Па часе іх разлучае семдзесят год, а яднае пісьменніцкі лёс, стойкасць характараў, патрыятычныя перакананні.

Алаіза Пашкевіч і Валянціна Коўтун… Прыгожыя рамантычныя жанчыны, высакародныя натуры прысвяцілі сябе роднаму слову, Айчыне, светлым ідэям. Абедзвюх аўтарак паяднаў векавечны «крыж міласэрнасці». Сімвалічна, што Валянціне Коўтун, аўтарцы дылогіі пра Алаізу Пашкевіч, сёлета споўнілася б таксама семдзясят год.

Актыўная і прынцыповая дзяўчына з акрэсленымі сацыяльна-палітычнымі поглядамі, якая вучыцца ва ўніверсітэтах буйнейшых еўрапейскіх гарадоў, свабодна вандруе па краінах Старога Свету і можа патраціць апошнія грошы, але дзіўным чынам вярнуцца з Італіі ў Беларусь… Алаіза Пашкевіч паўстае абсалютна сучасным нам чалавекам, вось толькі ўявіць яе эпоху даволі складана. Пачатак ХХ стагоддзя — гэта тысячы непісьменных сялян, сустрэчы рэвалюцыянераў на кватэрах у царскіх афіцэраў, эпідэміі смяротных хвароб… Барацьба за лепшую будучыню для рабочых і сялян натхняла Цётку на вершы, занадта радыкальныя для сучаснага гуманнага чалавека, — пры тым, што бацькі паэтэсы мелі ўласныя фальваркі, браты былі афіцэрамі, а ваеннаслужачых царскай арміі Пашкевічанка ратавала ад смерці падчас Першай сусветнай вайны, не шкадуючы ўласнага здароўя.