Работы мастака Уладзіміра Пашчасцева вядомыя нават і тым, каго не надта цікавіць мастацтва: дастаткова згадаць ім сябе маленькімі — і ўзнікаюць перад вачыма то Карлсан, які сядзіць на даху, прыжмурыўшы вочы ад простага шчасця, — гарбату п’е з плюшкай, і не з апошняй! — а то Ямеля, які па шчупаковым загадзе, на балалайцы граючы, на печцы едзе, а сабакі яго даганяюць…

«Три повести о Малыше и Карлсоне», выданне «Народнай асветы» 1980 года, як і «Русские народные сказки» таго ж выдавецтва за 1977 год, — гэта кніжкі, якіх не магло не быць там, дзе калісьці было прапісана дзяцінства. А вось школьны падручнік «Буквар», на ім бусел скача цераз скакалку, гусь на гармоніку грае, воўк забівае мяч. І «Панядзелак пачынаецца ў суботу» Стругацкіх, і «Про молоток, клещи и другие нужные вещи» Маркушы, і «Четвёртый позвонок» — перакладзены на рускую мову памфлетычны раман фіна Марці Ларні пра жыццё ў Амерыцы…

Празаічныя творы, якія друкаваліся ў «Маладосці» ў ранейшыя дзесяцігоддзі, аздабляліся ілюстрацыямі за тым самым подпісам: «Мастак У. Пашчасцеў». Уладзіміру Сцяпанавічу Пашчасцеву сёлета споўнілася б семдзясят пяць. Застаецца шкадаваць, што спазніліся, не запісалі мы з ім размову тады, калі гэта, без ніякіх сумненняў, было для яго вельмі важна. І, як аказалася, было досыць важна для нас.

Як цяпер нам сустрэцца з легендай? Трапіць у майстэрню мастака. Пагаварыць з Піліпам Пашчасцевым, сынам.

 

— Прозвішча Пашчасцеў гучыць незвычайна і, з аднаго боку, вельмі прыгожа — ад слова «шчасце», а з іншага, гэта нібыта «па шчасці», «пасля шчасця». Ці ведаеце вы штонебудзь пра яго паходжанне? Як яно «прачытваецца» ў вашай сям’і?

— Карані нашай сям’і адной сваёй часткай залягаюць на Гомельшчыне, адкуль родам мой дзед, татаў бацька. Адтуль і прозвішча Пашчасцеў. Толькі па–руску яно цяпер гучыць як Пощастьев, быццам з памылкай. Памылка і ёсць, бо правільна было менавіта Посчастьев, але да той пары, пакуль пры афармленні бацьку пашпарта не была ў ім дапушчана недакладнасць. Мяняць пасля гэтага прозвішча досыць праблематычна, таму і засталося Пощастьев. Але гэта сапраўды ад слова «счастье». Ну, а ў беларускім варыянце напісання памылкі як быццам і не было.

Сваё прозвішча бацька не толькі любіў, але і ганарыўся ім, паколькі яно не толькі рэдкае, але і было дастаткова вядомае ў БССР дзякуючы яго бацьку, майму дзеду Сцяпану Цітавічу Пашчасцеву, які загадваў, бадай, самымі прэстыжнымі мінскімі ўнівермагамі — у прыватнасці, ГУМам. Гандаль быў прафесіяй яшчэ яго бацькі, майго прадзеда, які меў свае крамы ў Гомелі. Гэты высокаадукаваны чалавек і стаў прыкладам для майго дзеда. Сцяпан Цітавіч, нягледзячы на цяжкае раненне, якое ён атрымаў у самым пачатку вайны, скончыў потым Інстытут народнай гаспадаркі.

Гісторыя нашых продкаў увогуле даволі цікавая. Бабчына лінія вядзецца з Удмуртыі, адкуль, зрэшты, родам і бацька. Прадзед быў кавалём, а прабабуля працавала па гаспадарцы, але пры гэтым магла з каня прастрэліць дно бутэлькі праз рыльца. Тата расказваў, што, калі яны з бабуляй ў 1960–я прыязджалі ў дом яе бацькоў, ён знайшоў там вялікую колькасць старых, яшчэ дарэвалюцыйных кніг і малюнкаў. У сям’і продкаў многія малявалі. Нават мая бабуля вышывала гладдзю ашаламляльныя карціны. І да кніг у нашым доме ставіліся заўсёды з павагай, іх многа чыталі і збіралі. Да гэтай пары ў нас бібліятэка займае палову пакоя. Пасля смерці таты я знаходзіў у ёй многа дзіцячых кніг, выдадзеных у 1950–я. Мяркуючы па ўсім, татавы бацькі не адмаўлялі яму ў добрай літаратуры. Гэта не магло не адбіцца на яго светапоглядзе.

 

— Вы сказалі, што і тата ваш родам з Удмуртыі. Як так атрымалася?

— Ён нарадзіўся ў 1944–м у Іжэўску. З’яўленне яго на свет было для таго часу тыповым: як мільёны дзяцей вайны, ён меў бацькоў, з якімі здарыўся франтавы раман. Таму што менавіта ў Іжэўску дзед, Сцяпан Цітавіч, праходзіў рэабілітацыю пасля цяжкага ранення, атрыманага пад Гомелем. Ранены ў пачатку вайны, ён ужо не здолеў вярнуцца на фронт, быў адпраўлены ў тыл. Там, у Іжэўску, ён пазнаёміўся з бабуляй, Клаўдзіяй Іванаўнай, якая працавала медсястрой у ваенным шпіталі. На радзіму, у Гомель, дзядуля вярнуўся ў тым жа 1944–м, а бабуля з татам прыехалі да яго ўжо пазней, па заканчэнні вайны. Потым дзеда перавялі на работу ў Мінск, і ўся сям’я за ім пераехала.

 

— Гісторыя пра тое, як ваш тата намаляваў тры дзясяткі грамат для аднакласнікаў, вядомая. Але каб настаўніца магла даць вучню такое заданне, трэба, каб гэты вучань раней праявіў свае здольнасці. Як праяўляўся талент юнага Валодзі Пашчасцева?

— Наколькі я ведаю, тата не разлучаўся з папераю і алоўкам ніколі. Кожную вольную хвіліну нешта ды маляваў. Нават яго дзіцячыя кнігі ўсе змаляваныя. У школе ён быў заўсёдным выдаўцом насценгазет і плакатаў. Праблемы з выбарам прафесіі ў яго не было.

Па ўспамінах бабулі і самога таты дзіцем ён быў хоць і таленавітым, але гэткім жа гарэзам, як і большасць дзяцей таго пасляваеннага часу. Бегаў праз лужыны, страляў галубоў з рагаткі, займаўся боксам. Прывяду адзін прыклад. У пасляваенным Мінску можна было шмат знайсці боепрыпасаў, і хлапчукі часам, не ўсведамляючы небяспекі, ладзілі з гэтымі мінітрафеямі дыверсіі на сметніках і ў ярах. Так і тата з сябрукамі знайшоў аднаго разу невялікі снарад і ўдарыў па ім малатком. Снарад узарваўся, Валодзя Пашчасцеў аглух на адно вуха. Цудам кампанія выжыла!

Акрамя малявання, тата меў шмат захапленняў, якім аддаваў вольны час. Займаўся фатаграфіяй, любіў аўтамабілі, майстраваў і рамантаваў усё, што толькі можна было прыдумаць і што трапляла пад рукі. А рукі ён меў «залатыя». Апошнія дваццаць гадоў вельмі яго зацягвала кулінарыя. Мастацкае ўяўленне заўсёды дапамагала яму «выявіць на пліце» кулінарны выраб нават на здзіўленне самых заўзятых гаспадынь, чым заразіў і мяне… Калі тата стаў дзядулем, ён пачаў майстраваць унукам цацкі. Гэта прыносіла яму сапраўднае задавальненне! Часам і мы, яго дзеці, я і мая сястра Ліза, былі «ў шоку» ад яго паравозаў, караблёў і карэт, якія ён ствараў з дрэва без адзінага цвіка або шруба.

 

— Чытала недзе, што толькі ілюстраванне дзіцячых кніг Уладзімір Пашчасцеў лічыў сапраўднай для сябе справай. Але калі разглядаю яго ілюстрацыі ў «Маладосці», як рэдактар зайздрошчу тым папярэднікам, для якіх ён так маляваў. Няўжо гэтую работу ён не лічыў сур’ёзнай і важнай?

— Большую частку свайго творчага жыцця Уладзімір Сцяпанавіч прысвяціў ілюстраванню дзіцячых кніг. Ён сапраўды лічыў, што без карцінак кніга для дзяцей нічога не вартая, а добры малюнак можа «ажывіць» нават самы пасрэдны тэкст. Дзіцячая кніга выхоўвае чалавека, прывівае яму не толькі веды, але і культуру, дазваляе па–іншаму паглядзець на свет. Бацька вельмі любіў ілюстраваць дзіцячыя кнігі па той прычыне, што і сам у дзяцінстве любіў кніжкі з карцінкамі. Быў ён чалавекам вельмі вясёлым, таму яго кніжныя персанажы выклікалі захапленне. І яму гэта вельмі было даспадобы. Калі ён ілюстраваў часопісы для дарослых чытачоў, то, бывала, начамі працаваў у майстэрні, каб малюнак змаглі зразумець людзі з ужо сфарміраванымі густам і светапоглядам, чаго не могуць яшчэ мець дзеці. Такія работы ён, канешне, лічыў сур’ёзнымі, але ўсё роўна аддаваў перавагу працы над малюнкамі для дзяцей.

Галоўным у жыцці бацькі было імкненне дарыць людзям радасць сваёй творчасцю. І гэта яму ўдалося! Яго кнігі пазнаюць, пераходзяць ад пакалення да пакалення. У многіх сем’ях я бачыў кнігі з яго малюнкамі, «зацёртыя да дзірак». Думаю, ён дасягнуў галоўнай мэты свайго жыцця.

 

— Ці ёсць формула яго поспеху? Не ўсім мастакам пашанцавала застацца ў гісторыі кнігавыдання, быць ілюстратарамі ў літаральным сэнсе знакавых кніг, якія апрыёры апыналіся ў кожным доме. Як бы вы адказалі на пытанне: чаму ён?

— Тут я магу параўноўваць тату з акцёрамі, якія выконвалі знакавыя ролі і якія яны маглі выканаць лепш, чым іншыя. Гэта як у рэжысёра Леаніда Гайдая, чые персанажы фільмаў сталі класікай, а іх выразы разляцеліся на цытаты і ўжо не адно пакаленне людзей глядзіць на іх, ім апладзіруючы. Так і кнігі, ілюстраваныя бацькам. Не ўяўляеце, як прыемна, калі прыходзіш да некага дадому і бачыш знаёмыя «карэньчыкі» на кніжнай паліцы.

Аднак жыццё склалася так, што да канца 1990–х мастакі накшталт майго бацькі аказаліся менш запатрабаванымі, паколькі ў моду пачалі ўваходзіць камп’ютарныя карцінкі, часам нават гатовыя нарыхтоўкі. Ствараць іх не было цяжкай працай, ды і асаблівага таленту не патрабавалася, а выдавецтвам трэба было паніжаць ганарары. І ўсё гэта на фоне сыходу на пенсію старых майстроў выдавецкай справы. Тата вельмі цяжка перажываў гэты перыяд, паколькі новае пакаленне выдаўцоў не заўсёды было прафесійным. Тым не менш, юныя аўтары проста патрабавалі Уладзіміра Сцяпанавіча ў якасці ілюстратара сваіх кніг і падручнікаў. Яркі прыклад — «Буквар» Клышкі, які быў прызнаны лепшым!

 

— А як Уладзімір Сцяпанавіч ставіўся да поспеху? Ці лічыў гэта поспехам?

Як усе людзі мастацтва, бацька заўсёды цаніў тыя поспехі, якіх ён дасягнуў. Я лічу, гэта сапраўды было поспехам, ды і не толькі яго. Гэта поспех нашай рэспублікі, якая выдавала такія кнігі шматтысячнымі тыражамі. Беларуская кніга таму і цэніцца на прасторах былога СССР, што аўтары і мастакі ўкладвалі ў яе усю душу. Шкада, што сапраўдныя майстры сыходзяць па той прычыне, што іх не цэняць з–за ўласнага невуцтва тыя, хто потым пускае дзяржаўныя грошы на «безаблічныя» падручнікі і кнігі. З гэтым сутыкнуўся і бацька, калі паспрабаваў данесці сваё бачанне да аднаго з рэдактараў дзяржаўнага выдавецтва, пасля чаго было абвешчана, што ён «не ўмее» маляваць. Некалькі гадоў яму ўвогуле не прапаноўвалася работа. А маглі ж яшчэ з’явіцца знакавыя кнігі і падручнікі…

Уладзімір Сцяпанавіч — адзін з нямногіх мастакоў–графікаў, які дасягнуў поспеху не толькі ў кніжнай ілюстрацыі, але і ў класічнай графіцы, гравюры і афорце. На самой справе, гэта вельмі цяжкая і карпатлівая праца, за якую не кожны мастак бярэцца. А ён узяўся, ды яшчэ і вучняў выхаваў.

 

— Якія ўрокі жыцця ён вам даў? Пра што ў сабе вы можаце сказаць: «вось гэта дзякуючы бацьку»?

— Большая частка таго, чаму я ў жыцці навучыўся, — гэта дзякуючы яму. Пачынаючы ад ваджэння аўтамабіля і завяршаючы тымі ўменнямі, якімі павінен валодаць сапраўдны мужчына. Я малюю з дзяцінства, шмат гадоў займаўся ў студыі Сумарава, але, канешне, большасць навыкаў і азоў я атрымаў ад таты. Прафесійным мастаком я так і не стаў, але навыкі афармлення кніг дазволілі мне стварыць і выдаваць першы ў краіне глянцавы часопіс «Удача». Я выдаў не адзін дзясятак кніг, першы камп’ютарны арыгінал–макет падручніка для школ РБ рабіў таксама я, але пад кантролем бацькі. Дзякуючы тату я асвоіў культуру афармлення кнігі, а гэта бясцэнны досвед! Мая сястра Лізавета Пашчасцева пайшла па слядах бацькі, закончыла Мінскае мастацкае вучылішча і з’яўляецца членам Саюза мастакоў Беларусі. Бацька «ўклаў» у яе ўсе свае навыкі мастака–афарміцеля. Мая дачка і дачка маёй сястры гэтаксама, як і мы, з дзяцінства не выпускаюць з рук алоўкаў. Таму з гонарам магу сказаць, што мы — Дынастыя.

 

 

Мастак Сяргей Волкаў:

 

— Воўка маляваў паўсюль і ўвесь час. Мы і пазнаёміліся з ім, калі ён сядзеў на падаконніку ў Палацы піянераў, у Сяргея Пятровіча Каткова. Гэта было ў сярэдзіне 1950–х. Сядзеў асобна ад іншых, у цюбецейцы. Мы ўсе тады ў цюбецейках хадзілі і ўсе мелі грыўкі. Памятаю, як бацька Воўкі, працуючы ў трактаразаводскім універмагу, даў нам перад Новым годам работу: на дзікім марозе, бо ў іншае надвор’е так не зробіш, гуашшу размаляваць ЗІМ, які ён недзе здабыў для развозкі падарункаў ад Дзеда Мароза. І мы дзядамі марозамі, снягуркамі, шарыкамі, сняжынкамі размалявалі ўсю машыну. Амаль цэлы дзень на гэта сышоў, затое пасля ездзіў па Мінску такі незвычайны ЗІМ. А бацька проста спытаў, ці зможам. Канешне, зможам! Мы ўсё маглі. Ведаю, што дзеці, якія вучацца іграць на скрыпцы, вымушаныя пакутаваць над ёю па некалькі гадзін у суткі, а мы малявалі штодня па ўласным жаданні і з радасцю. А калі вучыліся ў тэатральна–мастацкім у адной групе станковай графікі, то ўсёй групай, пяць чалавек, ладзілі такія спаборніцтвы: ставілі натуршчыка на 60 секунд, рабілі накіды, потым натуршчык мяняў позу — рабіліся новыя накіды — і так да вечара. Зрысоўвалі стосы паперы. Вось гэта была школа, сапраўдная школа хуткага графічнага малюнка. Пасля ўсе работы раскладвалі і глядзелі, як у каго атрымалася. Так мы вучыліся схопліваць позу і характэрныя дэталі. Спачатку ў адных атрымлівалася горш, у другіх — лепш, але паступова слабейшыя да моцных падцягваліся. Памятаю, як рабілі мы літаграфію. Запрасілі натуршчыка, надзелі на яго гімнасцёрку пакамечаную, пілотку, кірзавыя боты. Быццам салдат пасля боя, сядзіць з цыгаркай — казінай ножкай. Літаграфіі зрабілі ўсе. Але на праглядзе я зразумеў, што кожны з нас намаляваў натуршчыка ў ваеннай форме, кожны, але не Воўка. А Воўка перадаў вобраз старога салдата, які на самой справе сядзіць пасля бою. Гэта мяне вельмі ўразіла. Заўсёды вясёлы, Валодзя Пашчасцеў умеў пры дапамозе сваіх малюнкаў завесці якую заўгодна кампанію. Запрасіць Воўку на сход графічнай секцыі, якую я многа гадоў узначальваў, азначала ператварыць мерапрыемства ў ералаш. Калі ў зале з’явіўся Пашчасцеў, трэба чакаць, што пабяжыць па ёй хваля ўсмешак. А што ён рабіў? Ён сядзеў і бясконца маляваў у фантастычных сітуацыях розных персанажаў з нашай секцыі і пускаў малюнкі па радах. Тыя перадаваліся з рук у рукі, і хто там стаіць на трыбуне, якія такія задачы ставяцца перад сацрэалізмам — нікому не было ўжо цікава.

Святлана Воцінава

Уладзімір Пашчасцеў у майстэрні. 1984 год

Піліп Пашчасцеў у майстэрні. 2019 год. Фота Уладзіміра Цвіркі

З бацькамі. 1951 год

Уладзімір Пашчасцеў — студэнт тэатральна–мастацкага інстытута

У Салігорску, працуючы над серыяй рэпартажаў з шахты

Майстэрня. Фота Уладзіміра Цвіркі