Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч пісаў: «Рабі нечаканае». Ён быў бы цудоўным Дзедам Марозам. Бо навагоднія святы — гэта не падвядзенне вынікаў, гэта штуршок наперад, быццам на санках з горкі. Гэта сюрпрызы, гэта здзіўленні.

Новы Год ў першую чаргу «Новы». Таму «Маладосць» не падводзіць вынікі, а працягвае рабіць нечаканае і прапаноўваць новае. Чаму на вокладцы снежаньскай «Маладосці» з’явілася панда? Гэта такая жывая спасылка на Вялікую Кітайскую… частку нумара і адначасова, як ні дзіўна, жывое ўвасабленне нашай, беларускай зімы — мяккая, цёплая, у чорныя плямачкі.

У кітайскай частцы снежаньскай «Маладосці» — інтэрв’ю з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Анатоліем Тозікам, вершы Оўян Цзянхэ ў перакладзе Мікіты Баравіка, артыкул Анастасіі Букатай да 105-годдзя часопіса «Новая моладзь», эсэ Чжан Лін «Жыццяпіс Дзеткі», казка Тан Тан «Цяньцзы — рыба», аповесць Чжан Лін «Пустое гняздо» і шмат іншага…

У гэтыя пераднавагоднія дні «Маладосць» праводзіць новыя паралелі і мерыдыяны на вечнамаладой Зямлі, якая цяпер сімвалізуе шарык з ялінкі, такі бліскучы, такі каляровы, такі святочны. Часопіс застаецца сучасным і актуальным і з каляднымі вершамі і чарговымі выпускамі калонак і рубрык. Усё разам зліваецца ў нумары ў адну дзіўную, часткова постмадэрнічную з’яву. Адлюстраванні даюць новыя адбіткі, сляды ствараюць новыя крокі, з Кітая расказваюць пра Беларусь, Мінск ператвараецца ў кашэчы горад, Джойс перасякаецца з Каліноўскім, а беларуская перакладчыца на прыкладзе нідэрландскага пісьменніка раскрывае, што такое кітайскі дэтэктыў.

У гэтыя дні так хочацца падвесці вынікі пад цёплым пледам, атрымаць асалоду ад пройдзенага этапу, спыніцца, каб з новымі сіламі бегчы далей. Але «Маладосць» не спыняецца. На навагодняй ялінцы круціцца шар.

 

 

 

Святлана Воцінава
Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»