура

  1. Гронская, В. Паэтычны слэм як новая з’ява ў беларускай культуры: некаторыя нацыянальныя асаблівасці / В. Гронская // Культура. Наука. Творчество : сб. науч. ст. по матер. VII Междунар. науч.–практ. конф., Минск, 29–30 мая 2013 г. / Белорус. гос. Ун–т культуры и искусств. — Минск, 2013. — С. 486–490.
  2. Заяц, Н. Пазнавальнасць аўтара як сродак папулярызацыі літаратуры / Н. Заяц // Дзясятыя Танкаўскія чытанні (да Года культуры ў Беларусі): зб. навук. арт. / Беларус. дзярж. пед. ун–т; рэдкал. В. Д. Старычонак, І. М. Гоўзіч, Н. В. Заяц; адк. рэд. В. Д. Старычонак. — Мінск, 2016. — С. 113–116.
  3. Изер, В. Процесс чтения: феноменологический подход / В. Изер // Современная литературная теория: антология / сост. И. В. Кабанова. — М. : Флинта, 2004. — С. 201–226.
  4. Кісліцына, Г. Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы: аўтарэф. дыс. ... д–ра філалаг. навук : 10.01.01 / Г. М. Кісліцына. — Мінск, 2015. — 42 с.
  5. Маркоўскі, М. Фенаменалогія / М. Маркоўскі // Тэорыі літаратуры ХХ ст. / А. Бужыньска, М. Маркоўскі ; навук. рэд. Л. Баршчэўскі. — Мінск, 2017. — Гл. 2. — С. 85–118.
  6. Мартысевіч, М. Купаласлэм з бульвара Капуцынаў [Электронны рэсурс] / М. Мартысевіч // Новы час. — Рэжым доступу: https://novychas.by/kultura/kupalaslem_z_bul_vara_kapucina. — Дата доступу: 10.03.2019.
  7. Рыжкоў, В. Дзверы, замкнёныя на ключы / В. Рыжкоў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2010. — 108 с.
  8. Хадановіч, А. Мэтапаэзія і какетлівы дзявочы суіцыд / А. Хадановіч // ARCHE. — 2002. — № 3. — С. 62–68.

Таццяна Мотрэнка