«Странные детки». Жанна Міус
Аўтар гэтай кнігі вясёлых дзіцячых вершаў, напэўна, і сама ў душы крыху дзіця-фантазёр. Менавіта таму на старонках яе кніжкі з’яўляюцца пацешныя выдуманыя словы: слязлівень, усміхарыкі, смехаварыя, белібярдомік, Салодкасонне...
А яшчэ тут хаваецца чароўная істота Лахмарык-Шуршарык, ганарліва сядзіць ля акенца вучоная котачка Марсіэла Пусеўна, гуляюць і танчаць жыхары загадкавай краіны Крыўляндыі, а пальчыкі-падбіральчыкі цягнуць у кішэнькі велізарную колькасць ну ве-е-ельмі карысных штук – ад апельсінавай костачкі да кавалачка старэнькай газеты. Далучайцеся да герояў кніжкі, будзем дзівачыць разам!

«Таямніца незвычайнай школы». Кацярына Хадасевіч-Лісавая
«Ну што асаблівага можа быць у школьным жыцці?», – скажаце вы. Настаўнікі, урокі, перапынкі, навучальны год, канікулы…Здавалася б, пра школу мы ведаем усё. А вось і не! Новая кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой (якая, на хвіліначку, не толькі вядомая пісьменніца, але і настаўніца) распавядае пра той бок школьнага жыцця, аб існаванні якога ніхто нават не здагадваецца! Што адбываецца, калі ўсе дзеці і настаўнікі разыходзяцца па дамах? Якую таямніцу захоўваюць школьныя кабінеты і калідоры? Хто жыве ў адной, з выгляду самай звычайнай, школе? А магчыма, не толькі ў ёй... Калі хочаце пабачыць усё на свае вочы, паглыбляйцеся ў сюжэт, падключайце фантазію – і ўсё таемнае стане відавочным.

«Дзень нараджэння». Наталля Уладзімірава
Каханне – пачуццё, якое па вызначэнні не паддаецца лагічнаму тлумачэнню. Яно можа стаць адным з нязначных «эпізодаў» мінулага, а можа – азарэннем, водбліскі якога будуць асвятляць увесь далейшы шлях. А магчыма, яно ператворыцца ў боль, які надоўга паселіцца ў сэрцы.
Зборнік «Дзень нараджэння» – гэта лірычна-іранічныя, вясёлыя і сумныя навелы пра каханне, пра здраду, пра адзіноту, пра шчасце, пра самае звычайнае жыццё, якое можа паднесці сюрпрыз менавіта тады, калі вы гэтага зусім не чакаеце…

«Планета псов и ягнят. Выбор». Віталь Кірпічэнка
«Выбор» – трэцяя кніга рамана «Планета псов и ягнят» (да гэтага ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшлі кнігі «Адзінцовы» і «Закон і справядлівасць»). Галоўны герой Іван Адзінцоў 15 гадоў правёў у зняволенні, і, хоць атрымаў статус злодзея ў законе, так і не стаў бандытам па сваёй натуры. Адзінцоў заўсёды імкнуўся «насаджаць» справядлівасць – хай і прымітыўна, з дапамогай зброі; змагаўся з рабаўнікамі і забойцамі. На старонках кнігі Іван сустракае Кацю – сваё першае каханне. Шмат гадоў таму менавіта патасоўка з Кацінымі сябрамі, «залатой моладдзю», стала той адпраўной кропкай, пасля якой хлопец пайшоў па шляху злачыннасці. Ці даруе ёй Адзінцоў, ці зможа забыць мінулыя крыўды? І як галоўнаму герою змірыцца з тым, што яго дачка пакахала сына маёра Перавалава, бо менавіта страж парадку калісьці быў заклятым ворагам Адзінцова і настойліва пераследваў яго? І па якіх законах будаваць сваё жыццё далей? Праблема маральнага выбару яшчэ не раз паўстане перад галоўным героем рамана.

«Зуб мамонта». Дзмітрый Вінаградаў
Чытачы разам з героямі кнігі адправяцца ў падарожжа па першабытным свеце: паназіраюць за жыццёвым укладам, звычаямі і традыцыямі плямёнаў, пабудуюць надзейнае летняе і зімовае жытло, пазмагаюцца ў небяспечных сутычках з дзікімі жывёламі. Аўтар раскажа падлеткам шмат цікавага: якія выпрабаванні павінны былі прайсці юнакі, каб лічыцца ўмелымі паляўнічымі і сапраўднымі мужчынамі? Як адбывалася выкраданне нявесты з суседняга племя? І чаму нельга было казаць сваё імя чужынцу?
У цэнтры сюжэту – малады паляўнічы Зуб Маманта, які трапляе ў палон да іншага племя. Але мудры правадыр не спяшаецца пазбаўляцца ад непакорлівага юнака – палонны яшчэ можа спатрэбіцца яму ў адной вельмі важнай справе... У якой? Пра гэта вы даведаецеся, пазнаёміўшыся з кнігай бліжэй.

«Обед по нотам». Мікола Чарняўскі
Як пабудаваць дом і вырасціць лес з дапамогай... алоўкаў? На каго злуецца гром? Хто стоміцца раней – той, хто б'е лынды лежачы або седзячы? Ці ўсё няўмейкі сапраўды не ведаюць, як рашаць задачы і мыць посуд: можа, некаторыя з іх на самой справе нехачухі? Што будзе, калі насарог захоча пацягацца сілай з зубрам, а певень перастане працаваць «будзільнікам»? Ці можна даверыць зайцу ахову градаў з морквай?
Адказы на ўсе гэтыя не самыя сур’ёзныя пытанні вы знойдзеце ў зборніку «Абед па нотах», куды ўвайшлі вершы вядомага дзіцячага паэта Міколы Чарняўскага, напісаныя ў розныя гады. «Кніга – гэта свята для дзяцей», – лічыць аўтар. І мы з ім цалкам згодныя!

 

Алена Карпенка

Крыніца: інтэрнэт-партал

Выдавецкага дома «Звязда»