Эпахальны крызіс ХХ стагоддзя, які выявіўся ў з’яўленні таталітарных рэжымаў, масавым знішчэнні людзей, паставіў пад пытанне такія паняцці, як асэнсаванасць гісторыі, вера ў прагрэс, стабільныя каштоўнасці. Менавіта ў гэты час узнікае філасофія экзістэнцыялізму, якая ўспрымае чалавека ўнікальным, супрацьпастаўляе яго небяспечнаму сацыяльнаму асяроддзю. Экзістэнцыялізм аформіўся ў працах М. Хайдэгера, К. Ясперса, Л. Шастова, М. Бярдзяева. Гэты філасофскі кірунак атрымаў шырокае распаўсюджанне ў мастацтве, у прыватнасці, у літаратуры. У творах пісьменнікаў–экзістэнцыялістаў адлюстравана асоба, якая павінна жыць у абсурдным свеце, поўным ілюзій. Ключавымі катэгорыямі экзістэнцыялізму з’яўляюцца памежная сітуацыя, выбар, свабода, сапраўдная экзістэнцыя (існаванне), абсурд. Найбольш вядомымі прадстаўнікамі гэтага літаратурнага напрамку сталі французы Альбер Камю і Жан–Поль Сартр.

У нашым слоўным мастацтве экзістэнцыяльныя матывы таксама знайшлі сваё месца. Даследчыкі, калі гавораць пра экзістэнцыялізм у беларускай літаратуры, найперш звяртаюцца да твораў Васіля Быкава. У яго прозе адзначаюць раскрыццё тэмы адчужанасці чалавека ад грамадства, духоўнай ізаляванасці, адсутнасці ілюзіі будучыні, ідэю варожасці свету ў дачыненні да чалавека або чалавека да свету.

Аднак экзістэнцыяльныя матывы можна прасачыць і ў творах беларускіх празаікаў першай паловы ХХ стагоддзя. Пра гэта пісала даследчык Т. М. Тарасава. Яна адзначыла ідэю самакаштоўнасці ў творах М. Зарэцкага [7]. Іх даследавалі з розных бакоў А. Ф.  Майсеенка [4], М. І. Мушынскі [5], І. Д. Воюш [1], Н. С. Пахомчык [6] і іншыя. Аднак многія пытанні, звязаныя з экзістэнцыяльнымі матывамі ў прозе гэтага пісьменніка, застаюцца нявырашанымі.

Вылучым экзістэнцыяльныя матывы ў апавяданні М. Зарэцкага «Ой, ляцелі гусі».

Пісьменнікі–экзістэнцыялісты заўсёды звярталіся ў сваіх творах да чалавека, які не ўпісваецца ў агульныя рамкі асяроддзя. Напрыклад, у рамане А. Камю «Чужаніца» чалавек з’яўляецца чужаніцай у дачыненні да маралі, якая пануе ў грамадстве. Тое самае можна сказаць і пра галоўнага героя твора М. Зарэцкага «Ой, ляцелі гусі» Адама Барковіча. У творы ён выступае як адчужаны, лішні па сутнасці герой. Яго можна параўнаць з персанажамі ранніх твораў А. Камю і Ж.–П. Сартра — калі аўтары яшчэ не дайшлі да ідэі «экзістэнцыялізм — гэта гуманізм».

Вобраз Адама Барковіча спачатку шакуе чытача: герой цынічны, не спачувае хворай на анкалогію жонцы, не хоча ездзіць да яе ў шпіталь, а бавіць весела час з каханкай, якую сам лічыць не асобай, а «бязлітаснай самкай» [2; с. 302]. Калі Адам бачыцца са Стасяй, то адчувае толькі агіду, паколькі для яго на першым месцы знешняя прывабнасць, якую тая ўжо страціла. Разам з тым, Барковіч — персанаж амбівалентны. Як і героі ранняй творчасці французскіх экзістэнцыялістаў, герой Зарэцкага, нягледзячы на шматлікія хібы, прываблівае гранічнай шчырасцю. Персанаж існуе па–за межамі грамадства, па–за межамі пэўных норм. Аднак ён у пэўным сэнсе застаецца верны сваім пачуццям і сабе: у адрозненне ад іншых персанажаў, ён не хаваецца пад сацыяльнымі маскамі. Кожны чалавек, згодна з экзістэнцыяльнымі ідэямі, перажывае ў нейкі момант жыцця бунт. На працягу апавядання паводзіны Адама раскрываюць яго, хутчэй, як трагічнага ў сваё духоўнай ізаляванасці, а не адмоўнага героя.

У рамане А. Камю Мерсо быў прыгавораны судом да пакарання ад імя грамадства не столькі за забойства, колькі за непрыняцце правілаў гульні асяроддзя, у якім жыве. У апавяданні М. Зарэцкага своеасаблівым судом для галоўнага героя становіцца Сяргей. Той ўшчувае Барковіча, які адмовіўся ад хворай жонкі і завёў каханку: «Адам! Няўжо ты пакінеш яе? Няўжо табе не шкода? Яна ж твая жонка, ты ж кахаў яе, ты і цяпер кахаеш... ты павінен кахаць, ты не звер...» [2; с. 299].

Сяргей, які паўстае перад чытачом супрацьлегласцю амаральнага, на першы погляд, Барковіча, паказвае сваё сапраўднае аблічча падчас спрэчкі ў лесе. У Адама хапіла смеласці плюнуць псеўдасябру ў твар і выказаць сапраўдныя думкі: «Ты не дужы сам для сябе знайсці што–небудзь у жыцці. Ты, як слімак, падпаўзеш да чужога і рад, што знайшоў дзе прыслініцца» [2; с. 321]. Сяргей жа, які да апошняга граў ролю вернага таварыша, спрабуе стрэліць Адаму ў спіну.

Каханка Таццяна адчувала палёгку ад набліжэння смерці Стасі. Галоўны герой разумеў яе сапраўдныя пачуцці: «Я кахаю цябе... Ты таксама жджэш яе смерці» [2; с. 306]. Пасля  паказу сапраўдных твараў герояў паводзіны Барковіча ўспрымаюцца як пазбаўленыя хлусні, фальшу.

Ва ўмовах выбару спадарожніцы жыцця Барковіч выступае як суб’ект. Але выздараўленне Стасі і расставанне з Таццянай — абставіны, на якія ён уплываць не здольны. Ён зноў знаходзіць свабоду выбару, калі пасля нечаканага выздараўлення жонкі і маральнай здрады каханкі набывае квіток у адзін канец.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў апавяданні «Oй, ляцелі гусі» прысутнічаюць экзістэнцыяльныя матывы. М. Зарэцкага нельга назваць чыстым экзістэнцыялістам і цалкам адносіць яго творы да гэтага літаратурнага напрамку, але відавочныя перазовы, асабліва з творамі ранняга экзістэнцыялізму — у прыватнасці, з «Чужаніцам» А. Камю. Персанаж, згодна з філасофіяй экзістэнцыялізму, сам надае сэнс свайму жыццю, а не прымае навязаныя іншымі парадкі і нормы. Ён найперш верны сабе.

 Літаратура

  1. Воюш, І. Д. Жанчына ў непрытульным свеце: жаночыя вобразы ў прозе Міхася Зарэцкага / І. Д. Воюш // Роднае слова. — 2004. — №9.
  2. Зарэцкі, М. Збор твораў: У 4 т. — Мн.: Маст. літ., 1989–1990. — Т.1 — Т.2 — 392 с.
  3. Камю, А. Избранное: повести; Роман; Рассказы и очерки: Пер. с фр./ Предисл. С. Великовского. — Мн.: Нар. асвета, 1989. — 496 с.
  4. Майсеенка, А. Творчасць Міхася Зарэцкага: станаўленне таленту / А. Майсеенка. — Мн., 1978. — 125 с.
  5. Мушынскі М. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. — Мн.: Мастац.літ., 1991. — 292 с.
  6. Пахомчык, Н. С. Структурныя гамалогii ў нарысе Мiхася Зарэцкага «Вясна 1930 года» // Веснік БДУ. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. — Мінск: БДУ. — 2013. — № 3. — С. 14–18.
  7. Тарасава, Т. М. Ідэя самакаштоўнасці чалавека ў творах Міхася Зарэцкага // Białоrutenistyka Białоstocka. — 2014. — №6.

Кацярына Кобус