ТРОН

Містэрыя

1

Крыкі стражнікаў разбудзілі Крывы горад. Паўсонныя дружыннікі хапалі зброю — вострыя мячы, цяжкія булавы, баявыя сякеры, тугія лукі і стрымгалоў кідаліся на сцены. На хаду нацягвалі кальчугі, шлемы, імкліва займалі абарону.

Германскія мечаносцы, апранутыя ў белыя плашчы з крывава-чырвонымі выявамі мячоў і крыжоў, на самым досвітку незаўважна падышлі да места. Недзе ў вярхоўі ракі яны незаўважна перабраліся на левы бераг Віліі. Абмінуць таемныя дазоры і бесперашкодна пераправіцца праз раку ім дапамаглі мясцовыя хаўруснікі — ахрышчаныя місіянерамі лівы і жамойты.

Заваёўнікаў заўважылі толькі тады, калі тыя выйшлі з густога туману і падступілі ўжо пад самыя сцены горада.

Крыўгарадскі князь Давіл загадаў ганцу:

— Імчы ў Навагрудак, да брата Маўкольда, кліч на дапамогу! Адны не адаб’ёмся!

Ганец стрымгалоў паляцеў у Навагрудак.

Стары Маўкольд моцна хварэў і таму накіраваў на дапамогу сына Міндоўга, які жыў тады ў Руце — мястэчку на ўсходзе ад Навагрудка.

Чатыры сотні дружыннікаў паімчалі на выручку Крывому гораду*. Коннікі міналі ўзлескі і палі, без затрымкі перапраўляліся праз рэчкі. Больш за ўсё баяліся спазніцца. Першымі ішлі дазоры, за імі імчаў Міндоўг у атачэнні дружыны. Затым — тры сотні, выдзеленыя навагрудскім князем.

Абложаны Крывы горад, які спасцігла бяда, адбіваўся як мог. Бітва за горад доўжылася некалькі дзён. Найбольш адчайныя мечаносцы паспелі па лесвіцах узабрацца на гарадскія сцены. На вузкіх праходах драўлянага замка стражнікі мужна біліся з дзікімі захопнікамі.

Імклівы Міндоўг з дружынай падаспеў на падмогу ў час. Фактычна з марша адразу ўступілі ў бітву. Мечаносцы не чакалі ўдару з тылу. Воі Міндоўга адчайна секлі мячамі і калолі дзідамі разгубленых германцаў.

Ворага ўшчэнт разбілі, але за волю заплацілі высокую цану. Пасля сечы Міндоўг убачыў жахлівую сцэну. Абарончыя збудаванні горада былі моцна пашкоджаныя, згарэла шмат пабудоў. Загінулі амаль усе крыўгарадскія дружыннікі. Быў забіты і князь Давіл, — дзядзька Міндоўга, які разам з іншымі абаронцамі горада мужна адбіваў атакі ворагаў.

Ад немінучай смерці ўдалося выратаваць Таўцівіла і Скочку— унука і ўнучку Маўкольда. Слугі схавалі іх у падзямеллі і трымалі там, пакуль не скончылася навала. Пасля вызвалення Крывога горада, страшэнна напалоханых і панылых дзяцей, прывялі да Міндоўга. Пакідаць іх тут не мела сэнсу. Міндоўг забраў Таўцівіла і Скочку з сабой, падалей ад небяспекі, — ва ўласную рэзідэнцыю ў Руту.

Рэйд рыцараў-мечаносцаў на землі Навагрудскага княства і іх раптоўны напад на Крывы горад адбыўся ў 1229 годзе. Гэты ўчынак надоўга сапсаваў адносіны паміж славянамі і германцамі.

Міндоўг яскрава зразумеў, з кім мае справу. Германцы адкрыта пераступілі клятву. Чатыры гады таму, у 1225 годзе, паміж іх магістрам Фольквінам фон Вінтэрштатэнам і навагрудскім князем Маўкольдам —бацькам Міндоўга, было падпісана мірнае пагадненне. Цяпер, пасля нападу на Крывы горад, усе ранейшыя дамоўленасці пайшлі дымам.

Крывадушныя мечаносцы прагнулі новых зямель і багаццяў. Экспансія з’яўлялася праявай іх агрэсіўнай сутнасці ад пачатку з’яўлення на землях ліваў. Яны прыйшлі, нібыта, з місіянерскімі мэтамі. Але пашырэнне вучэння Хрыста з’яўлялася толькі прыкрыццём, туманам для наіўных тубыльцаў.

Германскія рыцары і каталіцкія епіскапы дзейнічалі рашуча і зладжана, як адно цэлае. Заснаваны ў Рызе у 1202 годзе Тэадорам з Турэйды нямецкі духоўна-рыцарскі ордэн праз два гады быў зацверджаны булай Папы Рымскага Інакенція III і атрымаў пагрозлівую назву — Брацтва воінаў Хрыста. Зазвычай іх называлі мечаносцамі — паводле выявы чырвонага мяча і мальтыйскага крыжа на іх форменных плашчах.

У 1205 годзе епіскап Альберт заснаваў каля вусця Дзвіны манастыр святога Мікалая. Яшчэ праз два гады, у 1207 годзе, Брацтва воінаў Хрыста захапіла крэпасць Кукейнос. Абарону крэпасці ўзначальваў князь Вячаслаў Барысавіч, празваны ў народзе Вячка. Германцы разграмілі дружыны князя Вячкі, ліквідавалі Кукенойскае княства, устанавілі кантроль над эстамі і латгаламі, а таксама над усім ніжнім цячэннем Дзвіны. Вячка быў вымушаны адступіць. Іншыя намеснікі полацкіх князёў, якія некалі мелі гарнізоны ў многіх паселішчах і валадарылі практычна над усім ніжнім цячэннем Дзвіны, пад ціскам мечаносцаў, з болем пакідалі абжытыя месцы.

Вераломны напад германцаў на Крывы горад, які адбыўся ў 1229 годзе, паклаў пачатак варажнечы паміж Міндоўгам і мечаносцамі. Такое нельга было пакінуць без належнай адплаты. Страты крыўгарадцаў былі значнымі.

Гэтым разам Міндоўгу з яго натрэніраванай дружынай ўдалося не толькі адбіць рыцараў-мечаносцаў ад сцен Крывога горада, але адкінуць і выгнаць іх з абшараў Навагрудскай зямлі. Але ці надоўга? Ці не з’явяцца яны дзе-небудзь паблізу зноў? Хто і куды іх зноўку прывядзе? Можа наступным разам нахабныя германцы акажуцца пад самім Навагрудкам? Гэтыя пытанні хвалявалі Міндоўга, прымушалі дзейнічаць рашуча і хутка.

 

2

Дадому Міндоўг вярнуўся ўстрывожаны. Бацька пачуваўся яшчэ горш, хвароба не адступала. У 1230 годзе князь Маўкольд памёр.

Нашчадак полацкіх князёў, унук Расціслава Рагвалодавіча, трыццацігадовы Міндоўг стаў навагрудскім князем. Дагэтуль ён валадарыў на ўсходніх землях, стала жывучы ў Руце. Бацька аддзяліў яго, калі нашчадку споўнілася 18 гадоў. Да таго часу Міндоўг умеў практычна ўсё, валодаў рамёствамі, без цяжкасцей мог асабіста выкаваць з жалеза кінжал або неабходную гаспадарчую рэч. Не цураўся ён і сялянскай працы.

Перад ад’ездам у Руту, Міндоўг узяў у жонкі Радмілу. З ёй княжыч спазнаў радасць жыцця і слодыч кахання. Праз некалькі гадоў у новай сям’і нарадзіўся сын, якога назвалі Войшалкам. Пазней Радміла прынесла дачку — Любіцу. Бацька, пераважна, займаўся дзяржаўнымі справамі і амаль не дбаў пра выхаванне дзяцей. Увесь час яны праводзілі з маці, якая разам з імі пачувалася шчаслівай і задаволенай.

Моцны фізічна, высокі, з мускулістымі плячыма і дужымі рукамі, Міндоўг шмат часу адводзіў баявым мастацтвам. Няспынныя трэніроўкі загартавалі яго цела. Лёс Міндоўга быў прадвызначаны — аберагаць Бацькаўшчыну ад ворагаў і пашыраць уладанні. З часам Міндоўг амаль дасканала валодаў мячом і лукам, мог на адлегласці збіць праціўніка дзідай, бліскуча асвоіў прыёмы рукапашнага бою.

Узыходжанне Міндоўга на Навагрудскае княства сталася вызначальным для ўсёй зямлі. Новы валадар, адчуўшы цяжар адказнасці за лёс Бацькаўшчыны, паставіў амбіцыйную мэту — згрупаваць разрозненыя ўдзелы і асобныя дэцэнтралізаваныя землі ў адну моцную дзяржаву.

Вялікі князь усё больш станавіўся аўтарытэтным валадаром, здатным аб’яднаць вакол сябе іншых князёў. Досвед падказваў яму: «Толькі сілай можна утрымаць уладу і захаваць трон! Толькі дасягнуўшы адзінства ўсіх гарадоў і зямель, з’явіцца шанец абараніць дзяржаву ад унутраных і знешніх ворагаў!»

Міндоўг энергічна разбудоўваў краіну. Абшары вакол Навагрудка, у вярхоўях Нёмана і ажно да Віліі, засяляла яго суродзічы — старадаўняе славянскае племя літва. Недзе ў пятым стагоддзі пад ціскам германцаў літвіны перасялілася сюды. Сеўшы сярод векавечных пушчаў, яны рупліва асвойвалі новыя землі, рассяляліся, пашыралі арэол пражывання. Іх паселішчы межавалі з землямі крывічоў, з якімі літвіны імкліва змешваліся. За сем прамінулых вякоў славянскія плямёны асімілявалі балцкіх аўтахтонаў, якія там-сям мелі свае паселішчы. Нярэдка, у выніку сутычак з імі, славяне наогул выцяснялі іх з занятых тэрыторый, далей — на паўночны захад. З часам, у свядомасці ўсіх мясцовых людзей за рэгіёнам замацавалася назва — Літва.

Першай справай Міндоўг загадаў умацаваць сцены галоўнага горада дзяржавы — Навагрудка. Затым абнавілі абарончыя валы. Унутры горада ўзвялі новыя будынкі. Паступова Навагрудак набыў сапраўды прывабны выгляд, з’яўляючыся адначасова надзейнай крэпасцю.

Князь выдатна разумеў, каб абараніць уладанні ад знешніх ворагаў і зберагчы ўласны трон, неабходна паўсюль узводзіць гарады, найперш, умацоўваць рубяжы Бацькаўшчыны. Якраз з памежных гарадоў зручней наносіць удары па ворагах, адцясняць іх і, такім чынам, далей пашыраць межы дзяржавы.

Навагрудскі валадар неадкладна прыступіў да ўвасаблення ў жыццё абранай стратэгіі. Важным крокам на шляху ўмацавання межаў дзяржавы стала адбудова крэпасці на месцы колішняга Крывога горада.

Увесну 1231 года з арцеллю будаўнікоў-гароднікаў Міндоўг асабіста накіраваўся на поўнач краіны. Драўляны замак-крэпасць ўзвялі за адно лета. Новаму гораду далі найменне — Вільня, паводле назвы рачулкі Віленкі, якая ўпадала ў Вілію. Міндоўг размясціў тут найбольш моцны вайсковы гарнізон. Ён прагнуў помсты, гарэў жаданнем спыніць агрэсію мечаносцаў, правучыць іх як след, а можа і наогул скарыць! Навагрудскі валадар інстынктыўна спасціг жорсткі закон жыцця: калі ворагі не адчуюць сілы — яны не супакояцца, зноўку нападуць знячэўку.

Але трэба было выйграць час, набрацца сіл. Міндоўг узмоцнена рыхтаваўся, чакаючы зручнага моманту, каб паквітацца з крыўдзіцелямі.

 

3

Навагрудскі валадар не губляў часу. У гарадах і мястэчках расстаўляў надзейных людзей, раздаваў распараджэнні, жорстка патрабаваў выканання загадаў. Правай рукой Міндоўга ва ўсіх яго справах выступаў Мірон — старэйшы брат жонкі Радмілы. Адчайны і мужны, ён з часам стаў ваяводам, галоўным военачальнікам Навагрудскай дзяржавы.

Прага моцнай ўлады з боку Міндоўга ішла, аднак, у разрэз з уладнымі жаданнямі шматлікіх князькоў-феадалаў. Ён добра ведаў многіх з іх. У 1219 годзе ва Уладзіміры яны разам заключалі пагадненне аб міры з уплывовым галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. На той сустрэчы, апрача яго, прысутнічалі — князь Жывінбуд, князь Даўят, князі Рушкевічы і Булевічы, усяго больш за паўтара дзясятка знатных асоб.

Міндоўг неўзабаве сілай устанавіў сваю ўладу над Дайноўскім княствам, зямлёй яцвягаў. Затым ён падпарадкаваў Дзяволту, а ў яе галоўным горадзе Вількаміры пакінуў надзейны і добра ўзброены ахоўны гарнізон.

Адначасна ў Слоніме, Ваўкавыску і Гародні, а таксама на мяжы з яцвягамі, абачлівы Міндоўг узводзіў надзейныя крэпасці. З іх было даволі зручна кантраляваць прылеглыя тэрыторыі і весці заваёвы новых зямель.

Найбольш вабілі Міндоўга багатыя нальшанскія землі. З вялікай дружынай ён пайшоў на Нальшаны і тамтэйшы князь, не зважаючы на ваяўнічасць і прыроджаную ганарлівасць, мусіў прызнаць васальную залежнасць ад Навагрудка. Далучэнне зноў жа адбылося не па добрай волі. Але такой была няўмольная логіка часу, палітычныя норавы і звычаі.

Па краі хутка разнеслася чутка: Міндоўг сілай змушае найбольш упартых і наравістых. Ён не перад чым не спыняецца. Калі нехта з мясцовых князькоў не прысягае, не жадае прызнаваць яго ўлады, ён фізічна знішчае непрыяцеля і замест яго ставіць адданага чалавека.

Улада Міндоўга над краінай хутка пашыралася. Сакрэт поспеху палягаў не толькі ў яго адпрыродных лідарскіх якасцях. На баку Міндоўга былі простыя жыхары ўсіх зямель — земляробы, рамеснікі, гандляры. Людзі хацелі мець моцнага і валявога валадара, які ў выпадку патрэбы здолее абараніць іх, дапамагчы ў бядзе.

Міндоўг прыходзіў з мірам, адбудоўваў замкі і гарады. Праз пяць год пад яго ўладай апынуліся практычна ўсе землі і паселішчы ў Панямонні.

Навагрудскі валадар спрыяў рамёствам і дбаў пра развіццё гандлю. Ён загадаў вырабляць сярэбраныя зліткі-копы, якія выконвалі функцыю грошаў на абшарах яго ўладанняў.

За плячыма Міндоўга стаяў магутны галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч, які выступаў надзейнай апорай ва ўсіх справах гаспадара Навагрудка. Як славянскі валадар, Даніла Раманавіч лічыў сваім абавязкам дапамагаць суседу. Яго адгаворвалі дарадцы, але ён стаяў на сваім:

— Дапамагаць братам — мой святы абавязак! Міндоўг і яго народ — славяне па крыві, значыць яны нашы суродзічы. Прыйдзе час, можа і мне спатрэбіцца іх рука!

Нябёсы спрыялі навагрудскаму князю. Здавалася, так будзе вечна і нішто не азмрочыць час яго княжання. Але ўпэўненасць і вера ў шчаслівую зорку пахіснуліся, калі Міндоўг узімку, падчас самай доўгай ночы, убачыў трывожны сон: «Пяць агромністых павукоў, з вялізнымі вачыма, па восем у кожнага, пільна ўзіраюцца ў яго. З розных бакоў яны гатовыя накінуцца на яго, выпіць усю кроў да апошняй кроплі».

Міндоўг здрыгануўся, падхапіўся. Усім целам і сэрцам ён адчуў небяспеку і набліжэнне бяды.

 

4

Але пакуль што ўсё складвалася найлепшым чынам. Навагрудская дзяржава імкліва ўмацоўвалася, багацела. З князем Міндоўгам настойліва пачалі дабівацца хаўрусу жамойцкія князькі. Каб засцерагчыся ад германцаў, жамойты імкнуліся да шчыльнага саюзу з ім. Ім трэба была падтрымка ўздужэлай Навагрудскай дзяржавы.

Асноўныя паселішчы жамойтаў пачыналіся якраз за Віліяй. Ужо колькі стагоддзяў славянскія плямёны жылі побач з імі. Здаралася ўсякае — і гандлявалі, і бралі міжсобку шлюбы, і, вядома, ваявалі.

Жамойты разумелі, што без шчыльнага паразумення і палітычнага саюзу з Міндоўгам яны незваротна згінуць пад ярмом зацятых мечаносцаў. Самы надзейны сродак атрымаць дапамогу ад навагрудскага князя ў выпадку неабходнасці — як найхутчэй парадніцца з ім.

Пасля настойлівых зваротаў, Міндоўг пагадзіўся выдаць сястру Ружыцу замуж за жамойцкага князя Локіса. Дынастычны шлюб быў здзейснены, тым больш, што Навагрудак таксама імкнуўся займець саюзнікаў, каб не дапусціць прамога ўварвання германцаў на ўласныя абшары.

Апрача таго, жамойцкім князькам, схільным да авантур і анархіі, звязваліся рукі, ставіўся заслон на шляху заключэння таемных хаўрусаў з мечаносцамі. Істотна змяншаліся пагрозы здрады з боку жамойтаў, якіх каталіцкія місіянеры ахрышчвалі, а затым нацкоўвалі на жыхароў Навагрудскай зямлі, што трымаліся старой веры.

Недзе праз год пасля шлюбу, у сям’і жамойцкага князя Локіса і Міндоўгавай сястры Ружыцы нарадзіўся сын. Яму далі імя Транята. Змалку ён не вылучаўся аніякімі здольнасцямі. Быў хударлявы, меў хваравіты выгляд.

Маці рабіла ўсё ад яе залежнае, але марна. Транята, як падрос, стаў надта задзірасты і капрызны. У юнацкім узросце паводзіў сябе нахабна і агрэсіўна. Заўжды нейкі расхрыстаны, знерваваны і неахайны ён без разбору гвалціў дзяўчат, здзекаваўся з падданых і сялян, крыўдзіў рамеснікаў.

Знатныя асобы і простыя жамойты скардзіліся Локісу на ўчынкі Траняты. Але распусніку ўсё сыходзіла з рук. Ніхто не змог знайсці на яго ўправу.

Транята вырас з нянавісцю ў сэрцы — зайздрослівы і нахабны. Ён вызначаўся ўладалюбствам, пры кожнай нагодзе дэманстраваў уласную перавагу над іншымі. Прыдворныя пакутавалі ад яго жорсткасці і самаўпраўства. Можа ўсё ішло ад таго, што ў Траняты былі нейкія замутнёныя вочы, колеру густога туману, — выразнае сведчанне прыроджанай прыдуркаватасці.

Падчас сутычак жамойтаў з немцамі-мечаносцамі Транята хаваўся за плечы іншых. З яго смяяліся, кпілі, але, як правіла, за спінай. Ніхто не хацеў мець непрыемнасцяў.

У асноўнай сваёй большасці жамойцкія мужчыны адрозніваліся стрыманасцю і настойлівасцю, былі працавітымі, упартымі і надзвычай вынослівымі.

Транята аказаўся звычайным вырадкам.

 

5

Сын Міндоўга — Войшалк рос у свеце мрояў. Змалку ён быў ціхмяным і задуменным. Яго маці — надзвычай спагадлівая і мяккая жанчына, не магла нацешыцца хлопчыкам. Шчырая хрысціянка, яна ведала мноства малітваў і царкоўных песнапенняў. Калі Войшалк падрос, яна брала яго з сабой да царквы, паступова прывучыла да рэлігійных абрадаў, растлумачыла сутнасць тайнаў і царкоўных свят. Менавіта маці выхавала ў Войшалка пачуцці хрысціянскай любові і шанавання чалавека.

Хлопчык рана пачаў задумвацца над таямніцамі і цудамі прыроды. Яго цікавіла, чаму на зямлі існуе незлічонае мноства раслін і жывых істот? Адкуль усё з’явіліся? Асабліва хвалявала яго дапытлівы розум пытанне, хто жыве на Сонцы і Месяцы?

У 1235 годзе Войшалку споўнілася 12 год. Ён больш за ўсё ўпадабаў чытанне кніг. Яго вабіў свет разважанняў, думак пра чалавека і сусвет. Хлопчыку карцела ведаць, чаму ідзе дождж? Адкуль бяруцца хмары? Куды цякуць рэкі? Дзе знаходзіцца край свету? Чаму дзьме вецер і адкуль ён бярэ сваю сілу? На ўсе запытанні ён шукаў адказу ў кнігах, але многае для яго заставалася не зразумелым.

З часам Войшалк зразумеў: яму, сыну князя, давядзецца ў жыцці часцей ваяваць, чымся жыць у свеце кніг і думак. Аднаго разу, седзячы пад вязам на ўзгорку, ён убачыў, як у небе б’юцца дзве птушкі — коршун і воран. Яны па чарзе ўзляталі ўверх і адтуль атакавалі, білі дзюбамі адна адну з усяе сілы. Войшалка незвычайна ўразіла ўбачанае: «Што яны маглі не падзяліць? Няўжо ім не хапае месца ў бяскрайніх нябёсах? Відаць, так упарадкавана ў прыродзе, дзе кожны імкнецца сцвердзіцца за кошт іншага. Але так не павінна быць сярод людзей, бо чалавек не птушка і не агрэсіўная жывёліна!»

Чысты душой і сэрцам, Войшалк шчыра верыў у тое, што людзей можна навучыць добрым норавам, стрымаць гнеў у іх душах, наогул спыніць зло ў свеце.

У царкве Войшалк чуў, што пасля смерці душы людзей трапляюць у пекла, якое недзе пад зямлёй, ці ў рай, што знаходзіцца высока на нябёсах. Куды трапіць душа — залежыць ад зямных учынкаў чалавека.

Войшалк дужа хацеў спасцігнуць усе загадкі прыроды, авалодаць таямніцамі кніжнай мудрасці. Ён неверагодна прагнуў узняцца над штодзённасцю, стаць вышэй і мудрэй.

Калі юнаку споўнілася 16 год, ён пачаў марыць пра далёкія падарожжы ў дзівосныя краіны. Надта хацелася даведацца пра шырокі свет. Ён імкнуўся на свае вочы ўбачыць салёнае мора, пра якое шмат чуў ад сталых купцоў.

І яшчэ княжыч прагнуў кахання — светлага і чыстага. Усё здарылася нечакана. На беразе возера, куды ён улетку прылятаў вярхом на кані, каб паплаваць, юнак спаткаў высокую чарнявую дзяўчыну па імені Ясна — дачку заможнага каваля-збройніка. Войшалк не мог адвесці ад яе вачэй, іскрысты смех дзяўчыны прымушаў трапятаць яго сэрца. Яна здавалася яму сонцам і зорамі, найпрыгажэйшай краскай усяго свету!

Войшалк жыў чаканнем спатканняў з Яснай, гатоў быў служыць ёй даастатку жыцця, быць з ёю вечна. Юнака неверагодна ўразіла, што Ясна без пярэчанняў і капрызаў, нават з ахвотай, дазволіла пацалаваць яе ў вусны. Пры наступных сустрэчах ён бясконца абдымаў яе, яго сэрца замірала падчас працяглых пацалункаў. Юнак быў перакананы — нічога ў свеце даражэй за яе ў яго не будзе. Ён гатовы быў насіць Ясну на руках, услаўляць да нябёсаў. Дзяўчына адказвала ўзаемнасцю і, як ён адчуў, згаджалася на ўсё. Але Войшалк настолькі захапляўся Яснай, настолькі пакахаў яе, што не ўяўляў фізічнай блізкасці з ёю.

Празмерная закаханасць, нерашучасць і сарамлівасць дорага каштавалі Войшалку. На наступны год бацька выдаў Ясну замуж за купецкага сына з суседняга паселішча. Дзяўчына не адмовілася і без пратэстаў стала жонкай іншага.

Войшалк ціха перажыў боль. З часам усё забылася, але сум і расчараванне нікуды не зніклі. Пазней ён чуў, што Ясна нарадзіла дзіцё. Але плынь жыцця панесла Войшалка сваім шляхам і ён больш ніколі не сустракаўся з каханнем свайго юнацтва.

 

6

Германскі магістр Фольквін фон Вінтэрштатэн пачуваўся надзвычай упэўнена. Пад яго кіраўніцтвам Брацтва воінаў Хрыста агнём і мячом усталёўвала на акупаваных землях жалезную дысцыпліну і новы парадак.

Пачынаючы з 1209 года, калі Фольквін фон Вінтэрштатэн заняў месца абезгалоўленага Віна фон Рорбаха — першага магістра мечаносцаў, справы пайшлі значна шпарчэй. Разам з епіскапам Альбертам 20 кастрычніка 1210 года ён атрымаў ад Папы Рымскага Інакенція III дабраславенне на поўнамаштабную дзейнасць Ордэна, што на практыцы азначала яго сапраўднае зацвярджэнне і дазвол на падзел Лівоніі і Семігаліі.

Магістр настойліва і метадычна захопліваў новыя абшары, якія належалі аўтахтонам, што спакон веку жылі на берагах Варажскага мора. На заваяваных тэрыторыях, на месцы паселішчаў карэнных жыхароў, узводзіліся мураваныя крэпасці. Сваёй галоўнай рэзідэнцыяй магістр зрабіў Вендэнскі замак*. Асабліва цешыўся магістр Фольквін фон Вінтэрштатэн заваёвай у 1224 годзе горада Юр’ева, які абараняў князь Вячка. Пасля працяглай аблогі крэпасці амаль увесь гарнізон быў знішчаны. Магістр быў задаволены, —нарэшце ўдалося забіць грознага князя Вячку — галоўнага ворага германцаў.

За кароткі час заваёўнікі завалодалі велізарнай тэрыторыяй. Частка зямель заставалася ва ўладзе ордэна Мечаносцаў, астатнія перадаваліся ва ўласнасць каталіцкіх епіскапаў — рыжскага, эзэльвікскага, дэрпцкага і курляндскага. Магістр і каталіцкія біскупы, у сваю чаргу, раздавалі здабытыя землі рыцарству і духавенству, якія няшчадна эксплуатавалі і рабавалі мясцовае насельніцтва.

Папа Рымскі і імператар Святой Рымскай імперыі Фрыдрых II усяляк ухвалялі дзейнасць магістра і выказвалі задаволенасць поспехамі ордэна Мечаносцаў. У 1226 годзе імператар афіцыйна зацвердзіў за мечаносцамі права на іх уладанні. Пасля захопу рыцарамі выспаў Саарэмаа і Муху, Папа Рымскі Ганорый III у 1227 годзе звярнуўся да ўсіх славянскіх князёў, «каралёў рускіх» з патрабаваннем-ультыматумам — не перашкаджаць германцам у іх місіянерскай дзейнасці.

Значнай уласнай заслугай магістр лічыў падпарадкаванне эстаў. У 1230 годзе, паводле дамове з ордэнам Мечаносцаў, датчане перадалі яму значную частку заваяваных зямель эстаў. Яны кантралявалі іх з 1217 годзе, калі дацкі кароль Вальдэмар II высадзіўся на берагах паўночнай Эстландыі, захапіў землі эстаў і заснаваў крэпасць Рэвель*.

Заходнія валадары пачуваліся вельмі ўпэўнена. На захопленых землях германцы за кароткі тэрмін ўзвялі блізу дзесяці крэпасцей. Магутныя мураваныя фарпосты атрымалі пагрозлівыя назвы: Марыенвердэр, Рагніт, Тыльзіт, Велау, Георгенбург, Дурбен, Кандау і Велун. Яны сталі цэнтрамі каланізацыі і няшчаднай эксплуатацыі новых тэрыторый.

Неўзабаве яшчэ адна моцная групоўка германцаў, якія мелі назву — тэўтоны — пачалі наступ на землі прусаў. На адваяваных тэрыторыях яны пабудавалі непрыступны замак Бальга. Прусы, у крыві якіх таксама цякла кроў крывічоў, самі, аднаасобна, не маглі адбіць германцаў. Яны звярталіся па дапамогу да суседзяў, з надзеяй слалі ганцоў да Міндоўга.

Нахабства германцаў даўно выклікала занепакоенасць Міндоўга, а іх наступ на прусаў цалкам пазбавіў яго раўнавагі, змусіў прыняць канчатковае рашэнне —гальванізаваць падрыхтоўку да вайны з германскімі захопнікамі.

Немцы між тым, працягваючы напады, нішчылі святыні прусаў. Жрацы прусаў, якія насілі славянскае найменне — крыве (крывейты), разам са старэйшынамі родаў арганізоўвалі супраціўленне. Аднак спыніць агрэсію тэўтонаў, якім да таго ж дапамагалі палякі, не маглі.

На поўначы і захадзе Навагрудскай дзяржавы выбудоўваўся цвёрды мур, паўставала смяротная пагроза славянскім інтарэсам на ўзмор’і.

Міндоўг выразна адчуваў, як на яго зямлю насоўваецца чорная хмара.

 

7

Рэальная пагроза над дзяржавай Міндоўга навісла літаральна праз некалькі гадоў. Куршы, лівы, жамойты, латгалы, селы і земгалы амаль безупынна дасылалі ў Навагрудак ганцоў, якія з трывогай паведамлялі пра новыя захопы іх зямель германцамі. Ад імя старэйшын пасланцы слёзна прасілі аб дапамозе, бо самастойна не маглі абароніцца ад мечаносцаў.

У паняволеных народаў заставалася усё менш і менш надзеі на выратаванне. Людзі гінулі як мухі. Больш за два дзесяцігоддзі яны спрабавалі са зброяй у руках змагацца з мечаносцамі за ўласную незалежнасць. 12 ліпеня 1210 года адважныя куршы здзейснілі напад на Рыгу. У 1228 годзе, аб’яднаўшыся з земгаламі, яны разбурылі Даўгаўрыеўскі манастыр. У знак помсты нямецкія рыцары ўварваліся ў Курсу і спустошылі землі куршаў, у выніку чаго там пачаўся страшэнны голад.

Валадар Навагрудскай дзяржавы добра разумеў, што мае не шмат часу на падрыхтоўку да вайны з германцамі. Рана ці позна давядзецца ўступіць у адкрыты канфлікт з агрэсіўнымі рыцарамі — мечаносцамі і тэўтонамі.

Міндоўг дбаў пра ўласную карысць. Ён разлічваў не толькі патрушчыць германцаў, але і ўсталяваць уласны кантроль над балцкімі плямёнамі, каб збіраць з іх даніну ў сваю казну. Ён імкліва ўмацоўваў дзяржаву і рыхтаваў войска.

Пры двары Міндоўгаз радасцю ўспрынялі весткі пра разгром ноўгарадскім князем Яраславам Усеваладавічаму 1234 годзе войска мечаносцаў на рацэ Амоўжы. Перамога суседзяў над германцамі абнадзейвала і акрыляла Міндоўга: «Значыць мечаносцы аніякія не асілкі, а тым больш не багі. Яны звычайныя людзі, іх можна смела біць і перамагаць!»

Натхнёны прыкладам Ноўгарада Вялікага, Міндоўг у 1236 годзе рашыўся на буйны паход супраць мечаносцаў. Ядро яго войска склалі славяне, — харугвы з гарадоў Падзвіння, Прыдняпроўя і Прынямоння.

На чале аб’яднанага войска Міндоўг выступіў з Навагрудка ў напрамку Вільні. Там крыху адпачылі, папоўнілі запасы і рушылі далей. Без прымусу і ўгавораў да славянскіх харугваў далучаліся конныя аддзелы літаральна ад ўсіх балцкіх народаў. Яны не прымалі германскага валадарання і гатовыя былі прынесці любыя ахвяры, каб толькі вызваліцца з няволі.

Германскае войска ўзначальваў вялікі магістр ордэна Мечаносцаў — Фольквін фон Наумбург. На яго баку выступалі ахрышчаныя прадстаўнікі заваяваных плямён. Таксама ў германскае войска ўлілося блізу двухсот пскоўскіх воінаў, якія разам з ордэнам Мечаносцаў пайшлі на Навагрудскую дзяржаву.

Вялікая бітваадбылася22 верасня 1236 года пры мястэчку Сауле*. Для смяротнай і вырашальнай бітвы сышліся дзве магутныя і грозныя сілы. Міндоўг неверагодна прагнуў перамогі, поўнага і канчатковага знішчэння ворага. Крывавая сеча доўжылася ўвесь дзень. Біліся адчайна, поле бітвы залілі рэкі крыві і поту. Ніхто не думаў пра страты, бо на кон было пастаўлена самастойнае жыццё, воля і захаванне ўлады.

Славянскія войскі пад кіраўніцтвам Міндоўга і пры падтрымцы балцкіх харугваў ушчэнт разграмілі закутых у жалеза, тупагаловых мечаносцаў і іх хаўруснікаў. Ворагі атрымалі па заслугах. На полі бітвы загінуў вялікі магістр і склалі галовы48 рыцараў. Сотні нямецкіх пешых воінаў, а таксама180 пскоўскіх аматараў прыгод, былі знішчаны падчас сечы.

Пасля паразы пры Сауле ордэн Мечаносцаў спыніў сваё фактычнае існаванне як самастойная вайскова-палітычная адзінка. Яго астанкі ўліліся ў склад Тэўтонскага ордэна. Праўда, магістр тэўтонаў, не забываючыся на стратэгічную мэту германцаў — рухацца далей, на славянскія гарады і землі — амаль адразу стварыў на рэштках разгромленага ордэна Мечаносцаў новую, падуладную яму арганізацыю рыцараў — Лівонскі ордэн.

Не зважаючы на спробы германцаў аднавіць колішнюю моц, Міндоўг пачуваўся пераможцам. Значная частка куршаў, ліваў, жамойтаў, селаў, земгалаў і эстаў, якім ён дапамог пазбавіцца ад германскага ярма, прысягнула яму на вернасць і пагадзілася плаціць даніну Навагрудку.

 

8

З перамогай над германцамі пры Сауле выпрабаванні Міндоўга не скончыліся. Прадажны польскі князь Конрад I Мазавецкі, каб задаволіць уласныя палітычныя амбіцыі, распачаў шчытнае супрацоўніцтва з Тэўтонскім ордэнам. Праз бесхрыбетнасць і бязглуздасць палякаў тэўтоны неўзабаве занялі правы бераг Віслы і імкліва рухаліся далей. Каля 1230 года Конрад I Мазавецкі перадаў пад уладу агрэсіўных тэўтонаў Хелменскую зямлю.

Палітычны альянс палякаў з магістрам Германам фон Зальца стаў апошняй кропкай цярпення навагрудскага валадара. Міндоўг накіраваў паслоў да галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча з прапановай супольна выступіць супраць хцівага польскага валадара Конрада I Мазавецкага, належным чынам правучыць яго.

Міндоўг аператыўна сфармаваў войска ў колькасці каля трох тысяч вояў. Недзе столькі ж налічвала дружына Данілы Раманавіча. У сакавіку 1238 года яны ўжо стаялі пад Драгічынам — колішнім галоўным паселішчам протабеларускага племя дрыгавічоў. Нізінная мясцовасць крыху бянтэжыла дружыну і ваяводу. Але асада горада працягвалася не доўга. Баявыя здольнасці войска Міндоўга былі надзвычай высокімі. Навагрудскі князь асабіста кіраваў штурмам горада.

Драгічын узялі без цяжкасцей. Германскага рыцара Бруна, які кіраваў гарнізонам, захапілі ў палон. З ім доўга не цырымоніліся. На наступны дзень, на галоўнай плошчы горада, на вачах усіх жыхароў, ашалелага ад страху крыжака, пасадзілі на кол. Ён сканаў ад нялюдскага болю і страты крыві. Простых германцаў павялі ў палон, каб выкарыстоўваць на цяжкіх работах.

Значная частка Драгічынскай зямлі, пераважна на поўначы і ўсходзе, перайшла пад уладу Міндоўга. Горад Драгічын, паводле дамовы, дастаўся Данілу Раманавічу.

Пасля кароткага адпачынку на беразе Драгічынскага возера, дзе дружыннікі паілі і чысцілі коней, войска Міндоўга прадоўжыла паход. Рушылі далей, на захад. Адбылося некалькі кароткіх сутычак з палякамі. Ваяры Конрада I Мазавецкага аказаліся надта палахлівымі і не вельмі ўмелымі воінамі, яны ўцякалі з поля бітвы ледзьве не адразу пасля яе пачатку.

Конрад I Мазавецкі выразна зразумеў, які лёс чакае асабіста яго і ўсё Мазавецкае княства ў выпадку далейшага хаўрусавання з агрэсіўнымі тэўтонамі.

Пасля трыумфальнага паходу на палякаў Міндоўг доўга адпачываў у Бярозе і Зэльве, а затым вярнуўся дадому. У Навагрудку князя-пераможцу сустракалі вясёлымі спевамі. Шчаслівы горад святкаваў вяртанне валадара з багатай здабычай. Стомленыя, але задаволеныя дружыннікі, прывезлі шчодрыя падарункі сваім жанчынам, за што атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды.

 

9

У 1238 годзе Міндоўг з розных куткоў атрымліваў данясенні, працятыя трывогай і страхам. На спрадвечныя землі ўсходніх славян уварваліся ардынцы. Тры велізарныя тумены, якімі кіравалі чынгізіды Батый і Кадан, а таксама военачальнік Субэдэй, імкліва захоплівалі гарады і княствы.

Шалёнае гіканне стэпавікоў-наезнікаў разносілася па абжытых славянскіх абшарах. Пяцьсоттысячная арда разбурыла Разанскае княства і Уладзіміра-Суздальскую зямлю. У 1239 годзе пад іх уладай апынулася Чарнігаўскае княства, гарады — Пуціўль, Рыльск, Глухаў, Гомель, а таксама безліч мястэчак і вясковых паселішчаў.

Батый пачуваўся гаспадаром свету. Унук Чынгісхана, сын Джучы, ён у 1227 годзе стаў валадаром велізарных абшараў — Кіпчацкага стэпу, Харэзму, Крыму і часткі Каўказа. Невысокі, з выпуклым пузкам і кароценькімі тлустымі пальцамі, ён здаваўся дабрадушным дзядком. Падчас гаворкі дэманстраваў спагадлівасць да субяседніка, выяўляў знешні клопат пра яго. А калі васал ад’язджаў, загадваў падначаленым усяляк зняважаць і прыніжаць яго. Скораныя гарады і княствы Батый душыў непамернымі падаткамі.

5 верасня 1240 года Батый і Субэдэй асадзілі Кіеў. Тысяцкі Дзімітр, які ўзначаліў абарону горада, слаў да Міндоўга ганцоў, маліў аб дапамозе. Але як дапаможаш, калі на самога павярнуў велізарны тумен Кадана!?

Зусім маленькі і худы Кадан, якога мясцовыя людзі назвалі на свой лад — Койдан, няшчадна вынішчаў усё, што траплялася яму пад руку. Агрэсія, нянавісць і людажэрнасць з’яўляліся праявай яго дзікай прыроды.

Міндоўг склікаў сход князёў-васалаў. Ніхто не выявіў маладушша. Пастанавілі біцца з Ардой насмерць. Неўзабаве войска Навагрудскай зямлі і саюзнікаў выступіла насустрач ардынцам.

Восенню 1240 года за Мазыром на рэчцы Акунёўцы адбылася вырашальная бітва. Міндоўг ужыў супраць стэпавікоў адмысловую тактыку. Яго капейнікі сталі ўперадзе і калі варожая харугва, нібы лава, наблізілася, яны адступілі за надаўбы — востраканечныя бярвёны, закапаныя ў зямлю. Коні ардынцаў траплялі на вострыя палі і каналі. У гэты момант капейнікі контратакавалі. Шмат ардынскіх вершнікаў загінула. Затым цяжка ўзброеная конніца Міндоўга пайшла ў атаку. Напалоханыя і дэзарганізаваныя ардынцы не вытрымалі націску волатаў Міндоўга і кінуліся наўцёкі.

Наёмнікі з заваяваных народаў, якіх хан без разбору кідаў у бітву, не ўяўлялі сур’ёзнай небяспекі. Іх было безліч, нібы саранчы, але яны не мелі ані якаснай зброі, ані належнай вайсковай арганізацыі.

Міндоўг доўга гнаў ардынскага хана Кадана. Уцекачоў няшчадна секлі мячамі, білі кісцянямі. Шмат ворагаў трапіла ў палон.

Дзікім стэпавікам быў зачынены шлях на абшары Навагрудскай дзяржавы якраз у той час, калі яны ўяўлялі найбольшую пагрозу.

Палонных людзей Кадана навагрудскі валадар распарадзіўся пасяліць каля Крутагор’я*. Ім далі зямлю, каб яны маглі жыць і працаваць.

Міндоўг не паспеў прыйсці на дапамогу Кіеву. 6 снежня 1240 года Батый і Субэдэй штурмам авалодалі горадам. Захоп Кіева стаў нечуванай бядой, катастрофай для славян. Землі і гарады пакрыліся дымам і попелам.

Навагрудскага валадара па-ранейшаму непакоіла, кабардзінцы зноў не пайшлі на яго. Ён рыхтаваўся з усіх сіл. Неба злітасцівілася над Навагрудкам, Ардарушыла на захад. Неўзабаве ардынцы захапілі горад Уладзімір — сталіцу магутнага Галіцка-Валынскае княства. Некалі саманадзейны і пыхлівы князь Даніла Раманавіч папросту збег. Спачатку ён схаваўся ў Венгрыі, а пазней перабраўся ў Польшчу, дзе жыў пэўны час пры двары Конрада Мазавецкага.

Спыніць войскі Батыя, Кадана і Субэдэя больш нікому не ўдалося. У наступныя гады ардынцы разграмілі Польшу і Венгрыю, нават, рыхтаваліся да вырашальнай бітвы з імператарам Святой Рымскай Імперыі Фрыдрыхам II. Толькі раптоўная смерць хана Угэдэя прымусіла Батыя з войскам вярнуцца назад, на Ніжнюю Волгу, якая стала асяродкам улуса Джучы.

 

10

Міндоўг гарэў адзіным жаданнем — неадкладна вызваліць усходнеславянскія землі і княствы ад ардынскага ярма. Ён выразна ўсведамляў, што барацьба з дзікай Ардой можа зацягнуцца на гады і дзесяцігоддзі. Але выбару не было. Без знішчэння ардынскай навалы —шчаслівага жыцця не відаць! Арда увесь час будзе небяспекай яго трону і ўсёй краіне.

Дарадцы настойліва раілі князю першай справай схіліцца да праваслаўнай веры. Паводле іх меркавання, такі крок спрашчаў вырашэнне задачы, істотна павялічваў шанцы на кансалідацыю славянскіх народаў і княстваў вакол Навагрудка. Міндоўг пагадзіўся. Усе сродкі прыдатныя, абы толькі здужаць ардынцаў, дарэшты вынішчыць нечысць!

Для хрышчэння ў праваслаўную веру Міндоўг абраў Віцебск. Улетку 1241 года князь з атачэннем прыбыў у горад на Дзвіне.

Абрад прыняцця Праваслаўя праходзіў у велічным мураваным храме, пабудаваным архітэктарамі з Візантыі. Светлы сакральны будынак на левым беразе Дзвіны, нібы чакаў сустрэчы з Міндоўгам.

У царкве на ўрачыстай цырымоніі знаходзіўся тагачасны гаспадар Віцебска — князь Ізяслаў Брачыславіч, а таксама намеснікі Міндоўга з ўсіх гарадоў Княства.

Пасля завяршэння абраду навагрудскі валадар правёў нараду. Яго зварот да военачальнікаў быў кароткім, але гранічна канкрэтным:

— Галоўная задача, — даводзіў Міндоўг, — захаваць уладу над землямі ўздоўж Дзвіны і Дняпра, Нёмана і Прыпяці. Гэта наша жыццёвая прастора. Трэба паўсюль, дзе можна, будаваць крэпасці, узводзіць новыя гарады! Прыйшоў час вяртаць захопленыя германцамі землі. Яны спакон веку належалі нашым продкам! Мы не павінны далей спакойна глядзець на тое, як ардынцы рабуюць гарады і княствы на ўсходзе! Трэба гуртаваць сілы і рыхтавацца да вырашальнай бітвы з імі!

Намеснікі і васалы ківалі галовамі ў знак згоды. Пасля Міндоўга гаварыў ваявода Мірон. Ён выказваў клопат пра неабходнасць дадатковага ўзбраення гарнізонаў, найперш тых, якія размяшчаліся ў памежных гарадах.

 

11

Заходнія агрэсары не збіраліся адмаўляцца ад захопніцкіх планаў. Не прайшло і дзесяці гадоў пасля бітвы пры Сауле, як германцы зноў пачалі няшчадна рабаваць паселішчы куршаў. Мясцовыя феадалы аказвалі супраціўленне, але не мелі дастаткова сіл, каб самастойна перамагчы Лівонскі ордэн. Старэйшыны куршаў зноў звярнуліся да Міндоўга абараніць іх ад сквапных захопнікаў.

У пачатку 1244 года Міндоўг пайшоў на Амбатэн*. Старажытнае паселішча куршаў, якое на іх мове да германскага захопу называлася Эмбутэ, месцілася ў цудоўным кутку, якраз там, дзе рэчка Ланка ўпадала ў Дзвіну.

Дружыннікі Міндоўга, загартаваныя ў ранейшых сечах, прагнулі хуткай перамогі і багатай здабычы. У складзе войска было таксама некалькі дзясяткаў напаўпрафесійных коннікаў, пераважна маладых людзей, што шукалі вайсковых прыгод. Яны мелі ўласных коней, зброю, пераважна сякеры, і сякі-такі вайсковы досвед.

Замыкаў войска абоз. Там везлі харчаванне і фураж, а галоўнае — розныя прыстасаванні і адмысловыя прылады, загадзя падрыхтаваныя майстрамі-збройнікамі для ўзяцця замкаў і крэпасцей.

Міндоўг разлічваў на лёгкую перамогу над германцамі.

Праз некалькі дзён войска ўвайшло ў азёрны край. Прамінулі Мядзел, зрабілі непрацяглы адпачынак ў Браславе, а затым імкліва рушылі на Амбатэн.

Міндоўг акружыў замак і некалькі тыдняў трымаў у аблозе. Горад неаднаразова спрабавалі штурмаваць, але безвынікова.

Лівонскі магістр Генрых фон Хэймбург накіраваў на выратаванне крэпасці добра ўзброенае войска. Дапамога прыйшла акурат у момант вырашальнага штурму горада. Міндоўг страціў звыш 1500 воінаў. Германцы атакавалі, адкінулі войска, захапілі абоз. Раструшчанае і дэзарганізаванае войска Міндоўга паспешліва адступала. Крыжакі доўга гналіся следам.

Нарэшце, Міндоўг схаваўся ў Ашмянах, а крыжакі з-за нейкіх прычын адступілі. Няйнакш нейкія пільныя справы змусілі іх вярнуцца назад.

Навагрудскі валадар добра засвоіў урок, прыпаднесены германцамі. Выхад да Варажскага мора для яго аказаўся зачыненым.

З сумам Міндоўг вярнуўся дадому. Яго жонка — княгіня Радміла — моцна хварэла. Яна аддалілася ад княжацкага двара, усё больш займалася духоўнымі справамі, жыла царкоўнымі клопатамі, дбала пра ўбогіх і нямоглых. Неўзабаве яна пайшла з жыцця. Войшалк і Любіца доўга сумавалі па маці, яны пачуваліся адзінокімі і пакінутымі.

 

12

Пасля крывавых бітваў з германцамі і ардынцамі, Міндоўг усё болей скіроўваў свой погляд на ўсход. Яму карцела як найхутчэй абараніць ад ардынскіх здзекаў і рабаўніцтва братоў-славян, узяць пад асабістае крыло землі Ноўгарада Вялікага, а таксама Растова-Суздальскае, Чарнігаўскае, Бранскае і Разанскае княствы.

Адказную місію Міндоўг даручыў братанічу Таўцівілу і некалькім военачальнікам. Паводле стратэгіі навагрудскага валадара, яны мусілі не толькі аберагаць землі Полацкага, Віцебскага і Смаленскага княстваў, але і ўсталяваць кантроль над усходнімі абшарамі, даастатку выгнаць ханскіх баскакаў з усіх славянскіх гарадоў.

Таўцівіл з дружынай першым прыбыў у Полацк. Тамашні князь Брачыслаў Полацкі, даведаўшыся пра набліжэнне стаўленіка Міндоўга, збег у Вялікі Ноўгарад, да свайго зяця Аляксандра Яраславіча Неўскага. Яшчэ ў 1239 годзе валадар Ноўгарада Вялікага ажаніўся з прыгажуняй-палачанкай Аляксандрай. Вяселле згулялі ў Таропцы.

Таўцівіл увайшоў у Полацк і стаў там княжыць. Ён хутка навёў парадак. Заможныя гаспадары своечасова забяспечылі новага князя ўсім неабходным, прыгналі табун пародзістых коней для княжацкай дружыны.

Ціхага і спакойнага жыцця, аднак, не атрымалася. Міндоўг загадаў Таўцівілу збіраць войска і ісці на ўсход, вызваляць славянскія гарады і княствы ад ардынскай залежнасці. 25-гадовы Таўцівіл — дужы, стрыманы і ўпэўнены ў сабе, усё ж, пабойваўся Міндоўга. Ён добра памятаў, што адбылося з тымі, хто пярэчыў волі навагрудскага валадара.

На ўсходзе гаспадарыў Аляксандр Яраславіч Неўскі, які жорстка кантраляваў ўсходнеславянскія абшары і надзейна забяспечваў інтарэсы Арды. Да таго часу ён праявіў сябе як бліскучы военачальнік, спыніў агрэсію немцаў, ачысціў ад іх землі Вялікага Ноўгарада. Урэшце, 5 красавіка 1242 года Аляксандр Неўскі разбіў тэўтонаў на Чудскім возеры і цалкам вызваліў Пскоў. Ваяваць з такім сапернікам было не простай задачай.

Міндоўга не напалохалі заслугі Аляксандра Неўскага. Паводле яго загадаў, харугвы Віцебскага, Полацкага і Смаленскага княстваў, на чале з Таўцівілам, пачалі здзяйсняць вайсковыя рэйды на ўсход.

Неверагодна глыбокі і асабліва рызыкоўны паход Таўцівіл ажыццявіў у 1245 годзе. Войска выступіла з Віцебска, прайшлі праз Усвяты, дзе спынялася на адпачынак. Таўцівілу ўдалося захапіць і абрабаваць буйныя гарады —Таропец, Таржок і Бежацк*.Пра свае вайсковыя поспехі ён з радасцю паведамляў Міндоўгу.

Аляксандр Неўскі адбіў напад Таўцівіла. У хуткім часе ён вярнуў пад сваю ўладу Таропец. У адкрытай бітве Аляксандр Неўскі забіў восем князёў, а астатніх дагнаў і пасек каля Жыжыцкага возера.

Каб супрацьстаяць Міндоўгу і не прапусціць Таўцівіла з войскам далей, на паўночны ўсход, Аляксандр Неўскі ўзвёў некалькі крэпасцей на рацэ Шэлоні. Такім чынам, ён закрыў Міндоўгу шлях на землі Вялікага Ноўгарада.

Але ў Ардзе хацелі іншага. Там патрабавалі не абароны ад Міндоўга, а яго канчатковага разгрому. Неўзабаве бацьку Аляксандра Неўскага — Яраслава Усеваладавіча — выклікалі ў Арду і там, 30 верасня 1246 года, атруцілі.

 

13

Прэтэнзіі Міндоўга на ўсходнеславянскія землі катэгарычна не падзялялі галіцка-валынскія князі. Яны знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад ардынцаў і вымушаны былі ўсяляк выслужвацца перад імі. У 1245 годзе Даніла Раманавіч наогул прысягнуў Ардзе на вернасць.

Галіцка-валынскія князі — браты Васілька Раманавіч і Даніла Раманавіч — неўзабаве адкрыта выступілі супраць Міндоўга. Узімку 1246—1247 года яны здзейснілі буйны вайсковы паход на землі Навагрудскай дзяржавы.

Каб абараніць уласныя ўладанні, Міндоўг з адборным войскам выступіў насустрач. Ішлі хутка, для кароткіх адпачынкаў спыняліся ў Баранавічах, Целяханах і Лагішыне. У Пінску да Міндоўга далучыліся дружыны з паўднёвых тэрыторый Княства. Імі кіраваў князь Міхаіл Пінскі.

Сеча адбылася за рэчкай Пінай. Біліся адчайна. З абодвух бакоў палегла шмат дружыннікаў і наёмнікаў. Міндоўг адкінуў галіцка-валынскіх князёў, але і яго войску быў нанесены значны ўрон.

Пасля бітвы пад Пінскам Міндоўг пачуваўся вельмі кепска. Ён разумеў бессэнсоўнасць змагання з колішнім саюзнікам Данілам Раманавічам. Але іншага выйсця не было. Даніла Раманавіч і яго сям’я трапілі ў залежнасць ад Арды. Яны служылі ворагам, выступалі на баку ардынцаў, значыць, з імі трэба біцца насмерць!

Саслаблены навагрудскі валадар вярнуўся дадому, дзе яго чакала новая жонка Марфа. З юнацкіх гадоў Марфа — дачка заможнага віцебскага купца — добра спасцігла сакрэты жаночай прыгажосці, ведала чым завабіць мужчыну, як прываражыць да сябе. Яна свяцілася чароўным святлом, вабіла і прыцягвала непаўторнай магіяй жаноцкасці. Спрактыкаваныя служанкі рыхтавалі для яе, паводле старадаўніх рэцэптаў, мядовыя і малочныя мазі. Так яна аберагала скуру ад зморшчын і старэння.

Марфа цудоўна ведала галоўнае — для захавання здароўя і жаночай прывабнасці неабходна добра высыпацца. Не падхоплівацца надта рана з ложка, а дачакацца пакуль сонца ўздымецца высока над зямлёй. Яна добра харчавалася, рэгулярна ўжывала надзвычай карысныя для здароўя арэхі, моркву, часнок, піла крынічна чыстую ваду. Старалася менш хвалявацца, апранала зручнае адзенне і насіла мяккі абутак, у якім нагам было цёпла і камфортна.

Марфа любіла Міндоўга. Калі ён вяртаўся дадому, яна шчодра залівала яго чыстымі промнямі кахання. Міндоўг, нібы лётаў у нябёсах, пачуваўся па-сапраўднаму шчаслівым. Яе пацалункі, дотыкі мяккіх рук прыносілі невымоўную асалоду і наталенне целу.

Калі Міндоўг з дружынай ад’язджаў, Марфа ахвотна займалася доглядам дома, кіравала вялікай княжацкай гаспадаркай. Яна авалодала майстэрствам вязання і шытва. Уласнымі рукамі вырабляла прыгожыя сукенкі і кашулі, цёплыя рукавічкі ды іншыя ўтульныя рэчы.

Асабліва апантана Марфа займалася кулінарыяй. Прыгатаванне страў з’яўлялася яе стыхіяй. Назіраць за тым, як яна вырабляла разнастайныя мясныя, рыбныя, грыбныя і мучныя прысмакі, было сапраўднай насалодай. Яна наглядала за памолам мукі, каб жорны належным чынам змалолі зерне. Дадавала ваду і розных прыпраў, гатуючы цеста. Хлеб у яе атрымліваўся выключна смачны. Марфа ўважліва падбірала адпаведныя збаны і патэльні. Сачыла, каб страву не ператрымалі на агні.

Марфа аказалася прыроджанай князёўнай — прыгожай, шчодрай, адданай.

 

14

Ад братаніча Таўцівіла Міндоўг патрабаваў неадкладных і рашучых дзеянняў на ўсходзе. Выконваючы яго загад, полацкі намеснік у 1248 годзе здзейсніў чарговы буйны паход на ўсходнія абшары, якія належалі Аляксандру Неўскаму. Разам з Таўцівілам у паход пайшлі віцебская і смаленская дружыны.

15 студзеня 1248 года на рацэ Протве адбылася буйная бітва. Абодва бакі панеслі вялікія страты. Загінуў Міхаіл Харабрыт — чацвёрты сын Яраслава Усеваладавіча.

Таўцівіл пачаў адступленне. Але каля Зубцова* яго перастрэў уладзімірскі князь Святаслаў Усеваладавіч і нанёс яму скрышальную паразу.

Таўцівіл быў не ўстане перамагчы Аляксандра Неўскага і яго саюзнікаў. Ён разумеў, што новы паход нават не здолее распачаць. Таму Таўцівіл, а таксама віцебскі і смаленскі намеснікі, адмовіліся зноў ісці на ўладанні Аляксандра Неўскага.

Абураны і раззлаваны Міндоўг накіраваў карную экспедыцыю, каб пакараць Таўцівіла і іншых за непаслухмянасць. У роспачы Таўцівіл, разам з валадарамі Віцебска і Смаленска, мусілі ўцякаць. Яны накіраваліся да Данілы Раманавіча, разлічваючы на яго разуменне і спагадлівасць.

Каб задобрыць Данілу Раманавіча, схіліць на свой бок, Таўцівіл у 1248 годзе выдаў за яго сваю пляменніцу Ганну, дачку Скочкі. Галіцкаму князю на той час ішоў пяты дзясятак. Юная Ганна стала для яго прыемным суцяшэннем.

 

15

Ардынцы не драмалі. Яны імкнуліся пасварыць славян, як мага мацней убіць клін паміж братамі, натравіць іх адзін на аднаго. Апынуўшыся ў поўнай залежнасці ад ханаў Залатой Арды, галіцка-валынскія князі мусілі выконваць іх волю і загады.

Перад тым, як пачаць наступ на Міндоўга, спрактыкаваны ў вайсковай стратэгіі Даніла Раманавіч, заключыў пагадненне з Лівонскім ордэнам і Рыжскім біскупствам. Восенню 1248 года хаўруснікі адначасова распачалі вайну супраць Навагрудскай зямлі.

Насустрач немцам, якімі камандаваў магістр Генрых фон Хэймбург, пайшоў Міндоўг. Ён з цяжкасцю здолеў адкінуць ворага.

Войшалк з дружынай выступіў супраць галіцка-валынскіх князёў. Ворагі даволі хутка ўзялі Ваўкавыск і падышлі пад Навагрудак.

Выратавала становішча, бадай, толькі тое, што Таўцівіл не выяўляў моцнага жадання ваяваць з Войшалкам. Пажыўшы пэўны час ва Уладзіміры, ён яскрава ўбачыў, наколькі шчыльныя стасункі галіцка-валынскіх князёў з ненавіснымі яму ардынцамі. Менавіта таму ў крытычны момант бітвы Таўцівіл са сваёй дружынай перайшоў на бок Войшалка. З гэтага часу паміж імі ўсталяваўся не толькі поўны давер, але і працяглае сяброўства.

Пасля гераічнага ўчынку Таўцівіла Міндоўг дараваў яму ранейшыя грахі. У 1250 годзе Таўцівіл зноў паехаў княжыць у Полацк.

У доме Міндоўга адбылася незвычайная падзея. Стары паляўнічы Крот прынёс з лесу малое ваўчаня. Нейкім дзіўным чынам ён выкраў яго з логава, што знаходзілася ў аддаленым гаі. Ваўчанё так і назвалі — Гай. Навагрудскі валадар успрыняў падарунак як знак нябёсаў, прадвесце рэзкіх перамен.

Як і параіў Крот, князь штодня карміў Гая са сваіх рук.

— Воўк здатны выручыць чалавека з любой бяды, — запэўніваў стары паляўнічы. — Варта толькі заслужыць яго давер, завалодаць душой звера.

З часам паміж ваўком і Міндоўгам сапраўды ўсталяваўся давер, нейкія толькі ім вядомыя дачыненні і сувязь.

Гай рос на свабодзе, яго ніколі не трымалі ў няволі. Паступова ў ваўка сфармаваліся вострыя клыкі — яго галоўная зброя. Шэра-бурага колеру густая поўсць, з двух слаёў, падкрэслівала яго сілу і спрыт. Першы слой поўсці — жорсткі, бараніў ад дажджоў і бруду, другі — вельмі мяккі падшэрстак,— саграваў ваўка, аберагаў ад лютых маразоў.

Прыкладна праз год Гай пачаў падоўгу знікаць. Ён, верагодна, адшукаў сваю зграю. Міндоўг па начах чуў з пушчы яго вой, адрозніваў яго голас ад выцця і скавытання іншых ваўкоў, выразна разумеў сэнс кожнага паслання свайго гадаванца.

Пазней, як важак зграі, Гай суправаджаў Міндоўга падчас доўгіх паходаў. Ён ніколі не ведаў стомы,бездакорна служыў гаспадару — надзейна ахоўваў ад злых людзей і згаладалых лясных драпежнікаў.

 

16

Міндоўг адчуваў набліжэнне небяспекі. Войска парадзела. Рэсурсаў не ставала. Адначасовае змаганне з Тэўтонскім ордэнам — на захадзе, Лівонскім ордэнам — на поўначы і з славянскімі князямі, цалкам залежнымі ад ардынскіх ханаў, — на поўдні і ўсходзе, знясільвала краіну. Набліжэнне пагрозы прымушала Міндоўга думаць пра выратаванне дзяржавы і захаванне ўласнага жыцця.

У 1250 годзе князь запрасіў майстроў з Тэўтонскага ордэна, каб пабудаваць у Навагрудку мураваны замак. Немцы з радасцю згадзіліся, бо навагрудскі валадар паабяцаў шчодрыя ўзнагароды. Да ўзвядзення замка далучыліся і мясцовыя будаўнікі-гароднікі.

Праз некалькі гадоў новы замак — рэзідэнцыі князя Міндоўга — быў збудаваны. Ён выглядаў велічна і непрыступна, меў пяць вежаў з байніцамі. Вельмі цешыліся мясцовыя будаўнікі. Ад запрошаных майстроў-немцаў яны хутка навучыліся прыёмам і тэхніцы ўзвядзення мураваных замкаў.

Міндоўг таксама ацаніў перавагі мураванага замка. «Цяпер, у выпадку патрэбы, — меркаваў ён, — можна надзейна схавацца і перачакаць небяспеку». Але ў душы ўсё адно заставалася трывога: «А як жа людзі, краіна? Ворагі ціснуць з усіх бакоў. Асабліва дапякаюць галіцка-валынскія князі, падбухтораныя ардынцамі».

Міндоўг напружана шукаў выйсця. Пасля доўгіх разваг ён, урэшце, прыняў рашэнне стварыць вайскова-палітычны саюз з Рымскім прастолам і нямецкімі крыжакамі, каб супольнымі намаганнямі ачысціць славянскія землі ад улады Арды. Але дзеля стварэння трывалага вайскова-палітычнага альянсу трэба было змяніць веравызнанне — пакінуць Праваслаўе і перайсці ў Каталіцтва. Міндоўг пагадзіўся на такі крок. Палітыка і знешнія абставіны прымушалі рабіць няпросты выбар, аддзяляць галоўнае ад другараднага.

Пра сваё рашэнне князь паведаміў Папу Рымскаму Інакенцію IV.Той з радасцю ўспрыняў вестку ад Міндоўга. Уласнай булай ад 17 ліпеня 1251 года Інакенцій IV дабраславіў навагрудскага валадара і даручыў Кульмскаму біскупу вянчаць яго на караля Вялікага Княства Літоўскага і ўсіх зямель, якія ён вырваў з рук няверных.

Хрышчэнне адбывалася ўРызе. Міндоўг з жонкай Марфай неўзабаве прыехалі туды. Высокая і чарнявая, з магнетычным позіркам,у святочным убранні,Марфа выглядала вельмі прывабнай і жаданай. Міндоўг усім сэрцам кахаў Марфу і яна адказвала яму ўзаемнасцю.

Ва ўрачыстай атмасферы касцёла біскуп прачытаў малітву, апусціў свечку ў купель з вадой. Затым намоленай вадой ён тройчы акрапіў Міндоўга і Марфу, прамаўляючы: «Я хрышчу вас у імя Айца і Сына і Святога Духа».

Ахрышчаныя паводле каталіцкага абраду, Міндоўг і Марфа спакойна выслухалі настаўленні біскупа пра неабходнасць выканання запаведзяў і трываласці ў веры.

Такім чынам, Міндоўг здабыў апеку Папы Рымскага і дапамогу заходняга каталіцкага свету. Пагроза вайны з боку германцаў істотна зменшылася. «Усе сілы цяпер можна кінуць на змаганне з Ардой і галіцка-валынскімі валадарамі», — слушна меркаваў навагрудскі валадар.

 

17

Міндоўг паспеў у час. Глыбокай восенню 1251 года, калі пачаліся замаразкі і ўжо выпаў снег, галіцка-валынскія князі з удзелам асобных тураўскіх і пінскіх дружын,якіх нацкоўвалі на Міндоўга ханскія баскакі, зноў атакавалі Навагрудскае княства. Гэтым разам яны пайшлі на Гарадзен*.

Паводле даручэння Міндоўга войска Навагрудскай дзяржавы ўзначаліў Войшалк. Ён накіраваўся насустрач, каб адбіць небяспечны наступ галіцка-валынскіх князёў і ардынцаў. Ворагі няшчадна рабавалі абжытыя паселішчы. Жыхары, як маглі, ратаваліся. Уцякалі ў лясы і пушчы. Мужчыны і юнакі ўзбройваліся, рыхтаваліся да змагання.

Буйная бітва Войшалка з галіцка-валынскімі князямі адбылася непадалёк ад Шчучына, каля Турыйска**.Войшалк прайграў, бо сілы ворага шматкроць пераўзыходзілі яго дружыну. Ён вымушаны быў адступіць, але і галіцка-валынскія з-за панесеных страт павярнулі дадому.

У канцы 1252 года ворагі з поўдня зноў пайшлі ў наступ. Праўда, на гэты раз яны змянілі напрамак і рушылі адразу на сталіцу княства — Навагрудак.

Войска Навагрудскай дзяржавы зноў узначаліў Войшалк. Ён адабраў найбольш загартаваныя харугвы і павёў іх насустрач ворагу. Войшалк быў упэўнены, адчуваў усім нутром, што гэтым разам пераможа. Перад вырашальнай бітвай ён на кані, у атачэнні ахоўнікаў, аб’ехаў харугвы і заклікаў біцца з усяе сілы, перамагчы і адкінуць захопнікаў.

Дасведчаны ў тактыцы галіцка-валынскіх князёў, Войшалк заняў найбольш выгадныя пазіцыі, умела расставіў харугвы і атрымаў істотныя перавагі падчас сечы.

Наступ на Навагрудак удалося адбіць. Галіцка-валынскія князі паспешліва адступілі.

 

18

Каранацыя Міндоўга праходзіла 6 ліпеня 1253 годзе ў Навагрудку. Цёплы сонечны дзень падкрэсліваў урачыстасць падзеі. Усё праходзіла велічна, з помпай. Прыехала вялікая колькасць гасцей. Апрача біскупа Кульмскага прысутнічалі мясцовыя князі-васалы, дэлегацыі ад Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў.

Галоўная цырымонія адбылася ў Латаўскім касцёле — рэзідэнцыі каталіцкіх святароў. Міндоўг быў апрануты ва ўрачыстае адзенне. Кароткая чырвоная туніка з вышытай золатам аблямоўкай, накінутая зверху і замацаваная каштоўнай спражкай, падкрэслівала яго высокі статус. Яго суправаджала жонка Марфа. У дарагім атласным адзенні з рэдкімі жаночымі ўпрыгожаннямі, — залатымі бранзалетамі і пярсцёнкамі, ланцужкамі і завушніцамі, яна выглядала шыкоўна.

Хор заспяваў духоўныя гімны на латыні. Затым біскуп Кульмскі паднёс Міндоўгу знак рыцарскай годнасці — шпоры. Кульмінацыяй абраду палітычнай рэпрэзентацыі манарха стала ўскладанне на яго галаву каралеўскай кароны. Для Марфы таксама была зроблена карона, якую біскуп, услед за Міндоўгам, усклаў ёй на галаву. Каштоўныя сімвалы каралеўскай ўлады былі адмыслова выраблены і асвечаны ў Рыме.

У адказ навагрудскі валадар прынёс клятву, паабяцаў заўжды падтрымліваць рымскіх першабіскупаў. Гаварыў Міндоўг гучна і ўпэўнена.

Па завяршэнні працэдуры надзялення правіцеля ўладай, Кульмскі біскуп выгукнуў:

— Няхай жыве кароль! Слава князю Міндоўгу!

Прысутныя паўтарылі ўслед за ім:

— Слава каралю Міндоўгу!

Так адбылася сакралізацыя свецкай улады, умацаванне міжнароднага аўтарытэту Міндоўга.

Атрымаўшы карону, кароль Міндоўг ў 1253 годзе выдаў ахоўную Грамату рыжскім купцам, паводле якой ім дазвалялася свабодна гандляваць на абшарах Навагрудскай дзяржавы без аплаты мыта.

Таксама ў ліпені 1253 года навагрудскі валадар, як і абяцаў, падараваў Лівонскаму ордэну частку зямель у Жамойці.

У знак удзячнасці Рыму, Міндоўг дазволіў заснаваць на абшарах Княства каталіцкае біскупства з цэнтрам у Любчы. Першым біскупам стаў Віт. Аднак, ён не вельмі ладзіў з Міндоўгам, які пад пагрозай смерці забараніў біскупу пераследаваць людзей старой веры, бурыць капішчы і знішчаць выявы язычніцкіх багоў.

Але Віт не спыняўся. Больш за тое, ён расправіўся з некалькімі жанчынам-знахаркамі, якія лячылі людзей. Іх абвінавацілі ў сувязях са злымі сіламі і, паводле прысуду біскупа, спалілі жывымі.

Жыхары не пераставалі скардзіцца Міндоўгу на жорсткасць біскупа, які зневажаў іх веру, сілай гнаў да касцёла. Навагрудскі валадар выклікаў Віта ў рэзідэнцыю, апошні раз папярэдзіў яго і прыгразіў, што пазбавіць усёй маёмасці і зямельных уладанняў.

Напалоханы Віт неадкладна напісаў Папу Рымскаму прашэнне аб адстаўцы. У наступным годзе яго месца заняў біскуп Хрысціян, які быў нашмат хітрэйшы. Хрысціян загадаў святарам паўсюдна ўслаўляць учынкі караля Міндоўга, узносіць яму малітвы падчас богаслужэнняў.

Міндоўг не скупіўся на ўдзячнасць. У 1254 годзе ён выдаў чарговую Грамату аб дараванні біскупу Хрысціяну і Каталіцкаму Касцёлу значных зямельных уладанняў.

Так,праз выпрабаванні і саступкі, беларускія землі далучаліся да супольнасці еўрапейскіх дзяржаў, арганічна ўваходзілі ў прастору заходняй культуры.

 

19

Нябёсы злітасцівіліся над Навагрудскай дзяржавай. У 1253 годзе Міндоўг атрымаў доўгачаканыя радасныя навіны. Папа Рымскі Інакенцій IV заклікаў стварыць кааліцыю дзяржаў, каб супольна выступіць супраць Арды. Ён звярнуўся да ўсіх хрысціянскіх вернікаў Багеміі, Маравіі, Сербіі, Памераніі, а таксама да каталікоў прыбалтыйскіх зямель.

Вельмі ўсцешылі Міндоўга звесткі аб тым, што галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч, нарэшце, таксама пагадзіўся ўдзельнічаць у крыжовым паходзе супраць Арды. Наўзамен за мужны крок Папа Рымскі ў 1253 годзе каранаваў і яго. Даніла Раманавіч стрымаў слова. У 1254 годзе ён выгнаў са сваіх гарадоў ханскіх баскакаў і разбіў ардынскае войска на чале з Курэмсам.

Міндоўг скарыстаўся спрыяльнымі знешнепалітычнымі абставінамі. Ён накіраваў свайго сына Войшалка ў Холм — тагачасную сталіцу Галіцка-Валынскага княства, з адказнай місіяй — заключыць мірны дагавор з каралём Данілам Раманавічам. Вядома, Міндоўг рызыкаваў, пасылаючы да колішніх ворагаў уласнага сына. Але толькі так яны маглі паверыць у шчырасць яго намераў.

Войшалк выехаў у Холм. Там ён аказаўся па-сутнасці ў стане закладніка. Ніхто на той момант не ведаў і не мог дакладна прадказаць, як будуць разгортвацца падзеі, што чакае наперадзе, як пройдуць перамовы з былымі праціўнікамі. Заставалася толькі спадзявацца на спрыянне нябёсаў і Божую ласку.

Аўдыенцыі давялося чакаць вельмі доўга. Войшалк пачуваўся няўтульна, з кожным днём у сэрцы расла трывога. Нарэшце, адбылася доўгачаканая сустрэча з Данілам Раманавічам і яго сынамі. Пасля няпростых размоў, узаемных дакораў і абвінавачванняў, знайшлі прыймальнае для ўсіх выйсце. Вырашылі парадніцца сем’ямі. Войшалк паабяцаў выдаць родную сястру Любіцу за Свараміра Данілавіча — малодшага сына Данілы Раманавіча.

Неўзабаве згулялі вяселле. Войшалк не толькі паразумеўся са Сварамірам, але і вельмі зблізіўся з ім. Так у 1254 годзе быў дасягнуты мір паміж навагрудскім валадаром Міндоўгам і галіцка-валынскімі князямі.

Паводле дамовы, чацвёрты сын Данілы Раманавіча і колішні няўдалы прэтэндэнт на аўстрыйскі прастол — Раман Данілавіч, атрымаў княжанне ў Навагрудку, Слоніме і Ваўкавыску*.

Германцы не пакідалі Міндоўга ў спакоі. Дасланая магістрам дэлегацыя настойліва патрабавала ад яго новых саступак. Навагрудскі валадар выдатна ўсведамляў — без кампрамісу і паразумення з немцамі, хаця б часовага, трона не ўтрымаць. Са скрыпам у сэрцы, наўзамен за жыццёва неабходны мір, ён у 1254 годзе ўсё ж пагадзіўся перадаць Жамойць пад уладу Лівонскага ордэна. Атрымаўшы новую спажыву, ненажэрныя германцы, нібы дзікія звяры, на нейкі час супакоіліся.

Жамойцкія князі абураліся і ўпарціліся. Яны слалі ганцоў да Міндоўга, але ён заставаўся няўмольным. Раз’юшаны жамойцкі князь Транята асабіста прымчаўся ў Навагрудак. Аднак Міндоўг нават не пажадаў з ім сустракацца, а тым болей аб нечым размаўляць. Барацьба за захаванне ўлады няўмольна патрабавала ахвяр, змушала дзейнічаць эгаістычна і гранічна жорстка.

Не ў стане штосьці перамяніць, жамойцкі князь Транята затаіў глыбокую крыўду на Міндоўга, чакаючы зручнага моманту, каб пры нагодзе адпомсціць яму.

 

20

Незвычайны сум панаваў у сэрцы Войшалка. Ён прагнуў адзіноты і супакаення. Нясцерпна хацелася цішыні. Ён ішоў у пушчу, непаспешліва блукаў па лесе, моўчкі глядзеў на кустоўе восеньскага арэшніку, супыняўся пад разгалістымі шапкамі векавых дрэў. Жаданне зусім аддаліцца ад людзей, тлуму і мітусні, усё больш авалодвала ім.

Войшалк падоўгу маліўся. Ён часта разважаў пра сутнасць жыцця. Змрочна думаў пра непазбежнасць смерці: «Зямное жыццё — імгненне. Усё мінае, знікае без следу. Застаецца толькі душа чалавека. Яна адлятае ў нябёсы, дзе шукае ціхага супакаення».

Праз нейкі час Войшалку прыйшло азарэнне. Рашэнне саспела само сабой: «Трэба неадкладна ісці ў манастыр, жыць паводле прыкладу вялікіх хрысціянскіх святых, ачышчацца душой і целам».У яго на сэрцы стала лёгка і светла.

Войшалк без ваганняў прыняў манаскі сан. Ён здзейсніў сімвалічнае пастрыжэнне валасоў і ўзяў манаскае імя — Лаўрыш*. Святое месца, якое ён абжыў на рацэ Нёман, атрымала сярод навакольных людзей адпаведную назву — Лаўрышаў, або Лаўрышаўскі манастыр.

У манастыры Войшалк хутка знайшоў для сябе занятак. Ён адкрыў прытулак для параненых і хворых. Няшчасныя і абяздоленыя людзі, беспрытульныя і юродзівыя, шукаючы спагады і выратавання, з розных мясцін пацягнуліся да манастыра. Разам з іншымі манахамі Войшалк збіраў лекавыя расліны, карэнні, гатаваў настоі, як мог, ратаваў хворых і нямоглых.

Высокі, з мяккімі рысамі твару, Войшалк ніколі не крычаў, гаварыў не гучна, як бы глухавата. Яго клопат пра іншых быў шчырым і натуральным. Манаская раса і камілаўка арганічна дапаўнялі яго ўнутраны стан супакоенасці. Чуткі пра дабрыню і спагадлівасць княжацкага сына імкліва разнесліся па ўсёй зямлі.

Зранку Войшалк, як правіла, маліўся, а потым заглыбляўся ў чытанне святых кніг. Духоўныя творы прыносілі спачын душы. Ён засвойваў глыбокія разважанні айцоў царквы, завучваў на памяць мілагучныя песнапенні ў гонар Госпада Бога, Дзевы Марыі і святых угоднікаў. Перад Войшалкам адкрыўся багаты свет кніжнай культуры Візантыі і Рыма. «Трэба каб больш людзей даведваліся пра гэтыя багацці, чэрпалі з чыстых, не памутнелых крыніц духоўную сілу», — справядліва меркаваў ён.

Войшалк згуртаваў вакол сябе найбольш адукаваных людзей. Прывезлі кнігі з Канстанцінопаля і Рыма. Пачалі перакладаць на ўласную мову Біблію, яркія пропаведзі і павучальныя словы, найбольш каштоўныя гістарычныя запісы і помнікі агіяграфіі. Зробленыя раней пераклады і арыгінальныя творы Кірылы Тураўскага, Жыціе Ефрасінні Полацкай,а таксама летапісы, хронікі і хаджэнні старанна перапісвалі. Не занятыя тэкстам палі старонак аздаблялі каляровымі малюнкамі. На іх змяшчалі сцэны з біблейскіх кніг, выявы святых, вайсковыя сутычкі, малявалі заморскія расліны, рэдкіх жывёл і рыб.

Праз нейкі час адкрылі школку пры манастыры. Пачалі клапатліва вучыць дзетак, далучаць да кніжнай мудрасці. Войшалк цешыўся: «Праз нейкі час зерне, кінутае на ўрадлівую зямлю, абавязкова прарасце, дасць шчодры ўраджай! Адукаваныя юнакі, нібы ясныя сокалы, разляцяцца па ўсёй зямлі, прасветляць розум і сэрцы людзей жыццядайным святлом ведаў!»

Апрача духоўнай працы, Войшалк засвоіў навуку апрацоўкі зямлі, навучыўся займацца агародніцтвам. Ён пераняў досвед дасведчаных земляробаў, са здзіўленнем даведаўся, што ўсе пасадкі лепей за ўсё рабіць, калі Месяц на небе пачынае расці. Тады ўсё буяе і квітнее. У час Поўні і яе сыходу, варта ўстрымацца ад пасеваў, гэты час варта прысвяціць догляду за раслінамі.

Войшалк паспеў зрабіць яшчэ адну добрую справу, якой вельмі ганарыўся. Ён пасадзіў яблыневы сад, аб чым даўно марыў. Амаль усе дрэўцы прыжыліся і пачалі набіраць сілу. Радасць Войшалка не ведала межаў, душа спявала.

Бацька дакараў Войшалка за манаскі лад жыцця, за адыход ад дзяржаўных спраў. Сын, у сваю чаргу, гневаўся на бацьку за тое, што той, як яму здавалася, не разумеў важнасці далучэння людзей да кніжнай мудрасці. Войшалк быў пераконаны: веды і асветы — важнейшая дзяржаўная справа, першы клопат уладароў!

Аднаго разу, улетку, Міндоўг наведаў Лаўрышаў манастыр, папярэдне папярэдзіўшы Войшалку пра свой візіт. Бацька і сын спусціліся да Нёмана, доўга глядзелі на яго плынь. Гаварылі пра дзяржаўныя справы, але неяк незаўважна зайшла гутарка пра жанчын.

— Трэба табе, сынок, жаніцца. Час падумаць пра нашчадкаў, — папрасіў Міндоўг.

— Я служу нябёсам і вечнасці. Жанчыны непрадказальныя і здрадлівыя. Яны, нібы д’яблы. Не ведаеш, што і калі ўтвораць. Лепей трымацца ад іх падалей.

Міндоўг нервова запярэчыў:

— Д’ябал жыве ў тваёй галаве! У нас, мужчын, усё проста, на паверхні. Жанчыны — далікатныя стварэнні. У кожнай з іх спалучаецца, прынамсі, тры існасці. Жанчына — увасабленне ўсёй зямной і нябеснай прыгажосці! Яна — найвышэйшая каштоўнасць, крыніца радасці і асалоды! Жанчына — сапраўднае багацце і скарб! Наш першы і галоўны абавязак — бараніць кожную жанчыну і дзяўчыну!

Войшалк уважліва слухаў бацьку, але вёў сваю лінію:

— Усе жанчыны аднолькава агідныя. Варта прыгледзіцца, і ўбачыш, якія яны брыдкія — сквапныя, падманлівыя, мярзотныя і бессаромныя!

Міндоўг пачаў гаварыць спакайней:

— Ты памыляешся. Няма непрыгожых жанчын. Кожная з іх — адметная і непаўторная, нібы кветка ў лузе. У кожнай свой нораў, свой бляск. Розумам і сэрцам жанчына імкнецца да галоўнага — прадоўжыць жыццё, нарадзіць і ўзгадаваць дзяцей. Навек запомні, сынок: ніколі не крыўдзі жанчыну! Ніколі не кажы пра яе абразлівых слоў. Што б яна не зрабіла, як бы цяжка табе не было. І ніколі не асуджай жанчыну!

— Нават тады калі яна ідзе да іншага? — хмыкнуў Войшалк.

— Няма ў тым вялікай бяды, — ціха адзначыў Міндоўг. — Галоўнае, каб жанчыне было хораша і ўтульна, каб яна пачувалася абароненай і шчаслівай.

Войшалк змоўк,задумаўся: «Мо, і сапраўды, нешта трэба мяняць ва ўласным жыцці».

Пачаўся моцны лівень з маланкамі і грымотамі. Бацька і сын зірнулі адзін аднаму ў вочы. У гэтым паглядзе сустрэліся дзве родныя душы, яны зліліся ва ўзаемным паразуменні і дараванні, пасля чаго больш не спатрэбілася аніякіх слоў. Скінуўшы цяжар узаемнага недаверу, Міндоўг і Войшалк з лёгкім сэрцам пайшлі пад манастырскі дах, зусім не спяшаючыся хавацца ад дабратворнага і ачышчальнага дажджу.

 

21

Міндоўг меў рацыю. Без моцнай улады і цвёрдай гаспадарскай рукі ў краіне пачынаецца бязладдзе. Яго меркаванне неўзабаве пацвердзіла жыццё.

На землях, якімі ён раней валодаў, прарасло зерне ўзаемнай нянавісці і распачаліся канфлікты. Пакуль ён ціха жыў ў Любчы, над Нёманам, некалькі дробных князькоў ўтварылі ў 1256 годзе кааліцыю супраць яцвягаў. Ваўкавыскі Глеб, свіслацкі Ізяслаў, новагародскі Раман Данілавіч, а таксама галіцка-валынскія і польскія феадалы змовіліся і пайшлі вайной на яцвягаў.

Мірны і працавіты народ, які жыў паміж Нёманам і Мазурскімі азёрамі, зайздрослівыя суседзі прагнулі абрабаваць і скарыць. Яцвягі нікому не заміналі і тым болей — нікому не пагражалі! Яны ціха рассяліліся ўздоўж ракі Нараў, увішна працавалі, старанна абраблялі зямлю, захоўвалі ўласныя традыцыі і абрады. Прыгожыя мужчыны і жанчыны нараджалі здаровых дзяцей, выхоўвалі іх у сваёй мове і культуры. Здавалася, яны жылі ў раі. Немцы называлі іх судавамі, жамойты — дайновай.

Захопнікі прыйшлі нечакана. Яны няшчадна рабавалі і палілі яцвяжскія паселішчы. Нарэшце дабраліся да галоўнага горада яцвягаў — Сувалак. Чужынцы зганьбілі святыні, разбурылі некропаль. Яцвяжскі народ быў знішчаны амаль пад корань. Нянавісць да яцвягаў, відавочна, падагравалася знешнімі ворагамі — ардынцамі. Не выпадкова асаблівую лютасць выяўляў Раман Данілавіч.

Войшалк зразумеў прароцкую праўдзівасць бацькавых слоў. Калі не адстойваць краіну сілай зброі, ворагі знутры і звонку канчаткова разбураць яе, усё зруйнуюць, зганьбяць, давядуць да скону.

Сын Міндоўга прыняў рашэнне дзейнічаць. Каля 1257 года ён пакінуў манастыр над Нёманам, дзе пражыў больш за тры гады. Яго вяртанне да актыўнай палітыкі стала паваротным момантам у жыцці дзяржавы. Першае, што зрабіў Войшалк — звярнуўся па дапамогу да полацкага князя Таўцівіла. Той ахвотна пагадзіўся змагацца разам.

Створаны Войшалкам і Таўцівілам альянс стаўся добрым грунтам для барацьбы з ворагамі Навагрудскай зямлі.Іх планы былі грандыёзнымі: адцясніць Арду і расправіцца з залежнымі ад яе галіцка-валынскімі князямі.

Войшалк энергічна сфармаваў войска і быў гатовы да вайны. Першым чынам, яны разам з Таўцівілам распрацавалі таемны план знішчэння князя Рамана Данілавіча. Дзейнічалі асцярожна, але хутка і рашуча.

Таўцівіл запрасіў Рамана Данілавіча на сустрэчу ў Барысаў, нібыта, для перадачы пад яго ўладу новых зямель. Той пагадзіўся і прыехаў.

Змоўшчыкі перабілі ахову Рамана Данілавіча і паланілі яго. Затым учынілі над ім публічную экзекуцыю. Кат выдзер звязанаму Раману язык абцугамі і той сканаў ад болю.

Пасля расправы над Раманам Данілавічам аб’яднанае войска Войшалка і Таўцівіла ўвайшло ў Навагрудак. Горад зноўку вярнуўся пад уладу надзейнага валадара. Жыхары ўздыхнулі з палёгкай.

Войшалк неадкладна пачаў прыводзіць да ладу гаспадарку горада, разбураную нядбайным чужынцам. Апрануты ў свецкае адзенне, ён пры гэтым заўсёды насіў манаскую шапку.

Навагрудская зямля пакрысе ажывала і аднаўлялася.

 

22

Малады і амбіцыйны князь Нальшанаў Даўмонт прагнуў славы і шырокага прызнання. Плаціць даніну Навагрудку і выконваць загады Міндоўга яму зусім не хацелася. Даўмонту здавалася, што ён мае ўсё, каб пачувацца незалежным. Нальшанскае княства — багатае, землі ўрадлівыя і дагледжаныя. У рэках і азёрах віруе рыба. У пушчах і лясах поўна звярыны. Майстравыя людзі і гандляры забяспечваюць неабходнымі прыладамі і рэчамі. Ежы, абутку, адзення — усяго даволі для жыцця.

Але як вырвацца з абцугоў васальнай залежнасці? Зусім не проста, калі з розных бакоў падсцерагае смяротная небяспека. На ўсходзе гарады і княствы пакутуюць пад ярмом Арды. Нават вольналюбівы Вялікі Ноўгарад адкупляецца ад усходніх ханаў грашыма і данінай. Па-праўдзе, няма куды кінуцца. На захадзе гаспадараць германцы. Саюз з Міндоўгам, няхай сабе жорсткім і акрутным валадаром,усё ж меншае зло. Трэба цярпець, інакш нашкодзіш і сабе і астатняму люду.

Жыццё неўзабаве пацвердзіла справядлівасць абранай Даўмонтам лініі паводзінаў. У 1257 годзе да ўлады ў Ардзе прыйшоў хан Берке. Ён накіраваў намеснікам на ўсходнеславянскія землі Бурундая, які адрозніваўся асаблівай жорсткасцю.

У 1258 годзе аб’яднаныя войскі ўладзіміра-валынскага князя Васількі Раманавіча і Бурундая ў колькасці каля 30 тысяч чалавек напалі на Навагрудскую дзяржаву.

Ворагі няшчадна рабавалі славянскія гарады і землі.

Усе без выключэння крэпасці і гарнізоны аказвалі супраціўленне. Найдаўжэй трымаў аблогу Вішчын. Умацаваны замак стаяў на правым беразе Дняпра. Узяць яго было не простай справай. Гарнізон і жыхары, не зважаючы на стому і страты, мужна біліся. Жанчыны, прыхаваўшы свае ўпрыгожанні і каштоўнасці, сталі на сценах побач з мужчынамі. Урэшце, ардынцы ўварваліся ў знясілены горад, спалілі яго і пад корань вынішчылі абаронцаў.

Асобныя атрады Бурундая дайшлі да Нальшанскай зямлі. Ашалелыя ад крыві, атрады Бурундая наносілі велізарны ўрон Нальшанам і ўсёй Навагрудскай дзяржаве.

Падобны на тлусты кумпяк з маленькімі, заплыўшымі тлушчам, вочкамі, Бурундай не меў літасці ні да старых, ні да малых. Ён атрымліваў асалоду ад пакутаў людзей, здзекаваўся як мог з палонных.

Ардынцы захоплівалі ўрадлівыя землі і абязлюдзелыя вёскі. Жыхары ад страху нярэдка пакідалі абжытыя хаты і ўцякалі ў лясы. Многія ардынцы атабарваліся каля вадаёмаў — чыстых рэк і азёраў. Яны сілай бралі прыгожых славянскіх жанчын і дзяўчат сабе ў жонкі, намерваючыся назаўжды асесці на заваяваных землях. Астатнія ішлі далей, на поўнач, шукаючы для сябе здабычы і багаццяў.

Міндоўг згуртаваў усе сілы Княства, каб супрацьстаяць ворагу і выгнаць іншаземцаў прэч са славянскіх зямель. Да навагрудскага валадара далучыўся полацкі князь Таўцівіл, а таксама нальшанскі князь Даўмонт са сваімі харугвамі.

У вайне з Бурундаем Міндоўг умела скарыстаў наравістага і самаўпэўненага нальшанскага князя. За асаблівую жорсткасць Даўмонта да чужынцаў людзі празвалі яго Дрывасекам, паколькі ён нішчыў ворагаў без спачування і сумненняў, нібы сек дровы. Падчас генеральнай бітвы з войскам Бурундая, недзе каля Арэхаўска, Міндоўг загадаў Даўмонту першым уступіць ў бітву.

Нальшанскія харугвы мужна біліся са свежымі сіламі ворага. Мноства ардынцаў палегла на полі бітвы, але і харугвы Даўмонта панеслі вялікія страты. Тактычны ход Міндоўга, разлічаны не толькі на знішчэнне ворага, але і на аслабленне Даўмонта, валадар Нальшанаў зразумеў толькі пасля завяршэнне бітвы. У сэрцы маладога князя зарадзіўся спачатку гнеў, а з часам пачала расці глыбокая нянавісць на навагрудскага валадара.

Справа, аднак, была зроблена. Пасля прайгранай сечы Бурундай пачаў імкліва адступаць. Войска Міндоўга пераследавала яго і няшчадна знішчала ўсходніх качэўнікаў. Косці тысяч ардынцаў засталіся ляжаць у зямлі, якой яны хацелі валодаць.

Да зімы харугвы Міндоўга ачысцілі ад аселых ардынцаў поймы Дзвіны, Лучосы, Бярэзіны, Бабра, Друці, Проні, Басі, Дняпра і Сожа. Толькі асобныя з іх змаглі ацалець, зашыўшыся ў лясах і балоцістых мясцінах.

Супольнымі намаганнямі навагрудчане, палачане і віцябчане здолелі выгнаць клятых ардынцаў прэч са сваёй зямлі.

 

23

Узімку 1260 годзе Міндоўгу паведамілі, што крыжацкія рыцары рыхтуюцца да буйной вайсковай кампаніі на землях куршаў. Немцы планавалі ўстанавіць татальны кантроль над узбярэжжам Варажскага мора, захапіць Курляндыю і тэрытарыяльна злучыць дзве часткі ордэна — Прусію і Лівонію. Баючыся за свае паўднёвыя тэрыторыі, тэўтоны 15 чэрвеня 1260 года падпісалі мір з мазавецкім князем Земавітам.

Міндоўг неадкладна распачаў падрыхтоўку да летняй вайсковай кампаніі супраць крыжакоў. Ён выразна ўсвядоміў: аднаасобна не здолее адужаць тэўтонаў, тым болей у сітуацыі, калі славянскія гарады і княствы на ўсходзе цалкам залежныя ад Арды.

Навагрудскі валадар прыняў рашэнне — стварыць альянс з Аляксандрам Яраславічам Неўскім. Ён неадкладна накіраваў пасла да яго.

Пасол Міндоўга перадаў Аляксандру Яраславічу волю свайго валадара. Аляксандр Неўскі спачатку вагаўся. Але ён добра разумеў, што прыйшоў час выкінуць прэч ворагаў, ачысціць славянскія землі ад нямецкай і ардынскай навалы. Праўда, ён добра памятаў пра лёс бацькі Яраслава Усеваладавіча і брата Андрэя, які княжыў ва Уладзіміры. У 1252 годзе той выказаў пярэчанне Ардзе. У адказ ардынцы разбілі яго войска, а ярлык на княжанне ва Уладзіміры, пасля вялікіх паднашэнняў, дзякуй богу, перадалі яму. Асцярожны і абачлівы Аляксандр Неўскі ў 1258 годзе асабіста ездзіў у Арду, каб ушанаваць ханскага намесніка Улаўчыя. Ён умеў цярпліва чакаць. Урэшце, Аляксандр Неўскі пагадзіўся на альянс з Міндоўгам, папярэдне пераканаўшы недаверлівых ардынцаў, што яны будуць мець з гэтага саюза толькі дадатковыя набыткі.

Рашучы навагрудскі валадар, уступіўшы ў саюз з князем Аляксандрам Неўскім,атрымаў істотныя перавагі. Ён скасаваў папярэднія дамовы з крыжакамі і гальванізаваў падрыхтоўку да вайсковай кампаніі супраць іх.

Перад вырашальным паходам на германцаў Міндоўг стварыў рэгулярнае войска, аснову якога складалі прафесійныя воі, падзеленыя на сотні. У войску, велізарным па тым часе, налічвалася больш за 4000 жаўнераў. Узброеныя мячамі, дзідамі, лукамі і самастрэламі, яны ўяўлялі грозную сілу.

У чэрвені 1260 года войска выступіла з Навагрудка. Кіраваў харугвамі асабіста Міндоўг. З кароткім мячом і кісцянём, у кальчузе з трывалай тарчай, ён выглядаў вельмі ваяўніча. Здавалася, кароль у адзіночку здатны адужаць любога самага грознага ворага.

Ішлі праз Ліду, Воранава і Вільню.

Крыжацкім войскам, якое налічвала каля 3000 рыцараў, кіравалі: лівонскі магістр Буркхард фон Хорнхаўзен і маршал Прусіі Генрых Ботэль. Галоўную ўдарную сілу складала рыцарская конніца ў колькасці 200 вершнікаў. У нямецкім войску знаходзіліся таксама дацкія і шведскія наёмнікі на чале з прынцам Карлам.

Генеральная бітва з крыжакамі адбылася каля возера Дурбе*. Раніцай, 13 ліпеня 1260 года, як толькі сышоў туман, Міндоўг аддаў каманду атакаваць. Затрубілі баявыя дуды, рыцары прышпорылі коней і рушылі ўперад.

Міндоўг быў упэўнены ў перамозе. Апрача адборнага, вышкаленага войска, ён меў папярэднія дамоўленасці з куршамі і эстамі, якіх германцы змусілі стаць пад іх сцягі. Пасланнікі ад куршаў і эстаў, падчас таемных перамоваў з Міндоўгам, выказалі гатоўнасць перайсці на яго бок. Са свайго боку ён паабяцаў ім пасля разгрому германцаў значныя свабоды.

Як толькі Міндоўг атакаваў, куршы і эсты напала на крыжакоў ззаду. Магістр і яго хаўруснікі не чакалі такога павароту падзей. У іх войску пачалася паніка. Неўзабаве баявыя парадкі крыжакоў пабурыліся і яны пачалі ліхаманкава шукаць паратунку.

Міндоўг ушчэнт разграміў крыжацкае войска. Загінулі 150 нямецкіх рыцараў і мноства простых воінаў. Былі забіты галоўныя военачальнікі — магістр Буркхард фон Хорнхаўзен, маршал Прусіі Генрых Ботэль і прынц Карл. 15 рыцараў трапілі ў палон. У знак помсты за палеглых,дружыннікі Міндоўга васьмярых рыцараў спалілі жывымі. Іх моцна прывязалі да дрэў металічнымі ланцугамі, а знізу расклалі вогнішчы. Палонныя курчыліся ад болю, стагналі і вылі, пакуль не страцілі свядомасці. Саладжавы пах паленага чалавечага цела доўга разносіўся над наваколлем.

Перапалоханыя рэшткі крыжакоў збеглі і схаваліся ў Мемелі* — найбліжэйшай мураванай крэпасці ад месца пабаявішча.

Планы лівонскага магістра і прускага маршала па ўсталяванні кантролю на ўсім узбярэжжы Балтыйскага мора сышлі ў нябыт. Урон крыжакоў быў настолькі значным, што на працягу наступных дваццаці гадоў яны не зрабілі аніводнай значнай вылазкі супраць славян.

Мужныя куршы і эсты атрымалі значныя палёгкі. Яны пачалі адраджаць жыццё, аднаўляць свае гарады і паселішчы.

Разгром крыжакоў каля возера Дурбе актывізаваў жамойцкую знаць. Неўзабаве жамойты ўзброіліся і таксама паўсталі супраць германскіх нобеляў. На чале іх партыі стаяў Транята. Не маючы дастатковых сіл самастойна адужаць германцаў, жамойты зноўку звярнуліся да Міндоўга з просьбай дапамагчы ім.

Міндоўг злітасцівіўся над імі і ў 1260 годзе, адразу пасля пераможнай бітвы каля Дурбе, накіраваў харугвы на Жамойць. Яго войска не мела літасці да заваёўнікаў. Няшчадна забівалі немцаў разам з іх сем’ямі, захопленых у палон катавалі — секлі, палілі, вешалі, разрывалі коньмі на часткі, закопвалі жывымі ў зямлю. Жамойць была цалкам вызвалена ад нямецкага панавання. Яшчэ адзін народ пазбавіўся залежнасці ад агрэсіўных і сквапных крыжакоў.

Пасля доўгіх угавораў Міндоўг згадзіўся з просьбай жамойцкіх феадалаў прызначыць ім у якасці намесніка Траняту. Навагрудскі валадар не любіў неахайнага і нахабнага Траняту. Ён выклікаў у яго агіду. Траняту ўсяляк пазбягалі жанчыны, бо ён не мог задаволіць іх цялесных жарсцяў і фізічных патрэб. Здрадлівы і брыдкі, з вісклівым голасам, ён, аднак, неверагодна прагнуў ўлады, каб сцвердзіць сябе, перадусім, як мужчына.

У Міндоўга было жаданне абаперціся на больш надзейнага чалавека, але жамойты кляліся ў вечнай адданасці. Хлуслівы Транята навыперадкі прысягнуў на вернасць. Празорлівы навагрудскі валадар ведаў, што абяцанні непаслядоўнага і хцівага жамойта — не болей, чымся пусты гук. Але, урэшце, пагадзіўся на ўгаворы, прыняў багатыя паднашэнні і прызначыў Траняту намеснікам у Жамойці.

 

24

Землі латгалаў і ліваў сцякалі крывёй. Паняволеныя народы цярпелі неверагодныя здзекі і страшэнны ўціск з боку крыжакоў, якія ўжо амаль шэсць дзесяцігоддзяў панавалі на іх землях. За гэты час тэўтоны здолелі вынішчыць практычна ўсе славянскія гарнізоны і завалодаць крэпасцямі, якія ўзводзіліся полацкімі князямі на працягу двух папярэдніх стагоддзяў. У час, калі славяне кантралявалі Латгалію і Лівонію, яны мірна ўжываліся з мясцовым насельніцтвам. Прыход немцаў паставіў іх на грань выжывання.

Старэйшыны латгалаў і ліваў неаднаразова дасылалі да Міндоўга паслоў з просьбай вызваліць іх ад нямецкага панавання. Мясцовая знаць прагнула самастойнасці, а простыя людзі — волі і абароны ад агрэсараў.

У 1261 годзе Міндоўг рашыўся і здзейсніў паход на далёкі Вендэн. Магутны мураваны замак, пабудаваны ў 1209 годзе, стаяў над ракой Гаўяй. Ён з’яўляўся рэзідэнцыяй ландмайстраў Лівонскага ордэна з часоў Германа фон Балка. Адсюль ажыццяўлялася кіраўніцтва захопленымі землямі.

Міндоўг некалькі тыдняў стаяў пад Вендэнскім замкам. Прывезенымі катапультамі, на які быў асноўны разлік, закідвалі горад гаручымі шарамі, вырабленымі са смалы. Здзейснілі некалькі адчайных штурмаў. Але ўсё безвынікова. Ландмайстар Юрген фон Вюрцбург арганізаваў бездакорную абарону. Узвінчаны і злы Міндоўг ужываў усе наяўныя сродкі, каб узламаць абарону. Горад, аднак, супраціўляўся.

Праз нейкі час Міндоўг са скрухай зразумеў, — узяць цвержу не ўдасца. Расчараваны няўдачай, ён даў каманду здымацца і адступаць. Па дарозе дамоў у адчаі знішчалі, дзе толькі маглі, германскіх феадалаў, забіралі іх дабро. Аднак, вынікі не суцяшалі Міндоўга. Галоўная мэта кампаніі — захапіць ключавы ордэнскі замак Вендэн — не была дасягнута.

Асечка пад Вендэнам стала для Міндоўга добрым урокам, прымусіла яго змяніць тактыку барацьбы. Ён яскрава зразумеў: без падтрымкі іншых славянскіх князёў, гарадоў і княстваў, найперш, магутнага Ноўгарада Вялікага, Пскова і Цверы, — разбіць германцаў не ўдасца.

Вярнуўшыся дадому Міндоўг загадаў ваяводзе Мірону рыхтаваць сустрэчу з Аляксандрам Яраславічам Неўскім. Неўзабаве ўсе неабходныя прыгатаванні былі зроблены.

З’езд караля Міндоўга і князя Аляксандра Неўскага адбыўся ў 1262 годзе ў Смаленску. Першым прыехаў Міндоўг. Волатаўскі вараны жарабец пад Міндоўгам сведчыў пра яго выключнае месца ў дзяржаўнай іерархіі. Мяккае сядло, расшытае дарагімі ўзорамі, пагойдвалася пад цяжарам вершніка. Жыхары сустрэлі караля хлебам-соллю, хор спяваў ў яго гонар песні. Усе вельмі цешыліся, жылі прадчуваннем міру і згоды.

Міндоўг выступаў у якасці гаспадара, аказваў належнае ўшанаванне высокаму госцю. Яны абодва разумелі дзеля чаго сабраліся.

Сустрэча праходзіла без дыпламатычных умоўнасцяў і хітраванняў. Міндоўг зусім адкрыта звярнуўся да Аляксандра Неўскага:

— Час прымірыцца, спыніць міжусобіцы. Колькі ты будзеш плаціць даніну Ардзе і цярпець здзекі ад іх!? Узаемнай варажнечай мы толькі аслабляем нашы сілы, а ворагі — немцы і ардынцы — напоўніцу карыстаюцца з нашай дурноты. Калі не перастанем варагаваць, яны даб’юць нас паасобку. Трэба як мага хутчэй гуртаваць сілы, аб’ядноўвацца. Толькі супольна зможам абараніць нашы землі і сваіх людзей ад варожай напасці!

Аляксандр Неўскі не пярэчыў. Ён уважліва слухаў, а напрыканцы прамовіў:

— Няхай будзе мір паміж нашымі землямі. Адкінем старыя крыўды і будзем біць ворагаў разам!

На працягу дня,хутка і без спрэчак, дамовіліся пра сумесную барацьбу супраць тэўтонаў. Сустрэча завяршылася, як і належыць, добрым пачастункам.

Зусім відавочна, добрай справе паразумення двух славянскіх валадароў спрыялі абставіны і дапамагалі зоркі. Паміж валадарамі сапраўды ўсталяваўся глыбокі асабісты давер. Раз’ехаліся задаволеныя, з упэўненасцю ў добрым выніку распачатай справы.

 

25

Неўзабаве рашэнне Міндоўга і Аляксандра Неўскага ўвасобілася ў жыццё. Аб’яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага, Ноўгарада Вялікага і Цверы здзейсніла сумесны паход супраць Лівонскага ордэна.

Месцам збору і адпраўкі свайго войска Міндоўг прызначыў Полацк. Адсюль у чэрвені 1262 года ён выступіў у паўночным кірунку.

Харугву Полацкага княства ўзначальваў князь Таўцівіл. Побач з ім быў яго сын Канстанцін, які толькі што стаў валадаром Віцебскага княства. Даўмонт ішоў на чале нальшанскай харугвы.

Належным чынам падрыхтаванае войска рушыла з надзеяй на перамогу. На шляху знішчалі крыжацкія гарнізоны, вызвалялі латгалаў з няволі.

На паўдарозе аб’ядналіся з дружынамі Ноўгарада Вялікага і Цверы, фармальнае кіраўніцтва якімі ажыццяўляў 12-гадовы Дзімітрый Аляксандравіч — сын Аляксандра Неўскага.

Пайшлі на горад Юр’еў — замак на рацэ Амоўжы, які быў узведзены на спрадвечнай зямлі эстаў, на месцы іх колішняга паселішча Тарбату*. Некалькі тыдняў войскі Міндоўга і Дзімітрыя Аляксандравіча трымалі Юр’еў ў аблозе. Спалілі амаль увесь пасад. Аднак цвярдыні так і не здолелі ўзяць.

Міндоўг мусіў вяртацца назад. У роспачы ён павярнуў войска на Кукейнос — замак на правым беразе Дзвіны, які калісьці належаў Полацкаму княству. Падчас аднаго са штурмаў, выпушчанай са сцяны стралой, па ўсім відаць, атручанай, конь Міндоўга быў паранены. Навагрудскі валадар успрыняў гэта як трывожнае папярэджанне, знак нябёсаў. Ён загадаў ваяводу Мірону неадкладна здымаць аблогу і адступаць.

Добра правучыўшы германцаў, кароль з войскам вярнуўся ў сваю зямлю.

 

26

Міндоўга раздражняла новае хаўрусаванне ляхаў з ненавіснымі тэўтонамі. З горыччу ў сэрцы ён часта думаў: «Палякі — нашы суседзі і браты! Але паводзяць сябе горш за клятых ворагаў. Агрэсіўныя і злыя, яны гатовыя ў любы момант уджаліць, нібы, ядавітыя змеі. Трэба спыніць іх нахабныя ўчынкі, палажыць канец здрадзе!» Міндоўг доўга цярпеў іх выхадкі.

Самаўпэўненасць ляхаў пераўзыходзіла ўсе межы. 15 ліпеня 1260 года яны адкрыта заключылі з германцамі дамову аб міры і пачалі рыхтавацца да супольнага паходу на ўладанні Міндоўга.

Навагрудскі валадар не стрымаўся і ўвесну 1262 годзе пайшоў вайной супраць польскага князя Земавіта. Разам з Міндоўгам у паходзе браў удзел Астап Канстанцінавіч, які калісьці ўцёк з Разані.

Спачатку рушылі на сталіцу Мазавецкага княства — Плоцк. Замак стаяў на высокім беразе Віслы і меў выключнае стратэгічнае значэнне. Абарончыя збудаванні былі даволі моцныя. Стаяла паганае надвор’е, ішлі праліўныя дажджы. Войска Міндоўга, не зважаючы на непагадзь, здолела ўзяць горад штурмам. Надзвычай прыдалося вайсковае майстэрства, набытае падчас рэгулярных трэніровак дружыны і папярэдніх баталій. Таранам прабілі браму і ўварваліся ў крэпасць. Гарнізон аказваў супраціўленне, але яго зламалі, а абаронцаў жорстка перабілі. Плоцк дарэшты абрабавалі і спалілі.

Затым Міндоўг фарсіраваў Віслу і пайшоў на крэпасць Уяздоў. Там зачыніўся князь Земавіт I Мазавецкі з яго старэйшым сынам Конрадам. Жыхары горада не любілі Земавіта. На самае Купалле ўначы яны адчынілі Міндоўгу браму і ён здолеў захапіць крэпасць. Падчас сутычкі 23 чэрвеня 1262 года, дружыннікі Міндоўга забілі польскага князя Земавіта. Яго сына Кондрада ўзялі ў палон і павялі ў Літву. Так Міндоўг адпомсціў Земавіту і палякам за хаўрус з тэўтонамі.

Дома караля чакалі непрыемнасці. Амаль перад самым яго вяртаннем памерла Марфа. Міндоўг доўга сумаваў. Упершыню ён адчуў, што часу для зямных спраў у яго засталося зусім не шмат.

 

27

Канкурэнты падціскалі. Асабліва дапякаў Даўмонт. Ён сябраваў з пскоўскімі князямі, умела апекаваўся купцамі і меў дастаткова багаццяў. Даўмонт імкнуўся да лідарства, прагнуў прызнання і славы, а галоўнае — больш не жадаў нікому падпарадкоўвацца. Каб зламаць яго волю, Міндоўг пакінуў пры сваім двары маладую жонку Даўмонта, якая прыязджала на пахаванне Марфы. Абражаны нальшанскі князь не мог сцярпець такой знявагі і ганьбы. Ён пачаў шукаць сродкі, каб адпомсціць навагрудскаму валадару.

Якраз у 1263 годзе з новай сілай разгарэўся канфлікт Міндоўга з Васількам Раманавічам, які княжыў у Берасці. Васілька Раманавіч знаходзіўся ў палітычнай залежнасці ад Арды, бездакорна выконваў даручэнні ардынцаў.

Міндоўг загадаў ваяводзе Мірону:

— Мярзотнікі, якія служаць ворагу, павінны быць знішчаны! Альбо мы, альбо яны! Іншага не дадзена.

Міндоўг распачаў з Васількам Раманавічам вайну. Ён гарэў жаданнем знішчыць здрадлівага князя і вярнуць пад сваю ўладу Берасце — важны фарпост на захадзе краіны.

Аднак Даніла Раманавіч Галіцкі апярэдзіў. Ён прыслаў на дапамогу брату свежыя войскі. Адбылася сеча. Харугвы Міндоўга былі ўшчэнт разбіты.

Дадому кароль Міндоўг вяртаўся змрочны. Сэрца разрывалася на кавалкі, зло засталося без пакарання, а ворагі святкавалі перамогу. Спыніўшыся ля вялізнага пляскатага каменя, каб падсілкавацца, Міндоўг моцна задумаўся. У галаве раілася мноства думак пра ўладу і дзяржаву. «Можа сапраўды варта спыніцца і жыць з таго, што Бог паслаў? Можа не трэба новыя ўладанні? Распусціць войска, адмяніць суды, спустошыць дзяржаўны скарб і жыць як птушкі нябесныя! А што наўзамен? Ворагі раструшчаць краіну, знішчаць людзей, жанчын і дзевак павядуць у рабства. Не, усё робіцца правільна. Нельга папускаць ворагам! Нельга аслабляць краіну! Кожны дзень належыць дбаць пра дзяржаву, пра ўмацаванне войска, пра дабрабыт зямлі. Адпусціш лейцы, усё пойдзе прахам! Ніколі нельга здавацца. Кожны раз, пасля няўдачы, неабходна ўздымацца з каленяў, ісці наперад, з усіх сіл бараніць трон і пашыраць уладу!»

Хваробы, аднак, не адпускалі. Кароль Міндоўг адчуваў набліжэнне смерці. Нешта ўнутры падказвала, —зямны шлях падыходзіць да завяршэння. У размове з пасцельнічым ён загадаў, каб у выпадку раптоўнай смерці, яго цела, паводле старадаўняга славянскага звычаю, спалілі.

Навагрудская дзяржава панесла вялікія людскія страты. Працяглае змаганне з крыжакамі і ардынскімі наймітамі — галіцка-валынскімі князямі, а таксама залежнымі ад ардынцаў валадарамі ўсходнеславянскіх зямель, запатрабавала неверагодных высілкаў, знясіліла дзяржаўны арганізм.

Знешнія і ўнутраныя ворагі не замарудзілі скарыстацца аслабленнем краіны і хваробамі караля.

 

28

Састарэлы і аслабелы Мідоўг не збіраўся здавацца, адступаць ад сваіх прынцыпаў. У канцы лета 1263 года ён загадаў склікаць войска і ісці вайной супраць бранскага князя Рамана Міхайлавіча Старога. Той хацеў парадніцца з галіцка-валынскімі князямі, што якраз і выклікала неверагодны гнеў з боку Міндоўга.

Войска навагрудскага валадара ўжо фарсіравала Дняпро, як раптам да караля прыскакаў ганец на ўзмыленым кані і паведаміў, што ляхі рыхтуюцца нанесці ўдар па Княству. Міндоўг не меў іншага выйсця, як вярнуцца назад, каб у выпадку чаго — арганізаваць супраціўленне. Ён накіраваў асноўную частку войска на чале з Таўцівілам на Чарнігаў, а з астаткамі рушыў дадому.

Міндоўг не здагадваўся, што гэта была пастка, загадзя падрыхтаваная Транятам і Даўмонтам. Чуткі пра падрыхтоўку ляхаў да нападу на Навагрудак зыходзілі менавіта ад Траняты. Ён падбухторыў жамойцкіх феадалаў адкрыта выступіць супраць Міндоўга, каб выйсці з-пад улады Навагрудка. Менавіта таму Транята спачатку адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе, спаслаўшыся на пагрозы з боку крыжакоў. Тым часам, ён рыхтаваў войска, каб выступіць супраць Навагрудскай дзяржавы і Полацка.

Як толькі Міндоўг прыняў рашэнне вярнуцца, Даўмонт следам за ім адмовіўся ісці за Дняпро. На запытанне ваяводы ён адказаў, што варажбіты праракуюць яму нядобрае. Насамрэч, ён развярнуў войска і пагнаўся ўслед за Міндоўгам.

Адарвацца ад пераследу Міндоўгу было не надта складана. Рухаліся хутка, з кароткімі перапынкамі на адпачынак. Уначы скакалі з запаленымі паходнямі. Абураны нахабным учынкам Даўмонта, яго здрадлівымі паводзінамі, Міндоўг усё ж такі вырашыў даць бой. Ён выдатна разумеў, што сілы няроўныя, але гнеў авалодаў усёй істотай вялікага князя. Уцякаць далей, нібы палахлівы заяц, не дазваляў гонар. Нарэшце, прыгледзеўшы зручнае месца для бітвы, спыніўся. Наколькі змог, падрыхтаваўся.

Даўмонт атакаваў на досвітку. Пачалася злая і крывавая сеча. У бітву ўступілі пешыя воіны. Міндоўг сышоўся з Даўмонтам у двубоі і падчас сутычкі атрымаў смяротную рану. Пад прыкрыццём узброеных вершнікаў ахоўнікі вынеслі акрываўленае цела князя і паімчалі далей ад небяспекі. Лекары аказвалі дапамогу, але па дарозе Міндоўг усё адно памёр ад атрыманых ран.

Цела князя прывезлі ў Навагрудак, і, выконваючы яго апошнюю волю, спалілі на бярозавай скірце. У тую ноч пушча вакол Навагрудка скаланулася ад выцця ваўкоў. Зграі вылі як ніколі доўга. Людзі разумелі, Гай і ўсе воўчыя зграі гэтак выказваюць свой сум, назаўжды развітваючыся з Міндоўгам.

На месцы здзяйснення жалобнага рытуалу маўклівыя дружыннікі ў знак павагі да караля Міндоўга насыпалі вялікі курган, дбаючы пра тое, каб яго імя ніколі не сцерлася з памяці нашчадкаў.

 

***

Полацкі князь Таўцівіл падчас кампаніі 1263 года заваяваў Чарнігаў, правёў генеральную бітву з Раманам Міхайлавічам Старым, у якой бранскі князь быў паранены. Даведаўшыся пра здраду і смерць Міндоўга, Таўцівіл спыніў наступ і тэрмінова вярнуўся дадому.

Пасля забойства навагрудскага валадара Транята абвясціў сябе гаспадаром Вялікага Княства Літоўскага. Але панаваў не вельмі доўга, можа толькі адзін год. За гэты час ён знішчыў свайго галоўнага палітычнага апанента — Таўцівіла. Транята запрасіў полацкага князя ў Навагрудак, нібыта з мэтай падзелу спадчыны Міндоўга, і там забіў госця. Затым накіраваў сваіх людзей у Віцебск, каб забіць і сына Таўцівіла — Канстанціна. Але той своечасова збег у Вялікі Ноўгарад і толькі гэтак здолеў выратавацца ад немінучай пагібелі.

За свае ўчынкі Транята неўзабаве атрымаў па заслугах. Колішнія людзі Міндоўга ў 1264 годзе падсцераглі яго, калі ён ішоў у лазню, і зарэзалі нажамі. Мсціўцы ўцяклі да Войшалка і паведамілі яму пра пакаранне галоўнага ворага. Нашчадак навагрудскага валадара ў гэты час знаходзіўся ў Ляшчынскім манастыры, што непадалёк ад Пінска. Туды ён уцёк пасля забойства бацькі.

Войшалк імкліва згуртаваў войска і вярнуўся ў Навагрудак. Там ён жорстка расправіўся з забойцамі бацькі і іх прыхільнікамі. Пэўна, Войшалк шкадаваў, што бацьку не пахавалі паводле хрысціянскага звычаю, у труне. Аднак нічога змяніць не мог, бо такой была апошняя бацькава воля. У 1264 годзе Войшалк здзейсніў карныя экспедыцыі на Нальшаны і Дзяволту. Ён разбіў князя Даўмонта і заваяваў Нальшанскую зямлю. Неўзабаве скарыў і Дзяволту.

Пасля атрыманай паразы Даўмонт з атачэннем уцёк у Пскоў. Там ён прыняў хрышчэнне, а ў 1266 годзе пскавічы ўзвялі яго на княжанне. Даўмонт атрымаў перамогу падчас бітвы з войскам Вялікага Княства Літоўскага на Дзвіне і спустошыў вотчыну Гердзеня Давыдавіча — сыны віцебскага князя Давыда Расціславіча. Ён шмат ваяваў з крыжакамі і памёр ад хваробы ў 1299 годзе.

Галіцка-валынскі валадар Даніла Раманавіч не змог ажыццявіць сваіх грандыёзных планаў. Ён не атрымаў чаканай дапамогі ад «лацінян» і не здолеў вызваліцца ад улады Арды. У 1264 годзе ён памёр.

Князь Аляксандр Неўскі, з якім Міндоўг заключыў саюз, скончыў зямны шлях 14 лістапада 1263 года, адразу пасля наведвання Арды, дзе ён моцна захварэў. Магчыма, яго там атруцілі, як некалі бацьку, за тое, што не папярэдзіў і не прадухіліў паўстанняў ва Уладзіміры, Суздалі, Пераяслаўлі, Яраслаўлі і іншых гарадах, жыхары якіх у 1262 годзе адмовіліся плаціць даніну Ардзе і перабілі ханскіх збіральнікаў подаці.

У апошнія гады жыцця князь Войшалк зблізіўся са Сварамірам Данілавічам, разам з ім здзяйсняў паходы на Польшчу і гарады Галіцка-Валынскага княства. 29 красавіка 1267 года Войшалка забіў Леў Данілавіч. Пахавалі яго ў царкве Святога Міхаіла Вялікага ў горадзе Уладзіміры-Валынскім. Пасля Войшалка новым валадаром Вялікага Княства Літоўскага стаў акурат Сварамір Данілавіч — яго надзейны паплечнік і саюзнік.

 

*Крывы горад — старадаўняе крывіцкае паселішча, якое стаяла на хуткаплыннай Віліі, акурат там, дзе ў яе ўпадала рачулка Віленка.

*Цяпер знаходзіцца ў Латвіі, каля горада Цэсіс, за 90 км на паўночны ўсход ад Рыгі.

*Цяпер горад Талін.

*Цяпер горад Шаўляй.

*Здаецца, ад таго часу мястэчка атрымала назоў — Каданава, або Койданава. Цяпер яно мае назву Дзяржынск.

 

*Цяпер Даўгаўпілс у Латвіі.

*Цяпер Цвярская вобласць Расіі.

*Цяпер Цвярская вобласць Расіі.

*Відаць, на Гародню.

**Цяпер вёска Турэйск у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці.

*Тагачасны летапісец сцісла занатаваў факт надзялення Рамана Данілавіча новымі ўладаннямі: «Войшалк перадаў Раману Данілавічу Навагрудак ад Міндоўга, а ад сябе — Слонім і Ваўкавыск».

 

*Лаўрын.

*Знаходзіцца на захадзе Латвіі.

*Цяпер горад Клайпеда ў Літве.

*Тарбату перакладаецца як першабытны бык. Паселішча Тарбату было заснавана блізу V стагоддзя. Пасля заваявання немцамі горад атрымаў назву Дэрпт і стаў буйным гандлёвым цэнтрам, вайсковым і палітычным апірышчам нямецкай каланізацыі. Тут таксама размяшчалася рэзідэнцыя каталіцкага біскупа.