Што такое дабро і зло — больш‒менш зразумела, з першага погляду. А з другога погляду — шмат складанага. Дзе, напрыклад, мяжа паміж дабром і злом? Столькі спрэчак! Але хаця б прыблізна зразумела, пра што спрачацца. Калі прадмет спрэчкі вызначаны, вы паспрачаецеся і разыдзецеся задаволеныя (ці не вельмі) у розныя бакі (ці ў адным напрамку) да кавы — калі вы абодва аддаяце перавагу каве.

Калі замест дабра і зла з’яўляюцца Дабро і Зло, гэта ўжо больш складана. Дабро і Зло — гэта практычна пасады ў чарговай сістэме з чарговай іерархіяй. Абавязкова з іерархіяй — таму што людзі не могуць без яе, без іерархіі. І калі створаны былі яны па вобразе і падабенстве, то, мабыць, існуюць бюракратызаваныя Дэпартаменты Дабра і Зла. І «Добрыя знакі» Тэры Пратчэта і Ніла Геймана — гэта бясконцы акіян жартаў пра бюракратыю і рэлігію.
Па‒першае, шляхі Гасподнія выключна невызначальныя, і нават больш за тое — абходныя. Бог гуляе з Сусветам зусім не ў косці; не, Ён вядзе дзіўную ўласнаствораную гульню — з пункту гледжання астатніх гульцоў, больш за ўсё падобную да вельмі складанага і заблытанага варыянту покера, прычым партыя разыгрываецца ў зусім цёмным пакоі, на картах няма ніводнага малюначка, стаўкі бясконца вялікія, а правілы вядомыя толькі Вядоўцу, які ўвесь час усміхаецца.
Па‒другое, Зямля па знаку задыяка — Шалі.
У той дзень, калі пачалася гэтая гісторыя, калонка «Астралагічны прагноз» з тадфілдскага «Адвертайзера» давала Шалям такія парады:
Шалі. 24 верасня — 23 кастрычніка.
Верагодна, вы адчуваеце прыгнечанасць, як быццам увесь час рухаецеся па коле і выйсця няма. Гаспадарчыя і сямейныя справы вылучаюцца на першы план і настойліва патрабуюць вашай увагі.
Два шаноўныя джэнтльмены, якія ўмеюць пісаць нядрэнную літаратуру і рабіць на гэтым грошы, пішуць пра тое, як жывуць людзі дваццатага стагоддзя, умеюць (ці не вельмі) нешта рабіць і робяць на гэтым грошы таксама. І пры гэтым іх дваццатае стагоддзе гучыць да агіднасці актуальна ў нашым дваццаць першым. Атрымаць бы пераклад гэтай прыгажосці на беларускую — пакуль актуальнасць яшчэ палае, як агеньчык пад катламі у пекле. І дадаць бы лакальнага ў пераклад, зрабіць яго адаптаваным: прыгожа ж атрымаецца — Армагедон з беларускімі пейзажамі. А як бы там можна было разабрацца з моўнымі жартамі, пераклаўшы іх на беларускія рэаліі!.. Смаката, спадарства.
Асаблівасць «Добрых прыкмет» — у велізарным пласце інтэртэксту, які, здаецца, гнюсна хіхікаючы, уплятаюць у сюжэтную канву два джэнтльмены. Папулярная музыка дваццатага стагоддзя (калі нехта пачне казаць, што «Queen» састарэлі, ён шмат чым рызыкуе), культавыя ўзоры выяўленчага мастацтва (калі вы павольна, але ўпэўнена пад'язджаеце да перадапошняга прыпынку перад «Канцом Свету», то вы там абавязкова падбярэце Босха, інакш проста ніяк: немагчыма гутарыць пра Канец Свету і пазбегнуць гутаркі пра творчасць Босха), усе значныя падзеі дваццатага стагоддзя (Чарнобыль: выхопліваеш яго ў кнізе брытанцаў і адчуваеш нешта дзіўнае і балючае). Аўтары перасыпаюць тэкст жартамі рознай ступені жорсткасці і падымаюць моцны пласт сацыяльнага кантэксту. Яны не разводзяць нудныя павучальныя гутаркі пра мараль, экалогію, бюракратыю, але ствараюць з гэтых тэм кантэкставы фон, на якім існуюць героі. А як часта забываюць аўтары, што іх героі размаўляюць не ў паветры, а ў свеце, дзе нешта адбываецца!
Праўда, ёсць адзін плюс: прынамсі, тутэйшыя манашкі рашуча запрацівіліся таму, каб ён прысутнічаў пры родах. А Дейрдра толькі пра гэта і марыла. Зноў начыталася нейкай лухты. Чакаючы другое дзіця, яна раптам заявіла, што роды павінны стаць самым радасным сумесным перажываннем мужа і жонкі. Вось што бывае, калі дазволіць жонцы самастойна выпісваць прэсу. Містэр Янг не давяраў газетам, у якіх былі раздзелы тыпу «Новы стыль» або «Права выбару».
Два жартаўнікі, што любяць прыгожыя, але розныя танцы сюжэтных паваротаў, шляхетна забаўляліся напісаннем тэксту. У іх інтэртэксце ідзе гульня: калі, калі ж вы здагадаецеся, хто гэта? Калі мы дамо вам досыць падказак? Калі вы назавеце кожнага Вершніка Апакаліпсісу паіменна, калі з поўнай упэўненасцю прамовіце: «А я гэта заўсёды ведаў. Можа быць, нават да таго, як разгарнуў кнігу; тут у адным месцы крыху памыліўся, але ў астатніх — ніякіх пытанняў, ведаў яшчэ нават да свайго нараджэння». І гэтыя два джэнтльмены ўсміхаюцца хітра: так, вядома, вядома, ведалі, не маглі не ведаць, вядома, вы не маглі прамахнуцца, вы такі інтэлектуал. Вядома, мы інтэлектуалы, бо аўтары далі столькі падказак, што памыліцца немагчыма. Гуляюць — як у паддаўкі — хто каго: чытач аўтара ці аўтар чытача? Але чытач заўсёды будзе думаць, што выйграў ён, а аўтар будзе толькі ўсміхацца.
Наогул, людзі ў большасці сваёй не такiя злыя. Яны проста хутка захапляюцца новымі ідэямі. Цікава ж улезці ў высокія боты і расстраляць каго‒небудзь, або прыбрацца ў белыя прасціны і каго‒небудзь лінчаваць, або нацягнуць вузкія джынсы і злабаць каму‒небудзь на гітары. Прапануеце людзям новае крэда разам з новым касцюмам — і вы ўжо валодаеце іх сэрцамі і розумамі.
«Добрыя знакі» — гэта поліфанічнасць. Тэкст атрымліваецца шматгалосным за кошт пераключэння паміж персанажамі, якія на розныя прамежкі часу становяцца факальнымі. Пераключэнне паказвае малюнак з розных ракурсаў: вышынь, узростаў, досведаў. Можна нават сказаць, з рознага густу, з рознай вагі, з рознага колеру валасоў. Але аўтары не забываюць трохі змяняць уяўленне пра свет кожнага свайго наступнага героя, у галаву якому ўлазяць. Вы чытаеце дыялог анёла і дэмана, потым даведваецеся пра думкі качкі з гэтай нагоды, якія дадаюць неабходныя ў гэты момант дэталі нетрывіяльным спосабам. Не грэбуйце думкамі качак: яны пашыраюць нашу карціну свету. Што тут ужо казаць пра светапогляд шчанюкоў і яго карыснасць і ўзбагачальнасць?
Такі падыход сумяшчаецца з фрагментарнасцю і мазаічнасцю аповеду: спачатку аўтар збірае раму мазаікі, потым прыблізна выкладае дэталькі, якія павінны быць у сярэдзіне, потым яшчэ раз нешта ў сярэдзіне, толькі ў іншай частцы карціны, потым яшчэ і яшчэ, а потым запаўняюць лакуны паміж гэтымі астраўкамі. У канцы кнігі, калі мы ўжо разумеем, што да чаго, усе нітачкі зводзяцца разам. Але нітачак зашмат, таму атрымліваецца цэлы шэраг ілжывых фіналаў. Радуе тое, што ўсе свае стрэльбы Гейман і Пратчэт за сабой любоўна падбіраюць, даюць ім стрэліць і адносяць на склад.
Кроўлі ўжо даўно заўважыў, што яму становіцца ўсё цяжэй прыдумаць хоць нейкае дэманічнае дзеянне, якое вылучалася б на фоне чалавечай паўсядзённасці. За мінулую тысячу гадоў яму не раз хацелася адправіць Уніз пасланне: «Паслухайце, мы можам з тым жа поспехам кінуць усё цяпер, папросту закрыць Дыт, Пандэмоніум і іншыя лавачкі і перабрацца сюды; мы не можам зрабіць нічога, што б людзі самі сабе ні ўчынілі, затое яны робяць шмат такога, да чаго нам ніколі не дадумацца, прычым нярэдка — з выкарыстаннем электрычнасці. Яны валодаюць тым, чаго нам так не хапае. У іх ёсць фантазія. Ну і электрычнасць, зразумела».
«Добрыя знакі» не пераварочваюць наш свет з ног на галаву, а быццам перакручваюць яго да нас левым бокам, дзе рэчы таксама часам змяняюцца на супрацьлеглыя. Як зрабіць эфемернае больш прыземленым? Дадайце канкрэтыкі, дадайце дэталей: вазьміце стандартныя паветраныя замкі, якія звычайна будуюць людзі, прадумайце, як там робяць падмурак, якія клеяць шпалеры. А якія там вокны? Драўляныя ці звычайныя ПВХ з патройным шклом? І бачыце: паветраныя замкі ўжо не выглядаюць як прыгожая казка — хутчэй як суседні дом: трошкі абшарпаны, кожны раз на яго глядзіце, калі сабаку выгульваеце, — стаіць паміж сталінкай і хрушчоўкай. І няма ў ім нічога такога. Дом як дом. Паветраны замак як паветраны замак — падумаеш. Ці трэба вам зрабіць штосьці цалкам будзённае чароўным і незвычайным? Згадайце, што вакол столькі нябачнага і нячутнага. Вы ведаеце, з якімі гукам расце дрэва? Няма гуку? А калі павялічыць гучнасць у вялікую колькасць разоў? Тады дакладна будзе чуваць. І ўжо ўсё такое чароўнае, іррэальнае — тое, што трэба. І аўтары гуляюць з такімі кантрастамі, даводзячы да будзённасці чароўнае і гіпербалізуючы звычайныя рэчы, каб яны былі ўх якімі чароўнымі. Што з гэтага атрымліваецца, мы вырашаем самі: што лічыць незвычайным, а што — будзённым. Не рэчы прыносяць у наша жыццё чараўніцтва ці паўсядзённасць, а наша да іх стаўленне.
У большасці кніг па чорнай магіі сцвярджаецца, быццам вядзьмаркі дзеюць сваё вядзьмарства аголенымі. А ўсё таму, што большасць кніг па чорнай магіі напісана мужчынамі.
І пра што гэта ўсё ў выніку? Яно шмат пра што: не фармулюецца, каб раз — і ідэя ў двух словах. Або ў адным сказе. Яно неяк атрымалася ў двух: «Мноства людзей за ўсю гісторыю чалавецтва проста рабілі сваю працу. І паглядзіце, што яны нарабілі». Проста рабіце сваю працу асэнсавана. Каб яно не атрымлівалася так вусцішна, як напрыканцы дваццатага стагоддзя.
І турбуйцеся пра сябе, клапаціцеся пра сябе, клапаціцеся пра сваё месца, пра свой сусвет, бо ваш сусвет — гэта вы. Клапаціцца пра сябе не сорамна, клапаціцца пра сябе — гэта добры бізнес‒план на дваццаць першае стагоддзе. А Тэры Пратчэт і Ніл Гейман нешта дакладна ведалі пра добры бізнес‒план.

 

Святлана Курганава